Вы тут

Адпачынак без прыгод


Лічаныя дні застаюцца да самых працяглых школьных канікулаў. Здаецца, лета чакаюць не толькі дзеці, але і іх бацькі, якія ўжо стаміліся ад штодзённых праверак дамашніх заданняў і клопату аб арганізацыі распарадку дня для сваіх нашчадкаў. Многія ўжо плануюць, куды ўладкаваць малых і падлеткаў на лета, як стварыць ім максімальна камфортныя і цікавыя ўмовы для адпачынку.

Аднак, прадугледжваючы ўсе гэтыя моманты, дарослым важна не забыцца і пра самае галоўнае — бяспеку малодшых членаў сям'і. Неабходна прадумаць усё да дробязяў і яшчэ да пачатку летніх канікулаў прагаварыць з дзецьмі небяспечныя сітуацыі, у якія яны могуць трапіць, а таксама алгарытм выхаду з іх.


Каб вада не стала бядою

Перш-наперш дарослым варта ўзняць тэму адпачынку каля вадаёмаў. На жаль, кожны год у азёрах і рэках краіны гінуць дзеці: і тыя, якія ўмеюць плаваць, і тыя, якія прыйшлі з дарослымі на пляж «проста пасядзець». Прычынай многіх выпадкаў дзіцячай гібелі на вадзе з'яўляюцца няўважлівасць і бестурботнасць дарослых. Нярэдка замест таго, каб пільнаваць сваіх дзяцей, асабліва малых, таты і мамы распіваюць на беразе вадаёма алкагольныя напоі, займаюцца іншымі справамі. Мала хто ўсведамляе, што дастаткова ўсяго некалькіх хвілін для таго, каб адпачынак скончыўся трагедыяй. Некаторыя бацькі або іншыя дарослыя, на якіх ляжыць адказнасць за дзяцей, як потым высвятляецца, увогуле не ведаюць, дзе знаходзяцца іх падапечныя.

Каб прадухіліць падобныя трагедыі, варта выконваць самае галоўнае правіла — не пускайце дзяцей адных на возера ці раку! А калі ідзяце разам, то памятайце: ні ў якім разе дзеці не павінны знаходзіцца каля вады без вашага нагляду!

— Не варта забываць пра бяспеку і тады, калі вы адпраўляецеся на водную прагулку на лодцы, катары, катамаране або гідрацыкле, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ. — Для падобнага падарожжа трэба адзяваць ратавальную камізэльку. Акрамя таго, нельга перавышаць устаноўленую колькасць людзей на борце, кіраваць плавальнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення, сядзець на бартах, пераходзіць з месца на месца і перасаджвацца на іншыя катары, лодкі. Забараняецца выходзіць на ваду на плаўсродках, непрыстасаваных для гэтых мэт. Нярэдка трагедыяй заканчваецца і знаходжанне на вадзе ў надзіманых прадметах. Асабліва гэта небяспечна для тых, хто не ўмее плаваць. Надзіманыя камеры, матрацы вельмі лёгкія, таму нават слабага ветру і цячэння дастаткова, каб аднесці іх на вялікія адлегласці.

Ратавальнікі нагадваюць: адпраўляючыся на вадаём, памятайце, што купацца можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, на абсталяваных пляжах. Катэгарычна забараняецца рабіць гэта ў стане алкагольнага ап'янення! Не заплывайце за буйкі і іншыя агароджы, устаноўленыя ў месцах для купання. Не дапускайце свавольства на вадзе і не палохайце іншых. Нельга падаваць ілжывых сігналаў бедства, не рэкамендуецца купацца ў вячэрні і начны час.

Не стаць ахвярай агню

На жаль, дзеці гінуць не толькі ў вадзе, але і ў агні. У большасці выпадкаў гэта зноў-такі адбываецца па віне дарослых. Пры злоўжыванні алкагольнымі напоямі і курэннем ёсць рызыка заснуць. Што ў гэты момант робяць іх дзеці і ці падрыхтаваныя яны да форс-мажорнай сітуацыі — пра гэта, на жаль, дарослыя не задумваюцца.

Па прыклад далёка хадзіць не трэба. Жудасная трагедыя здарылася ў канцы года ў Барысаве. Падчас ліквідацыі пажару ў адной з кватэр шматпавярховіка ратавальнікі выявілі трох чалавек. Усе яны — маці і яе двое дзяцей (трох і сямі гадоў) — знаходзіліся ў беспрытомным стане. Нягледзячы на намаганні ўрачоў, браціка і сястрычку выратаваць не ўдалося. Жанчына праз некаторы час таксама памерла ў бальніцы. У дзень трагедыі бацькі ўжывалі алкагольныя напоі, пасля чаго заснулі. Без нагляду засталіся іх трое непаўналетніх дзяцей: трох, шасці і сямі гадоў. Малыя не прыдумалі нічога лепшага, чым пагуляць з агнём. Калі ўзнік пажар, самастойна яго патушыць дзеці не змаглі. Не былі здольныя на гэта і дарослыя, якія знаходзіліся ў моцным алкагольным ап'яненні. Пакінуць вельмі задымленае памяшканне, якое гарэла адкрытым полымем, змаглі толькі бацька і шасцігадовая дзяўчынка.

Многія трагедыі з агнём адбываюцца і тады, калі малыя застаюцца адны дома. Адчуўшы сябе самастойнымі, дзеці спрабуюць нешта прыгатаваць. Аднак з-за ўзросту не могуць прадугледзець некаторыя моманты, якія дазволілі б пазбегнуць пажару. Яшчэ горш, калі, застаўшыся без нагляду, непаўналетнія праводзяць з агнём «эксперыменты».

Па папярэдняй версіі, менавіта дзіцячае свавольства з агнём стала прычынай нядаўняга пажару ў Нясвіжскім раёне. Раніцай 4 мая ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Нясвіжскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары ў адной з кватэр жылога шматкватэрнага дома ў аграгарадку Сейлавічы. Да месца выкліку неадкладна выехалі падраздзяленні МНС. Ратавальнікі хутка справіліся з агнём. На шчасце, абышлося без пацярпелых і загінулых. Як высветлілася, падчас узнікнення пажару гаспадыня знаходзілася ў кватэры. Падымаючыся на верхні паверх за зараднай прыладай, яна пачула пах дыму, адчыніла дзверы ў пакой, а там ужо ва ўсю бушаваў агонь. Спрабуючы патушыць яго самастойна, жанчына зразумела, што не справіцца, і выклікала ратавальнікаў.

У многіх выпадках трагічных наступстваў можна было б пазбегнуць, калі б побач з дзецьмі ў гэты небяспечны момант знаходзіўся хтосьці з дарослых. Дарослы чалавек здольны самастойна справіцца з невялікім узгараннем, рацыянальна ацаніць абстаноўку, дапамагчы ўсім жыхарам пакінуць жыллё ў выпадку, калі патушыць агонь не ўдалося. Аднак нават калі вы ніколі не пакідаеце сваіх дзяцей без нагляду, не будзе лішнім навучыць дзіця правільным дзеянням пры пажары, паказаць яму магчымыя выхады для эвакуацыі. Малыя павінны ведаць, што ў выпадку пажару нельга хавацца ў шафу ці пад ложак, а неабходна як мага хутчэй пакідаць небяспечнае памяшканне. Ніколі не зачыняйце на ключ дзверы пакоя, кватэры, хаты, дзе знаходзяцца дзеці. Не дазваляйце ім знаходзіцца паблізу гарачай пліты, ежы, праса, адкрытага агню, полымя свечак, хавайце лёгкаўзгаральныя вадкасці.

— Для таго, каб вашы дзеці не сталі віноўнікамі пажару, трэба з малалетняга ўзросту выхоўваць у іх навыкі бяспечных паводзін, тлумачыць, што запалкі і запальніцы — гэта не цацкі, — падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Не толькі размовамі аб тым, што нельга, а што можна, але і праз гульню неабходна даносіць дзецям пастулаты бяспекі. Варта быць прыкладам для сваіх дзяцей, бо яны глядзяць на вас і ўслед паўтараюць. Калі бацькі грэбуюць правіламі пажарнай бяспекі, то і дзіця не будзе прытрымлівацца іх. Калі ж усё-такі адбылося ўзгаранне, дзіця павінна ўмець правільна паведаміць аб ім у службу ратавання, ведаць свой адрас і нумары, па якіх можна патэлефанаваць ратавальнікам — 101 і 112.

Не спадзявайцеся на маскітную сетку!

Яшчэ адна з найбольш частых прычын дзіцячай гібелі і траўматызму ў летні перыяд — адчыненыя вокны. Трагічныя выпадкі адбываюцца кожны год, аднак, на жаль, многія сем'і, якія выхоўваюць малых дзяцей, думаюць, што падобнае іх не закране. Аднак «работу над памылкамі» ўсё ж такі лепш рабіць на чужым вопыце, чым на ўласным.

Дарослыя, якія выхоўваюць малалетніх дзяцей, павінны раз і назаўсёды ўсвядоміць, што адчыненыя насцеж вокны для іх сям'і — табу! І не варта спадзявацца на маскітную сетку. Колькі трагедый адбылося менавіта з-за гэтага дэвайсу. Маскітная сетка абсалютна не ўтрымлівае вагі нават самага маленькага дзіцяці, не кажучы ўжо пра дзіця сярэдняга ўзросту або старшакласніка. Каб пазбегнуць трагедый, лепш, каб увогуле вашы вокны былі на замку — забудоўшчыкі сучаснага жылля прадугледзелі гэты момант і здаюць кватэры ўжо з ключамі на кожным акне. Калі ў вас такога «бонуса» няма, то варта аб ім паклапаціцца — нават малому дзіцяці нескладана адчыніць акно ў вашу адсутнасць. Таму, як кажуць, давярай, але правярай!

Навушнікі і чыгунка несумяшчальныя!

Падчас летніх канікул пачашчаюцца выпадкі траўміравання дзяцей на дзіцячых пляцоўках, на закінутых будоўлях, падчас катання на веласіпедах і самакатах, пры іншых абставінах — падобныя надзвычайныя сітуацыі ўжо цяпер фіксуюцца ратавальнікамі. Шукаючы прыгод, дзеці ў прамым сэнсе трапляюць у пастку. Некаторыя становяцца заложнікамі надзвычайнай сітуацыі па неасцярожнасці.

У прыватнасці, раніцай 17 мая ратавальнікам паступіла паведамленне аб неабходнасці аказання дапамогі дзіцяці ў вызваленні заціснутай у веласіпедзе нагі. Выпадак здарыўся ў аграгарадку Лучнікі Слуцкага раёна.

— Як нам распавялі дзеці, яны каталіся разам на веласіпедзе, а дзяўчынка сядзела на багажніку, — расказвае ратавальнік Віктар ЖАЎРЫД. — Па неасцярожнасці нага аказалася заціснутай паміж педаллю і рамай. Дастаць яе самастойна ў дзіцяці не атрымалася. Пры дапамозе гідраўлічнай прылады мы адціснулі рычаг педалі ад рамы. На боль у назе дзяўчынка не скардзілася.

Папярэдзьце сваіх дзяцей: ніякіх гульняў і сумнеўных фотаздымак на чыгунцы быць не можа! Бум смяротных сэлфі, на шчасце, ужо прайшоў, аднак экстрым па-ранейшаму прыцягвае падлеткаў. І яшчэ адзін вельмі важны момант: навучыце сваіх дзяцей правілам паводзін каля і на чыгуначных шляхах. У прыватнасці, пераходзіць чыгуначныя пуці ў навушніках катэгарычна забараняецца! 4 красавіка на станцыі Зарэчнае, што ў Смалявічах, пад коламі цягніка загінула 14-гадовая дзяўчынка. Як высветлілася, яна пераходзіла чыгуначнае палатно па пешаходным пераходзе на забараняльны сігнал святлафора, прычым дзяўчынка была ў бесправадных навушніках.

Нямала небяспечнасцяў тоіць наша жыццё. Прадугледзець усё немагчыма. Аднак прагаварыць найбольш характэрныя надзвычайныя сітуацыі, у якія трапляюць дзеці, можна. Ратавальнікі прапануюць бацькам згадаць, на якія «подзвігі» іх цягнула ў дзяцінстве, і з пазіцыі ўласнага вопыту прагаварыць з дзецьмі ўсе небяспечныя месцы: вышкі, закінутыя будынкі, гарышчы, яры, кар'еры... Патлумачце дзецям, чаму ім нельга адным хадзіць у лес і дзе хавацца, калі раптам застала навальніца. Калі, на ваш погляд, дзіця дастаткова дарослае, каб аднаму знаходзіцца дома, вы павінны ведаць, чым яно займаецца, дзе і з кім праводзіць час. Адным словам, паклапаціцеся аб арганізацыі адпачынку дзяцей сёння, каб не кусаць локці заўтра!


У тэму

З мэтай прыцягнення ўвагі да праблем дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і стварэння іх агульнай бяспекі (дома, на вуліцы, у месцах адпачынку, на вадаёме і інш.) з 10 мая да 1 чэрвеня праходзіць рэспубліканская акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!» У мерапрыемствах другога этапу, якія запланаваны ў перыяд з 22 мая да 1 чэрвеня, акцэнт зроблены на шматдзетныя сем'і і тыя, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падчас візітаў дадому супрацоўнікі МНС правядуць гутаркі, гульні і віктарыны па асновах бяспечнай жыццядзейнасці як з дзецьмі, так і з іх бацькамі, уручаць падарункі ад партнёраў, спонсараў і ведамства. Ратавальнікі таксама наведаюць бацькоўскія сходы ў пачатковых класах устаноў адукацыі, установах дашкольнай адукацыі, дзе правядуць тлумачальную работу з дэманстрацыяй галоўных фільмаў, якія ілюструюць бестурботнасць у пытаннях недагляду дзяцей.

1 чэрвеня па ўсёй краіне пройдуць фінальныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей. На адкрытых пляцоўках у парках забаў і адпачынку, каля палацаў культуры, кінатэатраў і гандлёва-забаўляльных цэнтраў — там, дзе часцей за ўсё бываюць бацькі з дзецьмі, — супрацоўнікі МНС створаць інтэрактыўныя зоны актыўнасці, арганізуюць віктарыны і конкурсы. Будзе дэманстравацца аварыйна-ратавальная тэхніка і абсталяванне, арганізуюцца паказальныя выступленні падраздзяленняў МНС, распаўсюджванне сувенірнай і навучальнай наглядна-выяўленчай прадукцыі, канцэртная праграма — гэта яшчэ не ўсё, што падрыхтавалі для дзяцей і іх бацькоў ратавальнікі.

Вераніка КАНЮТА

Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».