Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Гены сваё бяруць»


Скрозь жалюзі шчымілася ноч. Ала паспрабавала вызначыць час — каля трох. Супраць змены гадзінных паясоў не дапамог і транквілізатар. Вочы шчыпалі слёзы. Тры месяцы таму стала яна бабуляй. Малодшая дачка, Кацярына, нарадзіла хлопчыка. Вось яна і прыехала дапамагчы. Адпачынак па родах тут дванаццаць тыдняў, а аддаваць такога малечу ў яселькі страшна. Далёка закінула дачку жыццё — тут яе праца, сям’я, муж, дзіця. Здавалася б, радуйся, бабуля! А яна ў дзень прыезду плача ноччу.


Фота: pixabay.com

Учора дачка разгаварылася: «З дзяцінства адчуваю сябе вінаватай у вашым з бацькам разводзе. Магла б перашкодзіць тату тады цябе ўдарыць». «Што ты?! Ты была шасцігадовым дзіцем!» — запратэставала Ала. «Калі б ён цябе не ўдарыў, вы б не разышліся, — Каця вінавата зірнула на маці, ёй хацелася выгаварыцца. — Мы з табой ляжалі на канапе і глядзелі тэлевізар, а тата падбег і ўдарыў цябе цераз мяне. Калі б я засланіла цябе, гэтага б не адбылося. А я спалохалася. Часта пра гэта думаю».

«Не бяры на сябе чужую віну, — сціснулася сэрца маці, яна і не здагадвалася, што дачка памятае той выпадак і столькі гадоў перажывае. «Беднае дзіця, столькі гадоў з пачуццём віны», — жахнулася Ала. Стала пераконваць: «Што дзіця магло зрабіць? І мы развяліся не толькі таму, што ўдарыў, на тое было шмат прычын...».

У той злашчасны вечар усёй сям’ёй глядзелі тэлевізар. Яна і Каця ляжалі на канапе, а Алег сядзеў у крэсле. Гэта было яго любімае месца. Ала нешта пракаментавала па сюжэце фільма, і тут нечакана муж ускочыў, у два скачкі перасягнуў пакой і са словамі «Ты заўсёды незадаволеная!» ударыў яе кулаком у скронь.

Гэта было, як гром сярод яснага неба. Нічога не прадвяшчала такога яго ўчынку, не было ні сваркі, ні іншых перадумоў. Спантанны скачок — і ўдар. Пашанцавала — у момант удару Ала павярнула галаву, і кулак прайшоў мімаходзь па скроні, а так быў бы іншы фінал. Гэта яна ўсвядоміла значна пазней, а тады, збялеўшы, устала і выйшла ў дзіцячы пакой. У вушах шумела, а ўнутры ўсё застыла, быццам змерзла. Нават болю не адчувала ад шоку.

Дзеці прыбеглі ўслед і сталі плакаць. «Матуля, табе балюча?» — гладзіла яе па галаве старэйшая дачка. А Каця стаяла бледная, з шырока расплюшчанымі вачыма. «Дзеці, прынясіце змочаны ў халоднай вадзе ручнік», — папрасіла Ала такім бясколерным голасам, што сама яго не пазнала. Дзеці кінуліся за ручніком, а яе стала калаціць. Нацягнула коўдру і заплюшчыла вочы. Дзеці прыбеглі з ручніком, за імі ўвайшоў муж.

Алег не глядзеў у дзіцячыя вочы, апусціўся на калені каля ложка і стаў прасіць у Алы прабачэння. Цалаваў яе рукі, ногі. Яна моўчкі адвярнулася. Скавала здранцвенне, асуджанасць туманам завалакла вочы. Яна ведала: гэта ўсё! Канец іх сумеснага жыцця! Дзяцей яна будзе гадаваць адна. Ён пераступіў рысу, і яна падасць на развод.

Колькі разоў ёй снілася, што яна застаецца адна! Колькі разоў збіралася падаць на развод, але кожны раз прабачала, імкнучыся захаваць сям’ю. Чаго толькі ні даравала за чатырнаццаць гадоў: п’янкі, скандалы, здрады, гулянкі. Але дазволіць сябе біць не магла, не мела права. Яшчэ да вяселля папярэдзіла мужа, што развядзецца, калі ён падыме на яе руку.

Нагледзелася на такое жыццё ў дзяцінстве. Алег паабяцаў, што такога ніколі сабе не дазволіць, будзе ёй абаронай, і яна яму паверыла. Першыя пару гадоў ён быў уважлівы і добры. Ім бы тады ў іншы горад пераехаць, падалей ад яго радні, і было б усё добра. Алег быў з сям’і гулён і п’яніц.

Яна адчула боль. Яна любіла мужа, але гэта было занадта! «Усё робіць па сцэнары, — зразумела яна, — як сёстры вучылі». «Паб’еш — будзе баяцца і слухацца. А то каралеву з сябе строіць! Не п’е! Не п’юць толькі язвенікі і непітушчыя! Проста тваю радню не паважае, грэбуе выпіць з намі», — нават выраз іх твараў бачыла Ала, так вывучыла гэтую сямейку. Даслоўна ведала, як радня пераконвае мужа прыструніць непітушчы жонку. Гены! Гены пальцам не задушыш!

Алег прасіў прабачэння. А Ала інтуітыўна бачыла замаскіраваную пацалункамі нахабную ўсмешку, яго вывучальны погляд. Так, гэта ўсё ён зрабіў па сцэнары, падрыхтаваным раднёй. Праз некалькі гадоў ёй пра гэта раскажа сваячка, пасля іх разводу з Алегам і яго смерці.

Упэўнены — яна даруе. Прывучаў дараваць паступова, з малога. А цяпер мэтанакіравана прывучаў яе да збіцця, гэта рабіла яго уладаром. «Даруе, куды дзенецца! Дзеці, кватэра, машына, ды і мяне любіць», — як пабіць жонку, абмеркаваў з раднёй. Ала не прыйшлася яго радні да двара.

Раніцай, пасля вяселля, выгнаўшы карову ў поле, свякроў абудзіла Алу і паклікала за печ. У яе руцэ была шклянка з каламутнай вадкасцю: «Давай! Глытні, пакуль усе спяць!» Пах самагонкі ўдарыў у нос, ашаломленая Ала адмовілася наадрэз. Пілі ў сям’і Алега ўсё: маці, бацька, браты і сёстры. Ганарыліся тым, што могуць выпіць, што іх усе любяць. Здрада лічылася перамогай, а перамогамі выхваляліся. Гэта былі культурныя п’яніцы, у гразі не валяліся, заўсёды акуратна апранутыя, падфарбаваныя і... даступныя. А тое, што часам падалі ў лужыну, дык з кім не бывае?

Ала развялася з Алегам. Праз некалькі гадоў ён загінуў. Уся яго радня таксама памерла ад гарэлкі або наступстваў яе ўжывання. Дзяцей яна гадавала адна, вучыла, выхоўвала. Дзеці з адукацыяй, уладкаваныя, у іх ужо свае дзеці. Але ёй становіцца страшна, калі яна бачыць у іх руках келіх. Гены!

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».