Вы тут

Асноўныя вектары развіцця краіны. Аб чым гаварыў Мікалай Снапкоў на сумесным пасяджэнні Парламента


У межах традыцыйнай штогадовай справаздачы ўрада перад Нацыянальным сходам першы віцэ-прэм’ер сканцэнтраваўся на рабоце Саўміна па супрацьдзеянні санкцыям, яе выніковасці, агучыў кірункі работы па развіцці эканомікі ў бягучых умовах, вызначыў прыярытэты далейшага ўстойлівага развіцця краіны. 


Перш чым парламентарыі прыступілі да заслухоўвання даклада на тэму «Аб рабоце эканомікі на сучасным этапе развіцця», Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што ў частцы заканадаўчага забеспячэння эканамічнай сферы парламентарыямі праводзіцца вялікая сістэмная работа. «Толькі ў ходзе бягучай сесіі прыняты шэраг законаў па рэалізацыі зацверджанага ўрадам комплекснага плана па падтрымцы эканомікі, удасканалены падыходы да ўрэгулявання неплацежаздольнасці, барацьбы з карупцыяй, перадачы маёмасці ў знешняе кіраванне, — канкрэтызаваў Уладзімір Андрэйчанка. — Цяпер ідзе падрыхтоўка да разгляду праектаў Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, законаў аб прадпрымальніцкай дзейнасці, аб дзяржаўных закупках, іншых значных законапраектаў гэтага блока». Спікер праанансаваў, што ўсе яны будуць прыняты ў найбліжэйшы час.

Рэкордныя аб’емы экспарту

На пачатку свайго выступлення Мікалай Снапкоў заўважыў, што мінулы год стаў выпрабаваннем на трываласць. «Санкцыі наўпрост аказвалі ўплыў на чвэрць эканомікі, ускосна — пранізвалі ўсе галіны, — адзначыў ён. — Сітуацыя патрабавала неадкладных, неардынарных, а недзе і рызыкоўных рашэнняў. Дзейнічалі, грунтуючыся на двух прэзідэнцкіх прынцыпах — аператыўнасць рашэнняў і кантроль за іх выкананнем. Фактычна ў штабным рэжыме ўрад працаваў над выкананнем дзвюх базавых задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы: забяспечыць устойлівую работу прадпрыемстваў і зрабіць так, каб просты чалавек не адчуў на сабе негатыўных наступстваў знешняга ціску. Адначасова закладвалі аснову для руху наперад, для росту эканомікі і дасягнення тых задач, якія перад намі паставіў Прэзідэнт на Усебеларускім народным сходзе».

У выніку прынятых мер, нягледзячы на першапачатковыя ацэнкі эфекту санкцыйнага ўдару па нашай эканоміцы на ўзроўні 20%, фактычна ВУП у 2022 годзе скараціўся на 4,7%. У бягучым годзе тэмпы росту ВУП аднаўляюцца.

Ключавой рызыкай, з якой летась сутыкнулася эканоміка, стала прасяданне экспарту. «Для купіравання названай рызыкі на працягу 2022 года ажыццяўлялася пераарыентацыя экспартных патокаў, пошук шляхоў дастаўкі крытычнага імпарту ў краіны, — паведаміў Мікалай Снапкоў. — Урад штотыднёва кантраляваў выкананне пастаўленых задач па экспарту і вытворчасці па больш як 40 таварах і 70 буйнейшых прадпрыемствах. Арганізаваны маніторынг паставак на рынкі Расіі, КНР, іншых дружалюбных краін. Антысанкцыйнай групай і аператыўна-сітуацыйным штабам выпрацавана больш за тысячу кропкавых і галіновых рашэнняў».

Прыярытэтная мэта, якую ў выніку гэтых рашэнняў планаваў дасягнуць урад, — забеспячэнне бесперабойнай работы суб’ектаў гаспадарання і нарошчванне экспарту — была дасягнута. На фоне санкцыйнага ціску пастаўкі ў Расію выраслі ў 1,4 раза і дасягнулі рэкорднага аб’ёму --- 50 млрд. долараў. Павялічыліся і пастаўкі ў Кітай (у 1,8 раза). У выніку мер, якія прымаюцца, экспарт тавараў і паслуг у першым квартале бягучага года дасягнуў рэкорднага паказчыка за апошнія 10 гадоў, захоўваецца дадатнае знешнегандлёвае сальда.

У абход лагістычных бар’ераў 

Што датычыцца транспартных і лагістычных бар’ераў, якія таксама сталі наступствамі санкцыйнага ціску, Беларусь знайшла выхад і тут. «Прапрацаваны транспартна-лагістычныя схемы дастаўкі экспартнай прадукцыі ў напрамку краін Цэнтральнай Азіі, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, а таксама з выкарыстаннем міжнароднага транспартнага калідора „Поўнач-Поўдзень“, — зазначыў Мікалай Снапкоў. — Павялічана колькасць атрыманых дазволаў замежных дзяржаў па Азербайджану, Кыргызстану, Таджыкістану, Турцыі і Узбекістану на ажыццяўленне міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў у 2023 годзе. Урадам працягваецца работа з замежнымі дзяржавамі па ўстанаўленні бездазвольнай сістэмы з Арменіяй, Расіяй, Сірыяй, Таджыкістанам і Узбекістанам».

Ва ўмовах забароны краін Еўрасаюза выкарыстоўваць іх паветраную прастору беларуская авіяцыя лятае па змененых маршрутах. Увесь парк суднаў на дадзены момант загружаны. Авіякампанія «Белавія» выконвае рэйсы ў 19 аэрапортаў дзевяці дзяржаў. Прынятыя меры дазволілі за 2022 год павялічыць экспарт паслуг пасажырскага паветранага транспарту ў Турцыю, Грузію і Расію і Азербайджан. За тры месяцы гэтага года працягваецца рост экспарту авіяпаслуг у Расію, Грузію, Турцыю і ААЭ. «Работа па даналадцы лагістычных маршрутаў працягваецца і ўсё яшчэ патрабуе павышанай увагі, — рэзюмаваў першы віцэ-прэм’ер. — Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, урадам прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва ўласнай партовай інфраструктуры ў Расійскай Федэрацыі».

З годным заробкам — у напоўненыя прадукцыяй крамы 

Што датычыцца спажывецкага рынку, то дэфіцыту ні на тавары, ні на паслугі не назіраецца. У продажы прадстаўлены шырокі асартымент тавараў для пакупнікоў з розным узроўнем даходаў. «Забяспечана харчовая бяспека ў краіне, што з’яўляецца ўжо безумоўным для нас і звыклым, — акцэнтаваў увагу Мікалай Снапкоў. — Работа аграпрамысловага комплексу поўнасцю забяспечвае ўнутраны рынак мясам, малаком, алеем, цукрам, бульбай, агароднінай і бахчавымі культурамі».

Выконваецца задача, пастаўленая Прэзідэнтам, — не дапусціць пагаршэння жыцця людзей. Як расказаў першы намеснік кіраўніка ўрада, галоўны вынік прынятых мер у тым, што прадпрыемствы працуюць, а людзі атрымліваюць годную заработную плату. Гэта, па яго словах, вынік выканання патрабавання кіраўніка дзяржавы аб жорсткай дысцыпліне і напружанай працы.

«Ва ўмовах санкцыйнага ціску і выкліканага ім інфляцыйнага ўсплёску асноўным напрамкам нашай працы стала падтрымка даходаў людзей, — дадаў Мікалай Снапкоў. — Сітуацыя на рынку працы стабільная. Беспрацоўе на рэкордна нізкім узроўні — 3,6%. У краінах-суседзях узровень беспрацоўя за мінулы год склаўся вышэйшы: у Расіі — 3,7%, Літве — 6,1%, Латвіі — 6,8%. Прадпрыемствы краіны працуюць, забяспечваючы занятасць і выплачваючы заработную плату сваім работнікам».

Адной з ключавых задач урада ў бягучым годзе з’яўляецца стварэнне ўмоў для росту зарплат работнікаў, а адпаведна, зніжэння адтоку кадраў і захавання працоўных калектываў. «Прынятыя меры дазволілі ўжо да снежня мінулага года выйсці на дадатныя тэмпы росту рэальнай заработнай платы — 100,6%, — удакладніў Мікалай Снапкоў. — У першым квартале бягучага года працягваецца тэндэнцыя росту рэальнай заработнай платы: у цэлым па эканоміцы — 101,7%, па бюджэтных арганізацыях — 103,1%. Сярэдняя заработная плата ў студзені-сакавіку бягучага года дасягнула 1731 рубаль. Гэта максімальнае значэнне сярэдняй заработнай платы за апошнія дзесяць гадоў».

На пастаянным кантролі ўрада — даручэнне Прэзідэнта па паслядоўным павышэнні аплаты нізкакваліфікаванай працы. Для гэтага з 1 студзеня павышаны памер мінімальнай заработнай платы (на 21%). Сёння яна складае 554 беларускія рублі. «Рост зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы ў бягучым годзе будзе забяспечаны за кошт паэтапнага павелічэння базавай стаўкі, а таксама з улікам існуючых унутрыгаліновых магчымасцяў для кропкавага павышэння зарплат асобным катэгорыям бюджэтнікаў: сярэдняму медперсаналу педработнікам, работнікам сфер сацабслугоўвання, культуры, спорту», — дадаў першы віцэ-прэм’ер. 

Усебаковая падтрымка

Значным напрамкам у сацыяльнай сферы з’яўляецца клопат аб людзях старэйшага пакалення. У Беларусі рэгулярна павышаюцца пенсіі. Калі ў снежні 2022 года сярэдні ўзровень пенсіі складаў 670 рублёў, то ў маі гэтага года, з улікам апошняга павышэння, сярэдняя пенсія складзе 705 рублёў. 

У рамках сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі працягвае аказвацца падтрымка для малазабяспечаных грамадзян і тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Як паведаміў Мікалай Снапкоў, летась такую дапамогу атрымалі больш за 273 тысяч чалавек на суму каля 134 млн. рублёў.

Прынята рашэнне аб дадатковай падтрымцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія пацярпелі ад яе наступстваў. Напярэдадні 9 мая матэрыяльную дапамогу атрымалі 9,9 тысяч чалавек на суму каля 10 млн. рублёў (ад 850 да 2000 рублёў).

Захавана і пашырана праграма сямейнага капіталу, якая, па словах першага намесніка кіраўніка ўрада, даказала сваю эфектыўнасць і запатрабаванасць. «За перыяд яе рэалізацыі (з 2015 года) шматдзетнымі сем’ямі адкрыта больш за 125 тысяч дэпазітных рахункаў, усяго налічана на гэтыя рахункі каля 1 млрд рублёў, — адзначыў Мікалай Снапкоў. — Прынята больш за 67 тысяч рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, большасць з іх — на паляпшэнне жыллёвых умоў. Пералічана на датэрміновае распараджэнне 327 млн. рублёў». Па рашэнні Прэзідэнта, цяпер задзейнічаць сродкі сямейнага капіталу можна не толькі для паляпшэння жыллёвых умоў, а і для аплаты адукацыйных і медыцынскіх паслуг.

Больш сацыяльных аб’ектаў і квадратных метраў 

Аднымі з найбольш адчувальных для насельніцтва пытанняў з’яўляюцца стварэнне інфраструктуры ў рэгіёнах, паляпшэнне якасці дарог, работа ўстаноў аховы здароўя і службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2022 годзе ўведзена ў эксплуатацыю больш за 30 аб’ектаў аховы здароўя. «Грамадзяне павінны мець магчымасць заўсёды атрымліваць якаснае лячэнне, прайсці абследаванне, не чакаючы прыёму доўгі час, асабліва калі казаць аб пажылых людзях і бацьках з дзецьмі», — перакананы Мікалай Снапкоў. 

Сёлета работа ў гэтым напрамку працягваецца. Ажыццяўляецца будаўніцтва (рэканструкцыя) 53 аб’ектаў аховы здароўя, у тым ліку 17 паліклінік. Працягваецца рэалізацыя дзяржаўнага прафілактычнага праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі», у які ўцягнуты 202 населеныя пункты з усіх рэгіёнаў краіны.

Летась завершана будаўніцтва 12 дзіцячых садоў і 9 школ. У бягучым годзе працягваецца будаўніцтва (рэканструкцыя) 9 дзіцячых садоў і 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Для наведвання адкрыты плавальны басейн у Глыбокім, спартыўныя комплексы ў Чашніках і Маладзечне, ФАК у Старых Дарогах. Яшчэ 12 фізкультурна-аздараўленчых комплексаў, 5 басейнаў і 23 спартыўныя аб’екты працягваюць будаўніцтва. Пабудавана 166 станцый абезжалезвання і 11 водазаборных свідравін, рэканструявана 7 ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод. 

— «На 2023 год аб’ёмы фінансавання інфраструктурных праектаў істотна павялічаны, — падкрэсліў першы намеснік прэм’ер-міністра. — У рамках Дзяржінвестпраграмы будуць прафінансаваны аб’екты на суму каля 1,2 млрд. рублёў. Асаблівая ўвага будзе накіравана на павышэнне якасці інфраструктуры ў рэгіёнах. Кіраўніком дзяржавы падтрымана ініцыятыва ўрада пашырыць аб’ёмы фінансавання інфраструктурных аб’ектаў у рамках рэгіянальных інвестыцыйных праграм з першапачатковых 1,7 млрд. рублёў да 2,9 млрд. рублёў. Указ падпісаны, будзе прафінансавана больш за 200 аб’ектаў. Гэта будаўніцтва аб’ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення, аховы здароўя, адукацыі, рэканструкцыя дарог і мастоў».

Па-ранейшаму вострым для многіх беларусаў застаецца жыллёвае пытанне. Урад многае робіць для таго, каб у людзей з’явілася ўласная жылплошча. «Больш за 26,8 тысяч сем’яў атрымалі жыллё і палепшылі свае жыллёвыя ўмовы, з іх 11,2 тысячы — шматдзетныя сем’і, — паведаміў Мікалай Снапкоў. — Накіраванне на паляпшэнне жыллёвых умоў атрымалі больш за 10 тысяч шматдзетных сем’яў. Найважнейшым элементам жыллёвага будаўніцтва з’яўляецца дзяржаўная падтрымка. Доля такога жылля павялічылася з 15% у 2017 годзе да 33% у 2022 годзе. З дзяржпадтрымкай у мінулым годзе было пабудавана 1,4 млн. кв. метраў. Кошт квадратнага метра па жыллі, які будуецца з дзяржпадтрымкай, не перавышае ўзровень сярэдняй заработнай платы».

Актыўна развіваецца рынак індывідуальнага жылля на аснове малапавярховага домабудавання. Расце і рынак арэнднага жылля — летась уведзена 151,3 тыс. кв. м. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадаткова на фінансаванне гэтага напрамку выдзелены 1 млрд. рублёў.

Мабілізацыйны падыход і жорсткі кантроль 

Мікалай Снапкоў абазначыў ключавыя задачы на бягучы год: устойлівая работа рэальнага сектара эканомікі, праактыўная інвестыцыйная палітыка дзяржавы і павышэнне эфектыўнасці капіталу, які выкарыстоўваецца. «У рабоце рэальнага сектара захоўваем мабілізацыйны падыход, — звярнуў увагу ён. — Выбудаваны жорсткі кантроль за вытворчасцю, экспартам, зніжэннем затрат і рэнтабельнасцю. Даведзены дэталёвыя матрыцы задач са штотыднёвым кантролем даведзеных заданняў у натуральных велічынях: нарошчванне вытворчасці праз канкрэтныя таварныя пазіцыі. Аналагічны падыход па экспарце».

Першы віцэ-прэм’ер паведаміў, што ўвесь мінулы год урад адпрацоўваў даручэнне кіраўніка дзяржавы аб рэалізацыі ў бягучай пяцігодцы ў кожным раёне як мінімум аднаго інвестыцыйнага праекта. «Першапачаткова быў зацверджаны пералік са 129 праектаў, — паведаміў Мікалай Снапкоў. — Па прапанове абласцей ён адкрыты і можа быць пашыраны. У выніку на сёння ў пераліку ўжо 156 інвестпраектаў па прынцыпе „адзін раён — адзін праект“ дадалі 27 праектаў. Мы заклікаем усе вобласці пашыраць спісы. У адным раёне можа быць больш, чым адзін, інвестпраект».

Саўмінам асобна адпрацавана пытанне фінансавання імпартазамяшчальных інвестыцыйных праектаў. Прыярытэтная задача — стварэнне ўласнай вытворчасці і забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту. Акрамя таго, запушчана маштабная праграма па будаўніцтве ў кожнай вобласці 10 малочнатаварных комплексаў. На гэтыя мэты выдзелена 680 млн. рублёў. На 19 аб’ектах асваенне рэсурсаў пачалося.

Напрыканцы свайго выступлення Мікалай Снапкоў папярэдзіў, што нам давядзецца развівацца ва ўмовах з высокай дынамікай негатыўных працэсаў. «У мінулым годзе мы навучыліся да гэтага адаптавацца, у гэтым годзе мы павінны вызначыць шляхі ўстойлівага доўгатэрміновага развіцця, — падкрэсліў ён. — Санкцыі ёсць, і, на жаль, гэта дадзенасць, але санкцыі не з’яўляюцца на сёння галоўным пытаннем эканамічнага развіцця нашай краіны. Галоўным пытаннем з’яўляецца выкарыстанне магчымасцяў, якія для нас адкрылі гэтыя санкцыі. Ад нас залежыць, наколькі эфектыўна мы будзем працаваць у новых рэаліях. І на першае месца, на наш погляд, выходзяць унутраныя рэсурсы і рэзервы. Мы валодаем найбагацейшым, найкампетэнтнейшым чалавечым патэнцыялам, а гэта самы галоўны рэсурс у сучасным свеце». 

Па завяршэнні даклада члены ўрада адказалі на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі. 

У тэму

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Анатоль Насеня:

— Сёння ўжо можна казаць аб тых паказчыках, якія апублікаваў Белстат і даў справаздачу ўрад. Мы бачым, што ёсць як станоўчыя моманты, так і тое, над чым яшчэ трэба працаваць. Станоўчым момантам з’яўляецца тое, што мы дабіліся ўтрымання росту спажывецкіх цэн (гэта значыць стрымлівання інфляцыі), павелічэння рэальнага даходу насельніцтва. Крыху недапрацавалі па ВУП і інвестыцыях. Што датычыцца экспарту, мы бачым станоўчыя тэндэнцыі. Гэта сведчыць аб тым, што тыя магчымасці, якія былі, урадам выкарыстаны. Гэта і тыя інтэграцыйныя працэсы, якія адбываюцца ў нас з рэгіёнамі Расіі. Далейшая і дыверсіфікацыя вытворчасці, рынкаў збыту, і пошук новых лагістычных ланцужкоў, безумоўна, сведчаць аб тым, што ў цэлым паказчык ВУП і на аснове яго рост рэальных грашовых даходаў будзе выкананы. 

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы:

— Своечасова кіраўніком дзяржавы і ўрадам былі прыняты меры ў перыяд пандэміі. Тады не спыніліся вытворчасці, была пастаўлена задача — падтрымаць тыя сектары эканомікі, якія былі найбольш уразлівыя: найперш турыстычны і транспартны. Мы працавалі на ўзроўні 2019 — 2020 года, а далей пайшла дынаміка. Гэта было нялёгка. Прымаецца цэлы цэраг рашэнняў. Вы бачыце: кіраўнік дзяржавы ўвесь час у паездках. На бягучы момант нашы прадпрыемствы ствараюць дастатковы аб’ём прадукцыі, каб працаваць у тры змены і амаль на кожным прадпрыемстве поўны працоўны тыдзень, бо попыт на прадукцыю ёсць. Мы рыхтуемся да X Форуму рэгіёнаў. Плануецца падпісаць вельмі шмат кантрактаў, пагадненняў — як мінімум на 90 — 95 млрд. расійскіх рублёў. Цікавасць вельмі высокая. На форуме рэгіёнаў будзе працаваць дзевяць секцый, пытанні будуць агучаны кампетэнтнымі спецыялістамі ад развіцця маленькага рэгіёна да ў цэлым краіны. Упэўнены, што тэмп нашай эканомікі не збавіцца, ён будзе дынамічным. І пасыл кіраўніка дзяржавы для кожнага чалавека, кожнай сям’і, кожнага грамадзяніна Беларусі — эканоміка. Зробім на сваім месцы прырост, зробім крок наперад — мы эканамічна бяспечныя. А раз эканамічна бяспечныя — мы моцныя. Ваенную бяспеку ёсць каму забяспечваць. А для таго, каб была ваенная бяспека, павінна працаваць эканоміка.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».