Вы тут

У Мінску адбылася сустрэча міністраў абароны Беларусі і Расіі


Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымлівання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Двухбаковая сустрэча кіраўнікоў ваенных ведамстваў Беларусі і Расіі адбылася перад пасяджэннем Савета міністраў абароны АДКБ. Акрамя таго, міністры абароны абмеркавалі ваенна-палітычную абстаноўку і пытанні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж ведамствамі.


Як заўважыў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, сёння ва ўмовах агрэсіўных выпадаў, якія не спыняюцца і гучаць ад прадстаўнікоў ваенна-палітычнага блока НАТА і не толькі, сустрэча з яго расійскім калегам мае асабліва важнае значэнне і падкрэслівае глыбіню двухбаковага супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай галінах. «Ідзе беспрэцэдэнтны ціск з боку калектыўнага Захаду як на Рэспубліку Беларусь, так і Расійскую Федэрацыю — ва ўсіх сферах забеспячэння нацыянальнай бяспекі нашых дзяржаў, — падкрэсліў кіраўнік абароннага ведамства. — Нам спрабуюць навязаць аднапалярны свет па ўзоры, дзе ўсе краіны кіруюцца не міжнародным правам, а падпарадкоўваюцца нейкім правілам, якія забяспечваюць прасоўванне інтарэсаў некаторых дзяржаў, якія, на думку іх кіраўніцтва, валодаюць „выключнасцю“. Такое бачанне светаўладкавання прывяло да пашырэння геаграфіі міжнароднага тэрарызму, неабгрунтаванага нарошчвання групоўкі войскаў каля граніц Саюзнай дзяржавы, узрастання ваеннай напружанасці ў палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай сферах у рэгіёне, ды і ў свеце ў цэлым».

Віктар Хрэнін адзначыў, што ў створаных умовах Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці стратэгічных саюзніцкіх адносін з Расійскай Федэрацыяй у ваеннай сферы. «Праз умацаванне абавязацельстваў у нашых дактрынальных дакументах і паглыбленне двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама стварэнне ўмоў і прыняцце мер, якія звядуць на нішто мэтазгоднасць размоў з намі з пазіцыі сілы, — удакладніў ён. — Размяшчэнне нестратэгічнай ядзернай зброі — дзейсны адказ на агрэсіўную палітыку недружалюбных нам краін».

Віктар Хрэнін нагадаў, што работа па размяшчэнні на тэрыторыі нашай краіны нестратэгічнай ядзернай зброі была арганізавана па даручэнні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Гэта было абумоўлена невыкананнем гарантый бяспекі, дадзеных Рэспубліцы Беларусь у Будапешцкім мемарандуме 5 снежня 1994 года, а таксама бесперапыннай ваяўнічай рыторыкай, падмацаванай практычнымі дзеяннямі ў адносінах да Беларусі і Расіі з боку краін «калектыўнага» Захаду. 

Акрамя таго, для забеспячэння ваеннай бяспекі, у тым ліку абароны заходніх межаў Саюзнай дзяржавы, у Рэспубліцы Беларусь пільная ўвага надаецца пытанням гатоўнасці і здольнасці Узброеных Сіл выканаць задачы па прызначэнні. «У рамках ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі прыняты меры па нарошчванні баявога патэнцыялу рэгіянальнай групоўкі войскаў, у тым ліку аснашчэнні новымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення — такімі, як аператыўна-тактычны ракетны комплекс „Іскандэр-М“, зенітнай ракетнай сістэмай С-400, — паведаміў Віктар Хрэнін. — Праведзена пераабсталяванне самалётаў Су-25 з магчымасцю прымянення авіяцыйных сродкаў паражэння ў ядзерным аснашчэнні. Ваеннаслужачыя Рэспублікі Беларусь прайшлі навучанне на палігонах Расійскай Федэрацыі і атрымалі практычныя навыкі ў іх эксплуатацыі. Рэалізаваныя і спланаваныя мерапрыемствы яшчэ раз падкрэсліваюць стратэгічны фармат існуючага ўзаемадзеяння паміж нашымі ведамствамі. Рэспубліка Беларусь і ў будучым рашуча накіравана на ўмацаванне і развіццё цеснага супрацоўніцтва ў інтарэсах забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Вераніка КАНЮТА

Фота: «Ваяр»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».