Вы тут

Аб чым Наталля Качанава размаўляла з навучэнцамі Полацкага кадэцкага вучылішча


Прывітаўшы сваіх землякоў і не толькі ў Савеце Рэспублікі, спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што ўзаемадзеянне парламентарыяў з моладдзю адбываецца на рэгулярнай аснове. Па яе словах, дзверы Савета Рэспублікі заўсёды адчынены для падрастаючага пакалення. Аб гэтым сведчыць і нядаўняя сустрэча Наталлі Качанавай з удзельнікамі беларуска-расійскай маладзёжнай школы «Погляд у будучыню Саюзнай дзяржавы». 


Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што для парламентарыяў работа з моладдзю вельмі важная. «Як і ў цэлым краіне, — удакладніла яна. — Маладзежная палітыка — адзін з прыярытэтных кірункаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. У нас сацыяльна-арыентаваная дзяржава, і ў аснове ўсяго — людзі. З іх пытаннямі, праблемамі». 

Па словах спікера верхняй палаты парламента, сёння ў краіне робіцца ўсё для таго, каб людзі, якія жывуць на беларускай зямлі (Беларусь стала домам для прадстаўнікоў многіх нацыянальнасцяў), ні ў чым не мелі патрэбу. «Асноўная наша задача — развіваць нашу краіну так, каб людзям было камфортна, каб пытанні, якія іх хвалююць, вырашаліся аператыўна», — акцэнтавала ўвагу спікер.

Даведаўшыся аб тым, што перш чым пабываць у Савеце Рэспублікі, хлопцы і дзяўчаты наведалі дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», Наталля Качанава патлумачыла, чаму важна захоўваць гістарычную праўду і наколькі важна памятаць аб нашых земляках, якія не дачакаліся Перамогі. «Трэба зрабіць усё, каб не дапусціць таго, каб на нашай зямлі зноў быў пажар, — гэта самае страшнае, што можа быць, — звярнула ўвагу моладзі спікер. — Вы павінны разумець: сёння захаваць мір і спакой у нашай краіне — гэта задача не толькі для органаў улады. Гэта наша агульная задача, і вас у тым ліку. Калі наша грамадства будзе кансалідавана, калі мы будзем адзіныя, пераадолець гэтыя пагрозы і выклікі будзе нашмат прасцей. Улада робіць усё, каб не дапусціць баявых дзеянняў у нашай краіне. Наша палітыка заўсёды была міралюбівай. Мы за мір, супрацоўніцтва, за сяброўства з усімі нашымі суседзямі». 

Асаблівую ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі звярнула на інфармацыйную бяспеку і параіла кадэтам умець аддзяляць праўду ад фэйкаў. «З аднаго боку, інтэрнэт — гэта добра, а з іншага, зло, якое нясуць не толькі ў наша грамадства, а ў цэлы свет. Атрымліваючы непраўдзівую інфармацыю (а мы бачылі, як лёгка моладзь паддаецца на ўсялякага роду заклікі), некаторыя паступаюць няправільна». Наталля Качанава параіла маладым людзям у гэтай вялізнай плыні інфармацыі пачуць голас педагога, які заўсёды падкажа, дапаможа разабрацца, што правільна, а што не.

«Мне вельмі хочацца папярэдзіць вас усіх: будзьце ўважлівыя, — звярнулася спікер да навучэнцаў. — Сёння ты аступіўся — заўтра тваё жыцце можа быць перакрэслена». 

Падчас дыскусіі (а атрымаўся цікавы і змястоўны дыялог) закраналіся і такія пытанні, як дэмаграфічная бяспека, статус і каштоўнасць сям’і, традыцыйныя каштоўнасці. «У нас ёсць традыцыйныя каштоўнасці, па якіх мы жывём і па якіх развіваецца наша краіна, — адзначыла Наталля Качанава. — Усё гэта трэба захаваць. Заўтра — гэта вы, заўтра — гэта наша Беларусь, а вы — наша будучыня. Таму каму мы перададзім нашу краіну, хто будзе жыць у гэтай краіне і якой яна будзе, залежыць ад вас. Таму вы павінны зрабіць усё, каб не падвесці тыя старэйшыя пакаленні, якія адваявалі свабоду і незалежнасць. Такім людзям здраджваць нельга, як і тым, хто і пасля ваеннай разрухі, і пасля развалу Савецкага Саюза па крупіцах збіраў гэтую краіну. Сёння мы жывём у цудоўнай, чыстай, дагледжанай, прыгожай краіне, якой мы ганарымся. Трэба рабіць усё, каб развіваць яе далей, працаваць на стварэнне».

Многія з навучэнцаў Полацкага кадэцкага вучылішча плануюць паступаць ва ўстановы вышэйшага навучання сілавога профілю і прысвяціць сваё жыццё служэнню Радзіме. «Насіць пагоны — гэта вельмі ганарова і вельмі адказна: у любую хвіліну ты павінен стаць на абарону Айчыны, — лічыць Наталля Качанава. — Гэта выбар, варты патрыёта сваёй краіны, сапраўднага патрыёта, які абраў для сябе прафесію служыць Айчыне. Тым больш цяпер, калі мы бачым, што адбываецца ў свеце, калі ідзе геапалітычны перадзел свету». 

Навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча засталіся пад уражаннем ад сустрэчы з Наталляй Качанавай і ўвогуле ад наведвання Савета Рэспублікі. Дар’я Ясінская падзялілася, што дзякуючы гэтай сустрэчы, яна даведалася шмат чаго новага. Адзінаццацікласніца, якая з’яўляецца старшынёй Маладзёжнага парламента Полацка, агучыла спікеру верхняй палаты парламента прапанову стварыць у горадзе маладзёжны тэлеканал. «Каб была магчымасць папулярызаваць маладзёжныя калектывы, расказваць пра таленавітую моладзь», — патлумачыла сутнасць ініцыятывы дзяўчына. 

Наталля Качанава паабяцала разгледзець гэтае пытанне і зрабіць усё магчымае для таго, каб нашы юнакі і дзяўчаты з’явіліся на тэлеэкранах. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».