Вы тут

Лукашэнка: Еўразійскі эканамічны саюз павінен стаць адным з цэнтраў прыняцця рашэнняў у свеце


У Маскву Аляксандр Лукашэнка прыбыў напярэдадні, дзе ўзяў удзел яшчэ ў адным важным мерапрыемстве — пленарным пасяджэнні ΙΙ Еўразійскага эканамічнага форуму. Што датычыцца ВЕЭС, то цяперашняе пасяджэнне з’яўляецца юбілейным — трыццатым. Самы час разгледзець ход выканання рашэнняў па стратэгічных напрамках развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, падвесці вынікі міжнароднай дзейнасці саюза.


Спачатку лідары дзяржаў правялі пасяджэнне савета ў вузкім складзе, а пасля — у пашыраным, з удзелам запрошаных высокіх гасцей. Сярод іх — Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, які ўпершыню прысутнічаў на пасяджэнні ВЕЭС. Па відэасувязі да лідараў краін далучыліся прэзідэнты Узбекістана і Таджыкістана Шаўкат Мірзіёеў і Эмамалі Рахмон. У фармаце відэазвароту з прывітальным словам выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канель Бярмудэс. У пасяджэнні таксама ўдзельнічалі Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, Генеральны сакратар ШАС Чжан Мін, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. 

На пасяджэнні Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што Еўразійскі эканамічны саюз павінен стаць адным з цэнтраў прыняцця рашэнняў у свеце. «Сучасны свет знаходзіцца на стадыі глабальных перамен, уступае ў эпоху маштабных пераўтварэнняў і стратэгічнага развіцця, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Прыходзіць усведамленне неабходнасці фарміравання на змену аднапалярнай сістэме кіравання новых цэнтраў прыняцця рашэнняў, якія забяспечваюць улік інтарэсаў усіх удзельнікаў міжнародных адносін. Увага, праяўленая да мерапрыемстваў, якія праходзяць сёння ў Маскве, адназначна сведчыць аб тым, што адным з такіх цэнтраў павінен стаць Еўразійскі эканамічны саюз».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што бакі, нарэшце, рушылі наперад у пытаннях падтрымкі праектаў у галіне прамысловай кааперацыі. Падрыхтаванае рашэнне аб аказанні фінансавага садзейнічання такім праектам за кошт сродкаў бюджэту ЕАЭС. «Гэта знакавы дакумент, — лічыць Прэзідэнт. — Мы чакаем ад яго сур’ёзнай практычнай аддачы».

Па словах кіраўніка дзяржавы, па шэрагу важнейшых пытанняў унутранага парадку дня еўразійскай інтэграцыі саюз рухаецца складана і адкрыта марудна. «Перш за ўсё размова ідзе аб фарміраванні агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, рэалізацыі мерапрыемстваў лічбавага парадку дня, лібералізацыі транспартнага рынку, — удакладніў ён. — А гэта ж асноўныя для нашых эканомік сферы дзейнасці, і іх актуальнасць на фоне санкцый толькі ўзрасла. Прыярытэтнай задачай для ўсіх нас застаецца стварэнне паўнавартаснага эканамічнага саюза. Усе адзначаюць наяўнасць прагрэсу ў дадзеным пытанні, але я застаюся на ранейшай пазіцыі: ні бар’ераў, ні абмежаванняў быць не павінна наогул! Гэта базавы прынцып пабудовы нашага саюза, і мы павінны дасягнуць мэты ў самы бліжэйшы час».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую праведзеную работу па фарміраванні агульнага рынку дзяржаўных і муніцыпальных закупак. «Не без праблем, але рынак дзяржзакупак функцыянуе, — заўважыў ён. — Аднак для яго далейшага паўнавартаснага развіцця неабходны падпісанне і больш хуткае ўступленне ў сілу пагаднення аб узаемным прызнанні банкаўскіх гарантый пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак і правіл узаемнага прызнання электроннага лічбавага подпісу. Больш за тое, ёсць рэзерв для пашырэння адпаведнага сектара эканамічных адносін. Акрамя дзяржзакупак, існуе і сфера дзяржкарпарацый. Лічу, што зняцце абмежаванняў па доступу да закупак дзяржаўных карпарацый дабратворна паўплывае на эканоміку саюза».

Прэзідэнт Беларусі перакананы: «Наш адказ на санкцыйны націск — актывізацыя ўзаемадзеяння з ШАС, БРІКС і АСЕАН, заключэнне новых гандлёвых пагадненняў і канструктыўнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з усімі, хто гатовы з намі сябраваць і працаваць». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў выніку павінен быць забяспечаны баланс інтарэсаў усіх удзельнікаў. «Задача няпростая, але, упэўнены, Камісія мае неабходныя навыкі і кампетэнцыі», — заявіў беларускі лідар. 

Адным з прыярытэтных вектараў развіцця ЕАЭС Прэзідэнт назваў удасканаленне транспартнай інфраструктуры і развіццё эфектыўнай лагістыкі. «У сувязі з разваротам нашых экспартных патокаў на паўднёвы ўсход вельмі важна сумеснымі намаганнямі „прасекчы акно“ ў краіны названага рэгіёну, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Гэта бяздонны рынак для айчынных тавараў. У той жа час неабходна забяспечыць роўны доступ да існуючай і ствараемай інфраструктуры, каб у далейшым не ўзнікла непрыемных сітуацый, як у выпадку з экспартам на рынкі трэціх краін лесаматэрыялаў праз тэрыторыю дзяржаў — членаў ЕАЭС. Як Казахстан гаворыць пра каменны вугаль».

Аляксандр Лукашэнка лічыць мэтазгодным вярнуцца да разгляду пытання аб лібералізацыі аўтамабільных перавозак у трэція краіны без неабходнасці атрымання спецыяльных дазволаў. 

Прэзідэнт перакананы, што досвед Саюзнай дзяржавы можа быць запатрабаваны ў развіцці ЕАЭС. «Беларусь падтрымлівае ініцыяваную ў рамках расійскага старшынства неабходнасць вызначэння падыходаў да фарміравання новай Стратэгіі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2030, а недзе і да 2045 года, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — У той жа час хачу падкрэсліць, што пры падрыхтоўцы актуальных стратэгічных дакументаў нашаму саюзу можа быць цікавы вопыт рэалізацыі некаторых ініцыятыў на ўзроўні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, аб якім так шмат учора гаварыў на форуме Прэзідэнт Казахстана».

У той жа час Аляксандр Лукашэнка выступіў з перасцярогай ад залішняга захаплення стратэгічным планаваннем. «Прынамсі, гэтая карысная работа не павінна адмяняць або падмяняць практычную дзейнасць па рэалізацыі мэт і задач Дагавора аб ЕАЭС, якая вядзецца дзяржавамі-членамі і Камісіяй ужо цяпер, — канкрэтызаваў ён. — Увогуле, назапасілася маса канкрэтных пытанняў, якія трэба здымаць. Яны на паверхні».

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што сумеснымі намаганнямі бакі змогуць у поўнай меры рэалізаваць патэнцыял Еўразійскага эканамічнага саюза як унутры аб’яднання, так і на знешнім контуры. Тым самым удасца стварыць адзін з паўнаважкіх і адказных цэнтраў новага, шматпалярнага свету.

Закрануў беларускі лідар і адносна новы, але вельмі актуальны аспект інтэграцыі — кліматычны парадак дня Саюза«. Ён звярнуў увагу на тое, што ўжо на працягу шэрагу гадоў у Еўрасаюзе актыўна рыхтуюцца да гандлю ў існуючых умовах. Механізм трансгранічнага вугляроднага рэгулявання, які распрацоўваецца краінамі Еўрапейскага саюза, стане сур’ёзным інструментам уздзеяння на міжнародны гандаль. «Еўрасаюз атрымае дадатковую магчымасць для манеўру, — сцвярджае Аляксандр Лукашэнка. — Тавары, прызнаныя „чыстымі“, будуць дапускацца на рынак, а тое, што ім не трэба, будзе проста блакіравацца. Яны ўмеюць гэта рабіць».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы бачыць неабходнасць аб’яднаць намаганні ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і выпрацаваць уласныя падыходы і меры рэагавання на кліматычныя выклікі. «Трэба планамерна рухацца да структуры эканомікі, у якой пераважаюць вытворчасці і тэхналогіі з нізкім узроўнем выкідаў парніковых газаў», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. 

Вышэйшы савет падпісаў пратакол аб унясенні змен у Дамову аб ЕАЭС у частцы аказання фінансавага садзейнічання пры рэалізацыі дзяржавамі ЕАЭС сумесных кааперацыйных праектаў у галінах прамысловасці, а таксама пакет паправак у Дамову аб ЕАЭС — так званы III Вялікі пратакол. Кіраўнікам дзяржаў прадставілі даклады аб рэалізацыі асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці ЕАЭС у 2022 годзе, а таксама аб рэалізацыі стратэгіі-2025 і інфармацыю аб выніках праведзенай у 2022 годзе работы па пытаннях натуральных манаполій.

Вышэйшым саветам абмеркавана рэалізацыя падыходаў да развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з асноўнымі партнёрамі ЕАЭС на сярэднетэрміновую перспектыву па выніках мінулага года, планаў лібералізацыі па асобных сектарах паслуг у рамках ЕАЭС, вынікі маніторынгу выканання дзяржавамі палажэнняў, прадугледжаных правіламі рэгулявання гандлю паслугамі, установы і дзейнасці. Акрамя таго, лідары краін ЕАЭС разгледзелі змены ў рэгламенце працы ЕЭК і іншыя пытанні.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта. 

«Пайменна ведаем усіх»

Перад пачаткам пасяджэння ў Крамлі Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў журналістам заявы ў Польшчы аб паўстанні, якое рыхтуецца ў Беларусі. «На жаль, яны мае заявы не чуюць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А вы, напэўна, ведаеце, што я некалькі месяцаў таму казаў пра тое, што яны рыхтуюцца да паўстання, рэвалюцыі... Я не ведаю, да чаго яны ў Беларусі рыхтуюцца. А тое, што яны рыхтуюцца ў нас да нейкага, можа, мецяжу чарговага, мы гэта ведаем даўно. Мы адсочваем гэтых хлопцаў, пра якіх гэты хворы генерал казаў, што там ствараюцца харугвы, цэлыя палкі там ці батальёны. Яны так гэта называюць. А насамрэч... Мы ведаем, дзе яны знаходзяцца. І пайменна ведаем усіх. Мы гатовыя — няхай прыходзяць». 

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў журналістам, аб чым гаварыў напярэдадні з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным на Еўразійскім эканамічным форуме ў час фразы казахстанскага лідара Касым-Жамарта Такаева аб тым, што ў Беларусі і Расіі «ядзерная зброя адна на дваіх». У гэты момант лідары Беларусі і Расіі заўсміхаліся, абмяняліся рэплікамі і паціснулі адзін аднаму рукі. Кіраўніка дзяржавы папрасілі расказаць, аб чым ішла размова. «Калі гаворка зайшла пра ядзерную зброю, шчыра кажучы, я нават з-за акустыкі гэтай не вельмі пачуў, — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. — А Уладзімір Уладзіміравіч мне кажа, што вось прынята рашэнне па размяшчэнні ядзернай тактычнай зброі ў Беларусі. Ён мне пра гэта сказаў. Я кажу: „Дзякуй!“ Вось пра што ішла размова. Не больш».

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.