Вы тут

Выстаўка «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба» працуе ў НММ


Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла паштовы блок «Сумесны выпуск Беларусі і Расіі. 150 гадоў з дня нараджэння Станіслава Жукоўскага», што быў падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь. У яго залах зараз працуе выстаўка «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба». Выстава не лічыцца юбілейнай нягледзячы на афіцыйную дату нараджэння 13 мая 1873 года: юнак так хацеў стаць мастаком, што прыпісаў сабе два гады, каб паступіць у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. 


Творцу, які нарадзіўся ў маёнтку Старая Воля, што на Гродзеншчыне, звязваюць з захаваннем памяці пра колішнія сядзібы і маёнткі. Але рабіў ён гэта ў адмысловым стылі, у яркіх і радасных колерах. Ёсць адчуванне атмасферы і аўтарскага захаплення тым, што адлюстравана. І калі заходзіць размова пра тое, ці быў у беларускім мастацтве перыяд імпрэсіянізму, то можна назваць імя Станіслава Жукоўскага. Яго жывапіс блізкі да стылю, які ўварваўся ў сусветнае мастацтва ў ХІХ стагоддзі. 

Жукоўскі прыйшоў у мастацтва якраз напрыканцы ХІХ стагоддзя і нібыта працягнуў памяць пра яго ў сваіх карцінах праз тэмы, вобразы, лірызм і адчуванне чалавечага жыцця. Бо калі вы любуецеся відам з расчыненага акна альбо пейзажам з будынкамі ці дарогамі, то няўлоўна адчуваеце прысутнасць чалавека ў гэтай прасторы, нават калі на палатне яго няма. Цуд мастака Жукоўскага ў тым, з якой любоўю ён адлюстроўваў выспачкі колішняй сядзібнай культуры, якая сыходзіла і разбуралася вельмі хутка, асабліва напачатку вірлівага ХХ стагоддзя, калі адбыліся кардынальныя змены ў грамадстве. Не абышлі яны і Станіслава Юліянавіча, бо ў 1920-я ён быў вымушаны задумацца, дзе і як будзе працаваць далей... 

Яго натхнялі сядзібы, можа быць, таму, што сын беларускага шляхціца адчуваў іх дух, меў асабістую тонкую сувязь з сядзібным жыццём ды ўласнае стаўленне да таго, што яно сабой ўяўляла. Справа ў тым, што яго бацькі вымушаны былі арандаваць уласны маёнтак (у ХІХ стагоддзі былі прадстаўнікі шляхты, пазбаўленыя маёмасных правоў з пэўных прычын). Але бацькі нягледзячы на складанасці вельмі імкнуліся даць дзецям добрую адукацыю. Станіслаў пачынаў вучобу ў Варшаве і Беластоку. Але вучыцца мастацтву паехаў усё ж у Маскву, што выклікала абурэнне бацькі і стала прычынай напружаных адносін на шмат гадоў. У гады вучобы Станіслаў малюе свет, які бачыў з дзяцінства, раку Нёман ды пейзажы, пазнавальныя нават для сучасных беларусаў. Яшчэ падчас вучобы ён звярнуў на сябе ўвагу і пачаў актыўна ўдзельнічаць у выстаўках у Расіі. А пасля і ў імпрэзах Таварыства заахвочвання мастацтваў у Варшаве. А ўжо ў 1907 годзе Станіславу Жукоўскаму надалі ганаровае званне акадэміка жывапісу Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу за вядомасць на мастацкай ніве. Усё змяніла рэвалюцыя. Ён са сваімі тэмамі здаваўся ўжо несучасным і недарэчным, яго выстаўка ў Маскве ў 1921 годзе была раскрытыкаваная. А сам мастак вырашыў пераехаць у Варшаву, дзе з 1923 года працягваў працаваць, удзельнічаў у выстаўках у розных гарадах Еўропы і нават у Амерыцы. У Варшаве заставаўся і падчас Другой сусветнай вайны, і загінуў ў канцлагеры ў 1944 годзе, калі Варшаўскае паўстанне пацярпела няўдачу. Тады ж загінулі і многія яго творы. Але мастацкая спадчына Жукоўскага даволі багатая дзякуючы таму, што ён пісаў — як дыхаў... 

Дыханне мінуўшчыны — вытанчанай і крохкай — адчуваецца на выстаўцы, дзе прадстаўлены творы Станіслава Жукоўскага з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка». Але экспазіцыя выглядае маштабнай таксама дзякуючы таму, што арганізатары ўключылі ў яе творы мастакоў, якія паўплывалі на Жукоўскага (напрыклад, Левітан) ці былі яго сябрамі (як Бялыніцкі-Біруля). Шырокі кантэкст дазваляе лепш ацаніць узровень майстра, якога Беларусь не так даўно пачала ўпісваць у гісторыю свайго мастацтва. А ён прадстаўляе адзін з самых яркіх і тонкіх кірункаў жывапісу, які дазваляе чалавеку лекаваць душу багаццем колераў і атмасферай, якая ўцягвае ў карціну і спакушае ўпісаць сябе ў арыстакратычны інтэр’ер ці прыгожы пейзаж. І тады разумееш, што ў жыцці нічога не знікае бясследна, усё мае свой адбітак, дзякуючы чаму мінулае злучаецца з сучасным і пераконвае ў неабходнасці працягу. У тым ліку мастацкай гісторыі краіны. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».