Састарэлае меркаванне, што моднымі тэндэнцыямі павінны цікавіцца выключна жанчыны, на шчасце, даўно засталося ў мінулым. Моцнай палове таксама ўласціва імкненне выглядаць прывабна, і імкненне гэта ані на кроплю не змяншае (хай даруе мне чытач таўталогію) мужнасць нашых мужчын. Пагаворым аб тым, што тэарэтычна прапануюць дызайнеры моцнай палове чалавецтва да гэтага летняга сезона і што практычна могуць знайсці ў крамах нашай краіны мужчыны, якія жадаюць быць на грэбні моднай хвалі.
Мода жыве будучыняй, і летнія калекцыі-2023 дызайнеры прадставілі свету яшчэ зімой. Немагчыма не звярнуць увагу, што ў мужчынскіх лініях адзення вядучыя модныя дамы ў гэтым сезоне актыўна прапануюць смелыя дызайнерскія рашэнні. Моцную палову чалавецтва запрашаюць дадаць у гардэроб шмат яркіх і жыццярадасных прынтаў і колераў, якія да нядаўняга часу лічыліся выключна жаночай прэрагатывай. Імкнучыся аб'яднаць рамантычны вектар з брутальнай маскуліннасцю, мастакі ад моды прадставілі на подыумах курткі-бомберы з атласу, пяшчотных або яркіх колераў і нават з кветкавымі прынтамі. Яшчэ адзін трэнд мужчынскай моды, які стаў адкрыццём гэтага лета, — так званыя інфантыльныя матывы. Напрыклад, на паказе Louіs Vuіtton «дарослым хлопчыкам» было прапанавана ўспомніць дзяцінства і дадаць у свае вобразы дэталі, якія адсылаюць да дзіцячага адзення: аплікацыі, вышыўкі і малюнкі, хвалістыя краі кашуль і ўсё такое іншае. Міксаваць «інфантыльныя» дэталі рэкамендуецца з атрыбутамі дзелавога гардэроба або грубымі брутальнымі тэкстурамі. Зрэшты, падобныя вынаходствы — трэнд на інфантыльнасць і мужчынскае адзенне з «жаночымі» прынтамі — наўрад ці атрымаецца адшукаць у беларускіх гандлёвых цэнтрах, ды і наўрад ці на іх у нас будзе попыт. Пагаворым пра больш практычныя і прыстасаваныя да жыцця трэнды.
І да такіх трэндаў належыць, вядома, у першую чаргу моднае прачытанне мужчынскага касцюма. Як мы памятаем, прыгожай палове вясной і летам дызайнеры прапануюць апрануцца ў «мужчынскія» касцюмы са штанамі, прычым асабліва актуальныя — касцюмы яркіх расфарбовак. Досыць яркія (хоць і больш прыглушаныя, чым у жаночай модзе) адценні касцюмаў — трэнд і ў модзе мужчынскай. Актуальны ў гэтым цёплым сезоне крой — двухбортныя пінжакі і шырокія штаны. На піку папулярнасці таксама касцюмы ў клетку або палоску. У трэндзе «гарадская класіка» — спалучэнне клятчатага пінжака і лёгкіх аднатонных штаноў або джынсаў. Варта адзначыць тэндэнцыю апошніх гадоў: мужчынскі дзелавы касцюм становіцца ўсё менш фармальным. А ў цэлым мода — гэта свята, метамарфоза, шоу, і мужчынская мода — не выключэнне. На сусветных подыумах у мужчынскіх калекцыях ужо не першы год раз-пораз дарагія тканіны «маскіруюцца» пад больш дэмакратычныя (напрыклад, ваўняныя — імітуюць фактуру дэніму, дадаюцца лён і шоўк, каб надаць тэкстылю «кэжуальную» структуру). Пры гэтым больш танны сегмент тэкстылю імкнецца выглядаць больш рэспектабельна. Вяртаючыся да колераў мужчынскага касцюма, адзначым, што гэтым летам вельмі актуальная карычневая гама. Гэта і колеры пустыні, і бэж, і тоны, якія выклікаюць асацыяцыі з афарбоўкай экзатычных парод драўніны: сандала, чырвонага дрэва. Карычневая палітра цалкам не выцясняе, зразумела, традыцыйныя для мужчынскага адзення чорны (на больш прахалодны час) і шэры (на гарачыя дні) з базавых калекцый, але складае ім альтэрнатыву. Гэтак жа, як і адценні сіняга колеру — ад шэра-блакітных да цёмных нэві і індыга.
Мода цыклічная, рухаецца па спіралі, і ў апошнія дзесяць гадоў дызайнеры нібы дамовіліся даказваць гэтую ісціну зноў і зноў. Не раз яны зазіралі ў 20-я, 30-я, 40-я, 50-я і, вядома, 90-я гады мінулага стагоддзя, а таксама ў 2000-я, вывуджваючы адтуль модныя цытаты, чэрпаючы там ідэі і натхненне. У сёлетнім цёплым сезоне мода — мужчынская і жаночая — вяртае нас у 1970-я. Гаворка — пра стыль сафары, які палюбіўся і знакамітым дызайнерам, і брэндам масмаркета. Любімае адзенне модніка гэтай вясной і летам — з накладнымі кішэнямі, ды і ў цэлым эстэтыка сафары: карычневая гама (пра якую мы ўжо казалі), свабодны крой штаноў, кашулі навыпуск і нават капелюшы а-ля Індыяна Джонс. Вядома, хадзіць па горадзе, як быццам сабраўся на паляванне ў савану, адважыцца не кожны (і дзякуй богу!). Але разумна камбінуючы рэчы ў стылі сафары з рэчамі іншых кірункаў (напрыклад, з джынсамі і класічнымі кашулямі), можна атрымаць цікавы і прывабны вобраз.
Пра цыклічнасць моды — яшчэ адзін безумоўны трэнд гэтага лета: «тотал дэнім». Ён адсылае нас у нулявыя. Пасля «нулявых» апранацца «ў джынсу» з галавы да ног доўга лічылася маркерам дрэннага густу. І вось, калі ласка, — цяпер можна і нават заахвочваецца стылістамі! Колер дэніму ў вобразе можа быць адзін, а можа быць такіх колераў і некалькі — не забараняецца. Насіць джынсавыя рэчы рэкамендуецца як з чэлсі або лоферамі, так і з кедамі і сандалямі. У спякоту ў трэндзе будуць доўгія джынсавыя шорты, а на прахалодныя дні актуальныя рэчы са скуры — як эка-, так і натуральнай. У першую чаргу гэта, вядома, курткі: іх прапануецца насіць з футболкамі, упрыгожанымі прынтамі. Актуальныя мужчынскія футболкі — з больш глыбокімі, чым звычайна прынята, выразамі: глыбіня выразу вар'іруецца ў залежнасці ад мускулістасці торса.
Спартыўны стыль захоўвае папулярнасць у паўсядзённай мужчынскай модзе ўжо не першы сезон. Летам-2023 гэта рэчы з капюшонам, спартыўныя касцюмы ў стылі рэтра (на піку папулярнасці «алімпійкі», лампасы і іншыя «састарэлыя» спартыўныя дэталі). Трэнд досыць складаны: патрэбна мера і пэўны мастацкі густ, каб не выглядаць «прадстаўніком гапаты». Тым больш што спалучаць спартыўную вопратку дызайнеры прапануюць з рэчамі з класічнага і дзелавога стылю: словам, не ўпэўнены — не апранай.
Яшчэ адзін трэнд мужчынскай моды на прахалодныя вечары — утульныя світэры. Маецца на ўвазе не стрыманы і бяспройгрышны чорны базавы трыкатаж, а яркія мадэлі шчыльнай вязкі, з прынтамі ў выглядзе клеткі, палосак або ў стылістыцы колар-блок. Падыдзе трэнд не кожнаму: ёсць небяспека, што ваш трэндавы світэр будзе выглядаць не як моднае выказванне, а ў стылістыцы «бабулін любімы ўнучак». Так што і тут патрэбныя добры густ і ўменне аб'ектыўна ацаніць свой знешні выгляд у люстэрку.
Што будзе модна гэтым летам і што рэальна будуць насіць у мужчынскім сегменце — на самай справе «дзве вялікія розніцы», кажуць дызайнеры. Запыты пакупнікоў мужчынскага адзення ў нашай краіне традыцыйна кансерватыўныя, а айчынныя вытворцы, зноў жа па традыцыі, удзяляюць модзе моцнай паловы менш увагі.
Беларускія прадпрыемствы лёгкай прамысловасці сапраўды могуць задаволіць самы патрабавальны попыт. Але гэта датычыцца ў першую чаргу жаночай моды. Даводзіцца канстатаваць: з мужчынскай модай у нас усё больш сціпла — вытворцы арыентаваныя на жанчын, адзначае намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля Мурашка. Да цёплага сезона беларускія кампаніі прапануюць мужчынам для працоўных будняў дзелавыя касцюмы і класічныя кашулі, для гарачых дзён — калекцыі з лёну. Экалагічнасць — адна з «адвечных каштоўнасцяў» моды трэцяга тысячагоддзя, і льняное адзенне для мужчын гэтак жа актуальна, як і для жанчын. Дарэчы, менавіта льняныя калекцыі беларускія дызайнеры па традыцыі любяць і ўмеюць ствараць з гэтага матэрыялу актуальныя модныя рэчы — і капсульныя калекцыі, і асартымент для масмаркета. Тэхналогіі дазваляюць вырабляць сучасныя льняныя тканіны не толькі ў колерах экапалітры, але і ў самых розных адценнях, з актуальнымі прынтамі. Ну, а тых, хто больш дэталёва адсочвае трэнды мужчынскай моды, выручаюць дызайнерскія прасторы, дзе можна набыць нешта адмысловае, адзначыла прадстаўніца «Беллегпрама». Такім чынам, casual па-беларуску — гэта ў першую чаргу лён, што, у прынцыпе, у спякоту зручна і практычна. Няма пытанняў і з «правільным мужчынскім касцюмам». З вытворцаў гэта, напрыклад, правераны дзесяцігоддзямі «Камінтэрн» — касцюмы ад гэтага брэнда любяць беларускія чыноўнікі і кіраўнікі самых розных узроўняў. Прычым у брэнда ёсць мужчынскія касцюмы як больш дэмакратычнай цэнавай катэгорыі, так і прэміум-класа (пад маркай Valerosso). Мужчынскі дзелавы стыль — прастора для творчага пошуку і адносна маладога беларускага брэнда Lemongrass (тут, як распавялі ў дызайн-цэнтры кампаніі «Камволь», мужчынскія касцюмы шыюць па італьянскіх тэхналогіях і лекалах — а менавіта італьянскія дызайнеры лічацца ў свеце прызнанымі майстрамі мужчынскага касцюма). Брэнд «Камінтэрн» выпускае мужчынскія калекцыі, якія «робяць мужчын паспяховымі», Lemongrass адзначае вывераныя лініі і вытанчанасць сілуэтных формаў сваіх вырабаў. Мяркуючы па водгуках пакупнікоў, і тое, і другое — праўда.
Ёсць у Lemongrass і калекцыі casual, але ў асноўным у гэтым стылі распрацоўваецца адзенне для жанчын. Аднак, калі дадаць Mark Formelle, Elema (у тым ліку новы «элемаўскі» брэнд мужчынскага адзення «Etelіer», натхнёны еўрапейскай класікай), «Калінку», «Світанак» і, вядома, калекцыі беларускіх дызайнераў — не танныя, але, безумоўна, вартыя ўвагі (шукаць іх трэба ў шоурумах і дызайнерскіх прасторах: Wе are, Тrend park і г. д.), нейкі выбар з'яўляецца і ў тых мужчын, хто аддае перавагу не дзелавому, а больш нефармальнаму стылю. Тым больш што якасць — безумоўны і прызнаны плюс айчыннага адзення, а менавіта мужчыны схільныя ставіць якасць і зручнасць рэчаў вышэй за іх адпаведнасць «самым апошнім трэндам».
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота аўтара і са свабодных інтэрнэт-крыніц
Ваенны карэспандэнт павінен быць гатовы да ўсяго!
Камарын: аб чым маўчыць Днепр.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?