На прыём грамадзян, які правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч у Дзешчанскім сельскім Савеце Уздзенскага раёна, звярнуліся заяўнікі па самых розных пытаннях.
Іна Аляксандраўна з мужам выказалі жаданне адкрыць у населеным пункце бар. І такое памяшканне ў Дзешчанцы ёсць — з падведзенай вадой, усімі неабходнымі камунікацыямі. Раней там знаходзіўся такі ж гандлёвы пункт. Цяпер будынак арандуе іншы прадпрымальнік.
— Проста так, беспадстаўна выкінуць з памяшкання арандатара ніхто не можа. Трэба паглядзець дагавор, тэрмін яго дзеяння, ці выконваюцца яго ўмовы, ці аплачваюцца камунальныя паслугі. І толькі ў выпадку парушэнняў прапісаных тут пунктаў можна разарваць дагавор, — патлумачыла Людміла Ніжэвіч.
Будынак знаходзіцца ва ўласнасці Уздзенскага райспажыўтаварыства. Як адзначыў яго антыкрызісны кіраўнік Аляксандр Яндоўскі, які прыехаў на сустрэчу з дэпутатам, грамадзянка па гэтым пытанні да яго не звярталася, але яно цалкам вырашальнае.
Людміла Ніжэвіч узяла пытанне на кантроль, пасля чаго заяўнікам удалося адкрыць бар-кафэ. Жыхары Дзешчанкі ёй вельмі ўдзячныя, асабліва моладзь. Тут можна пасядзець, сустрэцца з сябрамі, выпіць кактэйль, смачна паесці.
Адразу некалькі актуальных тэм агучыў стараста вёскі Генадзь Быцай. У прыватнасці, на аўтобусным прыпынку, які знаходзіцца на ажыўленай Слуцкай аўтатрасе, доўгі час не гарыць вулічнае асвятленне. Гэта стварае небяспеку для людзей, якія пераходзяць дарогу ў цемры.
Старшыня сельвыканкама Уладзімір Балцянкаў растлумачыў, што неаднаразова звяртаўся ў «Белаўтадар», у адказ — толькі абяцанкі. Пасля ўмяшання дэпутата святло ўключылі, і цяпер людзі могуць не баяцца за сваё жыццё.
Генадзь Быцай выказаў таксама меркаванне, што ў вёсцы Цялякава неабходна ўладкаваць дзіцячую пляцоўку. Людміла Ніжэвіч падтрымала мужчыну і паабяцала паспрыяць яе абсталяванню. Сказана — зроблена. Сельсавет выдзеліў месца для пляцоўкі, завезены атракцыёны. У хуткім часе аб'ект прыме малых наведвальнікаў.
Хвалявала старасту і тое, што ў населеным пункце выстаўлены на продаж гандлёвы цэнтр, які належыць райспажыўсаюзу. А сюды ходзяць па пакупкі пенсіянеры, таму што тут ім даюць зніжкі ў 10 працэнтаў на сацыяльна значныя тавары. Наведваюцца сюды і пажылыя людзі з суседніх вёсак. Па словах Генадзя Іванавіча, у гэтым гандлёвым аб'екце ў параўнанні з прыватнымі крамамі больш шырокі асартымент, прымальныя цэны.
— Пытанне возьмем на заметку, будзем разбірацца, з якой прычыны хочуць закрыць краму, — запэўніла Людміла Ніжэвіч.
У выніку, менавіта дзякуючы Людміле Ніжэвіч краму не закрылі, стаў больш разнастайным асартымент.
— Прыходзіў у сельвыканкам і сам стараста, каб перадаць падзяку Людміле Іванаўне. Адзначыў, што гандлёвы аб'ект набыў другое дыханне, — кажа старшыня Дзешчанскага сельскага Савета дэпутатаў Уладзімір Балцянкоў.
Па словах Людмілы Ніжэвіч, з разуменнем падышлі да праблемы, якой былі заклапочаны жыхары аграгарадка, у Белкаапсаюзе. Яго спецыялісты неаднаразова выязджалі на месца для вывучэння сітуацыі, працавалі над пашырэннем і абнаўленнем асартыменту.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў неаднаразова падкрэслівала, што ў грамадстве павінна быць сацыяльная справядлівасць, роўныя ўмовы для людзей як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Каб чалавек змог купіць за свае заробленыя грошы ўсё, што яму патрэбна. Над гэтым і павінны працаваць мясцовыя ўлады.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.