Вы тут

Пра бездзежскае Евангелле, якое ў вайну ратавала людзей ад расстрэлу


Многія ведаюць цудоўную гісторыю выратавання жыхароў вёскі Ражкоўка Камянецкага раёна ў час вайны. Вяскоўцы ўжо стаялі каля расстрэльнай ямы, калі нямецкаму афіцэру з'явіўся вобраз Божай Маці, якая прасіла выратаваць людзей. Аказваецца, падобныя і не зусім, але гісторыі са шчаслівым канцом здараліся і ў іншых месцах, проста мы не пра ўсе з іх ведаем. Адну падчас нядаўняй камандзіроўкі давялося пачуць ад протаірэя Генадзя Ворана, настаяцеля храма вёскі Бездзеж.


Намоленае за чатыры стагоддзі месца

Але пра тое цудоўнае вызваленне, а таксама доўгае падарожжа бездзежскага Евангелля крыху пазней, а цяпер пра гісторыю храма. Бо яна надзвычай цікавая. А яшчэ айцец Генадзь — дасведчаны экскурсавод. Відаць, што скрупулёзна вывучаў мінулае царкоўнага жыцця вёскі, тутэйшых настаяцеляў і самой святыні. Вывучаў, паводле яго слоў, па кнігах, дакументах, інфармацыі ў сеціве, успамінах людзей.

— Наша Свята-Траецкая царква ўзведзена амаль 240 гадоў таму, налета плануем адзначыць круглую дату — гаворыць святар. — Але храм не першы на гэтым месцы. Першая святыня з'явілася ў Бездзежы ў 1622 годзе, храм быў названы ў гонар прарока Божага Ільі. Падчас Паўночнай вайны са шведамі храм згарэў, дарэчы, амаль з усім сялом.

Руплівыя вяскоўцы адраджаюць сваё паселішча і, вядома, будуюць новую святыню, на гэты раз царкву называюць у гонар святой Параскевы Пятніцы. Але прастаяла яна нядоўга, падчас вайны расійскага войска з польскімі канфедэратамі зноў згарэла сяло разам з храмам. І ў 1784 годзе прыхаджане ўзводзяць храм на старым падмурку, будуюць па старадаўніх тэхналогіях без адзінага цвіка. Праўда, спачатку ён быў уніяцкім, а з 1865 года і да сённяшняга дня — праваслаўны.

Помнік драўлянага дойлідства з элементамі барока цяпер ва ўсіх даведніках называюць адным з найпрыгажэйшых храмаў на Палессі. У плане ён уяўляе сабой прамавугольнік з двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам. Перад храмам — брама-званіца.

Цікава, што сцены царквы ўзводзілі ў Здзітаўскай пушчы. Для будаўніцтва падбіралі самую лепшую сасну, былі майстры на нашай зямлі, умелі знайсці дрэва, што прастаіць вякі. А сюды ўжо перавозілі валамі і коньмі і звёнамі падганялі пад падмурак. Як злажылі царкву, так яна і стаіць па сёння.

— У нас ёсць некалькі асабліва значных абразоў. Напрыклад, ікона 1658 года, якая была напісана яшчэ для першага храма. Маюцца іншыя старадаўнія абразы. Уяўляеце сабе, — гаворыць бацюшка, — вёска гарыць, хаты з саламянымі дахамі палаюць, а людзі бягуць у царкву і абразы ратуюць! Так і зберагалі гадамі, стагоддзямі. У Бездзежы заўсёды жылі набожныя людзі...

Дар ад святара Катлубоўскага

Вернікі храма маюць усе падставы ганарыцца, напрыклад, іконай Святой Тройцы, напісанай менавіта для гэтай царквы. Абраз, акрамя выявы трох іпастасяў Бога ў выглядзе трох анёлаў, якіх частуе ветхазаветны Аўраам, адлюстроўвае святых Аляксандра Свірскага, Ануфрыя Вялікага і Іаана Багаслова. Гэтыя святыя звязаныя з гісторыяй бездзежскага храма. У канцы ХІХ стагоддзя тут служыў Аляксандр Катлубоўскі з патомнай дынастыі святароў. І былі ў той дынастыі таксама Ануфрый ды Іаан, а значыць, святыя на іконе былі іх нябеснымі апекунамі. Названая ікона прынесена ў дар царкве з нагоды яе 130-гадовага юбілею. Ёсць яшчэ старадаўняя ікона «Гасціннасць», на якой Аўраам і Сара частуюць Госпада, што прыйшоў да іх у выглядзе Трох Падарожнікаў. Абразы сваёй царквы тутэйшыя людзі любяць і шануюць...

Дык вось адзін з дынастыі Катлубоўскіх прынёс у дар храму Евангелле ў 1890 годзе з нагоды канчыны сваёй маці, ураджэнкі С.-Пецярбурга. Яна жыла і памерла ў паўночнай сталіцы, але была прывезена сюды і пахавана ў агароджы храма. Яе магілу і цяпер даглядаюць прыхаджане. На адваротным боку металічнага акладу святыні ёсць надпіс «Гэта святое Евангелле прынесена ў дар царкве ў імя Святой Жываначальнай Тройцы ў мястэчку Бездзеж Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі на вечны ўспамін рабы божай Феафілы, якая памерла ў С.-Пецярбургу ў 14 дзень кастрычніка 1890 года і адданая зямлі ў агароджы названай царквы».

Царква ніколі не закрывалася, перажыла ўсе войны ХХ стагоддзя. А з 1890 года ў богаслужэннях выкарыстоўвалі Евангелле, выпушчанае ў друкарні С.-Пецярбурга ў 1887 годзе, падоранае Аляксандрам Катлубоўскім. «Вось якая папера адмысловая, трывалая, — паказвае айцец Генадзь, — цяпер такіх кніг не выпускаюць. Яна адразу была выраблена ў гэтым прыгожым акладзе, рабілі тады на стагоддзі, адным словам. Служыла верай і праўдай Евангелле бездзежцам да пачатку апошняй вайны».

Сувенір за выратаванне

— Цяпер тых бабулек ужо няма, а я яшчэ застаў іх, цяпер шкадую, што не запісалі падрабязных расповедаў, — працягвае айцец Генадзь. — Дык вось баба Поля ўспамінала, як у 1942 годзе ўсю вёску сагналі на невялікую плошчу перад царквой. Многія тады вёскі ў ваколіцы пацярпелі, акупанты жорстка распраўляліся нават за намёк на сувязь з партызанамі. Так і ў Бездзежы было. Сагналі ўсіх, каго засталі, старых і малых — таксама, акружылі, паставілі кулямётчыкаў насупраць. Людзі плакалі, маліліся, думалі, што апошнія хвіліны жыцця застаюцца. Так, відаць, і было б... Тады ў царкве служыў айцец Віктар, чалавек надзвычай адукаваны, свабодна валодаў некалькімі замежнымі мовамі. Ён загаварыў з нямецкім афіцэрам па-нямецку і запрасіў яго ў храм.

Людзі чакалі. Ніхто не ведаў, пра што гаварылі яны ў храме, заставаліся там даволі доўга, але неўзабаве выйшлі, і афіцэр аддаў каманду зняць ачапленне. Пад пахай у вайскоўца быў скрутак, тады нават увагі ніхто не звярнуў на тую акалічнасць. Потым у вёсцы сталі гаварыць, што святар ва ўдзячнасць за выратаванне жыхароў вёскі сам падарыў афіцэру гэтае Евангелле. Так, відаць, і было.

Зняты з аўкцыёну лот

А потым — канец вайне, Перамога, мяняліся святары, мянялася жыццё, ніхто і не ўспамінаў аб прапажы. І не ўспомніў бы, відаць, да гэтай пары, каб святыня не аказалася на аўкцыёне ў Мюнхене ў 2011 годзе. Ды і там яна, напэўна, была б прададзена і недзе пылілася б у прыватнай калекцыі. Але ж трэба было такому здарыцца, што менавіта ў дні правядзення аўкцыёну ў Мюнхене гасцявалі святары з Палесся. Благачынны Пётр Піліпчук з Ганцавіч і яго калегі праз гаспадара Аўкцыённага дома выйшлі
на ўладальніка лота, які з'явіў першапачатковы кошт 6700 еўра. Расказалі яму пра гісторыю кнігі, пра выратаванне людзей. Доказам служыла гравіроўка пра тое, што Евангелле перададзена на вечнае карыстанне царкве ў Бездзежы. Уладальнік быў уражаны пачутым і пагадзіўся перадаць святыню бязвыплатна сапраўдным гаспадарам.

Плошча, дзе стаялі людзі ў чаканні лёсу.

«Такім чынам, 2 жніўня 2011 года, у дзень прарока Іллі, Евангелле вярнулася ў царкву. Тут ужо я служыў, — расказвае айцец Генадзь. — Была вялікая радасць для нашых людзей, святкавалі вяртанне святыні. Правялі ўрачыстыя богаслужэнні з гэтай нагоды».

Шануюць сваё

— Мяне потым пыталі, колькі ж вы заплацілі, каб забраць з аўкцыёну свой рарытэт. А я адказваў: «Роўна столькі, колькі заплацілі за яго некалі, забіраючы яго ад нас».

Айцец Генадзь, несумненна, чалавек з гумарам. Ён расказваў, як прыязджалі ў царкву ахвотнікі забраць іконы ў музей, але вясковы святар знайшоў тыя словы, якія пераканалі вучоны люд забыцца дарогу і не хваляваць прыхаджан, якія пакаленнямі даказвалі сваю набожнасць: «Вы хочаце пазбавіць абразы літургійнай прысутнасці, зрабіць так, каб яны раз у год выстаўляліся на агляд, а астатнюю частку стаялі ў сховішчах-запасніках? А людзей, чые продкі з рызыкай для жыцця ратавалі іконы, хочаце пакрыўдзіць?» І вучоным мужам заставалася пагадзіцца з няўрымслівым вясковым святаром.

«Паглядзіце, якімі ручнікамі ўпрыгожваюць нашы ўмелыя майстрыхі храм!» — не без гонару паказвае настаяцель. Сапраўды, на радзіме «Бездзежскага фартушка» ўмеюць ствараць з дапамогай іголкі сапраўдную раскошную прыгажосць. Тут не толькі ручнікі, сурвэткі, але і харугвы расшытыя рукамі вясковых майстрых.

Пра незвычайнае па сваёй набожнасці месца давялося пачуць ад многіх жыхароў Бездзежа і навакольных вёсак. Настаўніца Таццяна Ялец гаворыць: «Выходзіш з гэтай царквы нібы пацалаваны, абноўлены... Усе ходзяць у нашу царкву, на службах тут шматлюдна». Сапраўды, нячаста сустрэнеш, што ў вясковым храме спявае мужчынскі хор, а тут спяваюць мужчыны з цудоўнымі галасамі. Хор нярэдка запрашаюць на розныя фестывалі харавога мастацтва альбо праваслаўных спеваў».

Старшыня Бездзежскага сельскага Савета Інэса Каласей гаворыць, што ў асяродку вяскоўцаў шануюцца як царкоўныя, так і векавыя культурныя традыцыі. Абрад «Велікодная Стрылка» сёння вядомы далёка за межамі Бездзежа, у Беларусі ён адзін такі.

‘На першы дзень Вялікадня вячэрня тут называецца «Нешпар». Завяршаецца вячэрня, пачынаецца хрэсны ход. Тым часам ужо рыхтуецца сцэна, нядзельная школа дае канцэрт, гучаць віншаванні з Уваскрэсеннем Хрыстовым, а потым пачынаецца карагод «Велікодная Стрылка». Стрылка на мясцовай гаворцы азначае насенне. Карагод выстройваецца трохвугольнікам і вядзецца вакол трох дзяўчынак — «зярнятак» пад народную песню. Такім чынам карагод просіць Божага блаславення на пасевы, на добры ўраджай.

Цікава, што ў Бездзежы гавораць: «Да Стрылкі не п'юць гарылкі». Лічыцца, што святкаваць з музыкай, танцамі альбо выпіўкай можна толькі пасля вячэрняга богаслужэння першага дня Вялікадня, а не раней. Кажуць, што гэтаму абраду, як і самому Бездзежу, не менш за 600 гадоў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Драгічынскі раён

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».