Вы тут

Уражлівы прыклад пранікнення ў іншанацыянальную паэтычную прастору


Ужо ў новым, XXI-м, стагоддзі на беларускую мову перакладзена амаль 150 (!) паэтычных твораў класіка кітайскай літаратуры Ай Ціна (1910 — 1986). Перакладчыкі — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, паэты Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец. Дзве прыкметных, розных па памерах, кнігі Ай Ціна пабачылі свет у вядучых выдавецтвах краіны — Выдавецкім доме «Звязда» і выдавецтве «Мастацкая літаратура». Уражлівы прыклад пранікнення ў іншанацыянальную паэтычную прастору. 


«Расчыніце насцеж вокны,/ Адчыніце вашы дзверы, —/ Хай загляну, хай пранікну/ Ў вашы цесныя пакоі.../ Кветак ранішніх букеты прынясу вам,/ Водар стоенага лесу прынясу вам,/ Прынясу вам рос сцюдзёных — / чуйце свежасць, / Ды прачніцеся хутчэй жа, сон зганіце...» («Слова сонца». Пераклад Міколы Мятліцкага). 

... Веліч паэтычнага генія Ай Ціна выбудавана выпрабаваннямі, якія выпалі на яго жыццё, на яго мастацкі лёс... Нарадзіўся Ай Цін (Цзян Хайчэн) у 1910 годзе на паўднёвым усходзе Кітая. У правінцыі Чжэнцзян, у сям’і небагатага землеўладальніка. Пасля заканчэння сярэдняй школы малады чалавек — у 1928 годзе — паступіў у мастацкае вучылішча. А праз год ад’язджае з Кітая ў Францыю. Была ў яго асаблівая цяга да жывапісу, выяўленчага мастацтва. Але мастака з Ай Ціна не атрымалася. Хаця праз усё пазнейшае жыццё кітайскі пісьменнік выяўляў сябе чалвекам, даследчыкам, чуйным да выяўленчага мастацтва... У Парыжы юнак працуе ў майстэрні, якія вырабляла розныя сувеніры, — з камення, дрэва, іншага матэрыялу. У 1932 годзе Ай Цін вярнуўся ў Кітай. У Шанхаі яго арыштавалі і асудзілі да зняволення тэрмінам на тры гады. Французскія каланізатары падазравалі яго ў «злачынных намерах». Нагадаем пра тое, што, магчыма, з вышыні часу і забываецца... У 1884 — 1885 гг. ішла вайна паміж Францыяй і імперыяй Цін. Асноўнай прычынай было жаданне Францыі завалодаць паўночнай часткай В’етнама... У 1900 годзе Францыя была сярод васьмі краін, якія ўвайшлі ў Кітай у сувязі з Іхэтуаньскім (баксёрскім) паўстаннем, якое карэннае насельніцтва распачало ў 1898 годзе супраць замежнага ўмяшальніцтва ў эканоміку, нутраную палітыку, рэлігійнае жыццё Кітая. Была, праўда, у гэтым альянсе з васьмі краін і Расія. Кааліцыйныя войскі ліквідалі «Армію сумлення і справядлівасці» ў снежні 1901 года... Сферы каланізатарскага ўплыву Францыі на правінцыі на поўдні Кітая (Юньнань, Гуансі, Гуандун) захоўваліся і ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя...

У астрозе Ай Цін піша першыя свае вершы. У тым ліку — і твор, прысвечаны памяці Апалінэра. І эпіграфам бярэ наступныя словы слаўнага нашчадка беларускага роду Кастравіцкіх герба Вонж: «У мяне была дудачка, якую я не прамяняю на жэзл маршала Францыі». 

З вашай рознаколернай Еўропы

Я забраў з сабою дудачку,

З якою калісьці 

На ўзбярэжжы Атлантыкі ля акіяна

Блукаў і быў там як дома, 

А зараз 

Вашы «Алкаголі» ў шанхайскім засценку,

Я злачынец, 

Тут 

І дудачка пад забаронай. 

Ды яна ў думках маіх,

Яна для мяне сапраўдная памяць пра Еўропу.

.................................................................

Хіба Еўропа 

Брыяна і Бісмарка

Не заслужыла зняважлівага пляўка, — 

Подлая разбойная Еўропа

Са сквапнымі вачышчамі!

Але я 

Закаханы ў тваю Еўропу, 

Еўропу Рэмбо і Бадлера. 

Там некалі, 

Згаладалы,

Я намагаўся зайграць на дудачцы,

З мяне пасмейваліся,

Бо я быў сабою самім!

Мае песні не слухалі,

Бо гэта былі мае песні! 

(«Дудачка». Пераклад Міколы Мятліцкага). 

З 1935 года паэт — на свабодзе. Жыве ў Шанхаі. У 1936 годзе выдае першую сваю кнігу — «Даяньхэ». І становіцца прафесійным літаратарам. Як толькі на Кітай напала мілітарысцкая Японія, Ай Цін піша цыкл патрыятычных вершаў, якія пазней увойдуць у яго зборнікі «Палеткі», «Ён памёр у другі раз», іншыя кнігі...

У сакавіку 1941 года паэт ад’язджае ў Яньань, дзе знаходзіўся цэнтр Асобага раёна, які кантраляваўся кітайскімі камуністамі. Пісьменнік далучаецца да працы брыгады літаратурных работнікаў, якая займаецца палітычным і сацыяльным, культурным пераабсталяваннем вёскі. Ай Цін уваходзіць у склад Асацыяцыі пісьменнікаў Паўночнага Кітая. Займае пасаду дэкана Літаратурнага інстытута пры Паўночнакітайскім аб’яднаным універсітэце. У 1942 годзе Маа Цзэдун правёў у Яньані нараду па пытаннях літаратуры і мастацтва. У сваіх выступленнях (2 і 23 мая) ён «рэкамендаваў» творчым работнікам адмовіцца ад «цяжара» ідэй і ведаў, стаць аркушам чыстай паперы. Мастацтва разглядалася ў вульгарна-сацыялічным разуменні, як інструмент, які тлумачыць і пераказвае сэнс указанняў, мэтавых установак Маа Цзэдуна і яго блізкага атачэння. Задоўга да «культурнай рэвалюцыі» (яе пачатак — у 1966 годзе) інтэлігенцыя падыйшла да мяжы інтэлектуальна-псіхалагічнага перараджэння, даволі часта незаўважнага і самімі творчымі работнікамі. З верша Ай Ціна 1940-х гадоў, хутчэй за ўсё — 1942 года альбо крыху пазнейшага перыяду: «Устань, паэт, і праўдзівым словам/ Людзям скажы аб маім прыходзе!/ Скажы простым, працоўным людзям,/ Якія хочуць мяне дачакацца,/ Што я ўжо крочу па росах свежых/ Пад кволым ззяннем апошняй зоркі:/ Іду з Усходу, ад акіяна,/ Дзе ўспеніў хвалі магутны вецер;/ Нясу я святла бліскоту,/ Цяпло і радасць нясу я людзям./ Хай чуюць гэта паўсюду сягоння,/ У гарадах усіх, вёсках, сёлах,/ Хай сустракаюць з адкрытым сэрцам/ Дня вестуна і пасланца сонца». («Вестка аб світанні». Пераклад Міколы Мятліцкага). 

Перамагла рэвалюцыя, перамаглі камуністы на чале са савім лідарам Маа Цзэдунам і яго паплечнікамі. У 1949 годзе паэт прыязджае ў Пекін для ўдзелу ў падрыхтоўцы і правядзенні з’езда Усекітайскай асацыяцыі літаратуры і мастацтва. На з’ездзе паэта, які сваімі шчырымі радкамі рыхтаваў стварэнне Кітайскай Народнай Рэспублікі, ішоў поруч з камуністамі да перамогі, выбіраюць у склад прэзідыўма Усекітайскай Асацыяцыі літаратуры і мастацтва, у праўленне Усекітайскай асацыяцыі пісьменнікаў і ў праўленне Усекітайскай асацыяцыі мастакоў. Адміністрацыйная праца спалучаецца з творчай: у 1950 годзе выходзіць новы зборнік вершаў — «Радасны кліч». 

Восенню 1950 года Ай Цін прыязджае ў Савецкі Саюз. Вершы пра Савецкі Саюз уваходзяць у кнігу «Рубінавыя зоркі» (1953). «Днём позняй восені іду сюды адзін,/ Каб бачыць зноў, паэт, тваё прасветлае чало./ Бурліць людскі паток. Шуміць паток машын,/ На вуліцы разліта зыркае святло./ ... Эпоха прамільгнула, быццам міг,/ Збылася мара ўсіх прыгонных год./ Тыраны зніклі. Крыважэрных іх/ У бітвах веку перамог народ» (Пад вершам «Плошча Пушкіна» і адрас і час — «1950 год, Масква». Пераклад Міколы Мятліцкага). У 1954 годзе паэт здзейсніў паездку ў Чылі. Загадкавая краіна са сваёй асаблівай паэтычнай плынню прываблівала кітайскага мастака слова... У час вандроўкі ў Лацінскую Амерыку Ай Цін напісаў такія творы, як «Свабода», «Рыфы», «У чылійскіх фіёрдах», «На пачку чылійскіх цыгарэт»... У 1958-1960 гг. менавіта гэтыя творы будуць крытыкавацца за празмерную ўвагу да ўсяго замежнага, іх палічаць заклікамі да інтэрнацыяналізму... 

1957 год становіцца трагічным для Ай Ціна: у час разгорнутай па барацьбе з іншадумцамі кампаніі паэта прылічваюць да «правых элементаў». Пра гэта недвухсэнсоўна напіша літаратурны крытык Яо Вэньюань у зборніку «Пра рэвізіянісцкую хвалю ў літаратуры». Яо Вэньюань (1931 — 2005) — пісьменнік, палітык, літаратурны крытык, удзельнік сумна славутая «Банды чатырох», якая адыграла асаблівую ролю ў «культурнай рэвалюцыі», актыўны прыхільнік, прапагандыст мааізма. А ўжо ў кастрычніку 1976 года і Яо Вэньюань быў арыштаваны, праз год выключаны з партыі. А ў 1981 годзе асуджаны да 20-гадовага астрожнага зняволення і пяцігадовага паражэння ў палітычных правах. Адзіны з «банды чатырох» адбыў тэрмін зняволення цалкам. Выйшаў на свабоду ў 1996 годзе. ... Што можа быць горай за ідэялагічныя абвінавачванні?! Пасля Ай Ціна «не існуе» для чытача ні як паэта, ні як літаратурнага крытыка і тэарэтыка літаратуры, ні як мастацтвазнаўца. 16 гадоў мастак слова знаходзіцца ў высылцы. У асноўным працуе прыбіральшчыкам вясковых грамадскіх туалетаў. Яго сын — сучасны суветна вядомы мастак, архітэктар, куратар і крытык Ай Вэйвэй (нарадзіўся ў 1957 годзе), які знаходзіўся разам з сям’ёю ў высылцы, праз многія дзесяцігоддзі ўспамінаў пра бацьку: «Ён і мяне гэтаму навучыў. Ён быў вялікім мысляром. Яго прыбіральні зіхацелі чысцінёю, ён пераўтвараў іх у творы мастацтва, накшталт музеяў». Што ж рабіў ў высылцы маацзэдунаўскі культуролаг, тэарэтык «культурнай рэвалюцыі» Яо Вэньюань, які, як сведчаць, вярнуўшыся са зняволення, жыў у шанхаі і пісаў кнігу..? Ці выклаў ён у той кнізе сваё пакаянне? Ці папрасіў прабачэння ў Ай Ціна і соцен другіх паэтаў, мастакоў Кітая, якія вымушана замоўклі ў сваім дыялогу з часам і сваім уласным народам?..

Толькі ў 1976 годзе паэту ў сувязі з хваробай дазволілі вярнуцца ў Пекін. У 1978 годзе Ай Цін вяртаецца да нармальнага жыцця і актыўнай літаратурнй творчасці. Фактычна адбылася палітычная рэабілітацыя вялікага творцы. Праз новыя паэтычныя радкі рашучы і смелы Ай Цін спрабуе па-грамадзянску сумленна асэнсаваць шлях Кітая за гэты перыяд. У 1980 годзе выходзіць у свет яго кніга «Песні вяртання». Дзе знайшлося месца і водгуку на падзеі 1976 года на плошчы Цяньаньмэнь — у паэме «На грэбні хвалі». Амаль што разам з гэтым творам з’яўляецца і другая паэма Ай Ціна — «Гімн святлу», у якой апяваюцца ідэі ахвярнасці, самакаштоўнасці чалавека і яго надзіва велізарныя стваральныя магчымасці. У 1979 годзе Ай Цін наведвае ФРГ, Аўстрыю, Італію, Францыю, ЗША. Адзін за другім выходзяць яго паэтычныя зборнікі — «Рознакаляровыя вершы», «Песні», «Выбранае», «Замежныя вершы» і іншыя кнігі. У 1985 годзе Ай Ціна ўзнагароджваюць літаратурнай прэміяй прэзідэнта Францыі Франсуа Мітэрана. У 1996 годзе паэт памёр у бальніцы ў Пекіне. 

«Няхай кожы наш дзень раскручваецца/ з магутнасцю махавіка./ Няхай наша жыццё/ энергіяй поўніцца./ Няхай мы, нібыта вырваліся з магмы зямных нетраў,/ распрастаем шырокія светлавыя крылы/ і памкнёмся ў бясконцую далеч сусвету./ Хай будзе палёт наш немагчыма імклівым!/ Хай будзе наш шлях — з сягоння ў заўтра!/ Хай будуць у будучым новыя старты!..» (Паэма «Гімн святлу». Пераклад Міколы Мятліцкага). 

...У 1952 годзе яшчэ да таго, як Ай Цін выдаў прысвечаны Савецкаму Саюзу і яго правадыру Іосіфу Сталіну зборнік «Рубінавыя зоркі», у Маскве ў перакладзе А. Гітовіча пабачыў свет зборнік вершаў і паэм кітайскага паэта «Вестка аб світанні»... Аляксандр Гітовіч (1909 — 1966) — паэт, які нарадзіўся ў Смаленску, паэт-франтавік, ваенны карэспандэнт, творца, які два дзесяцігоддзі свайго жыцця аддаў пераўвасабленню карэкскай і кітайскай паэзіі на мову Пушкіна... І наступная кніга Ай Ціна пабачыла свет у Маскве ўжо ў перакладзе Ю. Сарокіна ў 1981 годзе... І з гэтай кнігі пачалося і маё «сяброўства» з вялікай паэзіяй кітайскага паэтычнага мысляра... І зараз захоўваю зборнічак з «маладагвардзейскай серыі» «Выбраная замежная лірыка» з гравюрай В. Наскова на вокладцы (малады Ай Цін) з пазнакай калі і дзе набыты зборнік: «А. Карлюкевич. ЛВВПУ. 1981 год». Тады я паступіў вучыцца на аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. І ў Львове на вуліцы Гвардзейская на тэрыторыі нашага гарадка працавала кнігарня «Ваенная кніга». Адносіны з Кітаем у Савецкага Саюза пачыналі наладжвацца. І сярод іншых кніг у раздзеле мастацкай літаратуры мяне чакала сустрэча з гэтай танюткай кніжачкай Ай Ціна «Выбраная лірыка»...

Напрыканцы 2014 года ў Выдавецкім доме «Звязда» была распачатая серыя «Светлыя знакі: Паэты Кітая». І ўжо 24 студзеня 2015 года ў друк падпісваецца кніжачка Ай Ціна на беларускай мове ў перакладах Міколы Мятліцкага, Навума Гальпяровіча, Таццяны Сівец «Водар стоенага лесу». У прадмове да зборніка ёсць і такія словы: «Сонца, світанак, паходня — вось галоўныя сімвалы жыццесцвярджальнай паэзіі Ай Ціна. Так, жыццесцвярджальнай, нягледзячы ні на што. Выпрабаванні, пакуты, драматычныя калізіі — і разам з тым асновай мастацкіх перамог з’яўляюцца Сонца, Вецер, Горы, Снег, Вада — усё тое, што сілкуе, крынічна ўзбагачае чалавека ў яго памкненнях да вечнай свабоды, да духоўнага і сардэчнага, душэўнага шчыравання...» Варта заўважыць, што адным з укладальнікаў кнігі Ай Ціна, як і іншых зборнікаў твораў кітайскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову, стала кніжны рэдактар Вольга Аляксеева, якая працавала на той час у Выдавецкім доме «Звязда». Дарэчы, яна і прыдумала назву серыі — «Светлыя знакі: Паэты Кітая»...

А ў 2019 годзе ў «Мастацкай літаратуры» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выходзіць новая, болей грунтоўная беларуская кніга Ай Ціна — «Гімн святлу». Наклад — 500 асобнікаў. Усе вершы і паэмы перакладзены Міколам Мятліцкім. Мастаком кнігі выступіў Каміль Камал. Высокае паліграфічнае выкананне здзейсніў Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа. Нараджэнню кнігі, безумоўна, папярэднічала напружаная праца перакладчыка. За некаторы час перад выданнем «Гімна святлу» Мікола Мятліцкі заўважыў у адным з інтэрв’ю: «...Улюбёнасць у кітайскую паэзію прыйшла да мяне нечакана — з томікам вершаў Ван Вэя. Я адкрыў для сябе потым многіх і многіх вялікіх паэтаў Кітая, пачуў сэрцам паэтычны накал радка некаторых сучасных творцаў. Не думаю, што гэтак жа нечакана, як прыйшло, маё захапленне кітайскай паэзіяй і сыдзе. Паэзія Кітая мае сутнасную глыбіню, сталюецца на тых чалавечых каштоўнасцях, якія называюцца вечнымі. І сягоння адпусціць яе з абсягаў душы — значна здрабнець духоўна самому. Тым больш, калі ўжо грукаецца настойліва Ай Цін — перакладзі! <...> Ай Цін зіхаціць многімі паэтычнымі ффарбамі. Ён падобны на вогнішча, што асвятляе ваколіцу...»

Мікола Мятліцкі пайшоў з жыцця 27 лістапада 2021 года. Прычына смерці — кавід... Яго блізкім перадалі са шпіталя апошні верш паэта, запісаны ад рукі — «У рэанімацыі»: «Нада мной схілілася шкляная маска./ З-пад яе позірк вачэй карых, вабна-спакусных./ — Прачынайецеся, калі ласка! — / Прамовілі прыгожыя, але прыхаваныя, вусны./ Толькі вочы. І разлёт чорных тоненькіх броў./ — Вам трэба здаць кроў!/ — Як імя ваша, вочы і бровы?/ — Вікторыя!/ І грудзі мае выдыхнулі кавіднахворыя:/ — Віват, мая Перамога, — Vikto-ria!» (напісаны радкі 18 лістапада...). З сыходам такіх апантаных, захопленых, па-свойму ўнікальных людзей, як Мікола Мятліцкі, нешта губляецца, знікае... Не, не бясследна. Як і ў плане яго, Мятліцкага, захопленасці кітайскай паэзіяй... Засталіся кнігі з перакладамі... 

Мне здаецца, што надыйдзе час — калі яшчэ і наноў будзе шмат зроблена па адкрыццю неўміручай паэзіі Ай Ціна ў Беларусі. І абавязкова з’явяцца, павінны з’явіцца яго новыя беларускія кнігі... 

У працы над перакладамі вершаў кітайскіх паэтаў для серыі «Светлыя знакі...» заявілі аб сабе многія таленавітыя беларускія паэты. І, канешне ж, яны яшчэ вернуцца да справы, так рупліва некалі распачатай!..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.