Маладыя людзі гуртаваліся ўчора ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» Свята-Елісавецінскага манастыра горада Мінска. Удзельнікамі Міжнароднага маладзёжнага форуму «Сэнс. Жыццё. Будучыня», які прайшоў 26 мая, сталі каля 200 чалавек — студэнты ВНУ, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый і суполак Беларускай праваслаўнай царквы, члены Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Яны прыехалі, каб сустрэцца з людзьмі, якія маюць аўтарытэт і гатовыя падзяліцца сваім жыццёвым досведам і ведамі, якія могуць быць карыснымі ў далейшым, калі моладзь будзе рэалізоваць свае мары і памкненні. У сучаснай моладзі яны могуць быць вельмі розныя, але ў пэўны час кожны задумаецца пра стварэнне сям’і і працяг роду. Гэта актуальныя пытанні не толькі для Беларусі, але і шмат для якіх краін, якія клапоцяцца пра паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. І зусім неабавязкова адкаладаць момант стварэння сям’і дзеля таго, каб рэалізоўвацца асабіста і рабіць кар’еру. Пра гэта казалі настаўнікі, якія праводзілі лекцыі і сустрэчы, — людзі, якія запатрабаваныя ў розных сферах, але лічаць галоўнай меркай шчаслівага жыцця моцную сям’ю. Яна і мэта, і таксама «Каўчэг», дзе можна схавацца ад розных страсенняў, яна і натхняльніца ў справах. Карацей, ішлі сурёзныя размовы пра дарослае.
Добрыя справы варта пачынаць з малебна — з блаславеннем ўсё робіцца больш проста і асэнсавана, а тым больш, калі звяртаюцца да святых Пятра і Фяўронні, якія лічацца затупнікамі сям’і. А пасля настаўнікі ў чатырох секцыях вялі заяткі, на якіх прысутныя маладыя людзі вучыліся счытваць эмоцыі (дапамагае ў жыцці, асабліва ў разуменні блізкіх і выбудове адносін з каханымі), разважалі пра тое, што значыць шчаслівае дзяцінства (каб здолець яго забяспечыць сваім нашчадкам), слухалі філасофскія разважанні пра сэнс жыцця. Напрыклад, першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Сергій Маўсясян выступіў з лекцыяй «Жыццё, навошта ты мне дадзена?». А жыццё нас зводзіць з рознымі людзьмі — і такім чынам мы адзін аднаго ўзбагачаем, пра што ішла гаворка на секцыі «Мастацтва зносін», якая адбылася з удзелам прадстаўнікоў інклюзіўнага тэатра «І». А пра асэнсаванае стварэнне сям’і, усвядомленае мацярынства і бацькоўства пераканаўча распавяла лінгвіст, педагог і адначасова маці пяцярых дзяцей Галіна Нарынкевіч. Было што распавесці і стваральніку сямейнага праекта «Сужэнскія сустрэчы» протаіерэю Уладзіміру Шэйдаку. Працавала секцыя, прысвечаная здароўю і грамадскай актыўнасці моладзі. І калі удзельнічае моладзь, то без інтэрактыву не абыходзіцца, але ў дадзеным кантэксце нават ён з хрысцінскім кірункам, што маглі зразумець удзельнікі майстар-класа «Гуляем разам» з выкарыстаннем праваслаўных «настолак». Але так ці інакш, усе гутаркі былі пра тое, што спатрэбіцца кожнаму, нягледзячы на абраную спецыяльнасць, якую студэнты ўжо асвойваюць у ВНУ...
Да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі:
— Пытанні, якія ўздымаліся на форуме, не заўсёды прыцягваюць сучаснага маладога чалавека. Таму што сучасны свет жыве больш па законах практычнасці, паспяховасці. Гэта часам вызначаецца знешнім бокам. Але асноўныя складнікі — сэнс, жыццё, будучыня — больш абапіраюцца на разгляд унутранага свету чалавека, яго сувязь з духоўнай сферай. Што, па вялікім рахунку, і вызначае яго месца ў будучыні... Моладзь з’яўляецца сілай, якая рухае свет наперад. Моладзь — гэта час адкрыццяў, жаданне па-новаму паглядзець на свет, імкненне да асэнсавання сябе і свайго месца ў ім. Думаю, менавіта ў гэтым і хаваецца невычэрпная энергія маладых людзей, іх творчая актыўнасць, якая павінна пераўтварыцца ў пэўныя справы і ўчынкі, прыносіць добрыя плады і натхняць маладых людзей на новыя працы і пачынанні. Здольнасць да творчасці — адна з важнейшых якасцей чалавечай прыроды¸якая закладзена самім Стваральнікам. Як гэты дар правільна выкарытоўваць, на што накіраваць свае намаганні? Чаму прысвяціць сваю працу? Для гэтага трэба адказаць спачатку на пытанне: дзеля чаго жыць? На жаль, пошукі адказаў на гэтыя пытанні часта застаюцца з межамі паўсядзённых клопатаў... Пра каштоўнасць жыцця разважалі філосафы з глыбокай мінуўшчыны. Адказы былі самыя розныя. Адны лічаць, што сэнс жыцця ў адмаўленні ад усяго, іншыя — што ў задавальненні, трэція — у багацці, славе, мастацтве, навуцы, спорце і нарэшце ва ўладзе і яе пладах. Мы бачым, што і зараз ёсць такія падыходы да сэнсу жыцця. Наш час абвастрыў гэтыя пытанні. З развіццём тэхналогій, штучнага інтэлекту ўзнікаюць думкі: наколькі ў новым свеце патрэбны сам чалавек, можна ж і без яго?... Хрысціянская вера мае адказы на гэтыя вострыя пытанні. Менавіта хрысціянская вера легла ў аснову нашых каштоўнасцей, нашай культуры, у разуменне мэтаў і сэнсу нашага быцця на зямлі. Служыць дабру, міласэрнасці, людзям, Айчыне — гэта вечныя каштоўнасці, без якіх чалавек і не можа адбыцца як асоба. Сотні гадоў гэтым каштоўнасцям служылі нашы продкі. Але можа быць цяпер яны састарэлі і не адпавядаюць патрабаванням прагрэсу, пытанням, што ставіць перад намі сучаснае грамадства? Можа быць, патрэбныя новыя каштоўнасці? Пра гэта кажуць у многіх месцах зямнога шару і прадстаўляюць чалавека па-іншаму, з незвычайнага боку. Мы бачым, што спробы адмовы ад нашых традыцыйных каштоўнасцей, імкненне стварыць альтэрнатыўную сістэму маралі, прывядуць да сумных вынікаў. На месца дабра і шчырай прыгажосці прыходзіць індывідуалізм, культ спажывання, страчваецца здольнасць любіць. Па-сутнасці, свет становіцца перад небяспекай расчалавечвання, першай праявай якога становіцца пачуццё глыбокага расчаравання і самоты. Рассчараваны і самотны чалавек, як карабель без рулявога, можа нават разбіцца аб прыбрэжныя скалы... Каштоўнасці любові і міласэрнасці, служэння дабру, людзям, Айчыне, не састараваюць. Яны існуюць і будуць існаваць, пакуль будзе чалавек. Каб жыць на зямлі, яны неабходныя. Дасягненні навукі, культуры з’яўляюцца толькі інструментамі рэалізацыі гэтых каштоўнасцей. І сёння, як і тысячы гадоў таму нягледзячы на сучасныя зручнасці і камфорт, з усёй той жа вастрынёй стаяць пытанні пра сэнс чалавечага жыцця, дабро, праўду, любоў. Наш Збаўца Ісус Хрыстос кажа пра сябе: «Сын чалавечы не для таго прыйшоў, каб яму паслужылі, а каб паслужыць многім». І гэтае служэнне ён здзейсніў не толькі падчас зямнога жыцця, ён і зараз праз словы Евангелля, якое пакінуў нам, праз творы святых айцоў, праз голас сумлення, гаворыць кожнаму чалавеку, падказвае верны шлях па жыцці, які прынясе добры вынік. Але ў мітусні жыцейскай важна нам чуць гэтыя падказкі, разумець і арыентавацца на іх.
Асаблівая ўвага на форуме была нададзена тэме стварэння сям’і, бо мы становімся настолькі блізкія да Бога, наколькі праяўляем любоў да сваіх блізкіх. А гэта перш за ўсё сям’я. Яна становіцца для чалавека школай любові.
— Для беларуса словы «дзеці», «дом», «любоў», «сям’я» — не пусты гук. Калі мы праводзілі даследаванне, то больш за 85 працэнтаў маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў аб’явілі гэта сваёй вышэйшай духоўнай каштоўнасцю, — адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валерый Кавалькоў. — Беларусы — сямейная нацыя. У нас сёння кожная трэцяя сям’я выхоўвае дваіх дзетак. За апошнія 10 гадоў на 70 працэнтаў павялічылася колькасць шматдзетных сямей — у нас іх цяпер больш за 122 тысячы (а ў 2009 годзе было 69 тысяч). Сёння кожнае пятае дзіця выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і. Але дэмаграфічныя працэсы адбываюцца няпростыя. Моладзь у першую чаргу думае пра атрыманне адукацыі, пра пабудову кар’еры, і толькі потым пачынае задумвацца пра суджэнскія стасункі і пра тое, каб мець дзяцей. У нас мужчына, які ўпершыню бярэ шлюб, мае ўзрост амаль 29 гадоў. Жанчына — 26. Сёння сярэдні ўзрост мамы першынца 27 гадоў ( а ў 90-м годзе не дасягаў 23-х гадоў). Усё гэта адбіваецца на зніжэнні нараджальнасці. І тут адна з задач дзяржавы — зрабіць так, каб маладыя людзі не адкладалі стварэнне сям’і на потым. І тым больш, каб не адкладвалі на потым нараджэнне дзяцей. Задача дзяржавы — дапамагчы падтрымаць сям’ю, на што скіраваны комплекс дзяржаўных захадаў. Гэта дапамога ў будаўніцтве жылля: толькі ў мінулым годзе больш за 12 тысяч шматдзетных сямей атрымалі новыя кватэры і палепшылі жыллёвыя ўмовы. Гэта і дапамога ў пабудове кар’еры. Тым, хто адвучыўся на бюджэтных аддзяленнях, гарантаванае першае працоўнае месца. Дзяржава сёння робіць браніраванне працоўных месцаў для маладых людзей да 21 года, калі яны шукаюць працу. Нават калі чалавек крыху старэйшы па ўзросце, у яго няма працоўнай практыкі (рознае ж бывае!), то сёння існуе праграма, калі наймальнік дапамагае стварыць часовыя працоўныя месцы менавіта дзеля набыцця першага працоўнага досведу, каб чалавек далей мог ісці па жыцці. Сёння наша служба занятасці аказвае падтрымку ў абучэнні і пераабучэнні больш чым па 100 прафесіях. Калі маладыя людзі не могуць знайсці працу ў рэальным сектары, то яны могуць працаваць на сябе, адкрываючы свой бізнес, і мы гатовы ў гэтым дапамагчы: наш інстытут павышэння кваліфікацыі абучае маладых людзей навыкам прадпрымальніцтва. Больш за тое, мы гатовыя даць субсідыю на адкрыццё сваёй справы. Сёлета запусцілі вельмі цікавы праект — «Крок у прафесію». На рэспубліканскім партале службы занятасці можна прайсці тэсціраванне — там больш 30 тэставых заданняў, а на падставе вынікаў інфармацыйная сістэма падкажа, у якой сферы чалавеку лепш сябе рэалізоўваць і ў якую навучальную установу трэба паступіць. Але які б шлях ні выбіралі, жадаю, каб слова «сям’я» для кожнага было самым каштоўным паняццем, якое ёсць у нашым жыцці.
Міра і любові ў дамах кожнаму пажадаў і начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пішчоў і адзначыў, што «моцны сямейны саюз, заснаваны на ўзаемаразуменні, гатоўнасці разам пераадольваць любыя цяжкасці, вельмі важны для кожнага з нас, бо менавіта ў сям’і закладваюцца асноўныя каштоўнасці, фармірміруецца пераемнасць пакаленняў».
У арганізацыі форуму адбылося яднанне намаганняў дзяржавы, грамадства і царквы дзеля таго, каб выхаваць добрую моладзь, якой далей працаваць на нашу будучыню. І звычайна слова «будучыня» уяўляецца неяк абстрактна. Але заснавальнік і кіраўнік дабрачыннага фонду падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» Андрэй Зубенка эмацыйна запэўніў, што будучыня — гэта не калі-небудзь, а будучыня — гэта тое, што ствараецца зараз, кожны дзень. І кожны дзень можа быць напоўнены добрымі справамі. На іх накіраваныя маладзёжныя сацыяльныя праекты, якія былі прадстаўлены ў рэспубліканскім конкурсе «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці». Лепшых узнагародзілі ўрачыста падчас форуму — прадстаўнікі розных гарадоў і мястэчак Беларусі ўздымаліся на сцэну: Полацку, Дзівіна, Ляскавічаў, Мазыра, Баранавічаў ды іншых... Працавалі з натхненнем і – натхнёныя паехалі дадому, паслухаўшы спевы студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і вакальна-інструментальнага ансамбля «Менестрэлі».
Арганізатарамі форуму выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Дабрачынны фонд падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў», Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота аўтара і з сайта БПЦ
Расказвае магістр псіхалогіі Наталі Свірыдава.
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?