Вы тут

Слаўгарад святкуе дзень нараджэння


Увесь цэнтр гэтага горада Магілёўскай вобласці пераўтварыўся ў вялікую святочную пляцоўку. Тут працуюць падворкі ад сельсаветаў, праходзяць выставы, круцяцца атракцыёны, выступаюць творчыя калектывы.


— Мы дэманструем, якая багатая ў нас гісторыя і якія цікавыя і заслужаныя людзі нарадзіліся на гэтай зямлі, — звяртае ўвагу на стэнды з кнігамі і фотаздымкамі бібліятэкар Слаўгарадскай цэнтральнай бібліятэкі Вольга Храмянкова.— Сярод іх нашы ўраджэнцы — археолаг і мовазнаўца Іван Грыгаровіч, кампазітар, аўтар гімна Расійскай імперыі «Гром Перамогі раздавайся» Восіп Казлоўскі, архітэктар і мастак Аляксандр Гоманаў. Слаўгарадчына ганарыцца сваімі працаўнікамі, шасцера з якіх сталі Героямі Сацыялістычнай працы.

Падворкі ад сельсаветаў радуюць вока шырокай разнастайнасцю ручнікоў, саматканых дыванкоў і іншых прадметаў народнай творчасці. Якая ж багатая на Слаўгарадчыне культурная спадчына. Гаспадары апрануліся ў народныя касцюмы і сустракалі гасцей вясёлымі прыпеўкамі і смачнымі стравамі. 

Слаўгарадскія сыравары як заўсёды былі на вышыні. Дэманстравалі шырокі выбар дамашніх сыроў на любы густ. На прылаўку спажывецкага кааператыва «Гіжэнскі аграрый» якіх толькі сыроў не было — і салодкія, і салёныя, і вострыя, і прэсныя, і цвёрдыя, і мяккія, і тварожыя. А найменняў столькі, што можна з ліку збіцца. Усе сыры без выключэння смачныя. Агульнымі намаганнямі сыравары прадалі сёння каля 50 кілаграмаў! Галіна Таранава спецыялізуецца на казіным сыры. На гэты раз зрабіла яшчэ і вэнджаны з папрыкай. Уладзіслаў Паланюк — майстар па вытворчасці абхазскіх сыроў, прапаноўваў шэсць найменняў. А сыравар Наталля прыгатавала да свята свой фірменны казахскі сыр –курт на слаўгарадскі лад — у адрозненне ад арыгінальнага ён не такі салёны.

У Алены Вараб'ёвай з Рудні вытворчасць сыроў — сямейны бізнес. Сама жанчына сыравар з дзесяцігадовым стажам. Чацвёра яе дзяцей ужо дарослыя, але дочкі прыехалі, каб дапамагчы рэалізаваць смакату. Прызналася, што свята атрымалася цудоўнае. І попыт на сыры быў высокі. 

Весела было на спартыўнай пляцоўцы, дзе запрашалі згуляць у шахматы, настольны футбол і наогул ацаніць турыстычны патэнцыял раёна. Вячаслаў Гутараў з Васькавіч, з якім пазнаёміліся за шахматнай дошкай, прызнаўся, што свята яму спадабалася. «Было б цудоўна, каб так весела было ў горадзе кожны дзень,» — выказаў ён пажаданне. 

Прыхільнікаў футбола сёння сабраў на гарадскім стадыёне матч паміж ФК  "Слаўгарад" і ФК «Клімавічы», які адбыўся ў рамках Чэмпіяната Рэспублікі Беларусь сярод мужчынскіх каманд другой лігі.

Ну, а песень і танцаў на свяце столькі, што ногі самі просяцца ў пляс. Падтрымаць сваіх калег і партнёраў прыехалі госці з Бранска, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Пад песні бойка ідзе гандаль. За чавускімі шашлыкамі выбудоўваюцца чэргі. Хлебасольнае свята працягнецца да позняга вечара і скончыцца ўрачыстым салютам. З 20.00 да 23.00 для жыхароў і гасцей горада адбудзецца танцавальна-забаўляльная праграма.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Слаўгарад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».