Вы тут

Прызнанне ў Паднябеснай: Іван Мележ і Кітай


Кітайскі чытач, калі гаварыць пра беларускі раман, у свой час добра ведаў творы народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна, Васіля Быкава. Што да іншых празаікаў, талент якіх асабліва выразна праявіўся ў 1960-1970-я гады, то пра іх, за рэдкім выключэннем, нават і не чулі ў Кітаі. Прычыны навідавоку. Спярша беларуская літаратура, якая ўсё болей гучала ў кантэксце савецкай літаратуры, калі многія празаічныя кнігі беларускіх аўтараў актыўна перакладаліся на рускую мову, не магла патрапіць у Кітай па прычыне «культурнай рэвалюцыі». Разарваліся савецка-кітайскія гуманітарныя, культурныя, літаратурныя стасункі. Перакладчыкі з рускай мовы, якія выступалі дагэтуль шчырымі прапагандыстамі творчасці савецкіх пісьменнікаў, былі пазбаўлены працы, а шмат хто — і асуджаны на высылку альбо ўтрыманне за кратамі. Прыбіральшчыкамі грамадскіх вясковых туалетаў працавалі Гаа Ман, Ай Цін... Другая прычына — развал Савецкага Саюза, істотнае змяншэнне перакладаў твораў сучаснай беларускай літаратуры на рускую мову. Ды яшчэ — і няздольнасць выбудаваць трывалыя літаратурныя сувязі непасрэдна са сваёй нацыянальнай прасторы, хаця ў Беларусі і Кітая відавочна высокі ўзровень палітычных, эканамічных зносін. Шмат што зроблена і дзеля прадстаўлення культуры Беларусі ў Паднябеснай. Вось толькі мастацкая літаратура, калі не браць пад увагу асобныя даволі нешматлікія публікацыі, знаходзіцца па-за ўвагай кітайскага чытача.


Народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ і напісаныя ім раманы — вялікая мастацкая з’ява. «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», адзначаныя ў Савецкім Саюзе Ленінскай прэміяй, шмат разоў выдаваліся на рускай мове, перакладзены на іншыя мовы народаў свету. У 1983 годзе раман «Людзі на балоце» пабачыў свет і на кітайскай мове. Перакладчыкі — Лю Гунцзе і Чжан Цзіе. Іван Паўлавіч, зразумела, ужо не мог ведаць пра гэта. Пісьменнік пайшоў з жыцця ў 1976 годзе, калі яму было ўсяго толькі 55 гадоў...

Але яшчэ пры жыцці Івана Паўлавіча была спроба выдання ў Пекіне на кітайскай мове яго рамана «Мінскі напрамак». У прыватнасці, пра гэта сведчаць стасункі Івана Мележа з кітайскім перакладчыкам... У дзесятым томе Збора твораў Івана Мележа ў 10 тамах надрукаваны ліст пісьменніка да Івана Хуана. І па ўсім відаць, што гэта не адзіны эпісталярны кантакт беларускага празаіка і кітайскага перакладчыка... Але ж чытаем сам ліст Мележа, датаваны 21 лютага 1961 года: «Дарагі таварыш Хуан Іван!

Казкі, якія Вы мне даслалі, я прачытаў і выправіў, як Вы і прасілі. Я думаю, што Вы разбярэцеся ў маіх папраўках, таму ніякіх тлумачэнняў не раблю. У адным-двух месцах я паставіў знак (?), што значыць — што гэта слова ці выраз незразумелыя, іх патрэбна патлумачыць ці выказаць іначай.

Адпраўляючы Вам адказ на Вашы пісьмы, я хацеў таксама даведацца, ці атрымалі Вы раман і п’есу, якія я Вам дасылаў у мінулым годзе па Вашай просьбе? Калі атрымалі іх, то які лёс рамана „Мінскі напрамак“? Што было далей, пасля таго як Вы атрымалі кнігу? Будзеце ці не будзеце перакладаць, ці будуць яе друкаваць? Ці Вы памянялі свае планы перакладаць? Калі трэба было б, то я цяпер мог бы даслаць Вам добры артыкул пра кнігу, менавіта такі, які патрэбен быў Вам у мінулым годзе. Гэты артыкул надрукаваны ў новым выданні рамана, які выходзіць цяпер у Ленінградзе.

Напішыце мне, калі ласка, адкажыце на гэтыя пытанні, таму што яны мяне цікавяць, а я нічога не ведаю пра тое, што было з кнігай пасля таго, як Вы атрымалі яе.

Жадаю Вам здароўя і поспехаў.

З павагай Іван Мележ.

Пішыце мне па адрасу: СССР, Мінск, вул. К. Маркса, дом 36, кв. 22 — Мележ Іван Паўлавіч».

Гэты ліст так і не патрапіў да адрасата... У каментарыях да публікацыі пісьма ў Зборы твораў (каментатар — даследчыца Л. Мазанік) гаворыцца, што ліст друкуецца «па арыгінале, які захоўваецца ў архіве сям’і І. Мележа». І далей: «Ліст разам з выпраўленым перакладам казак быў адасланы адрасату ў г. Нанкін (Кітай). На канверце шмат пашт. штэмпеляў, розных адзнак, — гэта сведчыць пра тое, што ліст дайшоў да Кітая, але, відаць, у сувязі з т.зв. кітайскай культурнай рэвалюцыяй не папаў у рукі адрасата і быў вернуты назад.

Хуан Іван упершыню звярнуўся да Мележа (ліст ад 15. V. 1960) як да аўтара „Мінскага напрамку“. У лісце паведамляў, што ён з задавальненнем прачытаў гэты раман і хоча разам з сябрам-перакладчыкам Фу перакласці яго на кітайскую мову. Прасіў таксама І. Мележа даслаць водгукі, рэцэнзіі на кнігу і аўтабіяграфію».

Мележ адказаў, хаця ліст гэты і невядомы. У архіве пісьменніка захоўваецца пазнейшы ліст з Кітая ад 3 снежня 1960 года... Разам з тым лістом таварыш Хуан даслаў і свае пераклады кітайскіх старажытных казак на рускую мову. І папрасіў беларускага пісьменніка прачытаць іх і пры неабходнасці выправіць пераклады пяці казак і адаслаць з заўвагамі і праўкамі назад. З каментарыя Л. Мазанік: «Аналіз паправак, зробленых І. Мележам у выніку прачытання казак, сведчыць аб сур’ёзнасці, з якой паставіўся пісьменнік да просьбы кітайскага таварыша. Праўкі, у асноўным стылявога характару...»

А што да кніг, якія Іван Паўлавіч адпраўляў кітайскаму перакладчыку, то гэта былі наступныя выданні: раман «Мінскі напрамак», выдадзены на рускай мове ў 1956 годзе, і п’еса «Пока вы молоды», выдадзеная ў 1958 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Искусство».

... Перыяд перакладу рускай, савецкай увогуле літаратуры на кітайскую мову пасля ўсталявання КНР у 1949 годзе і да пачатку 1960-х гг. называюць «мядовым» перыядам. Кітайскія перакладчыкі перакладалі літаральна ўсё, што выдавалася ў СССР. Цэлае пакаленне кітайскіх чытачоў вырасла на рускай літаратуры. А ў час «культурнай рэвалюцыі» не толькі забаранілі перакладаць рускую літаратуру, але нават яе чытанне было пад строгай забаронай... Зараз сувязі з кітайскімі перакладчыкамі, якія маглі б звярнуць увагу на беларускую літаратуру, узнаўляецца. Тым болей, што стасункі гэтыя ладзяцца непасрэдна з Беларусі. Як вынік — зборнік паэзіі і прозы дзевяці беларускіх аўтараў «Выбраныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў» (Пекін, 2022), аповесць Андрэя Федарэнкі «Шчарбаты талер» (Пекін, 2022), пераклад на кітайскую мову «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча (публікацыя здзейснена ў Мінску — на старонках часопіса «Беларусь»). Будзем спадзявацца, што адбудзецца і вяртанне да раманаў народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».