Вы тут

Дэлегацыя Султаната Аман наведала Савет Рэспублікі.


Парламенцкая дэлегацыя Султаната Аман наведала Савет Рэспублікі.


Прывітаўшы замежных гасцей у верхняй палаце парламента і падзякаваўшы за прынятае запрашэнне пабываць у нашай краіне, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што паміж дзвюма дзяржавамі склаліся добрыя і сяброўскія адносіны. Аб гэтым сведчыць і той факт, што летась Беларусь і Султанат Аман адзначылі 30-годдзе дыпламатычных адносін. 

Спікер нагадала, што ў 2007 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведваў Султанат Аман з дзяржаўным візітам, а ў 2017 годзе ў гэтай краіне пабываў наш міністр замежных спраў. 

Наталля Качанава выказала ўпэўненасць, што візіт парламенцкай дэлегацыі Султаната Аман адкрые новую старонку ў адносінах паміж краінамі і надасць гэтаму супрацоўніцтву яшчэ больш шчыльнае ўзаемадзеянне: і ў гандлёва-эканамічным напрамку, і культурным, і, самае галоўнае, парламенцкім. «У нас ёсць добрыя перспектывы ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, — адзначыла Наталля Качанава. — Пакуль у нас яшчэ вельмі сціплыя вынікі. Але нягледзячы на санкцыйны ціск, які аказваецца на нашу краіну, Беларусь развіваецца паспяхова. Працуюць прадпрыемствы, арганізацыі, установы».

Старшыня Савета Рэспублікі коратка расказала аб Беларусі, дзейнасці ва ўмовах санкцыйнага ціску. Як сёння працуе эканоміка нашай краіны, парламентарыі Амана пераканаюцца на ўласныя вочы: калегі з Беларусі падрыхтавалі для іх насычаную праграму. «Я думаю, што вы для сябе адкрыеце Беларусь, калі вы яшчэ ў нас упершыню», — лічыць Наталля Качанава. 

Звярнула ўвагу спікер і на напружаную абстаноўку, якая назіраецца навокал. «У свеце адбываюцца такія падзеі, якія ўплываюць на будучыню не толькі асобна ўзятай краіны, а і ўсяго светаўладкавання, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Як кажа наш Прэзідэнт, ідзе геапалітычны перадзел свету, і ў гэтай сітуацыі наш голас, парламентарыяў — дэпутатаў, сенатараў — павінен гучней, для таго, каб адстойваць мір, свабоду і суверэнітэт кожнай краіны, якая развіваецца па сваіх законах, традыцыях, зыходзячы з менталітэту людзей, якія жывуць у гэтых краінах». Спікер адзначыла таксама і міралюбівую палітыку нашай дзяржавы. 

Член Дзяржаўнага савета Султаната Аман, кіраўнік парламенцкай групы дружбы паміж Султанатам Аман і Рэспублікай Беларусь Сайд Мубарак аль-Мухарамі падкрэсліў, што, акрамя ўмацавання міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, задача аманскіх парламентарыяў і ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага, культурнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі: «Вядома, галоўны прыярытэт — гэта гандлёва-эканамічная сфера. У Рэспубліцы Беларусь шмат інвестыцыйных магчымасцяў, і мы спадзяёмся на прыход агенцтва па інвестыцыях у вашу краіну. Таксама мы запрашаем беларускія дзелавыя колы прыходзіць у свабодныя зоны Султаната Аман. Наш урад прадстаўляе значныя прэферэнцыі для замежнага бізнесу».

Замежныя госці праінфармаваны, што ў Беларусі вельмі развітая сельскагаспадарчая вытворчасць. «Гэта перспектыўная сфера для сумесных праектаў, — перакананы Сайд Мубарак аль-Мухарамі. — Мы таксама зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, абмене студэнтамі, выкладчыкамі, сумесных даследаваннях, пашырэнні культурных сувязяў паміж нашымі краінамі, якія дазваляюць уносіць уклад ва ўзаемапаразуменне паміж нашымі народамі». 

Па заканчэнні двухбаковай сустрэчы Сайда Мубарака аль-Мухарамі з Наталляй Качанавай члены рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з Парламентам Султаната Аман абмеркавалі канкрэтныя шляхі далейшага ўзаемадзеяння з парламенцкай дэлегацыяй Амана. 

Як заўважыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў, Султанат Аман з’яўляецца найважнейшай дзяржавай — нашым партнёрам на Блізкім Усходзе. Рынак Амана вельмі патрабавальны, і ўвайсці на яго каштуе вялікіх шмат намаганняў. «Той максімальны таваразварот, якога мы дасягнулі, з’яўляецца вынікам вялікай работы нашых прадпрыемстваў. За тры месяцы 2023 года таваразварот вырас амаль у чатыры разы. Мы традыцыйна на аманскі рынак пастаўляем калійныя ўгнаенні, прадукцыю прамысловай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці», — адзначыў сенатар. 

Што датычыцца гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, паміж Беларуссю і Аманам будзе рэалізаваны шэраг праектаў. У прыватнасці, плануецца стварыць сумеснае прадпрыемства па вытворчасці біяўгнаенняў. Прадугледжаны праекты і ў галіне нафтаперапрацоўкі, іншых сферах. «Развіваецца значнае супрацоўніцтва і ў галіне паслуг: гэта і траснпартныя паслугі, і медыцынскія, — дадаў Сяргей Рачкоў. — Вельмі перспектыўным з’яўляецца ўзаемадзеянне ў галіне аховы здароўя і медыцыны. У гэтым нашы аманскія сябры таксама зацікаўлены». 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».