Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук сабраў вучоных з Беларусі, Расіі, Абхазіі, Прыбалтыкі і носьбітаў традыцыйнай культуры на ІІІ Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі. Акрамя дакладаў, прысвечаных аднаму з самых папулярных відаў народнай творчасці, форум уключаў круглыя сталы, выстаўкі ілюстрацый да кніг і дзіцячых малюнкаў, прагляд мультфільмаў і відэаролікаў, у аснове якіх ляжаць чароўныя сюжэты; майстар-класы, круглыя сталы.
Навуковае мерапрыемства больш нагадвала свята казкі: вучоныя расшыфроўвалі старадаўнія сюжэты, мастацтвазнаўцы абмяркоўвалі, як народная творчасць можа інтэрпрэтавацца рэжысёрамі, артыстамі, кампазітарамі, мастакамі. А калі яшчэ будзе такая магчымасць паслухаць гісторыі, якія праз пакаленні перадаваліся ў беларускіх вёсках ад носьбітаў?
Хочаце даведацца, як мядзведзь стаў касалапым, чаму на асіне трасецца лісце і пра што крычыць сава? Калі не пабывалі на форуме, завітайце ў вёску Прудок Мазырскага раёна да Наталлі Прус, якая пазнаёміць з казкамі, што захаваліся на зямлі, дзе жылі бортнікі.
На сустрэчу з вучонымі з вёскі Пагост прыехала Кацярына Панчэня — ганаровая грамадзянка Жыткавіцкага раёна, стваральніца калектыву «Міжрэчча», захавальніца абрада «Юр'я», які ўвайшоў у спіс ЮНЕСКА і прызнаны ўсёй сусветнай супольнасцю.
Многія ведаюць Івана Супрунчыка з вёскі Цераблічы Столінскага раёна як унікальнага майстра, што пры дапамозе адной сякеры стварае скульптуры з дрэва. Ён вельмі шмат робіць і для захавання нематэрыяльнай культуры і традыцый. Аляксандра Галкоўскага можна слухаць гадзінамі, ён знаёміць не толькі з казкамі, паданнямі, але і з песнямі свайго краю, расказвае, як адзначалі святы і як жылі ў вёсцы. Лілія Рэзкіна — начальнік аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога Цэнтра народнай творчасці — упэўненая, што ў сучасным свеце не абысціся без казкі. Сёння яна можа падзяліцца сюжэтамі, якія запісала ад носьбітаў.
— Сяджу і радуюся. Будзе жыць беларуская казка, — падзялілася ўражаннямі Людміла Глухатарэнка з вёскі Санюкі Ельскага раёна. З чатырох гадоў яна ўжо пераказвала казкі, якія пачула ад старэйшых. Дарэчы, на форуме яна падзялілася чароўнай гісторыяй пра хлопчыка Іваньку. Як прызналася бабуля, гэта казка яе маленства, першая, якую яна запомніла. А колькі разоў ужо пераказала іншым, дык і не пералічыць.
Наогул беларусы заўсёды любілі дзяліцца казкамі. Апошнія можна было пачуць не толькі ад бацькоў ці дзядоў. Паслухаць на ноч захапляльную павучальную гісторыю дзеці бегалі да сваякоў і суседзяў.
Каб паспець зафіксаваць залацінкі народнай культуры, беларускія фалькларысты не перастаюць ездзіць у экспедыцыі. Дзякуючы іх намаганням сюжэты не проста фіксуюцца, а робяцца даступнымі для шырокай аўдыторыі. Вынік аднаго з праектаў, звязанага з даследаваннем народнай спадчыны, а больш дакладна, яе сучаснага стану, — дзесяць кніг серыі «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў», дзе пададзены звесткі пра каляндарныя і сямейныя традыцыі, адзенне, тэкстыль, харэаграфію і народную прозу, якая ўключае казкі. Збіранне матэрыялаў заняло каля дваццаці гадоў. Даследчыкі заспелі носьбітаў, якія нарадзіліся яшчэ ў 1901 годзе, як Ганна Казлова з вёскі Шуміліна, пазнаёміліся і з казачнікамі, што нарадзіліся пасля вайны. Пільны інтарэс вучоных да традыцыйнай культуры спрыяе таму, што беларуская казка працягвае жыць і ў вуснай традыцыі. Яе прасоўваюць настаўнікі, бібліятэкары, работнікі клубных устаноў. Майстроў казачнага жанру можна пачуць на фестывалях, іх запрашаюць на міжнародныя сустрэчы...
— Напэўна, тут няма чалавека, якія б не выхоўваўся на матчыных ці бабуліных казках, — звярнуўся да прысутных падчас адкрыцця форуму дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Лакотка. — Казкі актуальныя і сёння, калі мы гаворым пра гістарычную памяць, пра народнае адзінства, пра патрыятызм. Так, усяму гэтаму спрадвеку вучыць казка.
Сапраўды за стагоддзі, што існуе казка, яна ўвабрала ідэі і пачуцці папярэдніх пакаленняў. Праз мастацкае слова перадавала духоўныя каштоўнасці народа. Сюжэты паказваюць узаемаадносіны чалавека ў соцыуме, адносіны паміж мужчынам і жанчынай, бацькамі і дзецьмі, павагу да старэйшых пакаленняў, неабыякавае стаўленне да праблем чужых людзей. Казка прывівала адносіны да працы, любоў да сваёй зямлі, вучыла берагчы прыроду.
— Беларуская казка мае надзвычай глыбокую і разгалінаваную сістэму сэнсаў, зместавых узроўняў, мае акрэсленую сістэму каштоўнасных каардынат. Зло заўсёды павінна быць пакараным. Праўда перамагае хлусню. За свае словы і нават думкі трэба трымаць адказ. Так адбываецца і ў жыцці. Беларуская народная казка — гэта па сутнасці духоўны падручнік жыцця, па якім вучыліся, вучацца і будуць вучыцца не толькі шматлікія пакаленні дзяцей, але і дарослых, — заўважыў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Каваленя.
У сучасным свеце казка знаходзіць новыя формы прымянення. Яе героі і сюжэты запатрабаваныя ў выяўленчым, музычным і тэатральным мастацтве, літаратуры. З ёй знаёмяцца на занятках у школах і цэнтрах дадатковай адукацыі. У межах форуму прайшлі майстар-класы па вырабе лялек з саломкі і набіванцы. Так, з дапамогай сучасных матэрыялаў, напрыклад, фарбаў па тканіне, можна выдатна папулярызаваць народныя здабыткі, тыражаваць узоры з распісных куфраў і маляваных дываноў, паказваць казачных герояў. Адмысловымі пячаткамі, напрыклад, можна нанесці на сурвэтку, цішотку, шалік ці торбачку беларускіх цмокаў і журавоў, папараць-кветку. Народны майстар, загадчыца аддзялення выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, кіраўнік студыі «Бусляня» Вольга Хачкова нават распрацавала гатовыя наборы творчасці, з дапамогай якіх можна зрабіць падарункі ў нацыянальным стылі сваім блізкім.
Спажыўцамі народнай спадчыны выступаюць і ўстановы культуры. Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства культуры Ірына Дрыга, беларускія казкі, легенды і паданні выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы фестываляў і свят, патрэбныя для пастановак і сцэнарных планаў мерапрыемстваў.
Удзельнікі форуму звярнулі ўвагу на тое, што казка — унікальны сродак, пры дапамозе якога можна працаваць з падрастаючымі пакаленнямі, выхоўваць патрыётаў краіны. Яна заклікана фарміраваць светапогляд і каштоўнасныя арыенціры ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі і духоўна-маральнымі ўласцівасцямі народа.
Такая ж місія ўскладзена і на сучасных казачнікаў. У межах форуму прайшоў адкрыты круглы стол «Сучасная літаратурная казка: суадносіны фальклорнай і літаратурнай традыцыі».
— Перад літаратурай стаяць найважнейшыя задачы патрыятычнага выхавання, дзяржаўнага мыслення, культурнай адукацыі, фарміравання павагі да міжкультурнага свету і наладжвання зносін паміж народамі, — заўважыў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка. І натуральна, выконваць іх павінны таленавітыя людзі, майстры мастацкага слова.
Многія сучасныя аўтары стараюцца знаёміць дзяцей з традыцыйнай культурай, у іх творах можна сустрэць герояў народных казак і міфаў, прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы, пісьменнікі карыстаюцца сакавітай мовай, стараюцца прыгожа апісаць прыроду і герояў. Захоўваюцца і традыцыйныя прыёмы, калі з героямі адбываюцца чароўныя ператварэнні, дабро перамагае зло.
Адзінае, сучаснаму пісьменніку не так проста пракласці шлях да чытача. Трэба прыдумаць, як адарваць дзяцей ад гаджэтаў. Вырасла цэлае пакаленне, якому бацькі 1990-х гадоў, занятыя здабываннем грошай, не прывілі любоў да кнігі. Сёння іх дзеці не ведаюць, што трэба вучыць чытаць сваіх сыноў і дачок. З кватэр зніклі прыватныя бібліятэкі.
Сёння пісьменнікам даводзіцца ісці да маленькіх чытачоў і не тое што распавядаць пра свае кнігі, а нават ладзіць цэлыя спектаклі. Удзельнікі круглага стала паспрабавалі вырашыць, ці павінна такое быць, альбо лепш паводзіць сябе так, як у ранейшыя, больш кніжныя, часы, калі асоба пісьменніка была для аўдыторыі сакральнай, таямнічай.
Каб прыцягнуць увагу чытача, сёння мяняецца і змест кнігі. Туды трапляюць гульні, віктарыны, загадкі з казачным сюжэтам, QR-коды, пры загрузцы якіх можна атрымліваць дадатковую інфармацыю.
Сучаснаму пісьменніку патрэбна дапамога. Не так проста беларускім аўтарам канкурыраваць з замежнымі калегамі, па сюжэтах якіх ствараюцца мульцікі, цацкі, гульні, адзенне і рэкламная прадукцыя. А ці ёсць у нас хоць бы альбомы для малявання, з якіх паглядаюць на дзяцей персанажы сучасных беларускіх казачнікаў?
Асартымент тут таксама можа быць праблемай. На паліцах у кнігарнях багата беларускай літаратуры для дзяцей, і адчуваецца, што не хапае камісіі, якая б сачыла за якасцю кніг, што трапляюць на паліцы. Часам добры твор можна і не заўважыць. Маладыя бацькі, яшчэ не знаёмыя з сучаснай літаратурай, могуць набываць кнігі з, мякка кажучы, слабымі вершамі, апавяданнямі, з заезджанымі ці з пальца высмактанымі сюжэтамі і вялікай колькасцю памылак. Спыніць графаманаў і падтрымаць таленавітых творцаў можна дзякуючы правядзенню конкурсаў дзіцячай літаратуры, стварэнню цыкла перадач-сустрэч з пісьменнікамі на радыё і тэлебачанні, падрыхтоўцы рэцэнзій і крытычных артыкулаў, выпуску анталогіі сучаснай дзіцячай літаратуры.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.
Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.
«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?