Вы тут

Знакам «Доблесць і майстэрства» ўганараваны 14 ваеннаслужачых


Скачкі з парашутам, 30-кіламетровы марш, пошук аб’екта ноччу, стральба з самых розных відаў зброі (ад пісталета да гранатамёта) — гэта яшчэ далёка не поўны спіс выпрабаванняў для ўдзельнікаў спаборніцтваў на права нашэння нагруднага знака «Доблесць і майстэрства». І ўсё дзеля аднаго — запаветнага «Грыфона». Каб заваяваць права насіць знак, трэба не толькі мець доблесць і валодаць ратным майстэрствам. Тут не абысціся без цягавітасці, характару і ўпэўненасці ў сваіх сілах.


На мінулым тыдні на палігоне Лосвіда 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады завяршыўся фінальны этап выпрабаванняў. У спаборніцтвах «Доблесць і майстэрства» ўдзельнічалі прадстаўнікі злучэння і воінскіх часцей сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, разведпадраздзялення Заходняга аператыўнага камандавання. Упершыню конкурсныя этапы прайшлі і прадстаўнікі дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных Сіл Рэспублікі Казахстан.

Выпрабаванні складаліся з тэарэтычнай часткі і практычных экзаменаў. У першы дзень прэтэндэнты на прэстыжны знак адказвалі на пытанні тэстаў і заданняў, складзеных на аснове праграм баявой падрыхтоўкі. Напрыклад, ваеннаслужачым трэба было прадэманстраваць веды пра тактычныя ўмоўныя знакі, якія прымяняюцца ў баявых дакументах, пра структуру замежных армій, матэрыяльную частку стралковай зброі, асновы і правілы стральбы, дасведчанасць у пытаннях, якія датычацца радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, тапаграфічнай, інжынернай, паветрана-дэсантнай, ваенна-медыцынскай падрыхтовак. І калі ў тэорыі можна быць круглым выдатнікам, то практычны складнік выпрабаванняў паказаў, хто з вайскоўцаў недапрацаваў або не выклаўся напоўніцу.

Другі дзень пачаўся з тэсціравання па фізічнай падрыхтоўцы. Ваеннаслужачыя выконвалі нарматывы ў плаванні на 100 метраў, комплексным практыкаванні на спрыт і камбінаваным сілавым практыкаванні на перакладзіне (для мужчын) і падыманні тулава са становішча лежачы на спіне (для жанчын).

Пасля тэсціравання па фізічнай падрыхтоўцы прэтэндэнты на знак «Доблесць і майстэрства» перамясціліся на вайсковае стрэльбішча, дзе былі падрыхтаваны вучэбныя месцы для здачы практычных нарматываў. Гэта агнявая, тактыка-спецыяльная, тапаграфічная, інжынерная, ваенна-медыцынская падрыхтоўкі, сувязь і РХБ-абарона.

Нямала прэтэндэнтаў адсеялася ўжо ў першыя дні выпрабаванняў. Адны вайскоўцы не справіліся з праверкай тэарэтычных ведаў па базавых ваенных дысцыплінах, іншыя не змаглі выканаць практычныя нарматывы па прадметах баявой падрыхтоўкі. Спаборнік на атрыманне ганаровага звання павінен быў атрымаць адзнаку не ніжэй «добра» па кожным іспыце падчас першага і другога этапаў выпрабаванняў, а таксама агульную адзнаку не ніжэй «добра» за наступныя этапы. У адваротным выпадку — дыскваліфікацыя.

Трэці дзень спаборніцтваў для дэсантнікаў і спецназаўцаў пачаўся з дэсантавання з верталёта Мі‑8МТВ-5 на вышыні 600 метраў. Пасля дэсантавання — выхад у пункт збору. Затым — рух з поўнай экіпіроўкай па азімутах па перасечанай мясцовасці і 30-кіламетровы марш, пошук аб’екта ноччу. Гэтыя, як і наступныя заданні, неабходна было выканаць, уклаўшыся ў пэўны час.

Фінальны дзень выпрабаванняў пачаўся з рашэння складаных інжынерных задач. У аднаго з удзельнікаў драўляная апора — напалову. Гэта значыць, што колькасць трацілу, неабходную для знішчэння названага аб’екта — элемента рэйкі, арматуры, бетоннай канструкцыі, вайсковец вызначыў дакладна. Пры гэтым нельга выкарыстоўваць ні шпаргалку, ні калькулятар — з тэхнічных сродкаў ва ўдзельніка выпрабаванняў толькі нататнік і ручка.

Гвардыі прапаршчык Анастасія Смірнова з міратворчай роты, каб разарваць адразу дзве чыгуначныя шпалы, выбрала засяроджаны зарад. Каб прайсці ўсе выпрабаванні, не толькі бегала кросы, але і штудзіравала падручнікі. Дзяўчына-міратворац ужо чацвёрты раз спрабуе прайсці выпрабаванні да канца і ўпрыгожыць сваю баявую форму запаветным грыфонам.

— Мой максімум у ранейшыя гады — выхад на пункт збору парашутаў пасля дэсантавання, далей я не спраўлялася з узроўнем складанасці і злятала з спаборніцтва, — распавядае Анастасія. — У «Доблесці і майстэрстве» абсалютна ўсё складана. Той жа інжынерны падрыў, дзе я сама павінна разлічыць колькасць выбуховага рэчыва па формуле, закласці ўзрыўчатку і падарваць канструкцыю ці аб’ект.

Тым, хто паспяхова здаў інжынерную падрыхтоўку, трэба было дакладна выканаць практыкаванні стрэльбаў з асноўных відаў стралковай зброі: пісталета Макарава, аўтамата Калашнікава, снайперскай вінтоўкі, кулямёта і гранатамёта. Дарэчы, стральба імітавала баявое сутыкненне з сапернікам. Ваеннаслужачыя вялі агонь з-за ўкрыцця і па мішэнях, якія з’яўляюцца, аказвалі медыцынскую дапамогу параненаму пры змене межаў — словам, на справе даказвалі гатоўнасць да дзеянняў у любым баявым становішчы.

Харашыстаў і выдатнікаў у агнявой падрыхтоўцы чакала паласа разведчыка. Сцяна, роў, завал, разбураны будынак, участак з калючым дротам... Так, перашкоды гэтыя добра знаёмыя падыспытным, але пераадольваць іх трэба было на фоне стомленасці і пад акампанемент бясконцай стральбы і выбухаў.

Нарэшце, з «агню» — у ваду! Наступны этап — пераадоленне воднай перашкоды (возера). Са зброяй за спіной і складзеным у пакунак абмундзіраваннем вайсковец павінен праплыць каля сотні метраў. Мусіць, толькі блізкасць фінішу знясільваючага марафону і шчырая падтрымка таварышаў дазваляюць сабраць рэшткі сіл і дабрацца да процілеглага берага.

Апошні і галоўны сюрпрыз праграмы выпрабаванняў — жорсткі рукапашны бой з сапернікам, які пераўзыходзіць па сілах. Да рынга кожны з удзельнікаў прыбывае фізічна спустошаным, але без якога-небудзь адпачынку пачынае баі. Прэтэндэнты павінны былі выстаяць тры раўнды па дзве хвіліны кожны са зменай спарынг-партнёраў. Рукапашнікі, якія выходзілі супраць падыспытных са свежымі сіламі, былі не толькі добрымі спартоўцамі — кожны з іх ужо заслужыў нагрудны знак «Доблесць і майстэрства». Таму сутычкі былі адчайнымі і бескампраміснымі.

«Доблесць і майстэрства» сёлета дасталася толькі 14 удзельнікам. Сярод іх — дзве дзяўчыны і два прадстаўнікі Узброеных Сіл Рэспублікі Казахстан. На кіцелі кожнага з’явіўся адметны нагрудны знак, які сведчыць пра тое, што гэта лепшыя вайскоўцы сваіх падраздзяленняў, яны — эліта спецназа і дэсанта. Ну, а той, хто пажадае выпрабаваць сябе ў наступным годзе, можа пачынаць трэніроўкі ўжо заўтра.

Сярод вайскоўцаў, якім скарыўся запаветны «Грыфон», — гвардыі старшы лейтэнант Яўген Паўлоўскі са 103-й брыгады. Прайсці выпрабаванні яму ўдалося з другой спробы. «У мінулым годзе не атрымалася, значыць, быў не падрыхтаваны як след, — расказаў Яўген. — А вось на гэты раз усё склалася паспяхова. Нездарма год рыхтаваўся, адпрацоўваў нарматывы, паўтараў тэорыю. Ішоў на выпрабаванні не дзеля славы ці павагі таварышаў, а каб даказаць самому сабе, што здольны дайсці да мэты».

Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў іспыту камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, ваеннаслужачыя, якія прайшлі ўсе іспыты, даказалі, што гатовы выканаць задачы па прызначэнні ў любы час і ў любых умовах.

— Часткова мы змянілі праграму спаборніцтваў, — рэзюмаваў генерал-маёр Вадзім Дзенісенка. — Падзеі ў свеце паказалі, што неабходна ўносіць змены ў праграму баявой падрыхтоўкі: як у асобныя прадметы, так і ў цэлыя раздзелы. Зусім іншы комплекс выкананых практыкаванняў па агнявой падрыхтоўцы. Мы ўзялі тое, што неабходна і што дае магчымасць ацаніць узровень падрыхтоўкі прафесіянала. Памянялі падыход і да мінна-падрыўной справы, да выхаду ў раён разведкі. Комплекснасць задачы ў цэлым засталася без зменаў. Асаблівасцю гэтага года стаў удзел вайскоўцаў Казахстана, у іх вельмі добрая індывідуальная падрыхтоўка. Вядома, маюцца асаблівасці, але ў хлопцаў моцная матывацыя. Яны годна прадставілі Казахстан. «Доблесць і майстэрства» — яшчэ і выдатная пляцоўка для абмену вопытам. Усе ўладальнікі грыфона гатовы выканаць баявыя задачы любой складанасці і ў любых умовах. Гэта найвышэйшыя прафесіяналы сваіх падраздзяленняў.

Дарэчы, з атрыманнем нагруднага знака «Доблесць і майстэрства» ўзнагароджаныя атрымліваюць і значны прыемны бонус. Ім прысвойваецца класная кваліфікацыя «Майстар», якая не патрабуе пацверджання на працягу дзесяці гадоў.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.