Хараство падарожжаў па роднай краіне — не толькі ў адкрыцці новых месцаў і магчымасці паглядзець на звыклае іншымі вачыма. Галоўны цуд такіх вандровак — усведамленне таго, колькі лёсаў, падзей, эпох (нават на невялікім гістарычным адрэзку) могуць аб'яднацца ў адным населеным пункце. І галоўнае адкрыццё тут — людзі, якія беражліва гэта ўсё захоўваюць.
Ястрамбель, што за 11 кіламетраў ад Баранавіч, амаль нічым не вылучаецца сярод мноства іншых беларускіх вёсак. Але і не губляецца сярод іх. І ніколі не гублялася. Сёння яна вядомая тым, што тут размешчана Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча. Некалі славілася выдатным шляхецкім маёнткам, пазней — давала прытулак сіротам. Аднак пра ўсё па парадку. А дапаможа не згубіць ніць гісторыі краязнавец Васіль Лаўрыновіч.
Вёска Ястрамбель вядомая з 1460 года. Назва паходзіць, як нескладана здагадацца, ад назвы птушак, якіх у яе ваколіцах заўсёды было нямала. Валодалі гэтым землямі многія шляхецкія сем'і. Самыя знакамітыя — род Рдултоўскіх, багатыя і заможныя шляхціцы. Амаль 200 гадоў яны былі гаспадарамі Ястрамбеля і прыглелых вёсак. Але абставіны прымусілі Міхаіла Рдултоўскага узяць у банку грошы ў заклад гэтых земляў. Калі прыйшоў час вяртаць крэдыт, з нейкіх прычын грошай у шляхціца не было. Прыйшлося разлічвацца зямлёй. «У архіве я знайшоў купчую на гэтыя землі. Згодна з ёй Міхаіл Рдултоўскі ўзяў у банку 35 тысяч рублёў серабром, а прадаў гэтыя землі за 40 тысяч рублёў (з пазыкай разлічыўся ды яшчэ і ў плюсе застаўся). Усяго Рдултоўскі прадаў пяць тысяч гектараў з трыма вёскамі — Ястрамбель, Малахаўцы і Скварчыцы. На што я асабліва звярнуў увагу ў гэтай купчай. 1851 год — яшчэ дзесяць гадоў да адмены прыгоннага права, прыгонныя прадаюцца разам з вёскамі. Але згодна з гэтай купчай, новы ўладар зямель без згоды сялян не мае права сем'і раз'ядноўваць і ў іншыя месцы перасяляць», — расказвае Васіль Лаўрыновіч.
Новым гаспадаром Ястрамбеля стаў Міхаіл Катлубай, чалавек забяспечаны — рахункавод Радзівілаўскай камісіі. У яго было два сыны. Старэйшы сын Эдвард працаваў у бібліятэцы Радзівілаў, найбуйнейшай у Еўропе. А малодшы, Генрых, скончыў у Санкт-Пецярбургу ветэрынарны факультэт Ваеннай медыка-хірургічнай акадэміі і рабіў кар'еру ў згаданай сферы. Пасля набыцця Ястрамбеля Міхаіл Катлубай пачаў будаваць тут сядзібу. У 1864 годзе бацька памірае, а будаўніцтва заканчвае яго сын Генрых, які атрымаў гэтыя землі ў спадчыну. У 1897 годзе Генрых са сваімі сынамі скончыў будаўніцтва найпрыгажэйшага будынка, арыгінальнага і незвычайнага для нашых мясцін. Цяжка вызначыць дакладна, да яго архітэктурнага стылю ён адносіцца — да класіцызму ці неакласіцызму. Кампраміснае і самае правільнае рашэнне лічыць, што гэты будынак — выдатны прыклад эклектыкі. Розныя стылі і падыходы вельмі гарманічна спалучаюцца ў адным будынку. Да цэнтральнай двухпавярховай часткі прыбудавана гасцёўня. А да яе адносіцца чатырохузроўневая вежа — яркі элемент. Асіметрычнасць сядзібы робіць яе асабліва маляўнічай. Комплекс выглядае цікава і незвычайна. Адразу відаць, што будавалі яго неардынарныя людзі. Зразумела, што Катлубаі не скупіліся і на ўнутранае ўбранне пакояў. Як было прынята ў багатых гаспадароў, у комплекс уваходзілі два флігелі, стайня з карэтнай, цагельны і лесапільны заводзікі, бровар. Рамантыкам сядзіба можа падарыць мноства фантазій і разважанняў. Можна ўявіць, якія свецкія раўты і прыёмы тут праходзілі.
У Першую сусветную вайну па тэрыторыі Баранавіцкага раёна праходзіла лінія фронту. Гэтыя землі былі ў нямецкай акупацыі і ў маёнтку размяшчаўся лазарэт 16-й дывізіі кайзераўскіх салдат. У 1921 годзе, калі па выніках Рыжскага дагавора гэтыя землі аказаліся пад Польшчай, у Ястрамбель вярнуліся Катлубаі. Правільней сказаць, што тут была іх дача, пастаянна яны жылі ў Баранавічах. Пасля вяртання тэрыторыі ў склад Беларусі сядзіба стала вясковым клубам. Некаторыя пакоі выкарыстоўваліся як склады Чырвонай Арміі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны панская сядзіба была базай адпачынку нямецкіх акупантаў, стомленых ад сваіх нечалавечых спраў. Ястрамбель, як і Баранавічы, быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 8 ліпеня 1944 года. «Пасля вызвалення маёнтак стаў вялікай камунальнай кватэрай. Гэта было вельмі разумнае рашэнне і выйсце для людзей, якія жылі ў зямлянках. У будынку 18 пакояў, але жыло тут больш за 20 сем'яў, то-бок у вялікіх пакоях жыло па дзве сям'і», — расказвае Васіль Лаўрыновіч.
У 1950 годзе сем'і пачынаюць рассяляць, а будынак рыхтуюць да таго, каб адкрыць тут дзіцячы дом. Але пры якіх абставінах! «Аднойчы я знайшоў надзвычай цікавы дакумент. Уверсе надпіс «Савет міністраў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік». Тэкст дакумента памятаю даслоўна — «сфарміраваць на месцы былога маёнтка пана Катлубая Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці спецдзетдом для дзяцей-сірот вайны». Дата — 9 верасня 1950 года. Подпіс — Іосіф Вісарыёнавіч Сталін. Мяне гэта вельмі заінтрыгавала. Я паехаў у архіў, дзе знайшоў справаздачу сектара дзіцячых дамоў Баранавіцкай вобласці Аддзела народнай адукацыі за 1949—1950 гады. На тэрыторыі Баранавіцкай вобласці было 26 дзіцячых дамоў рознай накіраванасці. Усе дзеці-сіроты былі ўладкаваны. Не было сэнсу адчыняць яшчэ адзін дзіцячы дом. Ды і такія пытанні вырашаліся на мясцовым узроўні, а тут першая асоба дзяржавы», — пералічвае дзіўныя акалічнасці Васіль Канстанцінавіч. Дык як так атрымалася, што на Ястрамбель звярнуў увагу сам Сталін?
«Летам 1950 года пачалася вайна паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэяй. Савецкі Саюз падтрымліваў Паўночную Карэю. І па ўказе Сталіна ў еўрапейскай частцы Савецкага саюза адкрылася некалькі дзіцячых дамоў для дзяцей-сірот Карэйскай вайны. Так маёнтак у Ястрамбелі рыхтаваўся прыняць маленькіх ахвяр той далёкай вайны. Шлях няблізкі — і ў цягніку, які ішоў некалькі месяцаў, пачалася эпідэмія дызентэрыі. Дзяцей павезлі ў курортны горад Карлавы Вары на лячэнне. І тут карэйскіх дзяцей не дачакаліся. Таму 1 снежня 1950 года сюды засялілася першае савецкае дзіця. Да канца навучальнага года там жылі 25 дзяцей», — дае адказ на гістарычную загадку Васіль Канстанцінавіч.
Дзіцячы дом у былым панскім маёнтку дзейнічаў з 1950-га да 1987 года. У 1987 годзе пабудавалі трохпавярховы спальны корпус і дзяцей адсюль выселілі. У сядзібе зрабілі Дом піянераў і школьнікаў. Васіль Лаўрыновіч прыехаў у Ястрамбель працаваць у школу-інтэрнат у 1984 годзе. І прыкіпеў сэрцам як да дзяцей, так і да гэтай мясціны, асабліва да маёнтка.
«У нас была прымаўка: «Сярод казачнага парку стаіць казачны палац». Але, на вялікі жаль, за ХХ-ХХІ стагоддзе ад казачнага парку амаль нічога не засталося, як і ад казачнага палаца», — з жалем канстатуе Васіль Канстанцінавіч. Летась будынку споўнілася 125 гадоў. Пры належным доглядзе для пабудовы ўзрост — зусім невялікі. Сядзібе ў Ястрамбелі пашанцавала з Катлубаямі, якія яе пабудавалі, пашанцавала з Васілём Лаўрыновічам, які за яе турбуецца. Але не пашанцавала з людзьмі, што спрабавалі яе аднавіць: адны неахайна паставіліся да рамонту даху — амаль 25 гадоў будынак цярпеў ад непагадзі, другія абрынулі на шматпакутны фасад будаўнічыя рыштаванні, трэція «рамантавалі» будынак толькі на паперы дзеля справаздач. У 2014 годзе бізнесмен з Баранавіч выкупіў будынак на аўкцыёне, паабяцаўшы прывесці яго ў належны стан. Пакуль далей абяцанняў справа не пайшла. Сёння былы маёнтак Катлубаяў прыцягвае да сябе ўвагу аматараў даўніны, нават нягледзячы на свой «стомлены» стан, захапляе хараством і незвычайнай архітэктурай. Але ў той жа час нема папракае за неахайнае стаўленне да сваёй гісторыі. І гэты папрок адрасаваны не камусьці аднаму, а ўсім адразу.
Праўда, дзеля справядлівасці варта адзначыць, што мінулае ў Ястрамбелі паважаюць. Непарыўная сувязь часоў і эпох, розных людзей, якія мелі дачыненне да гэтай вёскі, сёння захоўваецца ў музеі. Гаспадар і натхняльнік вядомы нам Васіль Лаўрыновіч. У некалькіх пакоях перададзены розныя гістарычныя перыяды. Усё пачынаецца з гісторыі шляхецкага маёнтка. У экспазіцыі прадстаўлены кавалкі пліткі з падлогі, камінаў — каштоўныя сведчанні былой раскошы. На архіўных фотаздымках можна ўбачыць, якой была сядзіба ў свае адносна нядрэнныя часы — калі будынак яшчэ даглядалі і яго не чапалі рукі «рэстаўратараў». Разам з вучнямі Васіль Канстанцінавіч аднавіў парэнчы, якія калісьці ўпрыгожвалі цэнтральны ўваход і маёнтак і, на жаль, былі разбураныя падчас чарговага рамонту. Іх знаходжанне ў музейнай экспазіцыі — яшчэ адзін напамін пра тое, як сапраўды належыць адносіцца да гістарычных помнікаў.
Наступныя музейныя пакоі прысвечаныя гісторыі дзіцячага дома. Але калі паглядзець шырэй — гэта паўнавартасны музей савецкага дзяцінства. Гісторыя дзіцячага дома блізкая і дарагая тым, хто па волі лёсу жыў і часова займеў тут сям'ю. А паводле ўспамінаў настаўнікаў і былога дырэктара дзіцячага дома Аляксандра Жука, тут сапраўды панавала сямейная атмасфера. Таму многія выхаванцы, якія не згубіліся ў жыцці, і сёння прыязджаюць у мясціны свайго дзяцінства. Для ўсіх астатніх гэтая музейная экспазіцыя — магчымасць вярнуцца на сорак гадоў назад. Настальгічны турызм сёння вельмі папулярны. Музей яшчэ і інтэрактыўны. Напісаць некалькі сказаў у вучнёўскім сшытку пёравай ручкай, седзячы за савецкай школьнай партай, паслухаць музыку на сапраўдным патэфоне, праявіць фотаздымкі ў сапраўднай фоталабараторыі — тут усё гэта магчыма. Савецкія цацкі, вымпелы, школьная форма, падручнікі дапамагаюць працаваць «машыне часу». Дарослым — найлепшая нагода для настальгіі, а дзецям ХХІ стагоддзя — магчымасць на свае вочы ўбачыць, якім было дзяцінства без гаджэтаў. Цяпер, па словах Васіля Канстанцінавіча, кіпіць работа над стварэннем экспазіцыі, прысвечанай гісторыі кадэцтва. З 2011 года, калі тут пачало працаваць Брэсцкае абласное кадэцкае вучылічша, пачалася новая старонка ў гісторыі Ястрамбеля. А, значыць, яна павінна быць адлюстравана ў музеі. Ды і ніхто не будзе спрачацца, што ўрокі гістарычнай памяці кадэтам лепш за ўсё даваць на такіх жывых прыкладах, а не па падручніках. Здавалася б, у адным невялікім музеі аб'ядналіся такія розныя тэмы. Але глядзіцца ўсё вельмі арганічна, якая б ні была стракатая гісторыя Ястрамбеля. Галоўнае нам, сучаснікам, не рабіць такіх памылак, як з сядзібай, і не давесці ўсё да заняпаду.
У першыя летнія выхадныя Баранавічы будуць прымаць спартыўна-культурны фестываль «Вытокі». Гасцям фестывалю варта завітаць і ў Ястрамбель. Такія мясціны вяртаюць да вытокаў і асвяжаюць гістарычную памяць. А Васіль Лаўрыновіч з задавальненнем правядзе для гасцей экскурсію — уражаныя турысты, якія ўжо тут пабывалі, зрабілі шыльдачку з яго нумарам тэлефона, што размешчана побач з сядзібай.
Валерыя СЦЯЦКО
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.