Вы тут

Лукашэнка папярэдзіў мясцовую вертыкаль: «Нікому лёгкага жыцця не будзе, нас чакаюць няпростыя часы»


У Палацы Незалежнасці — кадравы дзень. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. 


«Павінен быць магутны кулак»

Кіраўнік дзяржавы прызначыў Канстанціна Моластава Старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Канстанцін Моластаў нарадзіўся 30 мая 1970 года ў горадзе Чырвонаармейску Саратаўскай вобласці Расіі. У 1993 годзе скончыў Алмацінскую вышэйшую пагранічную камандную вучэльню, у 2004 годзе — Пагранічную акадэмію Федэральнай службы бяспекі Расіі, у 2011-м — Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у 2019-м — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. З 1993 па 2014 год праходзіў службу ў розных падраздзяленнях пагранічных войск. У 2014 годзе быў прызначаны на пасаду начальніка Гродзенскай пагранічнай групы, якую займаў да гэтага часу. Анатоль Лапо, які ўзначальваў раней Дзяржпагранкамітэт, звольнены з ваеннай службы ў запас.

«Недахопы? — перш за ўсё пацікавіўся якасцямі новага старшыні дзяржпагранікамітэта Прэзідэнт. — А то ў нас усё добра, усё ідэальна. Ідэальны чалавек. Чаго тады сядзеў у Гродне да гэтага часу? Таму, калі ёсць нейкія недахопы, гаварыце. А то атрымаецца, як у ахове здароўя: усё без недахопаў, а куча праблем».

На думку Дзяржсакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча, недахопам можна лічыць адсутнасць вопыту работы ў цэнтральным апараце. «Атрымліваецца, пераскоквае пасаду намесніка Старшыні Пагранічнага камітэта. Але, я думаю, зыходзячы з вопыту работы, яго ўтварэння, гэты афіцэр увойдзе хутка ў аператыўную абстаноўку», — адзначыў ён. Прэзідэнт на гэта заўважыў, што Канстанцін Моластаў — сапраўдны пагранічнік. «Прычым тут цэнтральны апарат. Нам патрэбны пагранічнікі на, груба кажучы, зялёнай граніцы», — падкрэсліў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, пагранічным войскам удзяляецца асаблівая ўвага не таму, што ў іх некалі служыў Прэзідэнт, хоць гэта таксама іграе пэўную ролю. «Я звычайным пагранічнікам служыў, я ведаю, што такое граніца. Таму, калі я прыязджаю на граніцу, мяне па закутках вадзіць не будзеш: я ведаю, куды ісці, ведаю віды пагранічных нарадаў і як яны нясуць службу», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што пагранічныя войскі вельмі шмат працавалі ў апошні час. Шмат даводзілася і з нелегаламі працаваць, і забітых мігрантаў да гэтага часу выкідваюць праз мяжу палякі і літоўцы. Па словах кіраўніка дзяржавы, пагранічную службу — нават на тым узроўні, які ёсць, — трэба ўзнімаць вышэй. «Нам трэба не забываць вопыт Савецкага Саюза і прыстасоўваць яго да цяперашняй сітуацыі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў кандыдатуры Канстанціна Моластава яго падкупіла тое, што ён быў звычайным пагранічнікам і начальнікам пагранічнай заставы. «Восем гадоў, так?» — удакладніў Прэзідэнт. Канстанцін Моластаў расказаў, што восем гадоў у цэлым ён правёў на заставе, пяць з іх быў начальнікам заставы. 

«Начальнік пагранічнай заставы — гэта чалавек, які ведае ўсё. А далей ужо ад вашага жадання. Але спакойнага жыцця не будзе. Вы бачыце, што падключылася Украіна — там, дзе мы, пагранічнікі, практычна ўвогуле службу не неслі. Так, улёгкую, разумеючы, што гэта нашы родныя людзі. Цяпер Україна, бачыце, якую заняла пазіцыю ў дачыненні да Беларусі. Пастаянна, пастаянна нагнятаюць сітуацыю. Сёння ўкраінская граніца стала нароўні з гэтымі шалёнымі — польскай, літоўскай і латвійскай. Што быць, увогуле, не павінна» , - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў выпрацаваць новыя падыходы да развіцця пагранічных войскаў. Пры гэтым не адбудоўваць новую сістэму, а ўдасканальваць тую, што ёсць. «Трэба звярнуць асаблівую ўвагу на манеўраныя групы — яны павінны быць у кожным атрадзе. Там, дзе вы вызначыце кропку, павінен быць магутны кулак, якім вы і начальнікі атрадаў або пагранічных груп зможаце ў патрэбны момант скарыстацца для таго, каб перакрыць дзяржаўную мяжу ў выпадку нейкіх надзвычайных сітуацый, нападзення на краіну», — даручыў кіраўнік дзяржавы. Канстанцін Моластаў далажыў, што работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца. «Гэты кампанент нам трэба ўзмацняць. Але гэта ўжо ў цесным кантакце з Дзяржсакратаром (Савета бяспекі) і Міністэрствам абароны трэба вырашаць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што папярэдні старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо — вельмі адукаваны і талковы чалавек з вялікім вопытам службы ў пагранічных вайсках. «Сапраўдны ваенны чалавек. Адпачне крыху — і на службу або на работу», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуз увагу на Асобную службу актыўных мерапрыемстваў — так званы пагранічны спецназ. Новаму кіраўніку Дзяржпагранкамітэта ён даручыў умацаваць яго. «Гэта павінен быць вельмі надзейны элемент, які вы ў любую хвіліну можаце скарыстаць. Я прыкладна ведаю гэта падраздзяленне. Яно сябе добра паказала ў гэтыя часы, асабліва ў часы барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Паглядзіце. Спецпадраздзяленне заўсёды павінна быць падрыхтавана і гатова да дзеяння. Але запомніце, што больш ваеннаслужачых у пагранічныя войскі ніхто накіроўваць не будзе. Нам трэба тымі сіламі скарыстацца, якія ёсць», — адзначыў ён.

Прэзідэнт прапанаваў падумаць над новымі падыходамі і формамі работы з тымі, хто праходзіў службу ў пагранічных вайсках. «Пагранічнік ёсць пагранічнік — гэта высокападрыхтаваны і высокамаральны чалавек. Таму трэба заўсёды гэтых людзей бачыць, як, дапусцім, унутраныя войскі МУС і спецпадраздзяленне ў Мар’інай Горцы, сілы хуткага рэагавання. Звольненых, хто можа, — у спіс, і гэта тысячы людзей, акрамя мабілізацыі. Павінны быць людзі, якія ў вас будуць праходзіць падрыхтоўку. Яны будуць займацца сваёй справай у цывільным жыцці, але вы іх будзеце пару разоў у год заклікаць, каб яны ў тонусе былі. Вось такіх рабят нам трэба падрыхтаваць — у пагранвойсках, унутраных войсках, спецпадраздзяленнях у арміі. Гэта вельмі дарагія людзі. Мы ўклалі нямала ў іх, таму іх не трэба страціць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Рабоце з людзьмі трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу»

Па ўзгадненні Прэзідэнта былы міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель пераходзіць на пасаду старшыні Гродненскага гарвыканкама. 

«Андрэй Валер’евіч, я, шчыра кажучы, даўно думаў аб тым, каб вам прадаставіць нейкую іншую работу», — сказаў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што на гэты конт у яго свой пункт гледжання, які адрозніваецца ад пазіцыі некаторых членаў Урада: «Я лічу вас вельмі падрыхтаваным чалавекам, памятаю вашыя даклады з Віцебскай вобласці. Вы вельмі добра разбіраецеся ў гэтай тэме. І калі паступіла просьба кіраўніцтва Гродзенскай вобласці, там не толькі Каранік папрасіў (старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік), я падумаў, што, калі вы згодны, гэта цалкам нармальная пасада. Але, каб вы разумелі, не апошняя. Я вельмі спадзяюся, не апошняя пасада ў вашай кар’еры», — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, вопыт кіраўнцітва такім буйным абласным цэнтрам, як Гродна, будзе карысным для будучых магчымых кар’ерных назначэнняў, спатрэбіцца для работы на іншых дзяржаўных пасадах. Прэзідэнт падкрэсліў, што Андрэю Хмялю трэба ведаць абласны або гарадскі ўзровень абласнога горада. Тым больш Андрэй Хмель вяртаецца на малую радзіму, што вельмі важна. 

«Я думаю, што гэта канкрэтная работа дадасць у вашу скарбонку вопыту, пэўных ведаў і падыходаў. Каб вы разумелі, у мяне вельмі добрае стаўленне да вашых падыходаў, вашай работы, якой вы займаліся. Пасада міністра вельмі важнага, але невялікага органа (міністэрства), здавалася б, незаўважная. Нічога падобнага! Для мяне гэта было прыкметна», — падсумаваў Прэзідэнт. 

Старшыня Сенненскага райвыканкама Ігар Мароз цяпер узначаліць Аршанскі райвыканкам. «Вельмі цікавы горад, вельмі цікавы раён, ёсць з чым працаваць. Там і ў сельскай гаспадарцы нядрэнна. Павінна быць рука, арганізацыя. Пра прамысловасць я ўжо не гавару. Орша — выдатны горад. Расія побач. Усе, што ў Оршы вырабляецца, ў Расіі з рукамі і нагамі гатовы купіць. Гэты добры пачатак на вачах у Прэзідэнта. Справішся — значыць, з кар’ерай тваёй усё вызначана», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да новага кіраўнка Аршанскага раёна. Ён падкрэсліў, што Ігара Мароза добра характарызуюць у Сенненскім раёне. 

Аляксандр Лукашэнка параіў новаму старшыні Аршанскага райвыканкама акуратна, кадрава падыходзячы, разбірацца і праводзіць сваю лінію, нягледзячы на тых, хто «будзе бегаць побач». 

Анатоль Ладыга з пасады старшыні Клецкага райвыканкама пераходзіць на пасаду старшыні Салігорскага райвыканкама. А намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Юрый Карловіч цяпер узначальвае свій раён. Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Вадзім Перадня цяпер кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска.

«Нікому лёгкага жыцця не будзе, вы на перадавой. Нас чакаюць няпростыя часы», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў наступным годзе адбудуцца выбары мясцовых саветаў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, у новым фармаце пройдзе Усебеларускі народны сход. Гэтыя кампаніі, па яго словах, трэба правесці сумленна, годна, акуратна. «І прэзідэнцкія выбары не за гарамі. Таму рабоце з людзьмі трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

«Пытанняў, якія вас не датычацца, там няма. Школы — вашы, дамы культуры — вашы, спартыўныя аб’екты — вашы, бальніцы — таксама вашы. Каб не атрымалася, як ва Уздзе, па-мойму. На нарадзе я нядаўна сказаў, што камісія праедзе ў тыя бальніцы, дзе ўжо былі. І што вы думаеце? Заехалі ва Узду — а там яшчэ горш, чым было першапачаткова. Гэта нікуды не варта. Таму прыходзьце і кіруйце. Самая цікавая ў вас праца. Пачынайце. Кіруйце працэсам. Яшчэ раз кажу: толькі акуратна стаўцеся да людзей, спецыялістаў. Наводмаш не сячыце. Але калі воз не цягне, растлумачыць трэба. Усё павінна быць справядліва, тады менш будзе пакрыўджаных», — адзначыў Прэзідэнт. Ён зрабіў акцэнт на тым, што ў кіраўнікоў раёнаў няма «не іх» пытанняў. 

«Усё ваша. Нават калі ў Оршы завод рэспубліканскага падпарадкавання, усё роўна гэта ваша. Кадры, кантроль за іх дзейнасцю — гэта ваша задача. Калі нешта не так, дакладвайце ў Адміністрацыю Прэзідэнта: кадравыя пытанні там варацца. Гляджу — падбор людзей моцных. Вельмі спадзяюся, што і вынік будзе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У тэму

Назначэнцы падзялілся з журналістамі сваімі планамі і мэтамі на новых пасадах. «На сённяшні перыяд і па ацэнцы Прэзідэнта пагранічная служба, пагранічныя войскі дасягнулі вельмі высокага ўзроўню. Мы паспяхова ахоўваем дзяржаўную граніцу. Але неабходна пастаянна ўдасканальвацца, адпавядаць абстаноўцы, якая складваецца на дзяржаўнай граніцы, вакол краіны, як знешнепалітычнай, так і ўнутрыпалітычнай сітуацыі», — сказаў новы кіраўнік Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў. Ён расказаў, што на гродзенскім напрамку з боку сумежных дзяржаў ёсць нарошчванне сіл, націск, неразуменне. «Але тым не менш органы пагранічнай службы гатовы рэагаваць на любыя выклікі, пагрозы нашай пагранічнай бяспецы і нацыянальнай бяспецы ў цэлым», — падкрэсліў Канстанцін Моластаў.

Новы мэр Гродна Андрэй Хмель расказаў, што першая задача, пастаўленай перад ім Прэзідэнтам, — работа з кадрамі. «Да кадраў трэба ставіцца акуратна. Гродна вялікі горад, і напрамкаў работы шмат. Кіраўнік дзяржавы папрасіў не баяцца прымаць рашэнні, дзейнічаць рашуча, смела», — сказаў ён. Андрэй Хмель падкрэсліў, што задачы былі пастаўлены па ўсіх галінах і сферах жыццядзейнасці. Гэта ахова здароўя з улікам нядаўна абазначаных прыярытэтаў, адукацыя, культура, пытанні інфраструктуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якую хвалюе большасць насельніцтва, ідэалагічная работа.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».