Вы тут

Аляксей Дудараў: «Не зрабіць душу горшай...»


Нечаканая і раптоўная смерць знакамітага беларускага драматурга Аляксея Дударава ў канцы лютага 2023 года балюча адгукнулася ў сэрцах многіх і многіх людзей. А для мяне гэтая страта сталася асабліва балючай і скрушнай. Я быў асабіста знаёмы з Аляксеем Ануфрыевічам. Не магу сказаць, што нашы адносіны былі дужа блізкімі, сяброўскімі, але кожная сустрэча была цёплай, сардэчнай. Мы пра многае маглі гаварыць шчыра, адкрыта, з узаемнай цікавасцю. І сёння хацелася б сказаць сваё слова пра дарагога мне чалавека.


Фота Анатоля Кляшчука

«Яго імя можна смела заносіць у Кнігу рэкордаў Гінеса, — так сказаў пра драматурга Аляксея Дударава пісьменнік і таксама драматург Георгій Марчук. І растлумачыў сваю думку: — Таму што ніхто з беларусаў да яго не атрымліваў Дзяржаўную прэмію СССР у такім маладым узросце».

Так, Аляксею Дудараву было тады ўсяго трыццаць пяць гадоў. І высокую ўзнагароду ён разам з калегамі-«купалаўцамі» атрымаў за спектакль «Радавыя». Спектакль, які выклікаў у грамадстве, у асяроддзі спецыялістаў шырокі рэзананс. Ён быў пастаўлены не толькі ў Мінску, але і ў Маскве — у Малым тэатры, у Ленінградзе — у знакамітым Вялікім драматычным тэатры, якім кіраваў не менш знакаміты рэжысёр Георгій Таўстаногаў. І яшчэ добрая сотня тэатраў Савецкага Саюза да саракагоддзя Вялікай Перамогі ажыццявіла пастаноўку «Радавых».

Поспех натхніў маладога аўтара на новыя творы. Ён стварае дзве вострасацыяльныя п’есы — «Парог» і «Вечар». І атрымлівае прэмію Ленінскага камсамола! Спектаклі, пастаўленыя па гэтых п’есах, ішлі ў шматлікіх тэатрах краіны, вакол іх узнікалі гарачыя спрэчкі, дыскусіі. Імя Дударава становіцца агульнавядомым, ці, як цяпер бы сказалі, брэндавым.

Але, бадай, самым папулярным, па-сапраўднаму народным стаў фільм «Белыя росы», які выйшаў на экраны ў 1984 годзе, і, як засведчыла статыстыка, за адзін толькі год яго паглядзела больш за 60 мільёнаў чалавек!

Дзеля даследавання народнай душы, паказу нашага багатага мінулага Дудараў звяртаецца да гістарычнай тэмы. Адну за адной ён стварае драмы «Князь Вітаўт», «Усяслаў Чарадзей», «Палачанка», «Чорная панна Нясвіжа», «Крыж»... Як адзначаў літаратуразнаўца Пятро Васючэнка, нікому з беларускіх драматургаў не ўдаецца ўзнаўляць падзеі далёкага мінулага з такой яркасцю і маляўнічасцю, як гэта рабіў Дудараў.

Невыпадкова за стварэнне гістарычных п’ес і ўвасабленне іх на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксею Дудараву прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

І, нарэшце, прэмію Саюзнай дзяржавы Дудараў атрымаў у 2002 годзе за цыкл п’ес і сцэнарыяў для тэатра і кіно.

...Сем гадоў таму я вырашыў пазнаёміцца з Дударавым і, калі ён не будзе супраць, зрабіць з ім гутарку для кнігі «Постаці». Аляксей Ануфрыевіч на маю просьбу адгукнуўся добразычліва:

— Няма праблем. Толькі гэты тыдзень у мяне ўвесь заняты. Давайце сустрэнемся на наступным.

Праз тыдзень я ўжо быў ва ўтульным кабінеце старшыні Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Ён сустрэў мяне з цёплай, сяброўскай усмешкай. Ніякай позы, ніякай маніі велічы. Літаральна праз некалькі хвілін я ўжо адчуваў, нібыта мы знаёмыя шмат, шмат гадоў.

— Давай без цырымоній, — сказаў Аляксей Ануфрыевіч і прапанаваў перайсці на «ты».

— Калі знаёмішся з творчым чалавекам, заўсёды цікава ведаць, хто былі яго бацькі, у якім асяроддзі ён рос, выхоўваўся, што сілкавала яго душу і розум з маленства. Раскажы, калі ласка, пра гэта.

— Ды тут асабліва і расказваць няма чаго. Бацькі мае — простыя людзі. Сяляне. Калгаснікі. Усё сваё жыццё працавалі на зямлі. З гэтага, як кажуць, мелі кавалак хлеба і сёе-тое да хлеба. Не скажу, каб жылі заможна, але і не бедна.

З першых дзён вайны бацьку забралі ў войска, і дарогамі ваеннага ліхалецця ён прайшоў ад званка да званка. Вярнуўся ў званні гвардыі старшыны і з ордэнам Чырвонай Зоркі на грудзях. Вярнуўся, дзякаваць Богу, жывы і здаровы. І сям’ю нашу бяда абмінула: страшная статыстыка (а на Віцебшчыне, як вядома, падчас вайны загінуў кожны трэці) нас не закранула.

Мая малая радзіма — вёска Кляны, што на Дубровеншчыне. Вёска даволі вялікая — болей за сто двароў. На беразе маляўнічай рачулкі Расасенкі. Гэтая рачулка — самы светлы, самы паэтычны ўспамін з майго маленства. Нездарма ж яна вандруе з аднаго майго твора ў другі.

А яшчэ вакол былі прыгожыя лясы, паплавы. Тут я час ад часу пасвіў кароў, авечак. Дарэчы, не такая гэта простая справа — пасвіць жывёлу. Асабліва авечак: разбрыдуцца ва ўсе бакі і паспрабуй іх збяры да кучы. Дык я што прыдумаў? Быў у нас сабака Дэз. Авечкі яго не дужа баяліся. 

А вось калі я браў яго за каршэнь, і ён пачынаў адчайна скуголіць, гэта авечак пужала, і яны збіваліся ў гурт.

Дык вось калі гаварыць пра тое, што фарміравала маю дзіцячую душу, то гэта, апроч сям’і, бацькоўскіх генаў, была яшчэ маляўнічая навакольная прырода — рэчка, лес, рознае птаства, свойская жывёла. Мы, сялянскія дзеці, раслі сярод прыроды і адчувалі з ёю крэўную роднасць…

— Моладзь з’язджала з вёскі. Вось і ты, як толькі надарылася магчымасць, з’ехаў…

— А што было рабіць? У вёсцы я не хацеў жыць. І не саромеюся ў гэтым прызнацца. Сялянскі хлеб — ох які нялёгкі... Але справа нават не ў гэтым. Хто б і як вёску не апяваў, але агульны настрой быў такі: вучыцца, вывучыцца і застацца ў горадзе. Тады гэта называлася «выбіцца ў людзі». У Кляны прыязджала прыбіральшчыца з райцэнтра — дык яна хадзіла ў нас каралевай.

Савецкая ўлада ў свой час многае ўпусціла ў наладжванні вясковага побыту, у выхаванні моладзі. А цяпер паправіць гэты негатыўны працэс вельмі і вельмі складана. Зрэшты, некаторыя спецыялісты сцвярджаюць, што і не трэба нічога папраўляць. Адміранне старой вёскі — працэс натуральны, заканамерны. Усё ў прыродзе развіваецца, мяняецца, на змену старому прыходзіць новае, больш прагрэсіўнае. Што ж, пажывём — пабачым…

— Аляксей, звычайна чалавек даволі рана адчувае сваё прызванне і яшчэ ў школьныя гады вызначаецца з выбарам прафесіі. А як было ў цябе? Калі ты адчуў цягу да творчасці?

— Ніякай асаблівай цягі да творчасці ў школе я не адчуваў. Нават не пісаў вершаў. Праўда, папісваў заметкі ў раённую газету. І час ад часу мяне друкавалі. У пятнаццаць гадоў быў вельмі ўсцешаны, калі ў нашай «Дняпроўскай праўдзе» ўпершыню ўбачыў надрукаваным сваё прозвішча — А. Дудараў. Гэта быў допіс пра касавіцу ў калгасе.

Газету з тым допісам я насіў з сабою, можа, тыдні са два. Хацелася паказваць яе кожнаму сустрэчнаму. Але ні пісьменнікам, ні журналістам стаць не марыў. Хацеў быць афіцэрам…

— Чаму ж тады паступіў у вучылішча нафтавікоў?

— Проза. Па-першае, яно было непадалёку ад дома. А па-другое, у гэтым вучылішчы давалі стыпендыю ў 36 рублёў і інтэрнат.

Калі пасля службы ў арміі я вярнуўся ў Наваполацк, то ўладкаваўся слесарам на адзін з заводаў і добрасумленна адпрацаваў там два гады. Аднак вельмі хутка пераканаўся, што і гэта не маё. Мяне заўсёды цягнула на сцэну. У школе я з задавальненнем удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Мне заўсёды падабалася жыць чужым жыццём.

І вось аднойчы я ішоў па вуліцы і ўбачыў каля Палаца культуры вялікую афішу: аб’яўляецца набор у народны тэатр. «Гэта мой шанц!» — вырашыў я. І пайшоў запісвацца. Самае цікавае, што мяне праслухалі і прынялі ў калектыў. А неўзабаве я ўжо іграў адну з роляў у спектаклі па п’есе Арбузава «Горад на досвітку». І тут я зразумеў: гэта мой шлях.

Але калі гаварыць шчыра, артыст я быў так сабе і быў бы так сабе. Магчыма, таму і адбыўся гэты паварот, гэты выбар. Пасля двух гадоў работы ў Беларускім тэатры юнага гледача — спачатку акцёрам, затым загадчыкам літаратурнай часткі, я сышоў на «Тэлефільм» і заняўся літаратурай.

— У 1979 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў цябе выйшла першая кніга «Святая птушка». Кніга мела поспех. Яе хвалілі крытыкі, вядомыя пісьменнікі. У тым жа годзе цябе прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Здавалася б, што яшчэ трэба маладому празаіку? Пішы, замацоўвай поспех. І раптам — пераход у драматургію. Чаму і як гэта адбылося?

— Я ўжо табе казаў, што сцэна мяне заўсёды прываблівала. З дзяцінства ўва мне жыў тэатр. Мне не цікава было займацца апісальніцтвам. Мне хацелася дынамікі, патрабаваўся дыялог! Зрэшты, я і ў апавяданнях быў драматургам. Гэтаму я вучыўся перш за ўсё ў Васіля Шукшына. Ды яшчэ ў Антона Паўлавіча Чэхава.

Дык вось, мяне заўсёды цікавілі дыялогі. Апошняе апавяданне я напісаў у 1979 годзе. Пасля — толькі п’есы і кінасцэнарыі.

Так, гэта было няпроста — перайсці з прозы ў драматургію. Калі садзішся пісаць апавяданне, то ведаеш, пра што будзеш пісаць. Нейкую гісторыю прыдумляеш. А калі бярэшся за п’есу — цяжка сказаць, што з таго атрымаецца. Гэта самы складаны жанр літаратуры. Ён уключае ў сябе і прозу, і паэзію, і публіцыстыку, і яшчэ нешта…

— Пачатак васьмідзясятых мінулага стагоддзя стаў для цябе як драматурга творчым узлётам, сапраўдным зорным часам. Адну за адной ты ствараеш выдатныя п’есы — «Парог», «Вечар», «Радавыя». Іх ставяць сотні тэатраў Савецкага Саюза. Яны атрымліваюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Што паслужыла імпульсам для стварэння гэтых п’ес? Глыбокае веданне жыццёвых праблем? Інтуіцыя? Ці выпадковы выбар тэм?

— Выпадковага ў мастацтве нічога не бывае. За любым выбарам тэмы стаіць і веданне жыцця, і інтуіцыя, і нейкая рэальная гісторыя, якая становіцца штуршком для роздуму, для творчай фантазіі. Я ніколі не спісваю сваіх герояў з рэальных людзей — гэта было б падобна на пародыю. Кожны з іх — абагульнены, дадуманы, дафантазіраваны.

— Пасля «Радавых», праз шмат гадоў, ты напісаў яшчэ дзве п’есы на ваенную тэму — «Не пакідай мяне» і «Ты помніш, Алёша...» Але па настроі, па інтанацыі яны ўжо зусім іншыя. Тваё адчуванне вайны змянілася?

— Змянілася, і, на жаль, у песімістычны бок. Адна з гераінь «Радавых», Лідка, казала: «Гэта вайна апошняя...» А другі герой, Бушцец, саркастычна пярэчыць ёй: «Ага. Залечаць раны, забудуць мёртвых... І зноў пачнуць...» Гэтыя словы я ўлажыў у вусны чалавека азлобленага, пакалечанага вайной. Але ж ён трыццаць гадоў таму сказаў праўду! Надзеі на тое, што людзі перастануць ваяваць, няма. А тады гэтая надзея ў мяне была.

Памятаеш канец васьмідзясятых, калі пачалося замірэнне з Захадам, калі здавалася, што нарэшце чалавецтва назаўсёды пазбавіцца ад пагрозы вайны? І тады спектакль «Радавыя» ўжо перастаў цікавіць гледачоў. Як аўтар я падумаў: «І дзякуй Богу! Я сваё слова пра вайну сказаў, і гэта мой сціплы ўнёсак у тое, што будзе мір ва ўсім свеце».

Прайшоў час — і што мы бачым? Падзеі ў свеце даюць нам усім зразумець, што той прамежак часу, у якім мы жывём, нясе свае выпрабаванні, і мы, аказваецца, не намнога разумнейшыя за тых, хто жыў да нас і хто будзе жыць пасля нас.

Цяпер я ўпэўнены, што армія як адзін з інстытутаў дзяржаўнасці абавязкова павінна быць. Нават у тым выпадку, калі даюць самыя высокія гарантыі, што на нашу краіну ніхто нападаць не будзе, усё роўна армія як арганізуючая сіла, як сродак бяспекі і ўпэўненасці, павінна быць. Вядома, сучасная і ў рамках разумнай дастатковасці.

— Аляксей, цябе нярэдка называюць жывым класікам. Як ты да гэтага ставішся?

— Іранічна. Раней, калі мяне так называлі, я раздражнёна адмахваўся, потым пачаў злавацца, а цяпер прывык. У сэнсе не рэагую ніяк. Але шчокі я ніколі не надзімаў. Я сабе яшчэ ў маладосці сказаў: «Ты хто? Пісар! Табе нехта дыктуе, а ты запісваеш. І ўсё! Ты — перадатачны інструмент».

— Скажы, калі ласка, а чалавек — гаспадар свайго лёсу ці яго жыццёвая пуцявіна вызначана недзе там, на нябёсах? І ён можа дзейнічаць толькі ў межах наканаванага?

— Вобразна аб гэтым можна сказаць так. Чалавек плыве па рацэ. Ён можа плыць каля левага берага, можа плыць каля правага. Можа пасярэдзіне. Больш за тое можа нават паспрабаваць, калі атрымаецца, плыць супраць цячэння. Але доўга не вытрымае, стоміцца і паплыве, куды трэба. Аднак выйсці на бераг яму заказана. Ні на левы, ні на правы. Чалавек можа паскорыць свой рух, можа замарудзіць, але толькі ў тым напрамку, які яму вызначаны. А каб не захлынуцца ў гэтай рацэ, трэба ўсё жыццё боўтацца. Перастанеш — пойдзеш на дно.

— Кажуць, шчаслівы чалавек не той, хто ўсё мае, а той, хто задавальняецца тым, што мае.

— Напэўна. Шчасце, на маю думку, — гэта гарманічныя адносіны з дасканалым і недасканалым светам. З недасканалым — у першую чаргу. Магчыма, у гэтым ёсць пэўны канфармізм, але такая рэальнасць. Калі на вуліцы холадна, мы надзяваем світар.

А яшчэ больш важна і, можа, самае складанае — знайсці гармонію з самім сабой. Я неяк аднаму добраму чалавеку пачаў скардзіцца, што ўсё, што я пішу, нікому не патрэбна. А ён мне сказаў: «Вы самі хоць чуеце, што гаворыце? Вы ж кантактавалі з мільёнамі людзей — праз спектаклі, праз фільмы. І калі хоць бы адзін чалавек вынес з гэтага нешта добрае, светлае, то ўжо ваша праца не марная». І, відаць, ён мае рацыю.

Увогуле, што б з табой ні адбывалася, ты — шчаслівы чалавек. Ужо хоць бы тым, што жывеш, маеш добрую сям’ю, разумных дзяцей, нешта карыснае робіш для людзей. Трэба толькі дастойна пражыць адведзенае табе Богам жыццё і выканаць праграму-максімум — палепшыць сваю душу, а калі максімум не можаш, то хоць бы праграму-мінімум — не зрабіць душу горшай.

— Ну вось ты адказаў і на маё апошняе пытанне — пра сэнс жыцця. Дзякую за гутарку!

Гутарыў Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.