Такое мерапрыемства праводзілася ў раёне ўпершыню. На свята спорту ў Пінкавічы прыехалі кіраўнікі і прадстаўнікі ўсіх сельскіх Саветаў раёна. Папярэдне яны аб’ядналіся ў каманды па тэрытарыяльнай прыкмеце. Асобныя каманды складаліся з шасці сельсаветаў, іншыя — з пяці, чатырох. Яшчэ адна каманда пад назвай «Авангард» прадстаўляла структурныя падраздзяленні райвыканкама і грамадскія арганізацыі раёна.
Месцам правядзення спартакіяды стаў Пінкавіцкі сельсавет. Яго старшыня Анжэла Гудкова падзялілася ўражаннямі з карэспандэнтам:
— Усе мы старанна рыхтаваліся да спаборніцтваў. Папярэдне было распрацавана палажэнне аб спартакіядзе, вызначаны віды спорту. У каманды набіралі кіраўнікоў устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, якія функцыянуюць на тэрыторыі. Паколькі мерапрыемства праводзілася ўпершыню, мы крыху хваляваліся. Але ж сёння можна казаць, што ўсё атрымалася, удзельнікі, якіх сабралася каля сотні чалавек, атрымалі зарад бадзёрасці і шмат станоўчых эмоцый.
— Было вельмі прыгожае, урачыстае адкрыццё спартакіяды з пастраеннем каманд, гімнам, добрымі словамі. Ну а потым разышліся па пляцоўках, якія, дарэчы, былі дакладна распісаны па часе, загадзя ўзгоднены спісы суддзяў. Адным словам, арганізацыя аказалася на вышыні, — працягвае Анжэла Гудкова. — І, ведаеце, спачатку здавалася, што галоўнае — удзел, а вынік — справа другасная, але ў ходзе спаборніцтваў з’явіўся сапраўдны спартыўны азарт, усім хацелася займаць лепшыя пазіцыі, члены каманд падбадзёрвалі адзін аднаго, падказвалі. Гледачы актыўна падтрымлівалі.
А яшчэ многія адкрыліся з нечаканага боку. Напрыклад, раней кожны старшыня сельвыканкама ведаў дырэктара школы, загадчыка фермы, кіраўніка прадпрыемства ў фармаце дзелавых стасункаў, а тут з’явілася магчымасць даведацца пра таленты і здольнасці калег. Аказваецца, маладая і перспектыўная загадчыца фермы Таццяна Ждан цудоўна гуляе ў настольны тэніс, а калега з іншага сельвыканкама — майстар гульні ў дартс. Дарэчы, такім аказаўся старшыня Гарадзішчанскага сельскага Савета Мікалай Бойба — ён стаў чэмпіёнам нашых спаборніцтваў па дартсе.
Цікава, захапляльна прайшлі спаборніцтвы па футболе і баскетболе, шашках і шахматах, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. У ходзе гульняў усе выказваліся за тое, каб зрабіць гэтае мерапрыемства штогадовым.
У агульнакамандным заліку першае месца заваявала каманда «Авангард» райвыканкама. На другой прыступцы п’едэстала гонару аказалася каманда «Дружба», у якую ўвайшлі Барычэўскі, Калаўровіцкі, Ласіцкі, Лапацінскі, Плешчыцкі, Хойнаўскі сельсаветы, бронзавым прызёрам стала «Адзінства» ў складзе Аснежыцкага, Гарадзішчанскага, Пінкавіцкага, Ставокскага сельсаветаў.
І хоць каманда «Дружба» аказалася на другім месцы, дружба ў шырокім сэнсе перамагла. Налета каманд можа пабольшаць, пашырыцца спіс відаў спорту, а спаборніцтвы ўжо будуць названы другой спартакіядай сельсаветаў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.
Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.
«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?