Вы тут

Агульная млявасць і абыякавасць да жыцця? Праверце шчытападобную залозу!


Парушэнні ў рабоце шчытападобнай залозы мае да траціны насельніцтва планеты, пры гэтым большасць захворванняў дадзенага органа можна прадухіліць і вылечыць — пры правільным падыходзе да прафілактыкі і лячэння. Чаму ў Беларусі істотна знізілася захваральнасць на эндэмічны дыфузны валляк? Якія прычыны гіпатырэозу, што займае лідзіруючае ў беларусаў месца ў структуры эндакрыннай захваральнасці, і як яго пазбегнуць? Пра гэта расказалі эндакрынолагі.


Валляк, тырэаідыт, гіпатырэоз…

Захворванні шчытападобнай залозы шырока распаўсюджаныя ва ўсім свеце. Сярод эндакрынных паталогій пасля цукровага дыябету яны самыя распаўсюджаныя. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, каля 700 мільёнаў чалавек у свеце маюць тое ці іншае захворванне шчытападобнай залозы.

— Самай распаўсюджанай паталогіяй у свеце з’яўляецца звычайнае дыфузнае павелічэнне шчытападобнай залозы, тое, што мы прызвычаіліся называць эндэмічным дыфузным валляком. Гэтае захворванне рэгіструецца ў 10-30% насельніцтва ва ўсім свеце. Таксама дастаткова часта рэгіструюцца вузлавы валляк і тырэаідыт, — прыводзіць статыстыку галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга Салко.

Паводле яе слоў, у Беларусі распаўсюджанасць захворванняў шчытападобнай залозы паўтарае сусветныя тэндэнцыі і сярод эндакрынных захворванняў яны знаходзяцца на другім месцы пасля цукровага дыябету. 

Каля 3,6% беларусаў маюць тую ці іншую паталогію шчытападобнай залозы.

— Трэба сказаць, што за апошнія 12-20 гадоў структура захваральнасці мяняецца, — адзначае Вольга Салко. — Калі раней лідзіруючыя пазіцыі займаў эндэмічны валляк, што, зрэшты, характэрна для ўсяго свету, то ў апошні час мы канстатуем, што гэтая захваральнасць значна знізілася. За апошнія 15 гадоў яна зменшылася ў 2,5 раза. Так адбылося дзякуючы таму, што ў канцы 1990-х у Беларусі была прынята праграма ёднай прафілактыкі. І сумеснымі намаганнямі медыкаў і ўрада сёння наша краіна выключана са спіса краін з ёдадэфіцытам, нягледзячы на тое што нашы вада і глеба засталіся эндэмічнымі па ёдзе.

Пры гэтым паступова растуць аўтаімунныя захворванні шчытападобнай залозы: павялічваецца распаўсюджанасць аўтаімунных тырэаідытаў, дыфузных таксічных валлякоў. Таксама расце колькасць выпадкаў вузлавога валляка. Але тут медыкі лічаць, што ў многім дзякуючы шырокім магчымасцям ультрагукавой дыягностыкі і даступнасці абследавання вырасла яго выяўляльнасць. Такім чынам, вузлавы валляк выйшаў на другое месца сярод усіх паталогій шчытападобнай залозы.

А на першым месцы знаходзіцца гіпатырэоз. Захваральнасць на яго за апошнія 15-17 гадоў вырасла ў 12 разоў. Сярод дзяцей гэты паказчык яшчэ большы.

Прыкладна такая ж карціна і ў рэгіёнах. Як адзначае галоўны пазаштатны эндакрынолаг галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Вольга Залеская, колькасць эндакрыннай паталогіі год ад году расце. У Мінскай вобласці зарэгістравана 83 тысячы пацыентаў з такімі захворваннямі, а гэта больш за 9% ад усяго насельніцтва рэгіёна.

На другім месцы пасля самага распаўсюджанага эндакрыннага захворвання — цукровага дыябету — ідзе паталогія шчытападобнай залозы. У структуры захваральнасці шчытападобнай залозы прэваліруе гіпатырэоз.

— На жаль, гэта можа быць звязана з ковідным перыядам, калі пацыенты радзей звярталіся са сваімі хранічнымі захворваннямі да медыкаў, — мяркуе Вольга Залеская. — Колькасць пацыентаў з гіпатырэозам летась вырасла на 39%. Лічба вельмі вялікая, мы імкнёмся разабрацца і выявіць прычыны такога павелічэння.

Другое месца сярод усёй паталогіі шчытападобнай залозы ў рэгіёне займае вузлавая паталогія, затым ідзе аўтаімунны тырэаідыт, а на чацвёртае месца сёлета сярод усіх хвароб шчытападобнай залозы выйшаў рак шчытападобнай залозы. Колькасць яго выпадкаў у параўнанні з мінулым годам вырасла на 14%, прытым што звычайна рост складаў 6-7% у год.

Павялічылася і колькасць выпадкаў аднаго з рэдкіх захворванняў шчытападобнай залозы — яе запалення, або так званага падвострага тырэаідыту, ён таксама значна — у 2-3 разы — вырас.

У чым прычыны гіпатырэозу?

Прычынамі самага распаўсюджанага ў беларусаў захворвання шчытападобнай залозы з’яўляюцца іншыя хваробы гэтага органа: аўтаімунныя, парушэнні яго структуры, атрафія.

— Іх вынікам з’яўляецца зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы, — тлумачыць Вольга Залеская. — Адзначаецца і рост пасляаперацыйнага гіпатырэозу. Калі расце рак шчытападобнай залозы, ёсць рост вузлавых утварэнняў, якія патрабуюць аперацыі, то, адпаведна, павялічваецца і пасляаперацыйны гіпатырэоз. Але трэба сказаць, што да аператыўнага лячэння вузлавой паталогіі шчытападобнай залозы мы падыходзім вельмі асцярожна і аперыруем толькі пры строгіх паказаннях. Гэта анкапаталогія, такія парушэнні функцыі шчытападобнай залозы, як дыфузны таксічны валляк, тырэатаксікоз, які не лечыцца медыкаментозна ў большасці выпадкаў.

Як папярэдзіць?

Прафілактыка гіпатэрыёзу — гэта прафілактыка ўсіх хвароб эндакрыннай сістэмы. Вельмі важна прыслухоўвацца да свайго агульнага самаадчування.

— Як кажуць у народзе, агульная млявасць і абыякавасць да жыцця — гэта тое, што характэрна для пацыентаў з гіпатырэозам, — папярэджвае Вольга Залеская.

Акрамя таго, трэба ведаць захворванні сваіх сваякоў, бо захворванні шчытападобнай залозы маюць спадчынную схільнасць. Сярод рэкамендацый і здаровы спосаб жыцця — праводзіць шмат часу на свежым паветры, мець дастатковую фізічную актыўнасць, старацца знімаць псіхалагічнае напружанне, правільна харчавацца. А таксама не займацца самалячэннем, звяртацца да спецыялістаў і пры выяўленні захворвання строга прытрымлівацца рэкамендацый урача.

Гіпатырэоз — захворванне, якое істотна пагражае якасці жыцця, таму лепш яго своечасова выявіць і пачаць лячыць.

Дарэчы, хваробы шчытападобнай залозы больш жаночыя, чым мужчынскія. Калі казаць пра гіпатырэоз, а таксама тырэаідыт, то ў групе рызыкі людзі старэйшага ўзросту, а таксама дзеці. А вось калі гаворка ідзе пра аўтаімунныя захворванні, то тут нярэдка хвароба пачынаецца ў маладым узросце.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».