Вы тут

Якія задачы ставяць беларускія сенатары перад Форумам рэгіёнаў Расіі і Беларусі


Юбілейны, X Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі пройдзе зусім хутка, 26–28 чэрвеня, ва Уфе. Яго арганізатарамі выступаюць Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пры ўдзеле ўрада Рэспублікі Башкартастан. Сёлетняе мерапрыемства абяцае стаць адным з самых маштабных: толькі членаў афіцыйных дэлегацый і ўдзельнікаў чакаецца больш за дзве тысячы. Да падпісання рыхтуецца больш за сем дзясяткаў розных дакументаў — ад міжурадавых і міжрэгіянальных пагадненняў да камерцыйных кантрактаў. Апошніх, дарэчы, будзе падпісана на суму не менш чым паўтара мільярда долараў. А галоўнай задачай форуму стане падвядзенне вынікаў 10-гадовага супрацоўніцтва рэгіёнаў Расіі і Беларусі.


 

Ад Беларусі свой ўдзел пацвердзілі ўсе прамысловыя гіганты. Форум, у прыватнасці яго дзелавая частка, пройдзе ва ўфімскім кангрэс-холе «Таратаў». Таксама на адкрытай пляцоўцы будзе арганізавана выстаўка сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі і гандлёвы кірмаш.

У рамках дзелавой праграмы форуму пройдуць пасяджэнні ўдзельнікаў па дзевяці секцыях. Акрамя таго, знакавымі мерапрыемствамі стануць сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі і Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Беларусі, а таксама сумесная сустрэча гандлёва-прамысловых палат Расіі і Беларусі па тэме развіцця супрацоўніцтва дзелавых колаў абедзвюх краін. Знакавай падзеяй стане і сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай і Старшыні Савета Федэрацыі Расіі Валянціны Матвіенка з кіраўнікамі органаў дзяржаўнай улады суб’ектаў Расіі і рэгіёнаў Беларусі.

Адной з маштабных па колькасці ўдзельнікаў стане першая секцыя, прысвечаная гуманітарнаму супрацоўніцтву Расіі і Беларусі. Як расказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава, найперш будуць абмеркаваны сумесныя навукова-тэхнічныя праекты.

 

— У рамках форуму плануецца абмеркаванне гуманітарнай сферы, а менавіта стварэнне і развіццё навукова-тэхнічнай прасторы. За гэты перыяд многае зроблена. Вядома, ёсць і прыярытэтныя кірункі, якія мы будзем абмяркоўваць, у прыватнасці саюзныя праграмы ў галіне нанатэхналогій, космасу, біятэхналогій і іншыя. Ёсць пэўныя дасягненні, і мы павінны падвесці вынікі і абмеркаваць новыя падыходы да рэалізацыі такіх новых сумесных праграм. Плануем таксама абмеркаванне пытанняў інтэлектуальнай уласнасці — актуальнай тэмы, і на сёння ёсць пэўныя выпрацаваныя рашэнні па сумеснай інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку і ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Таксама будуць абмяркоўвацца пытанні агульнай культурнай прасторы і адукацыі.

— Ёсць, напрыклад, пэўныя прапановы нашага Нацыянальнага тэатра оперы і балета да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, яны будуць агучаны. Ёсць і іншыя ідэі, якія датычацца агульнай адукацыйнай прасторы. Як вядома, у сістэме адукацыі дзейнічае шмат дамоў з ВНУ Расіі — больш за 1200 падпісана за гэты перыяд. Канешне, размова будзе ісці і пра сумесную падрыхтоўку кадраў, і пра агульныя прыярытэтныя навуковыя кірункі. Мы таксама, як і Расія, стаім на тых асновах, што вышэйшая адукацыя — гэта моцная фундаментальная падрыхтоўка, навуковая падрыхтоўка і якасны практыка-арыентаваны падыход. Найважнейшая тэма — патрыятычнае выхаванне моладзі, сумесныя студэнцкія атрады, — расказала Ірына Старавойтава.

Адной з ключавых стане правядзенне секцыі, прысвечанай адзінай прамысловай палітыцы. Пра пытанні, якія плануецца абмеркаваць, расказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец:

— Наш Прэзідэнт неаднойчы паўтараў, што эканоміка з’яўляецца асновай развіцця і нашага ўзаемадзеяння з Расіяй. У рамках секцыі мы хочам вызначыць адпраўныя пункты нашай прамысловай палітыкі, якая цяпер на слыху. Пагадненне падпісана, але ёсць праблемныя моманты, якія, я лічу, нам трэба ўрэгуляваць. Летась на форуме мы таксама абмяркоўвалі гэту тэму — адзіную прамысловую палітыку, але яна не праходзіла чырвонай ніткай нашай дыскусіі. Але тады мы задалі тон, што гэта адзіная прамысловая палітыка мусіць быць. Летась мы абмяркоўвалі прызнанне тэхналагічных аперацый беларускіх прадпрыемстваў у Расіі, прызнанне электроннага подпісу, што цяпер на слыху. Мяркую, у рамках сёлетняга форуму выпрацуем пэўныя кірункі, якія дапамогуць нашым міністэрствам паставіць рэперную кропку ў рамках рэалізацыі гэтых асноўных падыходаў, якія ў асобных выпадках перашкаджаюць нашым беларускім прадпрыемствам выходзіць на рынкі Расіі.

 

Таццяна Рунец падкрэсліла, што адзін з асноўных вынікаў кожнага форуму — падпісанне пагадненняў і кантрактаў. Яна адзначыла, што сёлета на кожнай секцыі запланавана падпісанне пагадненняў, гэтак жа як і на пленарным пасяджэнні і на сустрэчы губернатараў са старшынямі палат парламентаў.

— Акрамя таго, запланавана падпісанне камерцыйных кантрактаў. Летась іх было падпісана на адзін мільярд долараў. Сёлета гэта лічба будзе большай. Ужо цяпер можна сказаць, што яна будзе эквівалентнай 1,5 мільярда долараў, — расказала Таццяна Рунец.

Пра работу 7 і 8 секцыі, работа якіх будзе датычыцца фарміравання адзінай прававой сістэмы Саюзнай дзяржавы, расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец.

— Гэта юбілейны форум, і шмат нашых дакладаў прысвечана прамежкавым вынікам нашага інтэграцыйнага парадку дня і ў прыватнасці рэалізацыі Саюзных праграм, якія фармалізаваны Дэкрэтам № 6 ВДС у 2021 годзе. Дынаміка рэалізацыі саюзных праграм абумоўлівае шырокае поле для абмеркавання, выпрацоўкі рэкамендацый, якія далей будуць накіраваны на далейшую ўніфікацыю і гарманізацыю заканадаўства ў межах Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія распаўсюдзіліся ва ўсе сферы сацыяльнага жыцця нашых людзей, закранулі і пытанні інтэграцыйнага супрацоўніцтва. Таму ў рамках дакладаў будуць закрануты ў тым ліку пытанні забеспячэння так званага праграмнага суверэнітэту ў частцы распрацоўкі ўласнага софту, які будзе выкарыстоўвацца ў Саюзнай дзяржаве. Усё гэта патрэбна для фарміравання адзінай энергетычнай і прамысловай палітыкі, — расказаў Сяргей Сівец.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?