Вы тут

Жаданне разгледзець увесь Свет!..


У «Мастацкай літаратуры» выходзіць альманах мастацкага перакладу.


«Далягляды» — добрая і даўняя традыцыя ў беларускім кнігавыданні. Варта нагадаць, што на момант развалу Савецкага Саюза выходзілі тры гадавікі, якія прадстаўлялі ў Беларусі творы пісьменнікаў іншых нацыянальных літаратур: «Далягляды», «Братэрства», «Ветразь». На пачатку 1990-х выпуск іх спыніўся. З 2019 года ўжо чацвёрты раз выходзяць «Далягляды».

У выпуску 2023 года, які ўжо здадзены ў друк, — прыгожае пісьменства Азіі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы... Сучаснасць і старажытнасць мастацкага слова сыйшліся разам. Трынаццаць краін, трынаццаць дзяржаў вядуць свой мастацкі дыялог з беларускім чытачом. Азербайджан, Грэцыя, Іспанія, Кітай, Куба, Пакістан, Партугалія, Расія, Сербія, Славакія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан — вось адрасы суладнага творчага партнёрства з Беларуссю. Расійскую Федэрацыю прадстаўляюць некалькі нацыянальных літаратур — руская, башкірская, аварская, нагайская, балкарская, калмыцкая, марыйская, татарская, хакаская, чачэнская, чувашская. 60 паэтаў і празаікаў дапамагаюць адкрыць шматаблічны свет, дадаюць красак і фарбаў у наша жыццё, дапамагаюць зразумець характары людзей, народаў, якія з намі жывуць па суседству, на адной планеце Зямля.

Каб перадаць гэтую сусветную шматколернасць, каб выкласці на роднай беларускай мове чужыя думкі, чужыя клопаты, сабраўся сапраўдны атрад руплівых, захопленых, уважлівых перакладчыкаў. Многія дезсяцігоддзі сярод перакладчыцкага актыву альманаха «Далягляды» — доктар філалагічных навук, вядомы ў Беларусі і Расіі сербіст Іван Чарота. Дарэчы, Іван Аляксеевіч узначальвае секцыю мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі. Альманах у некаторай ступені — і творчай справаздача секцыі. Поруч з вопытным перакладчыкам — літаратары Міхась Пазнякоў, Таццяна Сівец, Віктар Шніп, Святлана Быкава, Іна Фралова, Генадзь Аўласенка... У кожнага з іх — прывязанасць да таго іншага чужога свету, тыя ці іншыя зацікаўленні... Але аднолькавым з’яўляецца жаданне пашыраць прастору нашага беларускага прыгожага пісьменства, узбагачаць яго новым і дагэтуль невядомым вопытам. Мо так адважна ў апошнія гады беларускія перакладчыкі ўзяліся за пераўвасабленне кітайскай паэзіі. У сёлетнім выпуску «Даляглядаў» нас чакае сустрэча з вершамі Ван Цзянчжана, Мэн Хаажаня, Лю Юйсі, Вэнь Ідо, Ван Гачжэня, Сюй Чжымо. Беларуска-кітайскія сувязі ў XXI стагоддзі развіваюцца даволі інтэнсіўна. Быў некаторы, у тры-чатыры дзесяцігоддзі, перапынак. А зараз і ў Кітаі пачалі друкаваць пераклады твораў беларускіх паэтаў і празаікаў, і ў Беларусі шмат робіцца па прадстаўленню кітайскай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. Выйшла болей дзесяці кніг у серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі падрыхтаваў дзве аўтарскія анталогіі перакладаў з кітайскай паэзіі — «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая» і «Пялёскі лотаса і хрызантэмы: 100 паэтаў Кітая XX стагоддзя». А яшчэ Мікола Міхайлавіч пераклаў і выдаў асобнай кнігай болей ста вершаў кіатйскага класіка сусветнай паэзіі Ай Ціна. Зборнік яго вершаў і паэм «Гімн святлу» выйшаў пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Шкада, што паэт і перакладчык, нястомны прапагандыст іншанацыянальных паэтычных Сусветаў Мікола Мятліцкі так заўчасна пайшоў з жыцця...

«Далягляды» — альманах, чые сустрэчы з чытачом распачатыя яшчэ ў 1970-я гады, набывае новае дыханне. Гэта выяўляецца і ў тым, што многія пераклады, якія ўвайшлі ў сёлетні выпуск, здзейснены непасрэдна з мовы арыгінала. Несумненна, ёсць і праблемы, якія з часам, відавочна, будуць вырашацца на новым узроўні. Галоўная з іх — выбар аўтара і тэкста твора з іншанацыянальных літаратур. Калі з класікай усё зразумела, паэзія і проза вялікіх мастакоў слова адкрытая, знаёмая і праз пераклады на рускую мову, і з многіх інфармацыйных крыніц (і інтэрнэт-прасторы не ў апошнюю чаргу), то як правільна выбраць найболей цікавае з твораў сучасных аўтараў — пытанне з пытанняў. Канешне ж, каб не памыліцца, каб даносіць да чытача найболей цікавае, вартае ўвагі, патрэбна болей шырокае знаёмства з чужым і невядомым літаратурным, мастацкім светам. А гэта немагчыма без стасункаў, без шырокіх абмеркаванняў. У 2007 годзе пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у праграму Дзён беларускага пісьменства быў уключаны круглы стол пад агульнай ідэяй «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Назвы сустрэч і дыскусій мяняліся, а ідэя заставалася ранейшая... Сузаснавальнікам яго сталі і Саюз пісьменнікаў Беларусі, і вядучыя выдавецтвы краіны. За пятнаццаць гадоў Беларусь наведалі пісьменнікі як з постасавецкіх, так і з розных іншых еўрапейскіх і азіяцкіх дзяржаў. А з 2015 года ў Мінску штогод у межах праграмы Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу праводзіцца Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Дарэчы, у 2015 годзе быў праведзены і беларуска-кітайскі пісьменніцкі форум. А ў сакавіку 2023 года ў Мінску і Мінскай вобласці прайшлі Дні ўзбекскай літаратуры ў Беларусі... Жывыя сустрэчы адыгрываюць асаблівую ролю ў развіцці кантактаў паміж пісьменнікамі і перакладчыкамі. Ужо ў час круглых сталоў і сімпозіўмаў плануюцца розныя праекты ў галіне мастацкага перакладу, умацоўваецца мост літаратурнай дружбы.

Альманах «Далягляды» у значнай ступені і з’яўляецца адлюстраваннем тых памкненняў, якімі жывуць перакладчыкі Беларусі, адлюстраваннем намаганняў і літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў — часопісаў «Полымя», «Маладосць», газеты «Літаратура і мастацтва», якія спрабуюць развіць і пашырыць прастору мастацкага перакладу ў Беларусі. Відавочна, што наспеў час адрадзіць яшчэ хаця б альманах «Ветразь», дзе заўсёды асобна вылучаліся пераклады з іншанацыянальных дзіцячых літаратур. А самі «Далягляды», магчыма, па перыядычнасці зрабіць паўгадавымі. Істотна развіццю гэтага накірунку ў сучасным беларускім літаратурным працэсе магла б паспрыяць і крытыка. На жаль, як правіла, перакладныя выданні знаходзяцца зараз па-за яе ўвагай.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.