Вы тут

Дэпутаты разгледзелі змяненні ў Закон «Аб сродках масавай інфармацыі» і адобрылі Закон «Аб народным апалчэнні»


І калі законапраект, якім уносяцца карэктывы ў дзейнасць медыйнай сферы, у Авальнай зале чыталі ўжо другі раз, то Закон «Аб народным апалчэнні» парламентарыям быў прадстаўлены ўпершыню. Увогуле, гэта першы падобны законапраект у нашай краіне — сучасная абстаноўка ў свеце патрабуе павышанай увагі да пытання абароназдольнасці. 


Усенародны характар абароны

Праект закона, які падрыхтаваны Міністэрствам абароны, накіраваны на ўстанаўленне прававых асноў рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, права на добраахвотны ўдзел у забеспячэнні ваеннага становішча ў Беларусі. У прыватнасці, праектам закона вызначаюцца тэрміны «народнае апалчэнне», «атрад народнага апалчэння» і «добраахвотнік народнага апалчэння», агульныя пытанні фінансавага і матэрыяльнага забеспячэння народнага апалчэння. Прадугледжаны абмежаванні пры залічэнні грамадзян у народнае апалчэнне, а таксама парадак кіраўніцтва народным апалчэннем, фарміравання, камплектавання і дыслакацыі атрадаў народнага апалчэння, выканання імі задач. Прапісаны паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і службовых асоб у сферы дзейнасці народнага апалчэння.

— У складанай ваенна-палітычнай абстаноўцы Рэспубліка Беларусь працягвае прытрымлівацца асноўных прынцыпаў міралюбівай палітыкі: захаванне міру, спакою і дабрабыту нашых грамадзян, — падкрэсліў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Яўген Зайцаў. — Гэта наша асноўная задача. Аналіз сучасных войн сёння дазваляе зрабіць выснову, што абарона Айчыны павінна насіць усенародны і масавы характар. Менавіта гэтыя задачы і вырашае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб народным апалчэнні». Прыняцце гэтага законапраекта дасць магчымасць стварыць неабходныя ўмовы для падтрымання правапарадку на адміністрацыйных тэрыторыях, захавання маёмасці грамадзян, юрыдычных асоб усіх форм уласнасці, а таксама для аказання садзейнічання тэрытарыяльным органам унутраных спраў у забеспячэнні мерапрыемстваў ваеннага становішча. Вядома, гэта дасць магчымасць грамадзянам добраахвотна прымаць удзел ва ўзброенай абароне свайго дома, родных і блізкіх, свайго населенага пункта, хатняга ачага — і такім чынам удзельнічаць ва ўзброенай абароне нашай дзяржавы. 

Павышэнне адказнасці ў інфармацыйнай і выдавецкай прасторы 

Законапраект «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», адобраны парламентарыямі ў другім чытанні, накіраваны на забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі, абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі ў сферы масавай інфармацыі. У ходзе падрыхтоўкі да разгляду ў другім чытанні ў тэкст праекта закона ўнесены праўкі ўдакладняючага і тэхнічнага характару. У прыватнасці, ліквідаваны супярэчнасці паміж асобнымі нормамі Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» і Указа Прэзідэнта ад 22 сакавіка 2022 года № 116 «Аб навінавых агрэгатарах у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт».

У першым чытанні разгледжаны законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспублікі Беларусь». Дакумент распрацаваны з мэтай удасканалення прававога рэгулявання грамадскіх адносін у сферы выдавецкай справы. Асноўныя палажэнні праекта накіраваны на пашырэнне пераліку падстаў для перарэгістрацыі выдаўцоў і вытворцаў друкаваных выданняў, а таксама пераліку падстаў для прыпынення і спынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў. Акрамя таго, пашыраюцца паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі, у тым ліку, у прыняцці рашэння аб спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі для выдаўцоў друкаваных выданняў.

Рэформа для бізнес-супольнасці 

У першым чытанні парламентарыі адобрылі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці». Дакумент накіраваны на ўдасканаленне прадпрымальніцкай дзейнасці грамадзян, павышэнне ўзроўню іх удзелу ў дзяржаўных расходах, стварэнне справядлівай сістэмы падаткаабкладання і канкурэнтнага асяроддзя паміж рознымі арганізацыйна-прававымі формамі мікрабізнесу. Плануецца, што законапраектам ўмацуецца давер у сістэме «прадпрымальнік — дзяржава» і «прадпрымальнік — спажывец». 

Як адзначыў член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Анатоль Насеня, законапраект прайшоў беспрэцэдэнтнае абмеркаванне ў грамадстве з прыцягненнем практычна ўсіх катэгорый бізнес-супольнасці: ад індывідуальных прадпрымальнікаў да прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. «Нават буйны бізнес з задавальненнем падключыўся да абмеркавання гэтага законапраекта, — заўважыў дэпутат. — Што больш за ўсё цікавіла прадстаўнікоў бізнесу? Асноўны пасыл, які закладзены ў гэтым законапраекце, — тыя напрамкі, у якіх індывідуальныя прадпрымальнікі сапраўды змогуць сябе рэалізаваць, працуючы далей, не жадаючы трансфармавацца ў камерцыйную арганізацыю: гэта значыць, чым яны змогуць займацца і на якіх умовах гэта будзе».

Па словах парламентарыя, пытанні, якія хвалявалі прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, паралельна прапрацоўвалася на пасяджэннях рабочых груп. Некаторыя заўвагі, якія паступалі ад камерцыйных арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, у цэлым ад бізнес-супольнасці, улічваліся дзяржаўнымі органамі і тлумачыліся ў той ці іншай ступені. 

«Па-ранейшаму застаюцца актуальнымі і патрабуюць дапрацоўкі, вывучэння пытанні адносна мікраарганізацый, — паведаміў Анатоль Насеня. — Законапраектам прадугледжана выключэнне гэтай катэгорыі. Аднак мы мяркуем, што малыя камерцыйныя арганізацыі колькасцю да 50 чалавек будуць мець тыя правы, якія былі для мікраарганізацый. Гэта значыць захоўваем найбольш лаяльны рэжым функцыянавання. Застаюцца адкрытымі пытанні па камунальных паслугах. Законапраектам прадугледжана, што юрыдычны адрас у індывідуальнага прадпрымальніка пры трансфармацыі застаецца па месцы жыхарства. Гэтае пытанне таксама патрабуе некаторай дапрацоўкі, у тым ліку з прадстаўнікамі ЖКГ. Заканапраектам заяўлена тое, што гэтая трансфармацыя будзе адбывацца ў кароткія тэрміны, гэта будзе бясплатна».

Дэпутат падкрэсліў, што ў цэлым рэформа бізнес-супольнасцю ўспрымаецца канструктыўна. Усе слушныя прапановы прапрацоўваюцца. «На выхадзе мы атрымаем якасны законапраект, які мае значны не толькі эканамічны, але і сацыяльны эфект: новаўвядзенні закрануць каля 400 тысяч грамадзян і каля 100 тысяч арганізацый», — удакладніў ён. 

Бясплатная кансультацыя за мяжой і рэабілітацыя нарказалежных 

У першым чытанні дэпутацкім корпусам разгледжаны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях аховы здароўя». Палажэнні дакумента накіраваны на ўдасканаленне нормаў, якія датычацца аказання медыцынскай дапамогі, кантролю медыцынскай дзейнасці, а таксама прафесійнай падрыхтоўкі медыцынскіх супрацоўнікаў. 

— Прайшло практычна два гады з таго часу, як мы працуем па абноўленым Законе «Аб ахове здароўя», у які мы ўносілі вялікую колькасць змен, але жыццё настолькі дынамічнае, што наспела неабходнасць зноў уносіць змены, — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак. — Калі казаць пра аказанне медыцынскай дапамогі, што вельмі важна для людзей, якія пакутуюць, напрыклад, на рэдкія захворванні (анкалагічныя, прыроджаныя), — гэта забеспячэнне іх лекавымі прэпаратамі. Прадугледжваецца магчымасць закупкі лекавых прэпаратаў для людзей з гэтымі паталогіямі часам нават персанальна пад нейкага чалавека. Акрамя таго, не заўсёды ёсць магчымасць пры нейкай цяжкай ці рэдкай паталогіі аказаць чалавеку медыцынскую дапамогу ў Рэспубліцы Беларусь. У гэтым законапраекце мы ўносім такія змены, каб такому чалавеку неабавязкова было выязджаць за межы краіны, а накіраваць біялагічны матэрыял для кансультавання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Што датычыцца нарказалежных асоб і іх рэабілітацыі, вызначаюцца паўнамоцтвы Савета Міністраў па зацвярджэнні палажэння аб стварэнні такога рэабілітацыйнага цэнтра і іншых асаблівасцяў комплекснай медыка-сацыяльнай рэабілітацыі асоб з нарказалежнасцю. Кажучы аб новаўвядзеннях, звязаных з ацэнкай якасці медыцынскай дапамогі, дэпутат нагадала, што ўжо практычна два гады сістэма аховы здароўя працуе над акрэдытацыяй медыцынскіх цэнтраў. «Цяпер мы ўносім змены, каб была магчымасць выдзялення фінансавых сродкаў для так званых базавых устаноў — устаноў базавага ўзроўню ў малых населеных пунктах», — удакладніла Людміла Макарына-Кібак. 

Што датычыцца ўдасканалення паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў, законапраектам абумоўлены тонкасці навучання ў клінічнай ардынатуры: колькі гадоў вучыцца, як вучыцца, як аплачваць навучанне і інш.

Супрацоўніцтва ў ваеннай сферы 

Таксама ў другім чытанні быў прыняты праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін», ратыфікаваны шэраг дакументаў. У прыватнасці, адобраны законапраект «Аб ратыфікацыі Пратакола паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы ад 19 снежня 1997 года». Дэталізуюцца нормы Пагаднення аб рэгіянальнай групоўцы войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі: прадугледжваецца магчымасць дыслакацыі злучэнняў і воінскіх часцей расійскай часці гэтай групоўкі, аб’ектаў ваеннай інфраструктуры Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, якія забяспечваюць іх функцыянаванне. 

Як падкрэсліў, прадстаўляючы дакумент, міністр абароны Віктар Хрэнін, на цяперашні момант тых мер, якія прымаюцца для забеспячэння бяспекі ваенным ведамствам сумесна з Расійскай Федэрацыяй, дастаткова. У гэтай сувязі кіраўнік абароннага ведамства нагадаў аб падпісаным нядаўна разам з расійскім калегам палажэнні аб парадку ўтрымання нестратэгічнай ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны. «Гэта і ёсць тая дзейсная мера, якая павінна астудзіць агрэсіўны характар і ваяўнічую рыторыку, якая ідзе найперш ад нашых суседзяў, — адзначыў Віктар Хрэнін. — А тое, што ў інфармацыйным полі адбываецца... тут мы, вядома, будзем працаваць і далей».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».