Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Мокрая курыца»


Камусьці камандзіроўка — турбота, а камусьці кайф. Раней камандзіроўкі «грузілі» Веру. А пасля паездкі ў Краснадар усё змянілася. Цяпер яна сама папрасілася ў Екацерынбург. Там яна сустрэнецца з Жаннай, успомняць курсы павышэння кваліфікацыі, на якіх пазнаёміліся два гады таму.


Фота: pixabay.com

Тады на курсы ў Краснадар прыбыла дзевяноста мужчын, у асноўным ваенныя, і дзве жанчыны. Загружаная клопатамі Вера і думкі не дапускала, што ў камандзіроўцы можна прыемна правесці час. У яе жыцці былі: праца, дом, пастаянна бурклівы муж Вадзік, злосная свякроў і капрызны сын Пецька.

Вадзік утлумачыў Пецьку, што яго маці «няўмеха» — там не прыбрана, тут не прыбрана, хоць Вера працавала на паўтары стаўкі і рабіла ўсю працу па хаце. Сам Вадзік суткамі ляжаў на канапе, глядзеў ТБ, таўсцеў, вага ўжо набліжалася да лічбы 200, і чым больш важыў мужчына, тым мацней станавілася яго незадаволенасць. Ён перайшоў працаваць на паўстаўкі, таму што стамляўся.

У бальніцы, дзе Вера працавала, легкадумнасць не віталася. Галоўны ўрач патрабаваў фанатычнага стаўлення да сваіх абавязкаў. Закутая ў рамкі незадаволенасці мужа, Вера паступова апускалася ў дэпрэсію, тоячы ў сабе раздражненне і крыўду. Працавала на аўтамаце і ўжо забылася, што яна сімпатычная жанчына. Весялосць і лёгкасць патухлі пасля двух гадоў замужжа.

На час вучобы на курсах Веру пасялілі ў інтэрнаце пры iнстытуце. На другі дзень, вярнуўшыся з заняткаў, яна адкрыла шафу і адхіснулася ад нечаканага інтэнсіўнага паху дарагіх духоў. На яе вешалцы вісела чужая дублёнка. На стале прадукты: банкі з чырвонай і чорнай ікрой і іншыя смачнасці, якія маглі ёй толькі прысніцца. З душавой выйшла бляклая жанчына з пахам дарагой парфумы.

«Мокрая курыца», — мільганула параўнанне ў Веры. «Хэлоў! — гулліва сказала дама і ўсміхнулася. — Я Жанна! Крыху спазнілася». На ёй была кідкая чорная атласная бялізна і ружовыя тэпцікі, але твар... Твар уяўляў размытую пляму: бялявыя вочы, тонкія вусны і рэдкія валасы.

«Не пашанцавала са знешнасцю», — Вера ў думках паспачувала жанчыне. Суседка закруціла на галаве ручнік і засыпала пытаннямі: «Цi ёсць цікавыя мужыкі? У рэстаран хадзіла?» Папрасіла дапамагчы павярнуць ложак. «Хачу бачыць, хто адчыняе дзверы», — патлумачыла яна на здзіўлены погляд Веры.

Яны павярнулі ложак высокай спінкай да акна, і Жанна ўладкавалася на iм, закінуўшы нагу за нагу. Чорны атлас блішчаў на белых прасцінах, а рудыя падкручаныя плойкай валасы залацістым воблачкам атачалі пляму твара. «А цяпер будзем рабіць твар, — хіхікнула Жанна. — Табе якія вочы больш падабаюцца, круглыя ці вузкія?»

І яна сапраўды намалявала сабе твар. «Для жанчыны галоўнае не прыродныя дадзеныя, — яна агледзела Веру, ацэньваючы, — а дагледжанасць». «Табе хто-небудзь спадабаўся?» — спытала яна праз хвіліну. «Не думаю», — замялася Вера. Замужняй жанчыне нязручна прызнацца, што спадабаўся вусаты брунет.

«Учора ў ленінскім пакоі быў паказ новага фільма. Я зайшла апошняй, і мне не хапіла месца, — збянтэжана ўсміхнулася Вера. — Мужчыны сядзелі, зняўшы боты. Я пастаяла каля дзвярэй і пайшла». «Няма чаго ціхенька стаяць, трэба было прыцягнуць увагу, — сказала Жанна. — Добра, заўтра я гэтага не дапушчу».

Пасля прыезду Жанны мужчыны сталі «памыляцца» дзвярыма або зазіралі да іх, каб спытаць: «Як прайсці ў бібліятэку?» Перад дзвярыма ў эфектнай позе, памахваючы ножкай, ляжала Жанна, прыцягваючы погляды. Гэта яе не бянтэжыла, затое бянтэжыла Веру і мужчын.

Па раніцах Жанна рабіла расцяжку. «Гімнастка?» — спытала Вера. «Займалася, — адказала Жанна, — цяпер падтрымліваю форму. Бываю з мужам на людзях, ён прафесар. Трэба адпавядаць». «Муж нашмат старэйшы», — здагадалася Вера. «Адпусціў?» — спытала яна. «Так, — Жанна зморшчыла носік, — сказаў: едзь, чартоўка, толькі хвост не задзірай».

Мужчыны акружылі іх увагай. Веру гэта бянтэжыла, але было прыемна, калі мужчыны бралі пад казырок пры сустрэчы. Вера зайшла ў пакой і спынілася ў здзіўленні. Жанна старанна ламала ложак. Дзе знайшла сякеру?

— Што ты робіш?

— Не бачыш, ламаю, — спакойна адказала Жанна.

— Навошта?

— Трэба прыцягнуць сюды мужыка, які мне спадабаўся. Папрашу адрамантаваць.

У Веры пахаладзела ўнутры, няўжо Жанне спадабаўся вусаты? Жанна прывяла менавіта яго. Звалі мужчыну Сяргей. Ён рамантаваў ложак і загаворваў з Верай. Жанна ўсміхнулася і выйшла за імбрычкам. Вярнуўшыся, сказала, што іх усіх запрасілі на вечарыну да аднаго з калег з гэтага горада. «Адмова не прымаецца», — запляскала яна ў ладкі.

На вечарыне было весела. Выпілі і вырашылі застацца начаваць, каб уначы не цягнуцца ў інтэрнат праз горад. Сталі вызначацца, хто дзе будзе спаць. Веры дасталася кухня. Каб пазбегнуць неспадзяванкі, яна загарадзіла табурэткай дзверы і паклала побач важкі чарпак. Але ніхто не паквапіўся!
Сяргей заляцаўся да Веры, але ў яго жонка, у яе муж. У зале на падлозе ляглі чацвёра мужчын, а Жанна з гаспадаром пайшла ў спальню... у Веры некалькі дзён было адчуванне няёмкасці за суседку, а Жанне хоць бы што.

Паддаўшыся агульнаму настрою, Вера схадзіла з Сяргеем у кіно. Увечары доўга гулялі па вуліцах. Ён сказаў: «Шкада, што мы не сустрэліся раней», і яна згодна кіўнула. Яны раз’ехаліся, пакінуўшы ў памяці прыемныя ўспаміны, без налёту здрады.

Вера ўспамінала тыя курсы, Сяргея і Жанну. Хацелася яшчэ раз з ёй сустрэцца. Першы месяц яны перапісваліся, а потым перапіска перапынілася. І вось з’явілася магчымасць паехаць у камандзіроўку ў Екацерынбург. Яна прадчувала сустрэчу, прадстаўляла, як смяецца Жанна.

Вера патэлефанавала ў дзень прыезду: «Жанна! Прывітанне! Гэта Вера! Як ты, сяброўка? Я ў тваім горадзе, давай сустрэнемся!» Яна пачула: у Жанны заплакала маленькае дзіця. Яна нешта невыразнае адказала, зусім іншым, халодным голасам, а потым нечакана рэзка сказала: «Тое, што было на курсах, было самым вялікім глупствам з майго боку. І больш мы да гэтага вяртацца не будзем. Бывай!». І кінула трубку. Вера не стала больш яе турбаваць.

Дзякуючы жыццярадаснасці і гарэзлівасці Жанны там, на курсах, Вера адчула сябе «жывой». І дома пасля яе вяртання стала ўсё наладжвацца: муж скінуў 20 кілаграм, начальнік зрабіў камплімент. Ёй захацелася выглядаць лепш, сышла дэпрэсія. Пасля іх сустрэчы змянілася жыццё Веры, а цяпер, высветлілася, нешта карэнным чынам змянілася ў жыцці Жанны.

Праз пяць гадоў Вера выпадкова сустрэла яе на вакзале, Жанна была сур’ёзнай. Калі загаварылі пра курсы, у яе вачах заскакалі чорцікі. Аказваецца, яна нарадзіла дзіця ад гаспадара кватэры, дзе была вечарынка. Вынік — муж яе кінуў, ён не мог мець дзяцей. «Ты ведаеш, што ён мне сказаў, калі сыходзіў? — жалілася Жана. — Ён сказаў: „Мокрая курыца“». Падобна на тое, што для яе гэта было самым крыўдным. Жанна паморшчыла носік: «Вось пойдзе дзіця ў школу, я зноў замуж выйду». «Ёсць сябар?» — спытала Вера. «Ёсць кандыдатура!» — Жанна шматзначна падняла ўверх палец.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?