Вы тут

«Мы з мужам усё робім разам, а дзеці глядзяць і бяруць прыклад з нас». Шчасце — на семярых


Са шматдзетнай сям'ёй Шамехіных пазнаёмілася летась на незвычайным свяце ў вёсцы Старая Беліца, што пад Гомелем. Шматлікія жыхары населенага пункта з песнямі і танцамі віншавалі Галіну Шамехіну з атрыманнем ордэна Маці. Каб падзяліць сваю радасць з аднавяскоўцамі, сям'я ў сваю чаргу падрыхтавала пачастункі, а ў сельскім клубе-бібліятэцы арганізавалі святочны канцэрт. Пасля выступлення, калі вялікае сямейства высыпала на вуліцу, каб сфатаграфавацца, падалося, што шэры кастрычніцкі дзень асвяціўся россыпам электрычных іскрынак. Такі пазітыўны зарад перадаваўся ад герояў свята. У гэтую сям'ю, дзе якраз «сем Я», карэспандэнт «Сямейнай газеты» завітала напярэдадні Дня абароны дзяцей.


Дома, у рытме звычайным, побытавым, Шамехіны аказаліся такімі ж няўрымслівымі і вельмі адкрытымі. Дужыя, дружныя, дзейсныя... Глядзіш і ганарышся: з якімі сем'ямі разам жывеш у адной краіне.

У Галіны і Сяргея Шамехіных — чатыры дачкі і сынок. Старэйшай Лізе — 19 гадоў. Яна скончыла педагагічны каледж, працуе ў школе настаўнікам пачатковых класаў, паралельна вучыцца ў Гомельскім дзяржуніверсітэце, а яшчэ ўзначальвае маладзёжнае крыло Урыцкай пярвічнай арганізацыі «Беларускага саюза жанчын». Сярэднім — Маргарыце і Сафіі — 13 і 8 гадоў, малодшым — Ангеліне — 5 гадоў, а Цімафею — два.

Сама шматдзетная мама Галіна — адна з шасцярых дзяцей сваіх бацькоў. У сям'і Сяргея Шамехіна расло трое хлопцаў. Даведваюся, што ўвогуле ў шматдзетных бацькоў і ўжо ў іх бацькоў, родных сясцёр і братоў на ўсіх — 36 дзяцей. У старэйшага пакалення — без малога два дзясяткі ўнукаў.

— Мы з мужам хадзілі ў адзін дзіцячы садок, потым у школу. У наступным месяцы адзначым роўна 20 гадоў, як ажаніліся, — дзеліцца Галіна.

За гэты час яны сваімі сіламі пабудавалі дом у роднай вёсцы. Калі нарадзілася трэцяе дзіця, завялі хатняю гаспадарку. Пачалі апрацоўваць вялікі агарод, а цяпер нават і не адзін, гадаваць свінак, козачак, курэй.

— Наогул, даводзілася чуць ад людзей у нашай вёсцы, як ім мяне шкада. Кажуць, бедная ты, Галка, з пяці раніцы ўжо на нагах. Я здзіўляюся і заўсёды гавару: шкадуеце, бо не ведаеце, якая я шчаслівая. Я заўсёды марыла, каб у мяне была вялікая сям'я, — усміхаецца жанчына.

Галіна, наперакор чужому ўяўленню, даказвае сваім прыкладам, што шматдзетная мама можа ўдала спраўляцца і з гадаваннем дзяцей, і вядзеннем вялікай гаспадаркі.

— Дачушка Сафія заканчвае трэці клас — яна наша з мужам вялікая памочніца па гаспадарцы. Старэйшыя дочкі — Ліза і Маргарыта — могуць цалкам замяніць мяне ў прыборцы дома, гатаванні, дапамагаюць агарод палоць. Але на зямлі, дарэчы, работу не так любяць, — смяецца Галіна, а малодшыя дочкі тут жа хочуць пахваліцца, як умеюць паіць коз, свінак, курэй і куранят. Дапамагаюць карміць жыўнасць.

Уключаюцца ў насычанае працай жыццё сям'і і самыя маленькія — Ангелінка і Цімоша. Дапамагаюць як могуць: слухаюцца, не капрызяць, актыўна цікавяцца тым, як працуюць па гаспадарцы старэйшыя.

Цікава, што Шамехіны — сям'я тэхнічная. Яны фанаты самай рознай сучаснай тэхнікі. У доме, акрамя звыклых побытавых гаджэтаў, — пасудамыйка, робат-пыласос, адпарвальная станцыя і нават калонка-ўзмацняльнік для караоке. Больш, чым тэхнікі для дома, у іх розных гаджэтаў для вядзення гаспадаркі.

— Нашы дзеці заўжды бачаць, як мы разам з мужам ахвотна «прыручаем» розную тэхніку. Напрыклад, у нас два міні-трактары з прычэпамі. Кіруе не толькі муж, але і я. Разам едзем траву ці сена нарыхтоўваць, — тлумачыць Галіна, якая навучылася вельмі добра абыходзіцца і з мотаблокам, і з культыватарам. — У нас шмат самых розных агрэгатаў для касьбы, апрацоўкі зямлі.

Дзякуючы сваёй працавітасці і надзвычайнай дружнасці Шамехіны — знакамітасці Старой Беліцы. Бацьку вялікага сямейства ўдаецца сумяшчаць догляд дамашняй гаспадаркі з асноўнай працай на Гомельскім хімічным заводзе.

— Нас у вёсцы называюць неразлучнікамі. Мы з мужам усё робім разам, а дзеці глядзяць і бяруць прыклад з нас, — раскрывае Галіна сакрэт сваёй сям'і . — Увогуле, пра наш род сапраўды кнігу напісаць можна ці фільм зняць. І галоўная дзеючая сіла там была б — дзеці, — пераканана шматдзетная мама.

Галіна Шамехіна — першая і пакуль адзіная маладая жанчына ў іх вёсцы, якая адзначана дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Маці.

— Мая мама Ніна Васілеўна Балбушава была ўзнагароджана ордэнам Маці ў 1999 годзе, а мая залоўка, Аксана Балбушава, у якой шасцёра дзяцей, — амаль дзесяць гадоў таму. Для мяне гонар, што і я як шматдзетная мама атрымала дзяржузнагароду, — зазначае Галіна і прызнаецца, што, калі на вясковым свяце яе віншавалі з гэтай падзеяй, плакала і не магла ўтрымацца.

— Ад свайго мацярынскага шчасця плакала, бо, дзякуй богу, у мяне вельмі добрая сям'я. Я, калі лёс паспрыяе, мару стаць мамай і шосты раз, — прызнаецца жанчына.

Увогуле, муж і жонка Шамехіны пераконваюць, наколькі важна, а ў вёсцы асабліва, імкнуцца забяспечыць дзяцей не толькі ў бытавым плане, але і даць магчымасць развівацца творча.

У Старой Беліцы працуюць дзіцячы садок і пачатковая школа. Старэйшыя дзеці з пятага класа мусяць ездзіць вучыцца ў цэнтр сельсавета — Урыцкае. У гуртках па інтарэсах яны займаюцца пры школе або ў клубе-бібліятэцы ў самой Старой Беліцы.

— Мы з мужам і старэйшая дачка Ліза водзім машыну. Стараемся быць максімальна мабільнымі. Але ўсё ж вазіць дадаткова дзяцей на гурткі ў горад праблематычна для нас. Праўда, мы не здаёмся: вечарамі з дзецьмі шмат што робім рукамі — лепім, малюем. Цяпер у нас новае сямейнае захапленне — спяваем пад караоке, танцуем, здымаем кліпы для сябе. Нядаўна самі знялі і зманціравалі кліп аб сваёй сям'і для ўдзелу ў абласным конкурсе, — дадае Галіна.

Неверагодна, але такое імкненне карысна заняць, творча развіваць дзяцей маладая маці сумяшчае з дамашняй кулінарнай вытворчасцю, інакш не скажаш. Яна мінімізавала пакупкі прадуктаў у краме. Вырабляе сама ўсю неабходную «малочку» — ад тварагу да сыроў, усю выпечку, робіць дамашнія вырабы з мяса. Але пераканана, што без падтрымкі мужа і дзяцей ні з чым бы не справілася.

— Я смяюся і кажу, што ў нас не пяцёра дзяцей, а плюс яшчэ амаль 30, бо старэйшая дачка Ліза — настаўніца пачатковых класаў. Сшыткі, заданні, клопаты і праблемы вучняў — яна перажывае, і мы, вядома, таксама разам з ёй. Таму ў нас увогуле ўсё навокал пра дзяцей і для дзяцей.

Цікава было дазнацца ў маладога педагога Лізаветы Сяргееўны Шамехінай: тое, што яна — старэйшая сястра ў шматдзетнай сям'і, дапамагае ў працы ў школе?

— Не тое слова! І калі прыйшла працаваць, першымі гэта — не ведаю, як — адчулі дзеці. Мне лягчэй кантраляваць клас, мірыць тых, хто пасварыўся, адчуць, да каго які падыход абраць, — падзялілася Лізавета Шамехіна. — Калі маме ўручылі ордэн Маці, увесь калектыў школы шчыра мяне віншаваў. Калегі дзівіліся, якія ў мяне прыгожыя, маладыя, паспяховыя бацькі. Дарэчы, у працы з дзецьмі вельмі дапамагло тое, што з маленства мама з татам падтрымлівалі мяне і шчыра захапляліся маімі творчымі заданнямі для школы. Вырабы для конкурсаў рыхтавалі разам і ўсім было цікава. Я цяпер так са сваімі вучнямі працую.

Дарэчы, усе малодшыя сёстры Шамехіны таксама актыўныя ўдзельнікі вясковага грамадскага жыцця. Яны спяваюць, чытаюць вершы на ўсіх мерапрыемствах і акцыях, што праводзяцца ў роднай вёсцы. Разам з бацькамі дзеці ўдзельнічаюць ў спартыўных святах.

Днямі сям'я са Старой Беліцы ўпершыню прымала ўдзел у абласным конкурсе сямейнай творчасці «Жывіце ў радасці», які праходзіў у Рэчыцы. Для ўдзелу ў свяце неабходна было прадставіць мастацкія і кулінарныя шэдэўры, а таксама канцэртнае выступленне.

— На падрыхтоўку да конкурсу ў нас пайшло амаль тры месяцы. Дапамагала на ўсіх этапах і ідэйна натхняла нас загадчыца Старабеліцкага сельскага клуба-бібліятэкі Ларыса Грыгарэнка, — шчыра дзякуе Галіна.

Чайна-бліннае раздолле, бульбяны рай, малочны букет, мясны сусвет... Гэта толькі частка назваў, пад якімі ўдзельнікі са Старой Беліцы прэзентавалі прыгатаваныя стравы. Увогуле, у іх меню было 25 страў, большасць з іх Галіна паспела амаль за суткі прыгатаваць цалкам самастойна, з астатнімі дапамагалі.

— Многія стравы былі агульнавядомыя, але запечаныя, засмажаныя менавіта так, як рабілі ў маёй сям'і, калі яшчэ малая была. Нас асабліва ўразіла, колькі людзей падыходзіла, знаёмілася з нашай сям'ёй, частавалася, — распавядае суразмоўца. — У канцэртнай частцы з малодшымі дочкамі спявалі песню «Беларусь — мой дом», а ў канцы нумара выйшлі на сцэну муж са старэйшымі дочкамі і мае бацькі.

У «групе падтрымкі» засталася мама Сяргея — Раіса Канстанцінаўна з малодшым Шамехіным, бо сынок Цімафей трымаўся-трымаўся ды заснуў, не паглядзеўшы выступленне. «Давядзецца больш актыўна ўдзельнічаць у конкурсах надалей, каб і ён прывыкаў да сцэны», — смяецца шматдзетная
мама.

Галіна раіць усім бацькам выязджаць з дзецьмі на падобныя фестывалі, дзе можна дзяліцца вопытам і сямейнымі традыцыямі.


Рэцэпт любімага фірменнага торта сямейства Шамехіных

Для бісквіту: 3 яйкі, 100 г цукру, 100 г мукі, соль (для вялікай сям'і прадуктаў можна ўзяць двайную норму).

Міксерам узбіць яйкі з цукрам, які ўсыпаецца часткамі. Маса павінна павялічыцца ў аб'ёме не менш чым удвая. Затым міксерам (на слабых абаротах) ці лепш сіліконавай лапаткай умешваць муку, якая прасейваецца праз сіта. Адным каржом выпякаць бісквіт каля 40 хвілін. Як будзе гатовы, астудзіць і разрэзаць на тры каржы.

Для крэму: паўлітра малака, тры сталовыя лыжкі цукру і столькі ж, але лыжкі з горкай, крухмалу, 100 г сметанковага масла.

Сумесь малака з цукрам і крухмалам паставіць на маленькі агонь. Памешваць, варыць, пакуль крэм не стане як густая смятана. Пасля дадаць у масу сметанковае масла. Важна: крэм накрыць харчовай плёнкай так, каб яна прыціснулася да паверхні крэму. Даць яму цалкам астыць.

Для прамочвання бісквітных каржоў: разведзенае 1:1 з вадой згушчанае малако, кава (апошні варыянт больш падабаецца дарослым, але не дзецям).

На прамочаныя каржы выкладваецца крэм, на які (будзе вельмі смачна) пакласці кружкі банана.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Стаўкі па крэдытах змяняцца не будуць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?