У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы днямі прайшоў вечар сямейнага чытання «Бацькоўскі дар». Мерапрыемства з'явілася ў выніку ініцыятывы ГА «Беларускі саюз жанчын», які ўжо некалькі гадоў рэалізоўвае сацыяльна-творчы праект «Сямейнае чытанне» пры падтрымцы беларускіх выдавецтваў і Міністэрства адукацыі і інфармацыі.
У рамках праекта «Сямейнае чытанне» ўбачылі свет ужо шмат кніг. Сярод іх «Маміна казка», «Не сілай, а розумам», «Калядны падарунак», а таксама кніга ўспамінаў дзяцей вайны «Ніколі не забудзем». А летась напярэдадні новага свята — Дня бацькі выйшла кніга «Бацькоўскі дар» у выдавецтве «Народная асвета». У ёй змешчаны знакавыя творы народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.
І вечар сямейнага чытання даў магчымасць яшчэ раз згадаць радкі, сюжэты вядомых і любімых твораў, каб пераасэнсаваць іх ужо па-новаму, адчуць, як напісанае адгукаецца ў рэаліях сённяшняга дня і па-ранейшаму не губляе сваёй сілы і актуальнасці. Ідэю правядзення вечара актыўна падтрымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, а таксама міністэрствы адукацыі, інфармацыі, культуры, працы і сацыяльнай абароны, Беларуская праваслаўная царква, найбуйнейшыя грамадскія аб'яднанні, прадстаўнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, артысты Купалаўскага тэатра. Але, акрамя вядомых у грамадскім жыцці людзей, сярод гледачоў у гэты вечар было многа сем'яў, якія прыехалі на мерапрыемства з усіх рэгіёнаў краіны.
Прысутныя змаглі акунуцца ў непаўторную атмасферу чытання на роднай мове. Як вядома, менавіта кнігі — першыя спадарожнікі нас і нашых дзяцей, дапаможнікі ў іх выхаванні. А сямейнае чытанне аб'ядноўвае старэйшых і самых маленькіх. Дапамагае дарослым праз кнігу ўплываць на фарміраванне асобы, багатага духоўнага свету дзіцяці. Асабліва тое актуальна ва ўмовах сучасных рэалій, у наш тэхналагічны час, калі дзяцей з маленства вабіць у свае сеткі інтэрнэт. Сямейнае чытанне можа стаць адной з добрых традыцый, а сумесна прачытаныя кнігі будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне як неацэнныя сямейныя рэліквіі.
— Мне здаецца, сёння ў сценах Купалаўскага тэатра адбываецца вельмі знакавая для кожнага з нас падзея. І вельмі хочацца, каб гэтае мерапрыемства стала традыцыйным. Не буду доўга казаць пра тое, як важна захоўваць сямейныя каштоўнасці, як важна сёння выхоўваць дзяцей у любові да роднай зямлі, мовы, — звярнулася ў прывітальным слове да гасцей вечара старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын», генеральны дырэктар прадстаўніцтва НТРК «МІР» у Рэспубліцы Беларусь Вольга Шпілеўская. — Мы — беларусы, такі асаблівы народ, мы шчырыя, добразычлівыя, а галоўнае — мы міралюбівыя. І аб гэтым неаднойчы ўсяму свету казаў кіраўнік нашай дзяржавы. Ён заўжды заклікае сабрацца за сталом перагавораў, каб словам, а не зброяй вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць сёння ў свеце. І няхай сёння ў гэтых сценах таксама гучыць слова, наша прыгожая беларуская мова, і пануе сямейная, добрая атмасфера.
Пасля на сцэне Купалаўскага тэатра гучалі галасы ганаровых гасцей. Яны чыталі свае любімыя ўрыўкі з кнігі «Бацькоўскі дар», дзяліліся ўспамінамі, думкамі пра сваё жыццё, дзяцінства, знаёмства і выбудоўванне ўзаемаадносін з кнігамі. Распачала творчую эстафету прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант.
— У часы гаджэтаў, у ХХІ стагоддзі, калі ўсе мы ў інтэрнэце і ён стаў неад'емнай часткай нашага жыцця, кніга — гэта сапраўдны дар. У кнізе заўсёды ёсць непаўторная атмасфера. Кніга была, ёсць і будзе разам з намі. З уласнага прыкладу і прыкладу сваіх знаёмых я ведаю, што чым далей развіваецца ў тэхналагічным сэнсе наша жыццё, тым часцей з настальгіяй мы вяртаемся да кнігі, — падзялілася Наталля Мікалаеўна.
Госця распавяла таксама пра тое, як у розныя перыяды па-новаму адкрывала для сябе свет мастацкай літаратуры, як мяняліся яе ўпадабанні і ўражанні ад прачытанага. А ў завяршэнне прачытала ўрывак з паэмы «Новая зямля»: «Мой родны кут, як ты мне мілы!.. // Забыць цябе не маю сілы! // Не раз утомлены дарогай, // Жыццём вясны маёй убогай, //К табе я ў думках залятаю //І там душою спачываю...»
Кожны, хто чуе гэтыя радкі, пачынае думаць пра сваё, пра тую зямлю, дзе некалі ўсё пачыналася. Пра дом, у якім і сёння чакаюць родныя людзі. І ў такія моманты якраз неяк шчымліва адчуваеш каштоўнасць таго, што маеш такія мясціны, такія ўспаміны і ўрокі, засвоеныя там.
І здабытыя там веды дапамагаюць не проста арыентавацца ў жыцці, а часам і супрацьстаяць уплыву тэхналагічнага прагрэсу, які непазбежны ў наш лічбавы час. Хоць у нечым інтэрнэт і імкнецца пацясніць друкаванае слова, а сучасныя бацькі альбо занадта занятыя побытавымі клопатамі, альбо самі занурваюцца ў гаджэты і дзецям не даюць іншага выбару, як бавіць вольны час там, кніга не губляе актуальнасці і сваіх пазіцый. Пытанні, як выхаваць у сённяшніх дзетак любоў да кнігі і як мастацкае слова можа дапамагчы ў выхаванні асобы, грамадзяніна нашай краіны, адрасавалі міністру працы і сацыяльнай абароны Ірыне Касцевіч:
— Кніга дае магчымасць пераносіцца ў атмасферу любімых сюжэтаў, абіраючы іх па стане сваёй душы. Я з дзяцінства памятаю, як ездзіла да бабулі на летнія і зімовыя канікулы. І ведаю, як важна, каб кніга была ў сям'і. Бо там часам можна знайсці адказы на тыя пытанні, якія цябе хвалююць, каб пасля па жыцці зрабіць правільны крок.
Ірына Анатолеўна згадала, як ехала штогод да бабулі зімой з сумкай кніг, а пасля чытала іх на печы пад спеў завірухі. Таксама яна распавяла, што на фарміраванне яе характару найбольшы ўплыў аказвалі кнігі пра Вялікую Айчынную вайну.
— Мы, бацькі, павінны разумець, што тое, якімі вырастуць нашы дзеці, залежыць ад нас, калі мы выхоўваем і ўдзельнічаем у іх жыцці. Таму помніце, што вельмі важна стаць для сваіх дзяцей ва ўсім эталонам і прыкладам. Дзяліцеся з імі тым, што вам блізкае і дарагое, больш размаўляйце, чытайце.
У выкананні лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народнай артысткі Беларусі, актрысы Купалаўскага тэатра Марыі Захарэвіч прагучаў верш «Край паэтаў» Пімена Панчанкі. А пасля на сцэне віталі міністра культуры Анатоля Маркевіча, які таксама падзяліўся сваімі думкамі пра важнасць кніжнага слова і яго ўплыў на чалавека ў любым узросце.
— Чытанне кнігі — гэта своеасаблівы свет, пачуцці, калі мы хочам сваім блізкім і самым родным людзям перадаць свае ўражанні. Кніга заўсёды нясе ў сабе тыя разважанні, якія актуальныя і важныя для кожнага пакалення: кніга вучыць жыць, дапамагаць, рабіць высновы і знаходзіць выйсце з самай цяжкай сітуацыі. І той жыццёвы вопыт, які даруецца нам праз кнігу, вельмі важны для кожнага з нас, — распавёў Анатоль Мечыслававіч. — Ведаеце, мне пашчасціла быць па жыцці з тымі людзьмі, якія паважаюць кнігу. А пачыналася ўсё з бабулі, якая чытала нам казкі, калі мы з братам заставаліся ў яе на канікулах. З кніг мы даведваліся і пра людзей, якія па-сапраўднаму любяць свой край, з павагай ставяцца да гісторыі і да нашай спадчыны.
У працяг сваіх думак міністр працытаваў радкі Янкі Купалы «Не шукай ты шчасця, долі // На чужым, далёкім полі, //… Ты ўсё знойдзеш гэта блізка, // Там, дзе маці над калыскай // Табе песні напявала, // Як малога калыхала, // Толькі ўмей шукаці блізка!..»
Мяркую, задумацца пра важнае змаглі прысутныя і пасля выступлення намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, які нагадаў пра тое, што навучанне заўсёды было і застаецца адной з галоўных задач у жыцці чалавека:
— Я лічу, што ў сённяшні час рэалізавацца як прафесіянал, стаць сапраўдным чалавекам без кнігі немагчыма. Падручнік сёння — гэта сродак набыцця ведаў, навігатар у сучасным свеце, каштоўнасны крытэрый, якім павінен кіравацца кожны чалавек. Кніга — гэта таксама сябар, які дазваляе назапасіць новыя веды або сістэматызаваць тое, што ўжо атрымана, і раскласці ўсё па палічках.
Надзвычай моцным акцэнтам вечара стала выступленне народнага артыста БССР, народнага артыста СССР, акцёра Купалаўскага тэатра Генадзя Аўсяннікава, калі ён прадэкламаваў верш Янкі Купалы «Мужык»: «Што я мужык, усе тут знаюць, // І, як ёсць гэты свет вялік, // З мяне смяюцца, пагарджаюць, — // Бо я мужык, дурны мужык // ...Але хоць колькі жыць тут буду, // Як будзе век тут мой вялік, // Ніколі, браткі, не забуду, // Што чалавек я, хоць мужык».
Аповеды пра характар беларусаў, наш побыт, каштоўнасці, памкненні і мары змяшчаюць творы нашых класікаў. І, перачытваючы вершы, апавяданні, аповесці, раманы, мы не проста маем магчымасць спрычыніцца да ўзораў мастацкага слова, але і згадаць мудрасць нашых продкаў, папярэднікаў, якія імкнуліся пакінуць у спадчыну, перадаць нам і будучым пакаленням найлепшае. Самым правільным будзе не разрываць гэты ланцужок і зрабіць тое ж самае, як мінімум, для нашых дзяцей.
Алена ДРАПКО
Фота: БелТА
Спрошчаным парадкам могуць скарыстацца каля 35 тысяч уладальнікаў такіх будынкаў.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.