Вы тут

Чаму пабываць на «Белагра-2023» варта нават тым, хто далёкі ад аграрнай сферы


Беларусь — аграрная краіна, і ў нашы дні гэта гучыць горда: у трэцім тысячагоддзі сельская гаспадарка — тая сфера, у якую дзяржавы ўкладваюць сродкі, а найлепшыя галовы — навуковы і даследчы патэнцыял. У сучасным свеце, насельніцтва якога складае каля 8 мільярдаў, харчовая бяспека выходзіць на першы план.


Фота: БелТА.

Канцэпцыя высокатэхналагічнай, або, як прынята казаць, разумнай сельскай гаспадаркі — выкарыстанне камп'ютарных праграм і складанага абсталявання для аптымізацыі працэсаў земляробства, раслінаводства, жывёлагадоўлі, атрымання малака і мяса — укараняецца ў жыццё і ў нашай краіне: гарантаваны ўзровень харчовай бяспекі застаецца адным з асноўных нацыянальных прыярытэтаў Беларусі. Асаблівасці такога падыходу да аграрных работ прафесіяналам будуць цікавыя з практычнага пункту гледжання, а тым, хто не звязаны з аграрнай сферай, — з пункту гледжання пазнавальнага. Тым больш што Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра» штогод праходзіць не толькі як форум прафесіяналаў, але і як яркае шоу, дзе можна ўбачыць новыя пароды сельскагаспадарчых жывёл, пакаштаваць найноўшыя лініі прадукцыі ад айчынных і замежных вытворцаў і на свае вочы ацаніць інавацыйныя тэхналогіі ў агратэхніцы, раслінаводстве, жывёла- і птушкагадоўлі. А таксама — шырокі спектр магутнай сельгастэхнікі апошняга пакалення. Сёлета ў экспазіцыі выставы — больш за 240 новенькіх бліскучых сельгасмашын, якія выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах сельскай гаспадаркі (ад тых, што здзіўляюць сваімі памерамі, да зусім малютак). Наведвальнікам дазволяць пасядзець у іх кабінах — так што на выставу варта прыйсці з дзецьмі.

Памятаеце, як падчас «Белагра-2021» сацсеткі запоўнілі сэлфі з першым айчынным трактарам-беспілотнікам? Напэўна, інавацыйнымі дзівосамі «Белагра» пачастуе наведвальнікаў і на гэты раз.

— Выстава будзе размешчана на плошчы больш за 28 тысяч квадратных метраў, — расказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка.

У межах форуму пройдуць міжнародныя спецыялізаваныя выставы — у тым ліку «Белферма» і «Белпрадукт». Адкрыецца выстава 6 чэрвеня і завершыцца — 11-га. Айчынных аграрыяў, работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці і іх замежных калег, а таксама гасцей «сельскагаспадарчай ВДНГ» яна збярэ ў выставачным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень» (25 км ад Мінска і 6 км ад Нацыянальнага аэрапорта, дакладны адрас — пр. Пекінскі, 29).

На любы густ

Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2023» сёлета будзе праводзіцца ўжо ў 33 раз. Удзел у вядучым форуме аграрыяў возьмуць 450 кампаній з дзесяці краін свету. Акрамя гаспадыні мерапрыемства — Беларусі, гэта Расія, Кітай, Пакістан, Турцыя, Германія, В'етнам, Італія, Індыя і Палесціна. Для параўнання, летась у нашу краіну для ўдзелу ў «Белагра» прыехалі прадстаўнікі 425 кампаній з пяць краін. Таксама на «Белагра-2023» будуць прадстаўлены экспазіцыі 14 абласцей Расійскай Федэрацыі.

— Буйныя экспазіцыйныя блокі прадставяць Мінскі трактарны завод, «МАЗ», «Гомсельмаш», «Амкадор», Рэспубліканскае аб'яднанне «Белаграсэрвіс», «Бабруйскаграмаш», Мінскі маторны завод і шэраг іншых буйных кампаній, — адзначыў Вадзім Шагойка.

Ён дадаў, што больш за 90 % тэхнікі, якая выкарыстоўваецца на нашых палях, — айчыннай вытворчасці. На «Белагра» можна пераканацца, што па якасных і тэхнічных характарыстыках яна не саступае вядучым сусветным узорам.

Наведвальнікаў дакладна ўразіць «Белферма-2023». Там можна будзе ўбачыць абсталяванне для малочнатаварных фермаў, дзе за статкам сочыць і даглядае ўсяго некалькі аператараў, а практычна ўсе працэсы — аўтаматызаваныя. Прафесіяналам будзе цікава азнаёміцца з новымі кармамі і дабаўкамі, ветэрынарнымі прэпаратамі, праграмным забеспячэннем і біяэнергетычнымі тэхналогіямі. А калі вы вырашылі пабываць на выставе ўсёй сям'ёй, дзецям будзе даспадобы наведаць «Рыбацкую вёску» — яе арганізуе ДА «Белводгас».

Дванаццаццю прадпрыемствамі будзе прадстаўлена пладова-агароднінная прадукцыя, якая вырабляецца ў Рэспубліцы Беларусь, расказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Вялікая ўвага сёлета аддадзена тэме ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін — яна будзе прадстаўлена чатырнаццаццю прадпрыемствамі, паведаміў ён.

Выстава «Белпрадукт» размесціцца на плошчы больш за 1200 м2, удзел у ёй возьмуць 132 беларускія вытворцы з усіх рэгіёнаў краіны. Будзе арганізаваны кірмаш прадуктаў харчавання. «Кулінарны раздзел» аграрнага форуму па ўжо існуючай традыцыі прадугледжвае багацце і размах. Дэгустацыі на такіх выставах праходзяць паўсюдна, усё ўзорна-паказальна, смачна, духмяна і гасцінна — цалкам рэальна «надэгуставацца» да абсалютнай сытасці. Да таго ж у розных частках выставы будзе працаваць 11 пунктаў харчавання. Словам, ідэальнае месца, каб напоўніць халадзільнік і зведаць новыя смакі.

Дарэчы, на заметку дачнікам — на «Белагра» можна будзе і набыць не толькі гародніну і садавіну, але і насенне новых сартоў і гібрыдаў ад айчынных селекцыянераў: усходжасць — гарантуецца. Атрымліваецца зручна: ацаніў канчатковы вынік — набыў насенне.

— Праграма «Белагра-2023» прадугледжвае як інтарэсы прафесіяналаў, якія прыязджаюць на выставу для заключэння кантрактаў і выбудоўвання бізнес-адносін, так і наведвальнікаў, якія могуць на свае вочы ўбачыць дасягненні сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны і прыемна правесці час, — падкрэсліў Вадзім Шагойка.

Новы напрамак у праграме «Белагра» — спартыўны блок: лёгкаатлетычны забег і праграма Рэспубліканскага цэнтра коннага спорту з удзелам алімпійцаў.

Перагаворы і канферэнцыі

Але ўсе вышэйпералічаныя атрыбуты свята разлічаны ў першую чаргу на тых наведвальнікаў, хто прыйшоў «проста паглядзець». Прафесіяналам падобныя форумы цікавыя ў зусім іншым ключы — у першую чаргу як пляцоўка для дзелавых сустрэч. У рамках «Белагра» прадугледжана каля двух дзясяткаў канферэнцый і семінараў, распавёў Вадзім Шагойка. Расклад кожнага дня прадугледжвае В2В-сустрэчы, дэманстрацыі і прэзентацыі, разлічаныя менавіта на прафесійны інтарэс.

— Ключавы момант ацэнкі міжнароднага супрацоўніцтва — тавараабарот і паступленне экспартнай выручкі, — адзначыў Вадзім Шагойка. — За мінулы год мы прыраслі па экспарце сельгаспрадукцыі, сельскагаспадарчай сыравіны і харчавання практычна на чвэрць. Сёлета тэндэнцыя захоўваецца: мы павялічваем экспартную выручку. «Белагра» — пляцоўка, якая спрыяе ўмацаванню сувязяў, заключэнню кантрактаў і канкрэтных дамоўленасцяў на доўгатэрміновую перспектыву.

Словам, на «Белагра-2023» цікава будзе ўсім катэгорыям наведвальнікаў. Застаецца толькі нагадаць, што выстава будзе працаваць з 10 да 18.00, з 6 да 11 чэрвеня ў парку «Вялікі Камень». У гэтыя дні з Мінска ад станцыі метро «Магілёўская» будуць арганізаваны пастаянныя транспартныя зносіны.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Стаўкі па крэдытах змяняцца не будуць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?