Вы тут

Лукашэнка: Мы пачалі збіраць плады лёсавызначальных рашэнняў у рамках Саюза Беларусі і Расіі


Адзін з фактараў забеспячэння бяспекі — устойлівае эканамічнае супрацоўніцтва. Менавіта яму была прысвечана сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Ліпецкай вобласці Ігарам Артамонавым. У гэтыя дні дэлегацыя рэгіёна з рабочым візітам наведвае Беларусь. 


Вітаючы гасцей, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі і Ліпецкай вобласці ўжо створаны задзел для далейшага пашырэння супрацоўніцтва. Гэта, паводле слоў Прэзідэнта, пацвярджаюць актыўныя кантакты з Ліпецкай вобласцю за апошнія два гады і даныя эканамічнай статыстыкі. Двухбаковы тавараабарот за мінулы год склаўся ў памеры 330 мільёнаў долараў «Лічба нядрэнная, але, як мы гаворым, паўмільярда лепш. Таму мэта — імкнуцца дасягнуць тавараабароту аб’ёмам 500 мільёнаў. Я думаю, гэту планку мы дасягнем на працягу найбліжэйшага часу. Рэзерваў дастаткова. Тым больш мы ўжо пачынаем, калі можна так сказаць, збіраць плады, не пабаюся такога слова, лёсавызначальных рашэнняў у рамках нашага саюза Беларусі і Расіі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што ў гэтай сферы было прыята шмат рашэнняў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. «Прымаючы лёсавызначальныя рашэнні, мы аказвалі падтрымку нашым урадам і міністрам у развіцці кааперацыі, перш за ўсё прамысловай кааперацыі», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Расія сур’ёзна рушыла наперад у развіцці сельскай гаспадаркі. Прычым гэта адбылося не без удзелу Беларусі. А зараз на парадку дня ўзаемнага супрацоўніцтва — высокатэхналагічныя галіны, перш за ўсё мікраэлектроніка.

«Захаднікі сышлі, і дзякуй богу, што сышлі. Мы будзем развіваць сваё. Вы ведаеце, што наша былая краіна, у якой мы ўсе жылі — Савецкі Саюз, — у прынцыпе, абыходзілася незалежна ад Захаду. Проста розуму не хапіла захаваць краіну. Але мы маглі тады, зможам і зараз», — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ключавымі напрамкамі эканомікі з’яўляюцца тэхналагічны суверэнітэт і вытворчая кааперацыя. Цяпер да кааперацыі пачынаюць падцягвацца і іншыя краіны, якія былі раней у Савецкім Саюзе. «Мы выпрацоўваем і знаходзім напрамкі супрацоўніцтва. І не толькі распрацоўваем канкрэтныя праграмы, але рэалізуем канкрэтныя кантракты па стварэнні тых або іншых вытворчасцей. Гэта значыць кааперацыя развіваецца, пазітыўны вопыт у нас вялікі. У нас добры базіс для далейшага эканамічнага развіцця», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, маюцца сур’ёзныя напрацоўкі для развіцця кааперацыі з Ліпецкай вобласцю. 

«Перакананы, магутным зыходным пунктам можа стаць наша прысутнасць на Ліпецкім трактарным заводзе, дзе мы хочам стварыць сумесную вытворчасць тэхнікі „Амкадор“. Гэты брэнд вядомы ў Расіі, вельмі запатрабаваны. Сыход заходніх кампаній вызваляе нам з вамі месца для пашырэння супрацоўніцтва і нашай сумеснай работы», — заўважыў Прэзідэнт.

У Ліпецкай вобласці некалькі гадоў таму пачалі праграму развіцця гарадскога электратранспарту. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта праблема рана ці позна паўстане перад любым горадам Беларусі, Расіі. Гарады становяцца насычанымі, населенымі, таму экалагічна чыстая тэхніка патрэбна будзе ўсё ў вялікіх аб’ёмах. «Мы гатовы пастаўляць вам поўную лінейку пасажырскай і сельскагаспадарчай тэхнікі, прычапнога і навяснога абсталявання. Гэта адносіцца і да дарожнай тэхнікі», — запэўніў ён.

Прэзідэнт прапанаваў развіваць супрацоўніцтва ў перапрацоўцы прадукцыі АПК. Перспектыўным ён таксама лічыць супрацоўніцтва ў мадэрнізацыі зернесушыльнай гаспадаркі, у сферы будаўніцтва. «Мы працуем на расійскім будаўнічым рынку. Гатовы любы аб’ект, калі трэба, вам пабудаваць, у чым вы можаце пераканацца асабіста, наведаўшы «Мінск-Арэну», — сказаў ён. 

Размова ішла таксама аб падрыхтоўцы да правядзення Дзён Рэспублікі Беларусь у Ліпецку, якія намечаны на восень гэтага года. «Прадставім усё самае найлепшае, каб нашы браты бачылі, як развіваецца Беларусь, і бачылі вынікі нашай сумеснай работы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запэўніў, што ўсе дамоўленасці, дасягнутыя падчас візіту дэлегацыі Ліпецкай вобласці ў Беларусь, будуць абавязкова выкананы. «Можаце быць на 100 працэнтаў упэўнены, што мы гэта выканаем, рэалізуем. Мы людзі абавязковыя, тым больш гэта ж не дабрачыннасць. Гэта наша жыццё, наша эканоміка. Калі яна працуе, значыць, і краіна будзе развівацца».

У нас будзе дынаміка

У размове з журналістамі Ігар Артамонаў падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж Ліпецкай вобласцю і Беларуссю развіваецца па розных напрамках. Напрыклад, кожны другі трактар, які закупляе рэгіён, беларускай вытворчасці. У рэгіёне любяць беларускія прадукты і бытавую тэхніку.

«Мы абмяркоўвалі магчымасці для беларускіх праекціроўшчыкаў прыйсці на ліпецкі рынак. У Беларусі ёсць сур’ёзныя кампетэнцыі ў выглядзе дзяржаўных праектных інстытутаў, якія сёння востра неабходны ў Расіі. Шмат мы размаўлялі і аб магчымасцях для беларускіх будаўнікоў прыйсці на нашы сацыяльныя аб’екты», — расказаў губернатар. 
Ліпецкай вобласці цікавыя беларускія беспілотнікі, яны актыўна выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Бакі абмяркоўваюць і стварэнне сумеснай зборачнай вытворчасці тэхнікі «АМКАДОР» на базе Ліпецкага трактарнага завода.

«Гэта значыць, мы шмат намацалі кропак для судакранання. І, я спадзяюся, у нас будзе новая дынаміка», — адзначыў Ігар Артамонаў. Тавараабарот Беларусі з Ліпецкай вобласцю Расіі стабільна нарастае з 2020 года. У 2021-м ён склаў $315 млн, у 2022-м дасягнуў амаль $334 млн. Пры гэтым беларускі экспарт вырас з $70 млн у 2021-м да больш як $91 млн у мінулым годзе, або на 31 працэнт.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».