Больш за 500 хлопчыкаў і дзяўчынак — навучэнцы школ Гомеля і Гомельскага раёна — прынялі ўдзел у дабрачынным свяце Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Шоу з конкурсамі і падарункамі прайшло ў кінатэатры імя Калініна. Яго гасцямі сталі шматдзетныя, маламаёмасныя сем’і, дзеці-інваліды, дзеці з сем’яў бежанцаў і мігрантаў.
Дзяцей пад музыку аркестра дзяржаўнага цырка забаўлялі клоуны і артысты. Запрашалі паўдзельнічаць у конкурсах інтэрактыўныя пляцоўкі і пазнавальныя сектары Чырвонага Крыжа і цырка. За выкананне заданняў уручалі прызы. Для дзяцей арганізавалі дэгустацыю марожанага, а таксама запрасілі на прагляд фільма на вялікім экране.
Другі год запар Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа сумесна з цыркам імя Валерыя Абеля рыхтуе для юных жыхароў Гомельшчыны такое дабрачыннае свята. Дапамогу ў яго правядзенні аказала і Гомельская абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын.
— Адзін з самых важных, самых адказных напрамкаў нашай дзейнасці — гэта будучыня нашай краіны, гэта нашы дзеці. Нам, арганізатарам, хацелася б, каб дзеці запомнілі гэтае свята. Дорым прадстаўленне, падарункі, прагляд стужкі пра займальную прыгоду, — адзначыла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ала Смаляк.
Як адзначыла сенатар, мерапрыемствы да Дня аховы дзяцей пройдуць у кожным раёне Гомельскай вобласці.
Раённыя арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа арганізуюць канцэртныя праграмы, пазнавальныя мерапрыемствы, інтэрактыўныя пляцоўкі, паходы ў паркі атракцыёнаў і шмат іншых сюрпрызаў. Дзяцей, якія не змогуць самі прыйсці на мерапрыемствы, з віншаваннямі і падарункамі наведаюць дома. Святочныя мерапрыемствы арганізуюць і ў сацыяльна-педагагічных установах. Акрамя таго ў Дзень абароны дзяцей падарункі атрымаюць таксама непаўналетнія, якія ўтрымліваюцца ў Гомельскім следчым ізалятары.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота з архіва Гомельскай абласной арганізацыі БЧК
Справа няпростая, але ўдзячная.
У Беларусі за апошнія 10–12 гадоў як агульная, так і пярвічная дзіцячая захваральнасць застаюцца прыкладна на адным узроўні.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?