Як кнігі бываюць розныя па праблематыцы, так і часопісы. Найбольш распаўсюджаныя — літаратурна-мастацкія, грамадска-палітычныя, навуковыя, а таксама навукова-папулярныя, вытворча-практычныя. Ды і такія, што ўтрымліваюць артыкулы і матэрыялы аб тэарэтычных даследаваннях, розныя артыкулы і матэрыялы прыкладнога характару. Часам яны выходзяць не на адной мове, а на дзвюх, а то і на трох. Але каб гэтым мог пахваліцца літаратурны часопіс? На постсавецкай прасторы можна назваць толькі адзінкавы выпадак: літаратурна-гістарычны і грамадска-культурны міжрэгіянальны часопіс «Палессе», які з 1996 да 2005 года выходзіў у Гомелі на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. У залежнасці ад таго, на якой былі напісаны матэрыялы. Заснавальнікам і выдаўцом быў Рыгор Андрэявец, пісьменнік, публіцыст, сцэнарыст.
Нарадзіўся ён у вёсцы Пустая Града на Лоеўшчыне. Маленства складвалася, як у многіх пасляваенных вясковых дзяцей. У першы клас пайшоў у роднай вёсцы. Пасля была васьмігодка ў Міхалёве, а потым сярэдняя школа ў Суткове. Сярод аднакласнікаў вызначаўся любоўю да кніг. Калі іх не было ў школьнай бібліятэцы, наведваўся ў суседнія вёскі. Рана з’явілася жаданне і самому пісаць. У рэчыцкай раённай газеце «Дняпровец» (тады Лоеўшчына ўваходзіла ў склад гэтага раёна) надрукаваўся яшчэ васьмікласнікам. Неўзабаве стаў і пастаянным аўтарам раёнкі. Расказваў аб тым, што адбывалася ў родным калгасе «Дружба» і суседнім саўгасе «Дняпроўскі».
Пасля была праца журналістам, настаўнічанне, служба ў арміі. Калі звольніўся ў запас, у 1974 годзе прызначылі карэспандэнтам спецвыпуску газеты «Звязда» «„Звязда“ на меліярацыі Палесся». У 1990 годзе некаторы час працаваў старшым карэспандэнтам газеты «Гомельская праўда» і тады ж на конкурснай аснове быў выбраны галоўным рэдактарам газеты «Гомельскія ведамасці».
Працаваў, пакуль не з’явілася жаданне выдаць свой часопіс «Палессе». Задумваючы гэтае выданне, паставіў перад сабой задачу друкаваць не толькі масцітых аўтараў, а даваць слова і тым, якія не заўсёды могуць прабіцца на сталічную творчую арэну.
Вымушаны з-за адсутнасці фінансавых сродкаў спыніць выданне «Палесся», знайшоў для сябе новы занятак: з 2007 да 2009 года працаваў рэдактарам аддзела стварэння праграм у тэлерадыёкампаніі «Гомель». За кароткі час стаў рэжысёрам і сцэнарыстам каля двух дзясяткаў дакументальных фільмаў: «Князь-возера», «Тураў — сталіца дрыгавічоў», «Казацкія Балсуны» і іншыя. За фільм «Паляванне на ваўкоў» атрымаў Міжнародны дыплом сярод аўтараў дакументальнага кіно. Адначасова ўпэўнена працаваў і як пісьменнік, спалучаючы ў сваёй творчасці прыхільнасць да двух жанраў.
Пачынаў з дакументалістыкі, прывязанай да рэалій сённяшняга дня, што праявілася яшчэ тады, калі працаваў журналістам. Аднак паступова зацікавіўся гістарычнымі даследаваннямі. Не проста ўзнаўляў розныя факты даўніны, а закранаў мала вывучанае, да чаго ўвага навукоўцаў не даходзіла.
Першую кнігу «Беларусы ў Расіі» выдаў у 54 гады. Яна атрымалася шматжанравая. У яе ўвайшлі і традыцыйныя нарысы, і інтэрв’ю. Знайшлося месца і публіцыстыцы. Умела пакарыстаўся Рыгор Мікалаевіч і такой формай, як споведзь ці ўспаміны таго, з кім размаўляў, а гэта дазволіла дасягнуць яшчэ большай шчырасці і пераканаўчасці. Героі кнігі — людзі знакамітыя: прамыслоўцы, банкіры, прадпрымальнікі, вучоныя, пісьменнікі, таму да голасу, меркаванняў іх нельга не прыслухацца.
А ў самым пачатку прывёў шматлікія звесткі пра рассяленне беларусаў у свеце, асноўнае месца сярод якіх, як відаць і з назвы, займаюць тыя, што тычацца пражывання нашых суайчыннікаў на тэрыторыі Расіі. Безумоўна, гэты гістарычны ракурс пабудаваны на многіх звестках, якія можна знайсці ў розных крыніцах, але, разам сабраныя, яны дазваляюць даведацца, як з даўніх часоў, пачынаючы з Вялікага Княства Літоўскага, беларусы траплялі ў Маскву, а то і перасяляліся далей — у Сібір, на Далёкі Усход. Расказваючы пра дзень сённяшні, выступае першапраходцам. Падаюцца абагульненыя лічбы (на той час) рассялення беларусаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а колькасць іх складала 1 мільён 206 тысяч чалавек. Пра 28 з іх і апавядаецца ў кнізе. Што ні персанаж — асоба каларытная. Пра многіх з іх раней любілі гаварыць як пра станоўчых персанажаў. Рэч, аднак, не ў станоўчасці, тым больш што аўтар прытрымліваецца аб’ектыўнасці і не робіць са сваіх герояў нейкіх забранзавелых ідалаў. На прыкладзе таго ці іншага лёсу паказвае, што, бадай, кожны чалавек дзякуючы сваёй вялікай настойлівасці, асэнсаванай мэтанакіраванасці можа дабіцца многага ў жыцці. Маючы неабходныя задаткі, валодаючы ўменнем арганізаваць людзей на добрае, павесці іх за сабой, можа дасягнуць таго, што ідзе на карысць грамадству.
За кнігу «Беларусы ў Расіі» Рыгор Мікалаевіч стаў лаўрэатам прэміі «Лепшыя пёры Расіі». Сама па сабе ўзнагарода важная і аўтарытэтная. Аднак тое, што тады гэтую прэмію ўручаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, было яшчэ больш ганарова.
Паколькі любога чалавека сустракаюць па адзежы, ён загадзя клапоціцца, каб выглядаць як мага лепш. Для пісьменніка такі касцюм — анатацыя да кнігі. У Рыгора Андрэяўца застаецца толькі павучыцца, як гэта трэба рабіць. Як у кнізе «Две Родины»: «Чаму быліны, створаныя ў Чарнігаўскім і Кіеўскім княствах Старажытнай Русі, раптам „перасяліліся“ на поўнач Наўгародскай рэспублікі? Пры якіх абставінах і якім чынам Смаленскі летапіс апынуўся ў Вялікім Усцюгу? Ці быў пакарыцель Сібіры атаман Ярмак Цімафеевіч запарожскім казаком? Якія беларускія карані можна знайсці ў родзе вучонага Міхаіла Ламаносава?» Далей у гэтакім жа духу. Хіба можна пасля гэтага не ўзяцца за чытанне? Што тычыцца мяне, дык я правёў за кнігай Р. Андрэяўца, не адрываючыся, некалькі гадзін запар. Асабліва захапіла першая частка — «Невядомая Беларусь», што складаецца з аднайменнага гістарычнага эсэ. Пачынаючы з раздзела «Загадка Усцюжскага летапісу» адчуў, што даўнавата ўжо не знаходзіў для сябе такога, што б гэтак моцна, не адпускаючы, прыцягвала ўвагу, выклікала жаданне хутчэй і хутчэй перагортваць старонку за старонкай.
Коратка пра гісторыю самога пытання. Рэч у тым, што ва Усцюжскім летапісе ёсць звесткі, якія тычацца гістарычных падзей на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта згадкі, да ўсяго вельмі падрабязныя, пра бітву на Ведрашы і ўзяцце ў палон Канстанціна Астрожскага, а таксама пра захоп маскоўцамі Смаленска і Аршанскую бітву 1514 года... Самае цікавае тое, што такіх падрабязнасцей больш нідзе не напаткаеш — ні ў літоўскіх летапісах, ні ў маскоўскіх. Больш за тое, ва Усцюжскі летапіс трапілі і такія сведчанні пра Смаленск, што тычацца 862 і 881 гадоў, якіх не знойдзеш у знакамітай «Аповесці мінулых часоў».
Калі ж прытрымлівацца гіпотэзы Рыгора Андрэяўца, то адказ на гэтае пытанне не такі і складаны. Згублены на сённяшні час Смаленскі летапіс быў напісаны смаленскім епіскапам Варсанофіем, які пасля ўзяцця горада маскоўцамі трапіў у апалу. Адпраўляючыся ў высылку, Варсанофій і прыхапіў з сабой гэты летапіс. А ўжо ў манастыры пачаў пісаць пра тое, што адбылося нядаўна. Праз некаторы час, калі ствараўся Усцюжкі летапіс, у яго перайшла і частка тэксту са Смаленскага. Аднак пры гэтым падыход быў выбарачны.
У эсэ «Невядомая Беларусь» — яшчэ і гістарычнае даследаванне. Для падмацавання сваёй думкі Рыгор Мікалаевіч спасылаецца на звыш 200 розных публікацый, у пераважнай большасці сваёй навукова-гістарычных.
Дэталёва, з абавязковым прыцягненнем малавядомага, а то і зусім невядомых звестак напісаны матэрыялы «Па слядах былін», «Казакі Прыдняпроўя», «Беларусы на сібірскім тракце»…
У другой частцы кнігі — «Ад палескіх дуброў да снягоў паўночных — на прыкладзе беларусаў, для якіх суседняя краіна стала другой Радзімай, паказвае, як, Расія, перафразуючы вядомыя словы, «произрастает Беларусью».
Валодаючы высокай навуковай інтуіцыяй, Рыгор Андрэявец у некаторых сваіх даследаваннях можа зрабіць зусім нечаканыя высновы. Самае цікавае ў тым, што праз некаторы час гэта можа пацвердзіцца. Больш за тое, пісьменнік нярэдка выказвае меркаванне, якое пазней, нягледзячы на сваю пачатковую нечаканасць, нават неверагоднасць, пацвярджаецца. Так, у кнізе «Код Скарыны» ён прыйшоў да думкі, што Францыск Скарына мог бываць у Францыі. Аказалася, што гэта сапраўды так. Потым сам першадрукар «дапамог» яму выказаць меркаванне, што ў ІХ—Х стагоддзях у міжрэччы Дняпра і Прыпяці існавала невялікая казацкая рэспубліка. Як гэта адбылося, расказваецца ў кнізе «Дзве бітвы Старажытнай Русі». Маюцца на ўвазе дзве даты, вядомыя летапіснымі бітвамі, — 984-га і 1016 года на паўднёвым усходзе цяперашняй Беларусі.
Аднак, хоць кніга «Две битвы Древней Руси» і навукова-даследчыцкая, у ёй не вытрымана строга тая схема, якой звычайна карыстаюцца ў падобных выданнях. Наадварот, гаворка вядзецца свабодна, раскавана, нязмушана. Нямала адступленняў, прытым і лірычных. Рыгор Андрэявец з замілаваннем піша пра зямлю свайго маленства Лоеўшчыну, якую закранулі і важныя даўнія падзеі. Згадвае сваіх родных, сяброў, знаёмых. Але ўсё гэта не на шкоду дакладнасці і выверанасці гістарычных ацэнак.
Хоць, безумоўна, з яго высновамі і абагульненнямі пагодзяцца не ўсе. У некага будзе свой погляд на падзеі, якія адбываліся. Нехта засумняваецца ў магчымасці існавання першай казацкай рэспублікі. Каму-небудзь падасца, што часам даследчык празмерна катэгарычны, адстойваючы ўласны пункт гледжання. Толькі гэта — яскравае сведчанне, што кніга ўдалася. Яна абуджае думку чытача, робячы з яго зацікаўленага, няхай і завочнага, суразмоўніка.
Каля 20 кніг — такі творчы рахунак Рыгора Андрэяўца-пісьменніка. Сярод іх і мастацка-дакументальная аповесць «Рэзідэнт Генеральнага штаба», у якой прасочваецца лёс ураджэнца Лепельскага раёна, Героя Расіі Івана Коласа, чалавека ўнікальнай біяграфіі. З’яўляючыся рэзідэнтам савецкай разведкі, ён у верасні 1944 года ў час Варшаўскага антыфашысцкага паўстання па заданні стаўкі Вярхоўнага камандавання разам з радыстам быў закінуты ў Варшаву, потым да канца вайны вёў разведку ў Берліне. Жалезны Колас (такая адна з яго падпольных мянушак) у творы паўстае асобай, вымушанай у найцяжэйшых умовах паспяхова вырашаць такія складаныя задачы, якія простаму смяротнаму, здавалася б, не пад сілу.
Ці памятаюць сёння пра яго палякі і немцы? У іх цяпер новыя «героі». Праўда, першыя з іх злачынствы Сцяпана Бандэры супраць яўрэяў не забылі, затое Станіслава Булак-Булаховіча ўхваляюць як барацьбіта з Саветамі. А ёсць жа яшчэ і Іван Галака (сапраўднае прозвішча Васільчыкаў). Пра яго — аповесць-даследаванне «Канец атамана». Люты, пачварны антысемітызм гэтага вылюдка — стрыжневая лінія ў творы. Не абдзелены ўвагай і фашысцкіх прыслужнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На словах дбаючы пра свабодную і незалежную Беларусь, абаронцаў шукалі сярод прадстаўнікоў Германіі і Польшчы, у якіх у сапраўднасці былі свае планы, рэзка супрацьлеглыя.
Назва ўступу да кнігі «Беларусы ў Расіі» з вышыні сённяшняга дня набывае не толькі той сэнс, які ў яе закладзены. Асенні клін журавоў — гэта і покліч новых дарог, шляхоў невядомых, якія ва ўсе часы хвалявалі нашых землякоў. Ён і магчымасць лепш прыгледзецца да лёсу канкрэтнага чалавека. Уважлівы чытач, як мне здаецца, здагадваецца, каго я маю на ўвазе. Канешне ж, Рыгора Андрэяўца.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Фота з сайта newsgomel.by
Справа няпростая, але ўдзячная.
У Беларусі за апошнія 10–12 гадоў як агульная, так і пярвічная дзіцячая захваральнасць застаюцца прыкладна на адным узроўні.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?