Вы тут

Надвор’е: Добрага дажджу пакуль не будзе, а ў выхадныя — начныя замаразкі


Пачатак чэрвеня не прынясе раслінам патрэбнай вільгаці, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

У пятніцу неба воблачнае з праясненнямі. Днём месцамі, а па паўднёвым усходзе краіны на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень па паўднёвым усходзе ў асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Вецер уначы пераменных кірункаў 3—8 м/с. Удзень вецер паўночны 5—10 м/с, парывы ўзмоцняцца да 14 м/с, а месцамі дасягнуць 15—18 м/с. Максімальная тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 10 градусаў на поўначы да плюс 26 градусаў на паўднёвым усходзе. Атмасферны ціск ноччу будзе слаба падаць, днём расці.

На гэтым з ападкамі ўсё. Затое прыйдзе час чэрвеньскіх замаразкаў. Спецыялісты лічаць, што 3 і 4 чэрвеня надвор'е будзе вызначаць зона павышанага атмасфернага ціску, толькі днём па поўначы краіны адаб'ецца ўплыў няўстойлівай паветранай масы.

У суботу пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, днём месцамі па поўначы краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Вецер паўночна-заходні, паўночны ўмераны. Тэмпература паветра мінімальная ноччу 1—7 цяпла, месцамі чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 2 градусаў. Максімальная тэмпература паветра днём складзе ад плюс 13 градусаў да 20 цяпла.

І ў нядзелю сітуацыя падобная, толькі днём стане крыху цяплей. Пераважна без ападкаў, месцамі на поўначы краіны чакаюцца невялікія кароткачасовыя дажджы. Вецер няўстойлівы слабы да ўмеранага. Мінімальная тэмпература паветра ноччу — 1—6 цяпла, месцамі чакаюцца замаразкі да 2 марозу. Максімальная тэмпература паветра днём будзе ад плюс 16 градусаў да 23 цяпла.

Увага! У сувязі з доўгім перыядам сухога надвор'я ў лясах краіны ўсталявалася высокая пажарная небяспека, а ў многіх раёнах Гомельскай вобласці і месцамі па Мінскай, Брэсцкай абласцях — надзвычайная пажарная небяспека. Будзьце асцярожныя з агнём!

Акрамя таго, менавіта на выхадныя айчынныя спецыялісты падрыхтавалі штармавое гідралагічнае апавяшчэнне. На Заходняй Дзвіне ў Віцебску ўзровень вады апусціўся ніжэй за адзнаку, пры якой узнікаюць цяжкасці ў рабоце рачнога транспарту.

На пачатак месяца падрыхтаваны гідралагічны бюлетэнь. У мінулы перыяд (26—30 мая) на Заходняй Дзвіне каля Віцебска і на Дняпры каля Жлобіна пагоршыліся ўмовы для суднаходства. Па стане на 31 мая на рэках адзначаўся ў асноўным спад узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1—25 сантыметраў.

На Заходняй Дзвіне каля Віцебска, Нёмане каля Гродна, Дняпры каля Магілёва і Жлобіна, Сожы каля Крычава і Слаўгарада ўзроўні вады знаходзяцца ніжэй адзнак, якімі лімітуюць суднаходства.

Тэмпература вады ў рэках і вадаёмах знаходзіцца ў межах ад 12 да 20 цяпла.

Спецыялісты адзначаюць, што ў найбліжэйшую пяцідзёнку на рэках будзе назірацца спад узроўняў вады, у выніку чаго на Прыпяці каля Мазыра вада ўвойдзе ў рэчышча. На Дняпры каля Рэчыцы ўзровень вады апусціцца ніжэй ад небяспечна нізкай адзнакі, пры якой узнікаюць цяжкасці ў рабоце рачнога транспарту.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.