Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Яшчэ раз пра каханне... І сапраўдных мужчын»


Яшчэ раз пра каханне… І сапраўдных мужчын

Люда з Марынай, хоць і вучыліся ў адным эканамічным каледжы, пасябравалі куды пазней, калі прыехалі працаваць у адзін калгас і пасяліліся побач у новых тыпавых катэджах, што будаваліся тады для маладых сем'яў.


Іх мужы — інжынер з аграномам — таксама хутка сышліся, што, вядома ж, добра, бо «радня — збоку, а сусед на воку».

Так казала Марыніна бабця, а ўнучка дык проста рада была — нават таму, што суседзі зусім іншыя — па тэмпераменце, па стаўленні да жыцця. Марына — спакойная, разважлівая, сціплая, любіла корпацца ў градках і вырошчваць кветкі, маляваць пейзажы, з задавальненнем шыла і вязала. Людміла ж якраз наадварот — віхурай насілася па сваёй сялібе, каб хутчэй управіцца з домам-гаспадаркай і каб потым кудысьці матнуць. Яна пастаянна нешта купляла і мяняла: сукенкі, спадніцы, абутак, прычоскі, посуд, мэблю, гардзіны...

— Нельга так жыць! — бушавала зрэдку і ў доме суседкі. — Ну скажы мне, колькі гадоў вось гэтым шпалерам? Шэсць?! Ды гэта ж з глузду з'ехаць! Яны што — вам не абрыдзелі?.. А прычоска? Марыначка, паслухай: дакуль ты будзеш хадзіць з гэтым хвосцікам?! — выпытвала Люда, у суседскім люстэрку разглядаючы сваю новую стрыжку. — У цябе ж валасы гусцейшыя за мае, а хіба так скажаш?..

— Дык шпалеры ж мы куплялі добрыя, — нясмела пярэчыла Марына. — За шэсць гадоў з імі нічога не сталася. Дык навошта мяняць?.. І з валасамі клопатаў няма: я іх зранку ў гульку скручу ці хвост завяжу і хаджу сабе...

— Ай, і сама ты нічога не разумееш, і муж у цябе такі ж, — махала рукой Людміла ды ішла дамоў, да свайго Алега.

Ён — весяльчак, «прыкаліст», заядлы футбольны балельшчык — таксама быў непаседам, душой кампаніі, чалавекам-святам, і Марына (не без таго, здаралася...) часам зайздросціла сваёй суседцы, а найбольш — калі тая ў чарговы раз хвалілася (што-што, а гэта яна любіла!), якую дарагую парфуму Алежка падарыў ёй «проста так», без нагоды, які сюрпрыз падрыхтаваў да дня нараджэння і як часта гаворыць ёй аб тым, што яна — самая-самая: каханая, прыгожая, разумная, — найлепшая!

— А мой, — уздыхала Марына, — казаў, што кахае, лічаныя разы: калі замуж клікаў, калі дзяцей нарадзіла ды калі моцна захварэла... О-о! І яшчэ адзін раз — калі не стала сварыцца, што мотаблок купіў — замест халадзільніка... Пярсцёнкаў ды парфумы ён таксама ніколі не дарыў. Сказаў: калі хочаш, — сама выбірай, а я лепш нешта патрэбнае куплю, каб лягчэй жылося — тую ж мультыварку, кухонны камбайн, машыну, каб посуд мыла...

— Паслухай, — перабівала Людміла, — дык гэта ж маветон! І гэта — зусім не падарункі! Імі твой Саша гаворыць, што ты ў доме — работніца, прыслуга... Каб мой Алежка такое падарыў, я б яму!..

Рассудзілі жанчын — ну вядома ж — час і выпадак. Неяк летнім надвячоркам суседкі пайшлі за вёску — сталі палоць там бульбу.

Люда здалася першая: ледзь не адразу пазваніла мужу, сказала, што ў зямлю з матыкай проста не ўлезці (ведама, гліна, дажджы...), папрасіла, каб ён прыйшоў, дапамог.

— Золатка, я не магу, ну ніяк! — забарабаніў Алег. — Ты ж ведаеш, які сёння матч?! Ты ж разумееш: я павінен яго ўбачыць!.. Ну, праўда...

Пачуўшы мужава «прабач», Люда моўчкі шпурнула тэлефон на ўзмежак і з запалам, памножаным крыўдай, узялася матычыць бульбу.

Саша з'явіўся на полі хвілін праз дзесяць.

— Казаў жа: не трэба нам гэтыя «соткі»! — стаў даводзіць жонцы яшчэ здалёк. — Дык жа не — загарэлася, узяла! Бульбы табе не хапае... А цяпер во — палі, душыся...

— Дык я ж цябе не клікала, я спраўлюся, — паспрабавала «адбіцца» Марына.

— Бач ты — яна не клікала! А потым ціск падскочыць!.. Давай сюды матыку! Ідзі дамоў!.. Я там, пакуль машыну правіў, курыцу ў духоўцы запёк. Паеш ды адпачні... Памідоры я паліў.

Марына і сапраўды сышла дадому, Людміла — засталася.

Немаведама аб чым тады думала, але ж хваліцца тым, як моцна Алег кахае яе і які ён сапраўдны мужчына, перастала. Перад Марынай — дакладна.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


Знатны пачастунак

Некалі, у васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя, аптэка ў нашых Расонах свайго будынка не мела — тулілася ў пакоях бальніцы. Сёння ўжо іншая справа: і сцены свае, і калектыў, і практыканты — часам...

Вестку аб тым, што на гэты раз прыязджае студэнт з Эфіопіі, загадчыца, па чутках, прыняла з насцярогай. З аднаго боку, як быццам добра, што моладзь з такіх далёкіх краін едзе да нас вучыцца, а з іншага — як паразумецца з гэтым хлапцом? Як зрабіць, каб не ачмурыў тут некага з дзяўчат ды не звёз у сваю Эфіопію?..

Карацей, вочы ў страху былі па яблыку! А на справе ўсё аказалася значна прасцей, бо студэнт досыць добра ведаў рускую мову, нядрэнна разбіраўся ў леках-прэпаратах і дзяўчыну, мусіць, меў сваю, бо на тутэйшых не дужа заглядаўся.

...Заставалася праблема з жыллём, але і яе ўдалося ўладзіць. Адзінокая гаспадыня з дамка паблізу пагадзілася выдзеліць практыканту асобны пакой. (На тое, што бабулю падводзіць слых, ні загадчыца аптэкі, ні студэнт увагі не звярнулі: ну спытала, як завуць кватаранта. Ну перапытала... Уздыхнула...)

Малюнак Анатоля Гармазы.

Час практыкі — і адпаведна, пражывання — для ўсіх праляцеў хутка. На развітанне гаспадыня накрыла стол: насмажыла бульбачкі, нарэзала смачнай каўбаскі, дастала са склепа сваіх загатовак: чым магла — частавала.

Але студэнт, можа, негалодны быў, можа, трохі саромеўся ці не ўсё ўпадабаў, але ж еў да крыўднага мала... «З'едзе ў сваю Эфіопію, — перажывала бабуля, — ды яшчэ раскажа, што тут яго дрэнна прымалі, што прымусу не было».

А таму якраз на яго бабуля і «націскала», час ад часу паўтарала: «Ты ж еш, Барсік, еш!» — «Іванаўна, — не вытрымаў урэшце хлопец, — я ніякі не Барсік. Мяне завуць Абас!»

Гаспадыня, здаецца, пачула гэтае імя, згодна заматляла галавой, але ж па-ранейшаму (хай сабе і моўчкі) частавала, карміла Барса. Так ёй было прывычней.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён


Макіяж для мамы

У тую вясну ўвесь участак на сорак «сотак» Феня засадзіла бульбай, хацела, разлічвала на добры ўраджай, аднак асот так шчыльна «ўссеў» на градкі, так абляпіў маладыя кусцікі...

«Трэба ратаваць», — сама сабе сказала гаспадыня і раніцай, пакуль дзеці спалі, выйшла ў поле. Яна, як ні дзіўна, любіла палоць, любіла потым азірацца назад...

Але ж сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй, пачынала прыпякаць — ды так, што працаваць было амаль немагчыма. Да таго ж хутка маглі прачнуцца дзеці, трэба было гатаваць сняданак.

Таму Феня, ледзь разагнуўшыся, выцерла хустачкай твар і пайшла ў кухню — пячы блінцы. Подмазкай хутка кружляла па гарачай патэльні, мернай лыжкай боўтала асеўшае цеста, тут жа налівала яго, трымала над гарачым вуголлем, спрытна пераварочвала: патэльня снавала з печы на прыпек і назад у печ. На вялікай талерцы, як бачыш, уздымалася горка блінцоў.

Да іх Феня паставіла слоік смятаны і пайшла падымаць дзяцей.

Усе разам яны смачна паснедалі, Феня, загадаўшы малым, каб ні кроку са двара, прыбрала, памыла посуд і прылягла — усяго на мінуту.

Дзеці тым часам дасталі цацкі, знайшлі сярод іх «чароўны» хімічны аловак. Добра паслініўшы, бо інакш ён зусім не маляваў, Толя падвёў, падправіў ім вочкі сястрыччынай ляльцы Марусі. Хораша атрымалася! «Вось бы і мамцы так!» — падумаў малы.

А пасля і праўда падышоў да ложка, паслініў аловак, крышку паправіў, падвёў адно брыво, палюбаваўся, зноў паслініў аловак — падвёў другое... Твар матулі паступова мяняўся і, вядома ж, да лепшага, ва ўсякім разе бровы станавіліся ўсё шырэйшымі і шырэйшымі, сінейшымі і сінейшымі (хімічны аловак маляваў толькі так і, дарэчы, вельмі дрэнна змываўся)...

Падмалёўваць вочы Толя ў той раз не ўзяўся, пабег гуляць.

...Стома брала сваё: маці, прачнуўшыся, паглядзела на гадзіннік і выйшла на двор. Там, каля весніц, ужо збіраліся суседзі з вёдрамі-дайніцамі.

Феня з плота зняла сваё, на дно яе паклала кавалак марлі, якім абвязвала ўдой ды лусту хлеба для кароўкі, рушыла на вуліцу.

— Слухай, а ты ў люстэрка глядзелася? — з рогатам спытаў сусед.

— Не, Паўлічак, часу не было: з пяці гадзін сёння бульбу палола... А што? — разгублена залапатала Феня. — Чаму ты пытаешся?

Павел дастаў з кішэні маленькае люстэрка — паднёс да твару суседкі.

— А божухна! — глянуўшы туды, усклікнула Феня. — Я, што, так моцна заснула? Не чула, як мяне размалёўвалі? Во мастакі! Я ж ім пакажу!

З гэтымі словамі жанчына рынулася ў хату, і адтуль — амаль тут жа — трымаючы штонікі, куляй вылецеў сямігадовы «мастак».

...Вось так, можна сказаць, не пачаўшыся, скончыўся «творчы шлях» мо найлепшага мастака-візажыста нашай вобласці.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

Салігорскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.