Вы тут

Адбыўся круглы стол «Рускі і беларускі літаратурны канон: падабенствы і адрозненні»


Што ўплывае на стварэнне канона ў беларускай і рускай літаратурах і якое азначэнне можна лічыць для яго найбольш правільным, што іх збліжае; агульныя гістарычныя абставіны ў фарміраванні і станаўленні традыцый у прыгожым пісьменстве і многія іншыя пытанні, датычныя сучаснага літаратурнага працэсу, былі абмеркаваны на міжнародным «круглым стале» «Рускі і беларускі літаратурны канон: падабенствы і адрозненні». Сустрэчу арганізавалі Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Над праблемай разважалі вучоныя, літаратуразнаўцы, супрацоўнікі навучальных і даследчых устаноў абедзвюх краін. Да ўвагі чытача — найцікавейшыя вытрымкі з іх дакладаў.


Ігар Сухіх, прафесар кафедры гісторыі рускай літаратуры філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук:

— Пры параўнанні абедзвюх літаратур узнікаюць два важныя пытанні, звязаныя з розным іх становішчам і колькасцю напісанага. Так, нельга супаставіць літаратуры англійскую і нарвежскую, альбо нямецкую і швейцарскую. Праблема, звязаная з гэтым, наступная: канон ёсць у кожнай нацыянальнай літаратуры, але сітуацыя з яго фарміраваннем можа быць розная: у першым выпадку ёсць вялізная колькасць матэрыялу, яго лішак, а ў другім — класікаў даводзіцца шукаць… І ці падобныя ў такім разе спосабы кананізацыі ў рускай і беларускай літаратурах? Так, «паўкласік» у адной літаратуры мог бы быць класікам першага шэрагу ў іншай літаратуры…

Другі момант: як быць з суадносінамі мовы, якой напісаны творы, і нацыянальнасцю? Які крытэрый з’яўляецца вызначальным для таго, да якой літаратуры адносіць пэўнага аўтара? Савецкая эпоха дала шмат прыкладаў своеасаблівых супярэчнасцей паміж нацыянальнасцю і мовай альбо двухмоўем аўтара. Варта згадаць феномен Чынгіза Айтматава: кнігі, з якіх пачыналася яго слава і за якія ён атрымаў узнагароду, напісаны на роднай кіргізскай мове, але познія яго тэксты — на рускай мове, хаця ў рускі канон ён не ўваходзіць…

Ігар Сухіх.

Ганна Кісліцына, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры, дацэнт, доктар філалагічных навук:

— Розніца ў фарміраванні беларускага і рускага канона вялікая. Яна вынікае з параўнання дзвюх гісторый літаратур. Мова, дарэчы, тут не мае прынцыповага значэння. У беларусаў, якія сфарміраваліся як нацыя з канца ХІХ стагоддзя і залежалі спачатку ад Польшчы, а потым ад Расійскай імперыі, літаратурны канон стаў складацца з пачатку ХХ стагоддзя. Адносна нядаўні пачатак звязаны з тым, што ў гэты час Беларусь стала самастойнай. Да 1917 года за выказванне нацыянальных ідэй аўтары маглі трапіць за краты, ні пра якія падручнікі па мове і літаратуры не было і размовы. Не было і крытыкі на беларускай мове, а значыць, не мог сфарміравацца і канон. Толькі з’яўленне ў 20-х гадах ХХ стагоддзя работы Максіма Гарэцкага «Гісторыя беларускай літаратуры» паклала пачатак гэтаму працэсу.

Для пісьменнікаў, якія стваралі беларускі канон, праблема была не ў малой колькасці тэкстаў, а ў іх шматмоўнасці: творы пісаліся, акрамя як па-беларуску, на ідыш, па-руску, па-польску.

Максім Гарэцкі вылучыў тры кірункі, што леглі ў канон: фальклор, літаратура апалячанай шляхты і літаратура расійскай культуры.

Цікава падышоў да праблемы стварэння канона крытык Адам Бабарэка, які не прымаў некаторыя кірункі, напрыклад, рамантызм ён лічыў чужым для беларусаў. У выніку многія аўтары, якія нарадзіліся на беларускіх землях, былі выцеснены — ніхто не шукаў у іх творах, напісаных не па-беларуску, нічога беларускага. Так, А. Бабарэка выказаў імкненне стварыць канон згодна з уласным уяўленнем, без апеляцыі да замежнага досведу, з чыстага аркуша.

Асаблівасць нашага літаратурнага канона і ў тым, што ён звязаны са зменай сацыяльна-гістарычных парадыгмаў: рэвалюцыя 1917 года; паслясталінская адліга, калі са ссылак вярнуліся многія нашы пісьменнікі і іх наноў трэба было ўводзіць у літаратуру, фармальныя цячэнні ў іх творах замяніўшы на сацыялістычны рэалізм; вяртанне літаратуры, напісанай на іншых мовах, пачынаючы з перакладу «Песні пра зубра». У 1990-я гады канон папоўніўся аўтарамі, якія былі ў эміграцыі альбо рэпрэсіраваныя. Увайшло многа тэкстаў, напісаных па-польску.

Да таго ж на канон уплываюць і літаратурныя прэміі. Навукоўцы і аўтары, якія трапляюць у журы прэмій, кожны раз спрабуюць назваць не проста найлепшых папулярных аўтараў з найбольшай колькасцю продажу, яны робяць гэта з той мэтай, каб адпаведныя творы ўвайшлі ў канон. Паўнавартасная крытыка з’яўляецца часцей за ўсё менавіта тады, калі пісьменнік атрымлівае прэмію.

Акрамя таго, вялізную ролю для канона іграе і выданне збору твораў — да таго часу ніхто не ўяўляе, што пэўны аўтар рэальна напісаў шмат...

Аляксандр Большаў, прафесар кафедры гісторыі рускай літаратуры філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук:

— На пабудову літаратурнага канона вялікі ўплыў мае час і аддаленасць у часе. Так, калі наконт літаратурнага рускага канона ХІХ стагоддзя спрэчак няма, то ў ХХ стагоддзі іх шмат, як шмат і супярэчнасцей. Чым бліжэй да нас літаратурны матэрыял, тым больш складанасцей з літаратурнымі іерархіямі.

Што тычыцца мовы напісання твораў, то, вывучаючы творчасць Алеся Адамовіча і Васіля Быкава, зразумеў, што зусім не мова тут важная, — беспрасветны трагізм, праз які аўтары праводзяць сваіх герояў, беспрэцэдэнтны ў плане экзістэнцыялізму, светаадчування і мадэлявання сітуацыі ў сусветнай літаратуры — гэтыя пісьменнікі, безумоўна, з’яўляюцца часткай беларускага літаратурнага канона…

Аляксандр Большаў.

Яўген Гарадніцкі, старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры, доктар філалагічных навук:

— Несумненна, канон фарміруецца крытыкамі і літаратуразнаўцамі. На маю думку, існуе два віды канона: той, які чытаюць, і той, які шануюць (напрыклад, Пушкін, Купала). Найбольш складана з канонам, які чытаюць.

Канон савецкай літаратуры звязаны з ідэалогіяй сацрэалізму, і ў той час у нашых канонах было больш падабенства. Пачынаючы з 1980–1990-х гадоў адбываюцца пэўныя змены, калі вяртаюцца выкрасленыя, забытыя імёны: з гэтай прычыны цяпер у канонах рускай і беларускай літаратур назіраецца ўсё больш адрозненняў. Звязаны яны і з тым, што ў літаратурах развіваюцца новыя тэндэнцыі і напрамкі, — найперш гэта гістарычны і дакументальны.

Наталля Сямёнава, дацэнт кафедры гісторыі рускай літаратуры Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук:

— Неабходна пераглядаць мову і падачу матэрыялу ў тэкстах, што адносяцца да мінулага стагоддзя. Так фарміруецца новы канон з новым інструментарыем: гэта звязана і з архівамі, якія адкрываюцца. Архіўныя звесткі неабходны для таго, каб стымуляваць стварэнне канона. Як узаемадзейнічаюць час, традыцыя і мова? Здараецца, тэксты мінулага стагоддзя абсалютна непрадказальна ўрываюцца ў сучасную культурную карціну з істотнай перапрацоўкай моўнага матэрыялу, перакадзіраваннем мовы мінулага на мову сучаснасці…

Савецкі літаратурны канон з’яўляўся ўнікальным, мультыкультурным, полімоўным. Наўрад ці ён быў бы магчымы ў іншай літаратурнай традыцыі.

Ганна Бутырчык, загадчык кафедры замежнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— Калі разважаць пра канон у рэчышчы гісторыі літаратуры, то можна сцвярджаць, што асноўны корпус тэкстаў, якія ўвойдуць у канон, фарміруецца ў нацыятворчы перыяд і найбольш поўна адлюстроўвае нацыянальны вобраз свету. Адсюль — адказ на пытанне, ці можа быць створана нацыянальная літаратура на іншай мове. Адназначна не важна, на якой мове перадаецца ментальнасць і нацыянальная карціна свету. Акрамя таго, у нацыятворчыя перыяды пашыраецца цікавасць да фальклорнага матэрыялу — менавіта там найбольш фіксуецца нацыянальны вобраз свету. Ажыццяўляецца пошук эстэтычнай формы, спецыфічнай, нацыянальнай — так у нашай літаратуры ўзнік нацыянальна маркіраваны жанр — абразкі. Гэта форма выяўлення нацыянальнай ідэі. Прычым гэта датычыць не толькі эстэтычных практык пісьменніка — у крытыцы тое ж. Так, пра пошукі формы пісаў Ігнат Канчэўскі, альбо Абдзіраловіч, у кананічным творы «Адвечным шляхам»…

Па вялікім рахунку, гісторыя літаратуры — канон…

Аліса БРАТКА

Фота Марыны ВАРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.