Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» правяла адзін дзень з ратавальнікамі


Падняцца на вышыню 14-павярховага дома, дзякуючы спецыяльнаму інструменту дэблакіраваць пацярпелага ў аўтамабільным ДТЗ, аказаць яму першую медыцынскую дапамогу, апрануцца за некалькі секундаў па трывозе і выехаць на месца здарэння, увайсці ў моцна задымленае памяшканне і патушыць пажар — далёка не поўны пералік таго, праз што давялося прайсці ўдзельнікам семінара для СМІ, арганізаванага Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Вядома, хоць умовы, у якіх аказаліся журналісты і блогеры, былі набліжаныя да рэальных, усё было максімальна бяспечна, але і гэтага хапіла, каб уявіць, чым кожны дзень займаюцца ратавальнікі, зразумець, наколькі адказная і рызыкоўная ў іх прафесія.


На базе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС для прадстаўнікоў масмедыя падрыхтавалі некалькі інтэрактыўных пляцовак. Падзяліўшы нас на групы і замацаваўшы за кожнай па інструктары, які суправаджаў экскурсантаў на ўсіх этапах, арганізатары пачалі выпрабоўваць журналістаў і блогераў на трываласць — прычым як фізічную, так і псіхалагічную.

У задымленым пакоі

Спачатку мы пазнаёміліся з сучасным абмундзіраваннем супрацоўнікаў ведамства. Камплектаў вопраткі ў ратавальнікаў некалькі — кожны прызначаны для выканання пэўных задач. Удалося прымераць баявы касцюм, які ратавальнікі апранаюць, калі выязджаюць на ліквідацыю ўзгарання. Для мяне ён паказаўся цяжкім — яно і не дзіва: не на мой памер сшыты. У такім касцюме не тое што тушыць пажар — рухацца складана. А касцюм, між іншым, ва ўмовах трывогі апранаецца за 18 секундаў. Прычым поўнае абмундзіраванне (з балонам і іншым абсталяваннем, патрэбным пажарнаму) важыць не менш як дзесяць кілаграмаў. Гэта пры ўмове, што апарат сціснутага паветра на ратавальніку — аблегчанага варыянта (да 4 кілаграмаў). Але нярэдка на супрацоўніку ведамства балон вагой у амаль 16 кілаграмаў. Вядома, пра цяжар і нязручнасці ратавальнікам няма калі разважаць: у момант надзвычайнай сітуацыі яны думаюць толькі аб адным — выцягнуць чалавека з агню жывым.

Дарэчы, апынуцца ў задымленым памяшканні, дзе яшчэ і нічога не відаць, а цемру пранізваюць крыкі і стогны людзей, якія трапілі ў бяду, — таксама выпрабаванне не для слабанервовых. Аднак такіх, на шчасце, у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях няма. Мне, журналісту, прызнацца, было страшнавата аказацца ў такой абстаноўцы, хоць яна і была нерэальная. Аднак спецэфекты робяць карціну набліжанай да рэальнай. У такіх умовах вучацца будучыя ратавальнікі.

— Дымакамера прызначана для таго, каб падрыхтаваць ратавальнікаў для работы ў экстрэмальных умовах, — тлумачыць афіцыйны прадстаўнік Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Андрэй Садоўскі. — Тым самым мы трэніруем нашых ратавальнікаў для работы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі — для таго каб на рэальных пажарах яны ведалі, што ім рабіць, і не баяліся. Гэта адзін з элементаў і псіхалагічнай падрыхтоўкі.

Чатырохногія героі аперацыі ў Турцыі

Наогул ратавальнікі гатовыя да самых розных надзвычайных сітуацый. У многіх здарэнняў, дарэчы, ёсць сезоннасць. У лесе людзі губляюцца, як правіла, летам і восенню — калі ідуць у ягады ды ў грыбы. Выявіць пацярпелых у лясным гушчары супрацоўнікам МНС дапамагае самая сучасная тэхніка. Рэгулярна ў такіх выпадках выкарыстоўваюцца беспілотныя лятальныя апараты. Дабрацца ў цяжкадаступныя месцы дапамагае ўсюдыход «Шэрп», які на бездарожжы як рыба ў вадзе: ён з лёгкасцю пераадольвае і снег, і лёд, і буралом, і балота, нават пераплывае вадаёмы.

У пошуку людзей у лесе ды і не толькі ратавальнікам дапамагаюць сабакі. Без іх звышздольнасцяў нават прафесіяналам справіцца складана. І гэта пацвердзілі пошукавыя работы па ліквідацыі наступстваў землятрусу ў Турцыі.

Знаёмімся з чатырохногімі героямі выратавальнай аперацыі. Лабрадоры Дарк і Тая — тыя з пяці сабак, якія разам з ратавальнікамі Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» ляталі ў Турцыю.

«Яны ўказвалі кірунак, дзе знаходзіліся жывыя людзі, пасля чаго з дапамогай спецыяльнага абсталявання мы прыступалі да работы, — расказвае кінолаг атрада Сяргей Язінскі. — У першыя дні работа ішла вельмі добра, у наступныя сабакам перашкаджаў трупны пах. Мы адчуваем яго, а сабакі тым больш: яны больш адчувальныя, чым людзі. Такога прыбора яшчэ не знайшлі, каб замяніць нос сабакі».

Удзельнікі пошукавай аперацыі ў Турцыі расказалі, што беларускіх сабак «разрывалі на часткі». «Многія хацелі, каб яны папрацавалі і на іх пошукавым участку, — згадвае ратавальнік Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» Віталь Арлоў. — Некаторыя нават хітрылі: казалі, што быццам бы пад заваламі чуюць голас чалавека. Аднак нашых сабак не падманеш: яны рэагавалі толькі на жывых людзей».

Што датычыцца нашай краіны, кінолагі атрада разам са сваімі гадаванцамі шукаюць людзей, якія згубіліся, па ўсёй тэрыторыі Беларусі — выязджаюць у самы кароткі час. Дарэчы, у цяжкадаступныя месцы сабака дэсантуецца беспарашутным спосабам разам з кінолагам. На балансе падраздзялення — чатыры пароды сабак: лабрадоры, нямецкія аўчаркі, бельгійскія аўчаркі і бельгійскія пойнтары.

Чырвоная «хуткая»

Паспрабавалі журналісты і дэблакіраваць пацярпелага ва ўмоўным дарожна-транспартным здарэнні. Быццам паперу, рэзалі жалеза спецыяльнымі нажніцамі, пры дапамозе іншага абсталявання спрабавалі выцягнуць «пацярпелага» з машыны. Паводле легенды арганізатараў, ён быў без прытомнасці. На той момант жыццё чалавека, хай умоўнага, знаходзілася ў руках журналістаў. Правільна акажам першую медыцынскую дапамогу — ён будзе жыць, разгубімся або будзем панікаваць ці рабіць рэанімацыйныя мерапрыемствы няправільна — страцім чалавека.

Дарэчы, на здарэнні, дзе ёсць пацярпелыя, ратавальнікі выязджаюць са сваімі медыкамі. На балансе МНС знаходзяцца аўтамабілі медыцынскай службы — тая ж хуткая дапамога, толькі не белага, а чырвонага колеру.

— Наша хуткая дапамога абсталявана па класе рэанімабіля, — расказвае ўрач хуткай медыцынскай дапамогі Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» Віктар Літвін. — Тут ёсць усё неабходнае: дэфібрылятар з кардыяманіторам, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, кардыёграф, шыны, насілкі і іншае. Мы не выязджаем на звычайныя выклікі — толькі разам з ратавальнікамі на месцы надзвычайных сітуацый. Таксама займаемся навучаннем супрацоўнікаў МНС навыкам першай медыцынскай дапамогі.

Падчас семінара журналісты даведаліся і пра асаблівасці работы ратавальнікаў на вышыні, паназіралі за спаборніцтвамі прадстаўнікоў зборнай каманды па пажарна-выратавальным спорце, азнаёміліся з асноўнымі ўзорамі аварыйна-выратавальнай і спецыяльнай тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Адным словам, семінар адкрыў перад журналісцкай супольнасцю ўсе тонкасці прафесіі ратавальніка, дазволіў хоць бы на кароткі перыяд адчуць сябе ў ролі прафесіянала, які нясе адказнасць не толькі за сябе і сваіх калег, а і за жыццё людзей.

— Мы аналізавалі наша ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі, глядзелі, якім чынам сёння асвятляецца не проста дзейнасць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а ў цэлым роля дзяржавы па абароне людзей ад надзвычайных сітуацый, — кажучы аб мэтах семінара для СМІ, адзначыў афіцыйны прадстаўнік МНС Яўген Бараноўскі. — Зыходзячы з гэтага, мы зрабілі выснову, што ёсць пэўныя нюансы недагаворанасці. Падчас семінара мы расказалі, што дзейнасць нашага ведамства не зводзіцца толькі да ратавання людзей пры шматлікіх здарэннях. Гэта вялікая работа: пачынаючы ад фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці і заканчваючы дапамогай нашым грамадзянам, якія трапілі ў бяду.

Вераніка КАНЮТА

Фота Уладзіміра ШУБЫ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Стаўкі па крэдытах змяняцца не будуць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?