Вы тут

Фатаграфіі вучаніц Мінскай жаночай гімназіі выйшлі асобным зборнікам


Выданне «Мінская жаночая гімназія: фатаграфічныя матэрыялы» прэзентавалі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, паведамляе БелТА.


Фота: niab.by

Кніга з’яўляецца другой у серыі зборнікаў, што змяшчаюць фотаматэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. У зборнік пра Мінскую жаночую гімназію ўвайшлі 443 фатаграфіі як вучаніц гэтай навучальнай установы (1899-1920 гады), так і людзей, якія здавалі там экзамены экстэрнам. Прадстаўленыя фатаграфіі зроблены ў студыях, якія працавалі на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі.

Кожны фотадакумент суправаджаецца анатацыяй, у якой паказваюцца пошукавыя даныя, фармат, кароткія біяграфічныя звесткі пра сфатаграфаваную асобу, памеры фотадакумента, змест надпісаў, назву дакумента, да якога непасрэдна прыкладзена фатаграфія, і яго пошукавыя даныя, месца стварэння з пазначэннем назвы фотаатэлье (пры наяўнасці), яго ўладальніка і назвы населенага пункта, дзе яно знаходзілася. Тыраж выдання — 100 экзэмпляраў.

«Наш архіў захоўвае дзясяткі тысяч фатаграфічных дакументаў, але многія гады яны не ўлічваліся і не апісваліся. Гэту работу вядзём пяць гадоў. Запаўняем базу даных, якая ўжо ўключае 3,8 тыс. пазіцый. Вядзём яе не толькі для службовага выкарыстання. Мы імкнёмся да таго, каб нашы матэрыялы былі больш даступныя. З гэтай мэтай пачалі публікацыйную серыю «Архіўнае фота», — расказаў вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, складальнік зборніка Сяргей Рындзін.

Паводле яго слоў, усе фотадакументы самі па сабе аднатыпныя. Гэта фатаграфічныя карткі, якія прыкладаліся да асабістых спраў вучаніц для засведчання іх асобы. «Гэта фотапартрэты, прычым індывідуальныя, выкананыя прафесійнымі фотамайстрамі ў спецыяльных пастановачных павільёнах, студыях, — растлумачыў Сяргей Рындзін. — Мы праглядалі ўсе справы і апісвалі фатаграфіі, якія нам сустракаліся, г.зн. наша выданне — гэта збор фотапартрэтаў, гісторыя ў асобах».

Ва ўступнай частцы зборніка расказваецца гісторыя Мінскай жаночай гімназіі. «Прычым мы абапіраліся не толькі на апублікаваныя крыніцы, але і на матэрыялы нашага архіва. Ва ўступе расказваецца і тое, што нідзе раней не публікавалася», — падкрэсліў вядучы навуковы супрацоўнік.

Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў — прафесійных даследчыкаў, генеалогаў, аматараў гісторыі фатаграфіі, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. «Фатаграфія сама па сабе — гэта вельмі дакладны, арыгінальны від выразных крыніц. Яна дакладна перадае дух гістарычнай эпохі, паказвае нам, якая была мода тых часоў, якія былі густы. Але самае галоўнае — усе гэтыя людзі былі чыімісьці продкамі. Дакументы самі па сабе з’яўляюцца вельмі каштоўнай крыніцай для тых, хто займаецца генеалогіяй», — заўважыў Сяргей Рындзін.

Першы зборнік цыкла, прысвечаны Мінскай мужчынскай гімназіі, выйшаў у мінулым годзе. Трэцяя частка будзе ўключаць фотадакументы, што датычацца іншых шасці навучальных устаноў горада Мінска: гімназій і рэальных вучылішч. Пасля гэтага архіў пераключыцца на горад Віцебск.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.