Вы тут

Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі


Кожны буйны міжнародны старт, які праходзіць у Беларусі, становіцца яркай часткай яе спартыўнай гісторыі. І гэта выдатная нагода ўспомніць, які спартыўны бэкграунд мае наша краіна. У рамках рубрыкі «Гульні для Дружбы», прысвечанай ІІ Гульням краін СНД, «Звязда» раскажа пра гісторыю відаў спорту, уключаных у праграму Гульняў.


Знакамітыя трэніроўкі СКА-Мінск.

Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады. А ўсё пачалося дзякуючы намаганням аднаго чалавека — Сяргея Авакумава, гульца кіеўскага СКІФа, двухразовага чэмпіёна Украіны па гандболе. Будучы студэнтам Беларускага інстытута фізкультуры, ён адкрыў першую ў нашай краіне секцыю гандбола. Потым Сяргей Георгіевіч стварыў гандбольную секцыю ў Беларускім політэхнічным інстытуце (БПІ). Ён здолеў зацікавіць гандболам кіраўніцтва спартыўнага таварыства «Буравеснік», якое займалася студэнцкім спортам. Так гандбол прыйшоў ва ўсе беларускія інстытуты. Падключыліся і спартклубы МАЗа, МЗАЛа, МТЗ. У першынстве Мінска 1957 года ўдзельнічалі 20 мужчынскіх і 7 жаночых каманд. І гэта ўсяго за некалькі гадоў развіцця гэтага віду спорту ў краіне! У 1959-м Сяргей Георгіевіч Авакумаў стварыў клуб «Палітэхнік», які, па сутнасці, быў зборнай БССР. Узначаліў каманду Віталь Дабравольскі, паплечнік Сяргея Авакумава, якога называюць другім бацькам беларускага гандбола. 

«Умовы? Адкуль? Мы іх нават для зборных рэспублікі не мелі года да 1975-га. Спачатку займаліся на стадыёне ІФК. Была там зала барацьбы, драўляная. Памеры — 24 на 12, баскетбольная пляцоўка пад зрэз сцен. Пускалі нас туды з поўначы — і хоць да раніцы. Вароты малявалі на сценках. Праўда, вельмі хутка мы размалацілі ўсю драўляную абшыўку. І тады нас адтуль папрасілі. Дзякуй богу, якраз вясна прыйшла. Сталі займацца на свежым паветры. Спачатку ў мяне займалася чалавек сем з інстытута, астатнія — хто адкуль. Падключылі маладых афіцэраў са Сляпянскага гарнізона. Аднак на дзве каманды людзей усё роўна не хапала. Таму, калі нам дазволілі на 9 Мая правесці ў мэтах папулярызацыі паядынак на «Дынама», некаторыя дзіркі закрылі лёгкаатлетамі. Ну, згулялі... Перад намі праходзіў футбольны матч. І народ пасля абвесткі пра гандбол на трыбунах застаўся — паглядзець, што за дзіва такое. Тысяч дзесяць. Але ў перапынку палова сышла. Гулялі 11 на 11. А гэта гульня не асабліва відовішчная, з недасканалымі правіламі. Але пра сябе заявілі. Гандболам у Мінску зацікавіліся многія: усяго праз год на першынство горада заявілі 20 мужчынскіх і 7 жаночых каманд», — успамінаў Сяргей Георгіевіч у інтэрв’ю газеце «Прэсбол» у 2006-м. Сяргей Георгіевіч Авакумаў з 1956 па 1959 гады быў гуляючым трэнерам зборнай БССР. Ён жа стаў першым старшынёй Федэрацыі гандбола БССР, створанай у 1956 годзе. Сяргей Авакумаў выхаваў 22 майстры спорту СССР. Шасцёра яго вучняў сталі заслужанымі трэнерамі БССР. У 2014 годзе Сяргей Георгіевіч Авакумаў пайшоў з жыцця.

У 1961-м «Палітэхнік» перамог у першым розыгрышы чэмпіянату рэспублікі. Канкурэнцыю яму склалі чатыры каманды: мінскі «Спартак», «Гомель», БСГА з Магілёўскай вобласці і «Віцебск». А ўжо праз год беларуская каманда дэбютавала ў чэмпіянаце СССР. У красавіку 1962 года на першым чэмпіянаце СССР беларускія гандбалісты выйгралі адборачны турнір, прайшлі ў фінал і занялі выніковае сёмае месца. Для маладой неабстралянай каманды гэта быў сапраўдны поспех. Але прыгожага ўліцця ў шэрагі пераможцаў не здарылася. У сярэдзіне 1960-х беларускі гандбол усё гэтак жа развіваўся ў інстытутах, дзе яму было весела, але цесна. Спорт трымаўся на энтузіязме трэнераў і спартсменаў. А надзейнага падмурка — школ, спартыўных баз, трэнераў — не было.

 У чэмпіянаце СССР 1967-га  мінчане ўзняліся на шосты радок. Другое вяртанне ў эліту адбылося толькі ў 1974-м. А ў 1975-м у клуба пачалося новае жыццё. З новай назвай СКА-Мінск ён і ўвайшоў у гісторыю сусветнага гандбола.

Каманда СКА-Мінск — шасціразовы чэмпіён СССР, пяціразовы сярэбраны прызёр. Мінчане тройчы заваёўвалі Кубак СССР. І тройчы  Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. Двойчы армейцы выйгравалі Кубак уладальнікаў кубкаў еўрапейскіх краін. У 1989 годзе СКА-Мінск стаў пераможцам Суперкубка Еўропы. Алімпійскія дасягненні савецкага гандбола сталі магчымыя дзякуючы беларускім гульцам. У 1980-м на Алімпіядзе ў Маскве Аляксандр Каршакевіч стаў сярэбраным прызёрам. А ў 1988-м у Сеуле разам з таварышамі па камандзе Юрыем Шаўцовым, Канстанцінам Шараваравым, Георгіем Свірыдзенкам і Аляксандрам Тучкіным яны заваявалі золата Алімпійскіх гульняў. Зборную СССР, алімпійскіх чэмпіёнаў, ахрысцілі камандай іншапланецян, камандай XXI стагоддзя. Праўда, ужо праз два гады пасля гучнай перамогі, у 1990-м, гэтая іншапланетная каманда на чэмпіянаце свету буйна прайграла шведам.

У 1991 годзе развалілася краіна, якую прадстаўлялі гандбалісты. Па розных прычынах лепшыя гульцы пакінулі зборную. Змены адбыліся і ў трэнерскім штабе, нязменным застаўся Спартак Пятровіч. На Алімпійскія гульні 1992 года прыехала абноўленая цалкам і не сказаць што моцна дасведчаная каманда. Да таго ж выступала гэтая каманда пад нейтральным сцягам, не разумеючы, якую краіну прадстаўляе. Больш складаных умоваў для перамогі прыдумаць цяжка. Але яны справіліся. І вялікую ролю ў гэтым адыгралі беларусы Андрэй Барбашынскі, Андрэй Мінеўскі і Міхаіл Якімовіч. Па колькасці алімпійскіх чэмпіёнаў гандбол — лідар беларускага спорту.

1987 год. Мінскі СКА выйграў Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў.

Мы ўжо расказвалі пра самыя яркія перамогі беларускага гандбола

Анатоль Галуза, Аляксандр Мінеўскі, Канстанцін Шаравараў, Аляксандр Масейкін, Аляксандр Маліноўскі, Андрэй Парашчанка, Юрый Шаўцоў, Аляксандр Тучкін, Аляксандр Каршакевіч, Міхаіл Якімовіч, Георгій Свірыдзенка, Васіль Сінькевіч, Мікалай Масалкоў — тыя, хто ствараў гісторыю беларускага гандбола пад кіраўніцтвам Спартака Мірановіча.

Спартак Мірановіч і лепшыя гандбалісты СКА-Мінск.

У першы год працы Спартака Мірановіча на пасадзе трэнера СКА ў чэмпіянаце СССР клуб фінішаваў толькі на восьмым месцы. Было відавочна, што патрэбны тэхнічныя і тактычныя змены, камандзе патрэбны новыя сілы. Як любыя рэформы, новаўвядзенні былі падтрыманы не ўсімі гульцамі. Але і Спартак Пятровіч адступаць не стаў. Спартак Мірановіч — з тых трэнераў, каго называюць дыктатарам. Але пры гэтым у складаныя 1990-я ён прадаў дачу, каб каманда змагла выехаць на турнір. Ён стварыў вялікі гандбольны клуб, прывёў сваіх выхаванцаў да галоўных узнагарод. Яго вучні і сёння прыслухоўваюцца да яго думкі. А яго досвед — скарбніца спартыўнай і жыццёвай мудрасці. З 1992 па 2008 гады Спартак Пятровіч узначальваў зборную Беларусі. А родным клубам СКА кіраваў да 2016 года. Ён пакінуў пасады, але не пакінуў гандбол. Спартак Пятровіч у курсе ўсіх гандбольных навін, сочыць за ключавымі матчамі. І не стамляецца даваць парады гульцам і трэнерам. І як можна ўспрымаць Спартака Пятровіча асобна ад гандбола?

Больш даведацца пра вялікага трэнера можна ў яго інтэрв’ю «Звяздзе»

«Без Касінскага не было б Мірановіча, а без Мірановіча — Касінскага». Так пра свайго аднадумца і калегу Віктара Пятровіча Касінскага сказаў аднойчы Спартак Мірановіч. Віктар Касінскі — чалавек, які дакладна ведае, як са школьніка вырасціць алімпійскага чэмпіёна. Усе вялікія беларускія гандбалісты прайшлі школу Віктара Пятровіча, усе пачыналі сваю кар’еру пад яго кіраўніцтвам у спартыўным інтэрнаце, вядомым сёння як вучылішча алімпійскага рэзерву.

Віктар Касінскі і Аляксандр Тучкін.

«Па Сашы Каршакевічу было бачна, што ён адораны гандбаліст. У яго з дзяцінства была гульнявая хітрасць. Там, дзе фізічна ён саступаў іншым хлопцам, знаходзіў нетрывіяльнае рашэнне. Саша з дзяцінства хацеў быць ва ўсім першым. Юра Шаўцоў быў фізічна моцным хлопцам. Юра мог эфектыўна гуляць на любой пазіцыі. Ён мог знайсці агульную мову з кожным гульцом. Пра Андрэя Барбашынскага я шмат чуў. Прыехаў да яго ў Ашмяны, каб на прагляд паклікаць. Дык ён ад мяне пад парту схаваўся. А хлопец высокі, дужы, мне якраз такія былі патрэбныя. Хлопцы былі на пляцоўцы зладжанай камандай, у тым ліку і таму, што жылі разам у спартыўным інтэрнаце. У інтэрнат мы бралі таленавітых дзяцей, і там яны вырасталі ў моцных спартсменаў. Праўда, мне даводзілася ім быць і за трэнера, і за выхавацеля, і за бацькоў», — успамінае Віктар Пятровіч. 

«Без страху і папроку наперад, армейцы!»

«Лепшы гандбаліст у свеце», «уладар пляцоўкі», «унікальны талент» — для гэтага гульца журналісты ніколі не шкадавалі кампліментаў. Нават той, хто нарадзіўся пазней, чуў пра гульню Аляксандра Каршакевіча. А яго вынаходства — кідок з «падкруткай», дзякуючы якому ён мог закідваць мячы ў вароты суперніка практычна з нулявога кута, увайшло ў гісторыю гандбола. Запатэнтаваць бы, каб ведалі, хто гэта прыдумаў.

«У снежні 1979 года я лёг на аперацыю, лячылі плячо. Урачы сказалі паўгода ўвогуле не трэніравацца. Я прыйшоў у залу, прысеў на лаўку. І тут пытанне ад Спартака Пятровіча: „Саша, ты на Алімпіяду хочаш паехаць?“. Ну хто не хоча на Алімпіяду? „Рука баліць, але ногі цэлыя, ідзі бегай, рука потым падцягнецца“, — кажа мне Спартак Пятровіч. У ліпені 1980-га я ўжо выступаў на Алімпіядзе. Для сучасных спартсменаў гэта нерэальна. Ён палец крыху выб’е, і месяц лечыцца, не трэніруецца. Я неяк на турніры ў Львове вывернуў галёнкаступ, нага апухла так, што пальцаў не было відаць. Праз тыдзень ужо трэніраваўся. Сёння з такой траўмай год бы не трэніраваліся», — два прыклады, якія красамоўна расказваюць пра гандбалістаў таго пакалення. 

Усім добра вядома, што Юрый Шаўцоў — галоўны трэнер мужчынскай нацыянальнай зборнай па гандболе, алімпійскі чэмпіён 1988 года, прадстаўнік легендарнай каманды СКА. Пасля заканчэння гульнявой кар’еры Юрый Анатольевіч вырашыў стаць трэнерам і абверг меркаванне пра тое, што высакакласныя спартсмены не могуць быць класнымі трэнерамі. Ён змог. Гульнявы і трэнерскі вопыт, атрыманы ў розных клубах, Юрый Анатольевіч Шаўцоў сёння выкарыстоўвае ў нацыянальнай зборнай Беларусі, якую ўзначальвае з 2009 года. Баявым хрышчэннем стаў чэмпіянат свету 2013 года ў Іспаніі. Каманда Беларусі заняла 4-е месца ў групе і выйшла ў плей-оф чэмпіянату. З таго часу каманда Юрыя Шаўцова не аднойчы прабівалася ў фінальныя стадыі чэмпіянатаў свету і Еўропы і была за крок ад заваявання алімпійскай ліцэнзіі. Не заўсёды ўсё атрымліваецца лёгка і зладжана. Але ніхто і не абяцаў, што будзе лёгка.

І Юрый Шаўцоў пацвярджае гэта ў сваім інтэрв’ю «Звяздзе»

«Гэты чалавек надзелены вечнай маладосцю: лёгкі, скакучы, хуткі, рэзкі» — пісалі пра Канстанціна Шараварава журналісты. Вясной 1982 года гульцы СКА-Мінск дэманстравалі найвышэйшы ўзровень не толькі на клубных спаборніцтвах, але і ў зборнай Савецкага Саюза. Мінчан у складзе галоўнай каманды краіны была большасць. І абсалютна дзіўны факт — на правым флангу былі два аднаклубнікі — Юрый Шаўцоў і Канстанцін Шаравараў. Армейская пяцёрка выдатна разумела задумы галоўнага трэнера Спартака Пятровіча, была гатова да нагрузак, якія даваў трэнер. Яны прадэманстравалі гэта ўсяму свету ў 1988-м, калі сталі алімпійскімі чэмпіёнамі. Нажаль, мара Канстанціна Шараварава пра другое алімпійскае золата не ажыццявілася. Усе планы разбурыла парванае ахілава сухажылле. Не ўсе дактары былі ўпэўненыя, што Канстанцін зможа проста хадзіць, не гаворачы ўжо пра гандбол. Сёння Канстанцін Шаравараў — трэнер жаночай гандбольнай каманды БНТУ-БелАЗ.

Пра гульнявую і трэнерскую кар’еру ён калісьці расказваў у інтэрв’ю «Звяздзе»

У беларускім спорце Андрэй Барбашынскі — фігура вельмі прыкметная, прычым як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Беларускі волат, як яго часта называюць журналісты, вылучаецца вялізным ростам, шырокай усмешкай і неверагоднай харызмай. Гандбаліст Барбашынскі рэдка заканчваў гульню, не закінуўшы сем-восем мячоў, адрозніваўся сяміметровымі, якія закідваў для каманды. З родным спортам ён не развітаўся і дагэтуль. Андрэй Барбашынскі працуе з ветэранамі, праводзіць чэмпіянат Гродзенскай вобласці, у Ашмянах праходзіць турнір на прызы алімпійскага чэмпіёна. Бо гандбол — гэта назаўжды.

Чаму — ён расказаў у інтэрв’ю «Звяздзе»

«Сціплы і нешматслоўны Георгій Свірыдзенка — чалавек справы, адна з галоўных дзеючых фігур мінскай каманды. У яго руках — ніткі калектыўнай гульні. Зрэшты, Жора — не проста дыспетчар, які кіруе дзеяннямі партнёраў. Арыгінальныя фінты, нечаканыя абыходы, абаронныя кідкі робяць яго сапраўды незаменным», — апісваў Георгія журналіст Дзмітрый Беленькі ў «Фізкультурніку Беларусі» напярэдадні Алімпійскіх гульняў 1988 года. Сям’я Свірыдзенка — бадай, адзіная беларуская сям’я, дзе выраслі два алімпійскія чэмпіёны ў розных відах спорту. Ірына Свірыдзенка (пазней — Сумнікава) у 1992 годзе стала алімпійскай чэмпіёнкай у баскетболе.

Бацька Аляксандра Тучкіна быў ваенным і па абавязку службы разам з сям’ёй часта мяняў месца жыхарства. У Мінску сям’я Тучкіных апынулася ў пачатку 1980-х, калі ў Беларусі адбываўся сапраўдны гандбольны бум. Старэйшаму і малодшаму Тучкіным вельмі спадабалася гэтая дынамічная гульня, яны літаральна захварэлі на гандбол. Разам яны пайшлі на даволі смелы крок: адправіліся наўпрост да Спартака Мірановіча. Аляксандру на той момант было ўжо 17, узрост для дэбюту — максімальна непрыдатны. Спартаку Пятровічу спадабаўся высокі хлопец. Рост Аляксандра Тучкіна на той момант складаў 203 сантыметры. СКА-Мінск папоўніўся яшчэ адным моцным гульцом. Не прайшло і пяці гадоў, як Аляксандр Тучкін стаў сапраўднай гандбольнай зоркай, ад чыіх кідкоў ледзь не рваліся сеткі варот. 

Гандболам Андрэя Мінеўскага «заразіў» старэйшы брат Аляксандр. У залу Андрэй прыйшоў у 15 гадоў і неўзабаве, дзякуючы вялікаму росту і стараннасці ў працы, быў заўважаны спецыялістамі. Праз некаторы час Андрэя Мінеўскага запрасілі ў спартыўны інтэрнат. Перспектыўнага гульца пачалі запрашаць у склад зборнай СССР за год да Алімпійскіх гульняў у Барселоне. Пасля Алімпіяды 1992 года Андрэй Мінеўскі з’ехаў гуляць у клуб «Лентцінхаузен» — клуб чацвёртай нямецкай лігі. Андрэй Мінеўскі выступаў за розныя нямецкія клубы. І пасля завяршэння спартыўнай кар’еры застаўся жыць і працаваць у Германіі.

Алімпійскія чэмпіёны 1992 года.

Гандбольны талент Міхаіла Якімовіча раскрыўся, калі яму было 20 гадоў. З часам Міхаіл Якімовіч трывала ўвайшоў у лік лепшых бамбардзіраў чэмпіянату СССР і стаў сапраўдным лідарам не толькі мінскага СКА, але і зборнай Савецкага Саюза. Пасля развалу СССР Міхаіл Якімовіч застаўся гуляць за зборную Беларусі, але клубную кар’еру рабіў у Іспаніі. Яго моцнымі кідкамі (хуткасць палёту дасягала 125 км\г) захапляўся ўвесь свет. Пасля заканчэння спартыўнай кар’еры трэнерская кар’ера не склалася. І Міхаіл Якімовіч знайшоў сябе ў бізнэсе.

Новы час — новыя выклікі

Пасля развалу Савецкага Саюза беларускі гандбол, нажаль, не адразу змог адаптавацца да новых рэалій. Лепшыя гульцы клуба СКА-Мінск раз’ехаліся. Але сапернікаў, роўных армейцам, у Беларусі ўсё яшчэ не было, таму з 1993 па 2002 гады яны і перамагалі ў нацыянальным чэмпіянаце. Але на еўрапейскай арэне не праходзілі далей за два-тры раўнды. У чэмпіянаце краіны сезона 2002-2003 дэбютаваў Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова. У сезоне 2002-2004 БГК імя Мяшкова стаў лідарам нацыянальнага чэмпіянату. Брэсцкія гандбалісты выканалі чэмпіёнскі дубль — перамаглі ў чэмпіянаце Беларусі і заваявалі Кубак краіны. А яшчэ дэбютавалі на еўрапейскай арэне: у Кубку ЕГФ дабраліся да 1/8 фіналу. У наступныя сезоны БГК імя Мяшкова будзе паўтараць свой поспех унутры краіны і нарошчваць дасягненні на міжнароднай арэне. БГК імя Мяшкова — 15-разовы чэмпіён Беларусі, шматразовы ўладальнік Кубка Беларусі, некалькі разоў станавіўся прызёрам SEHA-Лігі.

2000-ы год. Зборная Беларусі заняла другое месца чэмпіяната Еўропы.

СКА-Мінск і БГК-Мяшкоў сталі кузняй гульцоў для зборнай краіны. У гэтых двух клубах вырасла новае пакаленне беларускіх гандбалістаў. Лепшым беларускім гандбалістам гэтай плеяды лічыцца Сяргей Рутэнка, выхаванец СКА-Мінск. Статус лепшага гандбаліста Беларусі ў яго перанялі Арцём Каралёк і Мікіта Вайлупаў. Армейцы Іван Броўка, Барыс Пухоўскі, Дзмітрый Нікуленкаў, берасцейцы Іван Мацкевіч, Максім Бабічаў, Юрый Грамыка, якія былі сапернікамі ў нацыянальным чэмпіянаце, аб’ядноўваліся ў нацыянальных зборных. У 2000 годзе мужчынская юніёрская зборная Беларусі бліскуча выступіла ў фінальным туры маладзёжнага чэмпіянату Еўропы ў Грэцыі, дзе занялі другое месца. У гісторыі суверэннага беларускага гандбола гэтае дасягненне пакуль самае гучнае. Дарослыя нацыянальныя каманды ўвайсці ў прызёры міжнародных стартаў пакуль не змаглі.

Беларускім камандам вельмі важна не згубіцца на міжнароднай арэне. Бо сусветная папулярнасць гандбола расце не па днях, а па гадзінах. На Алімпійскіх гульнях 2016 года гандбол стаў другім відам спорту па наведвальнасці. Мільёны людзей па ўсім свеце назіраюць за падзеямі ў свеце ручнога мяча, глядзяць матчы, перажываюць за любімыя каманды, сярод якіх, спадзяемся, і нашы. Але толькі адзінкі ведаюць, якую працу трэба правесці не толькі трэнерам і спартоўцам, але і функцыянерам, каб каманда ў сем чалавек правяла два таймы па 30 хвілін. А Уладзімір Мікалаевіч Канаплёў ведае гэта, як ніхто іншы.

Пра сучасны стан беларускага гандбола і яго перспектывы старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў шчыра расказаў «Звяздзе» 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.