Вы тут

Якія навінкі з'явяцца на фестывалі «Маладзечна-2023»


Ужо зусім хутка, 9 і 10 чэрвеня, па добрай традыцыі гасцей і ўдзельнікаў збярэ ХХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023». Арганізатарамі свята ў гэтым годзе падрыхтавана насычаная і рознафарматная праграма, якая прапануе творчыя сустрэчы, выстаўкі, тэатралізаваныя пастаноўкі і гучныя канцэрты. Пра тое, якія навінкі з'явяцца ў гэтым годзе на творчым форуме, якімі акцэнтамі ён адметны і як сарыентавацца ва ўсёй разнастайнасці яго прапаноў, далучыцца да фестывалю з любога кутка Беларусі, расказалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і рэжысёры.


Фота: mlyn.by.

Каму дастанецца «гітара»?

— Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023» — сапраўды знакавая падзея ў нашым культурным жыцці. І на працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў гэты форум ставіць перад сабой самую галоўную задачу — захаванне духоўных і маральных каштоўнасцяў, традыцый, нацыянальнага мастацтва. І сёлета фестывальныя мерапрыемствы аб'ядналі майстэрства вядомых артыстаў, паэтаў, кампазітараў. Далучаюцца да іх і таленавітыя прадстаўнікі творчай моладзі, — зазначыла кансультант галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Людміла Манакова. — У аснове канцэпцыі дадзенага форуму будзе тэма Года міру і стваральнай працы. Яна знойдзе адлюстраванне ва ўсіх мерапрыемствах фестывалю, розных па жанрах і напрамках. Адзначу, што арганізатарамі (Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканкам і Маладзечанскі райвыканкам, Белтэлерадыёкампанія) праведзена маштабная падрыхтоўчая работа па арганізацыі фестывалю, і ўжо 9 чэрвеня ў 21.00 традыцыйна на сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца ўрачыстае адкрыццё гэтага мерапрыемства.

У гала-канцэрце прымуць удзел фіналісты праектаў «Х-фактар. Беларусь», «Х-фактар.by» і заслужаны калектыў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя Міхаіла Фінберга. Трансліраваць гэтую падзею будзе тэлеканал «Беларусь 1». Вядома, галоўнай і неад'емнай часткай творчага форуму з'яўляецца Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Сёлета ІІ і ІІІ туры мастацка-творчага спаборніцтва рэспубліканскага этапу конкурсу пройдуць у другі дзень фестывалю 10 чэрвеня. Трансляцыю гэтых канцэртаў забяспечыць тэлеканал «Беларусь 3». У конкурсе традыцыйна выступяць па тры ўдзельнікі ад кожнай вобласці і горада Мінска (21 канкурсант). Найлепшы з канкурсантаў стане ўладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна «Крыштальная гітара».

У суботу, 10 чэрвеня, падчас гала-канцэрта закрыцця адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. І гала-канцэрт закрыцця пройдзе таксама ў дзевяць гадзін вечара ў амфітэатры і стане завяршэннем праграмы фестывалю. У ім прымуць удзел вядомыя артысты, прадстаўнікі таленавітай моладзі. Акрамя асноўных мерапрыемстваў, фестывальная праграма прапаноўвае гледачам і ўдзельнікам свята на працягу двух дзён фестывалю шмат іншых, якія пройдуць на пляцоўках горада Маладзечна і за яго межамі.

Паэзія музейных каштоўнасцяў і ўшанаванне памяці

— Нягледзячы на тое, што адкрыццё ў нас адбудзецца вечарам 9 чэрвеня, ужо з 10 гадзін раніцы ўсе лакацыі ў Маладзечне адчыняць свае дзверы для наведвальнікаў. Па-першае, гэта пляцоўка нашага абласнога краязнаўчага музея, які размяшчаецца ў горадзе. Там адкрыецца выстаўка «Паэзія музейных каштоўнасцяў». Гэты год юбілейны для Мінскай вобласці (адзначаем 85-годдзе), і на выстаўцы будуць прадстаўлены галаграфічныя выявы 28 найлепшых каштоўнасцяў, што захоўваюцца ў заказніках усіх музеяў Мінскай вобласці. Больш за тое, усе гэтыя выявы можна будзе параўнаць з натуральнымі прадметамі і атрымаць ад гэтага непаўторную асалоду, — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька. — Натхняльнікам нашага фестывалю быў Міхаіл Якаўлевіч Фінберг, таму 9 чэрвеня ў 20.30 перад пачаткам форуму адбудзецца ўрачыстае адкрыццё яго памятнай дошкі ў амфітэатры. І кожны жыхар Маладзечна заўсёды зможа прыйсці і аддаць даніну памяці славутаму дзеячу культуры. У гэты ж дзень адбудзецца цікавая сустрэча з нашым беларускім кампазітарам Алегам Елісеенкавым. Тэатральная дзейнасць будзе прадстаўлена не толькі пляцоўкамі і спектаклямі, якія пакажуць Мінскі абласны драматычны тэатр і Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» — уся цэнтральная вуліца Прытыцкага ператворыцца ў вялікую тэатральную сцэну. Там можна будзе пазнаёміцца з літаратурным багаццем Беларусі, пачынаючы ад найлепшых пастановак нашых класікаў і заканчваючы сучаснасцю.

Мы зыходзілі з таго, што сёлета Слуцк — культурная сталіца Рэспублікі Беларусь. І менавіта там быў пакладзены пачатак усёй тэатральнай дзейнасці нашай краіны. Таму менавіта тэатральная дзейнасць для знаёмства з нашай беларускай культурай стане асновай, цэнтральнай тэмай фестывалю.

Акрамя гэтага, на фестываль сёлета прыедуць творчыя калектывы, рамеснікі Мінскай вобласці і іншых абласцей і горада Мінска. Іх удзел запланаваны не толькі ў горадзе майстроў, а кожнаму рэгіёну будзе адведзены час на сцэне, якая разгорне сваю праграму на цэнтральнай плошчы. Там госці форуму ўбачаць канцэрты найлепшых выканаўцаў, аматарскіх калектываў нашых рэгіёнаў. У гэтым годзе арганізатары пашырылі межы фестывалю. І ў госці на свята прыедуць творчыя калектывы дзевяці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Яны таксама прывязуць свае канцэртныя праграмы і майстроў з іх сувенірнай прадукцыяй.

Паколькі не толькі музыка з'яўляецца цэнтральным элементам фестывалю, але і паэзія, пройдзе мерапрыемства ў Вязынцы ў філіяле музея Янкі Купалы. Будзе чакаць сваіх наведвальнікаў і Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча, дзе арганізуюць літаратурныя гасцёўні, сустрэчы з пісьменнікамі.

Цікавая праграма плануецца і на вечар. Пасля цырымоніі адкрыцця ўсіх ахвотных чакае прагляд пад адкрытым небам фільма «Белыя росы». А ў апошні дзень фестывалю для ўзмацнення святочнага настрою пасля цырымоніі закрыцця на цэнтральнай плошчы горада пройдзе маладзёжная дыскатэка. Сам жа канцэрт закрыцця задуманы таксама ў цікавым фармаце.

— Мы вырашылі ўзяць у праграму канцэрта песні, якія вядомыя абсалютна кожнаму. Гэта і народныя песні, і хіты 1990-х гадоў, і кампазіцыі, якія за апошнія гады сталі вельмі папулярнымі. Будзе і некалькі невядомых кампазіцый, якія мы, можна сказаць, прэзентуем. Але ўсе песні, якія любіць і ведае глядач, мы зробім у новых аранжыроўках, каб яны прагучалі больш ярка і сучасна. У нас будзе фармат караоке, і кожны зможа спяваць пры жаданні разам з намі. Атрымаецца, лічыце, такое сямейнае застолле ў коле вялікай сям'і (усёй краіны), — прыадкрыў таямніцу галоўны прадзюсар гала-канцэрта Іван Клешчанка-Чарвякоў.

Увогуле, як адзначыла дырэктар ДУ «Палац культуры г. Маладзечна» Таццяна Цэгалка, арганізатары фестывалю сёлета ставілі сабе галоўнай задачай, каб кожны госць і наведвальнік нашага форуму знайшоў для сябе адпаведна сваім густам і патрэбам тую пляцоўку, якая пакіне незабыўнае ўражанне. І каб у выніку засталіся станоўчыя эмоцыі і жаданне зноў наведаць фестываль:

— У гэтым годзе праз сімбіёз мастацтваў мы хочам паказаць прыгажосць беларускай паэзіі і песні. Будзе ў нас і тэатральнае мастацтва, і харэаграфія, і мастакі, і паэты, і тым самым мы паказваем багацце нашай нацыянальнай беларускай культуры. Продаж квіткоў ужо ідзе. Спадзяёмся, што гэтым разам фестываль збярэ яшчэ больш гасцей, сяброў, чым у мінулыя гады.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?