Вы тут

Кніга кітайскага філосафа Канфуцыя выдадзена ў Мінску


Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта падрыхтаваў і выдаў зборнік «Канфуцый сказаў: 100 выслоўяў і думак вялікага Настаўніка па-беларуску». Выдаўцом выступіла ТАА «Выдавецтва «Восточная культура».


Канцэпцыю выдання, падыходы, якімі кіраваліся ініцыятары яго нараджэння ў Беларусі, выкладае ў даволі грунтоўнай прадмове да кнігі дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР у 2006 – 2011 гадах, прафесар Анатоль Тозік. Вось што, у прыватнасці, ён адзначае: «… Погляды, думкі Канфуцыя, успаміны аб яго ўчынках, ацэнках учынкаў іншых людзей рупліва сабраны яго вучнямі (ужо пасля таго, як іх Настаўнік скончыў свой зямны шлях) у кнізе «Лунь ю» -- «Меркаванні і гутаркі». Кніга складаецца з 20 раздзелаў, а кожны раздзел – з параграфаў, ад 3 да 44 у кожным, усяго 511 параграфаў.

Мы з маёй калегай спадарыняй Ліў Сулін, дацэнтам Даленьскага політэхнічнага ўніверсітэта і шматгадовым намеснікам дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з усёй спадчыны Настаўніка вырашылі перакласці на беларускую мову 100 выслоўяў і думак Канфуцыя, якія, з нашага пункту гледжання, даюць агульнае ўяўленне аб яго поглядах, з'яўляюцца актуальнымі для сённяшняга грамадства і сённяшняга чалавека і цікавымі для беларускамоўнага чытача. Працуючы над гэтым выданнем, мы ўважліва вывучылі пераклады «Лунь ю» на рускую мову вядомых савецкіх і расійскіх сінолагаў, перш за ўсё такіх, як В. П. Васільеў, П. С. Папоў, А. Я. Лук'янаў, І. І. Семяненка, Б. Б. Вінагродскі.

Усе 100 выслоўяў і думак мы згрупавалі па чатырох частках: аб вучобе і адукаванасці, аб адносінах у сям'і і грамадстве, аб самавыхаванні і самаўдасканальванні, аб кіраванні людзьмі і дзяржавай». І яшчэ адно важнае тлумачэнне з прадмовы Анатоля Тозіка: «Каб гэта выданне было больш карысным для студэнтаў, перакладчыкаў і выкладчыкаў кітайскай мовы, змест кожнага перакладзенага намі параграфа мы вырашылі захаваць на той мове, на якой ён быў запісаны ўпершыню (дзве лічбы ў дужках пазначаюць раздзел і параграф у «Лунь ю»), і на сучаснай кітайскай мове, выкарыстаўшы рэдакцыю найбольш аўтарытэтных кітайскіх выдавецтваў».

Невялікі фармат выдання (і па колькасці старонак, якіх усяго 128, і па памеру кнігі, які можна ахарактарызаваць як «кішэнны») дазваляе заўсёды трымаць зборнік пад рукамі, перад сабою. Чытанню мудрых выслоўяў не пярэчыць і паездка ў транспарце, чытанне можна ажыццяўляць у перапынку паміж іншымі клопатамі. «Настаўнік сказаў:

— Хіба ж не прыемна вучыцца і своечасова выкарыстоўваць атрыманыя веды ў жыцці (пастаянна дабівацца дасканаласці)? Хіба ж не радасна сустрэцца з сябрам, які вярнуўся з далёкіх краін? Хіба ж не высакародны той чалавек, які не скардзіцца і не шкадуе, што не вядомы людзям?» «Настаўнік сказаў: — Цудоўна жыць там, дзе пануе чалавекалюбства. І ці можна назваць разумным таго, хто, маючы выбар, там не жыве?»

Адкрываючы мудрасць Канфуцыя, разважаючы над яго выслоўямі, ад старонкі да старонкі атрымліваеш велізарную асалоду ад пранікнення ў даўніну, ад таго, што выказаныя стагоддзямі, тысячагоддзямі раней меркаванні, думкі з'яўляюцца ліхтарамі, светачам у сённяшнім жыцці, нагрувашчаным найноўшымі адкрыццямі ў галіне лічбавізацыі і штучнага інтэлекту. Канфуцый вучыць думаць, разважаць, выкладаць свае меркаванні… «Настаўнік сказаў: -- Вучыцца і не разважаць – марная праца. Разважаць і не вучыцца – небяспечна». «Настаўнік сказаў: -- Калі будзеш патрабавальным да сябе і спагадлівым да іншых, то зможаш пазбегнуць крыўды і нараканняў».

Кніга «Канфуцый сказаў…» складаецца з чатырох частак: «Аб вучобе, адукаванасці і чалавечнасці»; «Аб адносінах у сям'і і ў грамадстве»; «Аб самавыхаванні і самаўдасканальванні»; «Аб кіраванні людзьмі і дзяржавай».

У кожным з іх чытача чакаюць сустрэчы з зярнятамі мудрасці, якія пры пільнай увазе да іх сутнасці, у цытаванні да месца, у следаванні выкладзенаму легендарным Канфуцыем здольны стаць багатым ураджаем добрых спраў, сумленнага жыцця чалавека-адзінкі і ўсяго грамадства.

Упрыгожваюць кнігу ілюстрацыі мастачкі К. Г. Маіцеўскай, якія, пачынаючы ад партрэта самога Канфуцыя, носяць выразна красамоўны характар. Віншуючы Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і выдавецтва «Восточная культура» з нараджэннем кнігі «Канфуцый сказаў: 100 выслоўяў і думак вялікага Настаўніка па-беларуску», можна смела лічыць з'яўленне такога выдання грунтоўнай падзеяй у рэчышчы прадстаўлення кітайскай культуры і кітайскай літаратуры ў Беларусі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як засцерагчыся ад паражэння электрычнасцю і атручвання газам, расказалі эксперты

Як засцерагчыся ад паражэння электрычнасцю і атручвання газам, расказалі эксперты

Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.

Грамадства

Стаўка на сланечнік. Ці прыжывецца паўднёвая культура на беларускіх палетках?

Стаўка на сланечнік. Ці прыжывецца паўднёвая культура на беларускіх палетках?

Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.

Здароўе

Памылкі, якія робіць наш мозг. Ці можна іх выправіць?

Памылкі, якія робіць наш мозг. Ці можна іх выправіць?

«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?