Вы тут

Да дому веткаўскай рукадзельніцы Марыі Прыходзька наведваюцца як у сапраўдны музей


Вясельнае шчасце яна прывабіла рознакаляровымі крыжыкамі па тканіне. Веткаўская рукадзельніца захоўвае вытканы і вышыты пасаг, які рыхтавала разам з мамай амаль паўстагоддзя таму.


Марыя Пятроўна і Пётр Пятровіч Прыходзькі самі родам са знакамітай Неглюбкі. Але шмат гадоў жывуць у Ветцы. У іх доме — цэлы музей вышыўкі і тканых вырабаў.

Марыя Пятроўна вышываць навучылася, калі ёй яшчэ і шасці год не было.

— У нас у вёсцы, а мы жылі на выселках, у пасёлку за Неглюбкай, доўга не праводзілі электрычнасці. Вечарамі з мамай усе садзіліся за стол, запальвалі керасінку і рукадзельнічалі. Збіраліся не толькі сваёй сям’ёй – прымалі ў сябе жанчын-суседак. Хто ткаў, хто праў, хто вышываў. Мама мая Анастасія Іванаўна была знакамітая ў Неглюбцы майстрыха. Многіх дзяўчат менавіта яна навучыла ткаць, набіваць узоры, вышываць. Да нашых дзён яе ткацкі станок захоўваецца ў нашым веткаўскім музеі, — расказвае Марыя Прыходзька.

Вялікія вышываныя работы жанчына самастойна магла зрабіць ўжо з пятнаццаці гадоў.

— Прыбягу са школы і хуценька саджуся за урокі, каб пасля паспець нешта вышыць. Вядома, вышывалі, ткалі мы толькі зімой. Улетку і ў сезон, увесну і ўвосень, рукадзельнічаць было няма калі: шмат працы ў агародзе і па гаспадарцы, якую тады трымалі вельмі вялікую. Калі была малая, вышывалі толькі чорнымі і чырвонымі ніткамі, бо каляровых не было ўвогуле адкуль дастаць, — узгадвае майстрыха. 

Марыя Пятроўна расказвае, як ў часы яе дзяцінства і юнацтва ў сем’ях любая зношаная кофтачка, старэнькія дзіцячыя штонікі распускаліся на нітачкі: у справу ішло усё, каб каляровыя работы можна было зрабіць.

— Памятаю, як мама ездзіла ў Гомель і там ужо на прадукты мяняла ніткі. Працаўнікам на фабрыцы выдавалі брак — бабіны, якія парваліся ці былі вымазаныя ў машынным масле. Вось гэты брак можна было абмяняць на дамашнюю ежу. Памятаю, мама прывязе мяшок нітак такіх, мы ўжо ўсё сядзім і па нітачцы разблытваем і ўсё ў клубочкі, у клубочкі, бо маме трэба было памагчы, — узгадвае Марыя Пятроўна.

Як яна запомніла, першыя ніткі мулінэ — вось гэтае шчасце для вышівальніц — сталі прыносіць да іх «каравашнікі», як называлі па-вясковаму. Цяпер, кажа майстрыха, каб растлумачыць зразумела па-сучаснаму. Гэта былі людзі, якія збіралі другасную сыравіну па вёсках – рыззё, метал. І ўжо прыносілі свае тавары для вясковых. За грошы, мулінэ, дарэчы яны не прадавалі, толькі мянялі на прадукты. З мулінэ вясковыя вышывальніцы маглі ўжо цэлыя «палотны пісаць». 

— Гаспадыні ды дзеўкі адна перад адной выстаўляліся, спаборнічалі. У нас былі дзяўчаты і жанчыны, якія ўмелі самі ўзор прыдумаць і вышыць яго. Я сама не ўмела, прасіла іншых. Хтосьці дзяліўся сваімі вышыўкамі, каб ты ўжо ўзор скапіравала, а хтосьці хаваў, каб ніхто не бачыў нават. Але і скапіраваць трэба было ўмець. Дадуць малюнак для падушкі, напрыклад, перазняць за ноч. Сядзіш ужо і спаць не кладзешся. У нас тады не было ні канвы, нічога такога сучаснага. Проста па тканіне адзначыш цэнт іголачкай і ўжо ідзеш рабіць узор адразу ў адзін бок ад цэнтра. Пасля сама такі ж вышыеш, каб сіметрычна было. Ужо як старэйшая стала і была магчымасць, то ўзоры перамалёўвала ў сшытак, — тлумачыць суразмоўца.

Сёння Марыя Пятроўна вышываць больш нічога не можа: зрок зусім падводзіць. Але яе вочы за жыццё бачылі столькі прыгожых узораў, што яна з закрытымі вачыма, навобмацак, згадае, што гэта работа яе ці яе маці. Пытаюся, што найперш цяпер ўзгадвае, калі расказвае пра вышытае- вытканае багацце:

«Вось і думаю, як цяжка зараз сучасным дзяўчатам растлумачыць, якая сіла цягне ноч не спаць, кожную вольную хвілінку выкарыстоўваць, каб сядзець і вышываць падушкі прыгожыя. Каб ужо пасля выставіць на ложку іх, і ўсе пабачаць, што, значыцца, дзяўчына годная, гаспадарчая».

У вёсцы, вядома, натуральным быў такі парадак.

— Казалі, хто замуж возьме, калі пасаг сабе добры і прыгожы не збярэш. Дзяўчын, якія ленаваліся ў гэтым плане, у нас называлі чапурушкі. І таты над жаніхом кпілі: «Ну, і чапурушку ты ўзяў», — смяецца рукадзельніца. — Нас у мамы пяцёра было. Усім яна дапамагла падрыхтаваць пасаг.

Да свайго вяселля сваёй Марыя Пятроўна вышыла парныя падушкі. На іх – райскія птушкі і надпіс-пажаданне, які чытаецца толькі, калі птушкі на вышыўцы глядзяць адна на адну.

— У неглюбскіх было правіла не толькі прыгожы пасаг збіраць — усю бялізну, падушкі, — але і абавязкова, каб у хаце прыгожыя вышытыя дываны, ручнікі, фіранкі былі, — кажа Марыя Пятроўна .

У гэтым убранні, па яе словах, таксама быў свой гадавы цыкл.

— Лепшыя вышытыя фіранкі віселі на партрэтах — фотакарткі ў адной вялізнай раме, і на іконах у чырвоным куце. Зімой, калі больш печ топіцца, лаўчэйшая, як у нас казалі, вышытае здымалі і больш простае вешалі. Так і тады, калі Вялікі пост ішоў, усё больш сціплае вывешвалася. Перад Вялікаднем пачыналася мыццё, уборка і ўжо на свята даставалі і развешвалі самае лепшае, — узгадвае суразмоўца.

Вытканыя, вышытыя старыя вырабы, звяртае ўвагу Марыя Пятроўна, трэба таксама ўмець захоўваць у дамашніх умовах. Важна і правільна сціраць, і сушыць, берагчы ад прамых сонечных промняў, бо старыя чорныя ніткі ў аснове , асабліва тканых рэчаў моцна выгараюць, сыходзяць у «зеляніну».

Цікава, што ў сваім доме гасціную, якая больш нагадвае музейны пакой, работ народных майстрых, — сям’я Прыходзькаў выкарыстоўваецца для звычайнага паўсядзённага жыцця. У Марыі Пятроўны і Пятра Пятровіча пяцёра ўнукаў. Адны ўжо выраслі, другія — даганяюць.

— Унучка малодшая Златушка любіць і з канструктарам пагуляць, і ў хованкі за падушкамі. Потым набегаецца, ляжа і кажа: «Бабуля, у цябе тут нават ляжаць прыгожа», — смяецца Марыя Пятроўна.

Веткаўчанка прызнаецца, што ў сваёй сям’і любоў да вышыўкі яна, на жаль, пакуль «заразіць» нікога з дзяцей і ўнукаў не змагла. Але бачыць прыгожае ў паўсядзённых рэчах і адразу ўвасобіць на паперы гэтыя вобразы вельмі добра ўдаецца старэйшай унучцы, якую і назвалі ў гонар бабулі, — Марыя.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.