6 чэрвеня ў НАН Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ХІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Мікробныя біятэхналогіі: фундаментальныя і прыкладныя аспекты».
У мерапрыемствах форуму, якія пройдуць 6-9 чэрвеня, прымуць удзел больш за 240 вядомых і маладых даследчыкаў, спецыялістаў у галіне мікрабіялогіі і біятэхналогіі, прадстаўнікоў біятэхналагічных кампаній з Беларусі, Расіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Кітая, Казахстана і Узбекістана. Мэта форуму — ацэнка сучаснага стану, вызначэнне прыярытэтаў і перспектыўных напрамкаў і далейшага развіцця мікрабіялогіі і біятэхналогіі.
На канферэнцыі будзе прадстаўлена інфармацыя аб найноўшых дасягненнях і сусветных тэндэнцыях у галіне фундаментальнай і прыкладной мікрабіялогіі, сучасных падыходах да стварэння біяпрэпаратаў для сельскай гаспадаркі, прамысловасці, медыцыны, аховы навакольнага асяроддзя, будуць абмеркаваны перспектывы эфектыўнай трансфармацыі вынаходстваў у інавацыі і ўкаранення навукаёмістых біятэхналогій у рэальны сектар эканомікі.
Праграма канферэнцыі ўключае больш за 80 вусных і 100 стэндавых дакладаў у пяці секцыях: «Фізіялогія, біяхімія і генетыка мікраарганізмаў», «Біятэхналогіі для сельскай гаспадаркі», «Мікробны сінтэз біялагічна актыўных злучэнняў. Генна-інжынернае канструяванне мікраарганізмаў. Калекцыі мікраарганізмаў», «Біятэхналогіі для медыцыны і прамысловасці» і «Прыродаахоўныя біятэхналогіі». У рамках канферэнцыі адбудзецца ІІ з’езд мікрабіёлагаў Беларусі і пройдзе круглы стол на тэму «Да „зялёнай эканомікі“ праз біятэхналогіі».
6 мая з 9.00 будзе працаваць выстава айчыннай і замежнай біятэхналагічнай прадукцыі з мэтай прэзентацыі найноўшых распрацовак сусветнага ўзроўню для сельскай гаспадаркі, прамысловасці, экалогіі, аховы здароўя і іншых сфер.
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв’ю: БелТА
Ваенны карэспандэнт павінен быць гатовы да ўсяго!
Камарын: аб чым маўчыць Днепр.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?