Новы рабочы тыдзень пачынаецца з новых планаў. У панядзелак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Калінінградскай вобласці Антонам Аліханавым. У гэтыя дні дэлегацыя рэгіёна з рабочым візітам наведвае Беларусь.
Вітаючы гасцей Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на сустрэчы прысутнічае палова беларускага ўрада. «Гэта сведчыць аб тым, наколькі вы блізкія нам і наколькі мы зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і заўсёды блізкім нам расійскім рэгіёнам», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нягледзячы на тое, што дэлегацыя Калінінградскай вобласці ўжо трэці раз у Беларусі, гасцям ёсць што паглядзець, каб вызначыць і спланаваць далейшыя крокі для нарошчвання двухбаковых адносін.
«Вы, як ніхто іншы, цудоўна ведаеце, што ў Беларусі і Калінінградскай вобласці старажытныя, можна сказаць, трывалыя адносіны ва ўсіх сферах: эканоміцы, транзіце, культуры, навуцы і адукацыі. Таму вы нам вельмі блізкія людзі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што сёлетні візіт дэлегацыі Калінінградскай вобласці стане чарговай вяхой у замацаванні сумесных дасягненняў ва ўсіх галінах і далейшым пашырэнні доўгатэрміновага супрацоўніцтва, нягледзячы ні на якія складанасці.
«Упэўнены, вы са мной пагодзіцеся, што зробленая Захадам у 2022 годзе беспрэцэдэнтная спроба абмежаваць нашы зносіны з вамі, свабодны рух грузаў чыгуначным і аўтамабільным транспартам як з Расіі, так і з Беларусі была загадзя асуджана на правал. Зараз мы ў гэтым абсалютна перакананы. Як бы нас ні спрабавалі падзяліць штучнымі бар’ерамі, не атрымаецца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, гэта небяспечна, паколькі так развязваецца эканамічная вайна. «І не толькі эканамічная вайна, якую гэтыя вар’яты спрабуюць аб’явіць Беларусі і Расіі ўжо не першы раз. Потым няхай не крыўдзяцца. Пры тым мы ж нікому не пагражаем, мы захоўваем нашы інтарэсы, Беларусі і Расіі. Пакуль з цяжкасцю, але ўдаецца трываць усе гэтыя выхадкі. Але бясконца гэта працягвацца не можа. Таму кіраўніцтва, падкрэсліваю, балтыйскіх дзяржаў, ды і Польшчы павінны гэта цудоўна разумець», — сказаў ён.
Па словах Прэзідэнта, гэтыя цяжкасці пераадольныя, у тым ліку дзякуючы назапашанаму патэнцыялу як у прамысловай сферы (асабліва ў вытворчай кааперацыі), так па іншых напрамках супрацоўніцтва: у гуманітарнай сферы, у сельскай гаспадарцы і гэтак далей. «Пры гэтым мы можам значна прыбавіць. Магчымасцяў у нас дастаткова. 500 мільёнаў долараў тавараабароту — гэта нядрэнная лічба, але можам больш», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рамках новых інфраструктурных праектаў беларускія прадпрыемствы гатовы ўдзельнічаць у працэдурах закупак грузавікоў, сельскагаспадарчых, дарожных, камунальных і будаўнічых машын. Беларускі бок можа прапанаваць высокатэхналагічныя станкі і камплектуючыя.
«Словам, мы адкрытыя для таго, каб вы маглі вывучыць нашы магчымасці і прапанаваць далейшыя шляхі супрацоўніцтва. Ведаю, што патрэбны тралейбусы. Нашы будаўнікі добра ведаюць Калінінградскую вобласць, працавалі і працуюць на аб’ектах. Калі задавальняюць вас — мы гатовыя і далей працягваць працаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ёсць прыстойныя зрухі ў супрацоўніцтве ў аграрным сектары. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў Калінінградскай вобласці папулярныя прадукты харчавання з маркай «Зроблена ў Беларусі». Праўда, па яго словах, зараз часта падробліваюць гэты брэнд. Таму тут трэба папрацаваць. Шырока вядомыя магчымасці аграэкатурызму Беларусі, нашых санаторыяў.
«Заўсёды будзем рады бачыць вас у Беларусі. Мы адкрыты для супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі, асабліва з Калінінградскай вобласцю. Таму любыя вашыя пажаданні, на якія мы здольныя, мы гатовы разам рэалізоўваць. Добра, што вы прыехалі. Я думаю, вы лішні раз пераканаецеся ў тым, што мы гатовы працаваць у напрамку нашай заходняй вобласці, апоры, вострава нашай бяспекі. І ўсё, аб чым мы дамовімся, я вам абяцаю, будзе ў тэрмін і нават датэрмінова выканана», — запэўніў Прэзідэнт.
Антон Аліханаў адзначыў цёплы сяброўскі прыём і гасціннасць, якія традыцыйна аказваюць у Беларусі. Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць асабістай сустрэчы. «Рады, што мы змаглі аднавіць двухбаковыя візіты пасля ковіднага перапынку. Супрацоўніцтва нашага рэгіёна з Рэспублікай Беларусь, з беларускімі абласцямі мае трывалую аснову, і для нас надзейнымі партнёрамі з’яўляюцца рэгіёны Беларусі», — сказаў ён. Антон Аліханаў расказаў, што ў Калінінградскай вобласці наладжаны трывалыя сувязі з Гродзенскай, Гомельскай, Віцебскай, Мінскай, Брэсцкай абласцямі. У рамках гэтага візіту заключана пагадненне аб супрацоўніцтве з Магілёўскай вобласцю.
Антон Аліханаў звярнуў увагу, што свой візіт у Мінск калінінградская дэлегацыя пачала з урачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі.«Гэта сімвал нашай агульнай памяці аб подзвігу нашых брацкіх народаў у барацьбе з нацызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Зусім нядаўна, 9 мая, вы разам з нашым Прэзідэнтам Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным сустракалі Дзень Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве», — падкрэсліў губернатар. Па яго словах, вельмі важна памятаць і захоўваць агульную гісторыю, асабліва сёння.
«Вы сказалі пра недружалюбныя дзеянні з боку ЗША, Еўрапейскага саюза. І нягледзячы ні на што гэтыя дзеянні не могуць зламаць ці змяніць нашу памяць, нашу ўпэўненасць у сваім праве самастойна вызначаць шляхі развіцця нашых краін і нашых народаў. Вы сказалі пра транзіт, гэта, вядома, здзек з правілаў ВГА, увогуле з міжнародных дамоўленасцяў. Я нагадаю: калі Прыбалтыка ўступала ў ЕС, яны давалі юрыдычныя гарантыі таго, што калінінградскі транзіт будзе забяспечаны і не будзе ніякіх для гэтага перашкод»«, — падкрэсліў Антон Аліханаў. Па яго словах, у мінулым годзе, нягледзячы на тое, што санкцыі практычна поўнасцю закрылі гэты транзіт, расіяне змаглі дзякуючы намаганням Міністэрства замежных спраў, Адміністрацыі Прэзідэнта адбіць істотны аб’ём. «І ўсё ж мы вязём аграрную і шэраг іншай прадукцыі аўтамабільным транспартам. Чыгуначны транспарт усё яшчэ функцыянуе дастаткова актыўна.І тут былі знойдзены хуткія шляхі, пераарыентавана частка таварнага патоку на парты ў Ленінградскай вобласці, Санкт-Пецярбургу. У тым ліку беларускія тавары актыўна вязуцца марскім шляхам. Па рашэнні Прэзідэнта ўрад выдзеліў толькі ў гэтым годзе 3,8 млрд рублёў на тое, каб субсідаваць гэтую марскую перавозку, каб яна не станавілася моцна даражэйшай, чым чыгуначныя перавозкі», — расказаў Антон Аліханаў.
«Беларускія тавары традыцыйныя для нас»
У якасці губернатара Антон Аліханаў наведвае Беларусь у трэці раз. Папярэднія яго візіты адбыліся ў 2017 і 2019 гадах. У графіку кіраўніка Калінінградскай вобласці — удзел у 18-м пасяджэнні Беларуска-Расійскага Савета па доўгатэрміновым супрацоўніцтве абласцей, міністэрстваў, органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь з Калінінградскай вобласцю Расійскай Федэрацыі. А таксама перагаворы з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам. Падчас візіту плануецца падпісанне шэрагу дакументаў, у тым ліку і тых, што датычацца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
У размове з журналістамі, губернатар звярнуў увагу, што ў сувязі з заходнімі санкцыямі моцна змянілася лагістыка. «І нам вельмі важна, каб беларускія тавары таксама маглі карыстацца субсідыямі (механізмамі па субсідзіраванню марской лініі, якія пачалі дзейнічаць у мінулым годзе па даручэнню Прэзідэнта РФ), каб яны не станавіліся неканкурэнтнымі і мы прадаўжалі іх атрымліваць. Мы залежым ад цэлай наменклатуры будаўнічых матэрыялаў з Рэспублікі Беларусь, і для нас вельмі важна, каб гэтыя пастаўкі працягваліся — гэта і цэмент, і шчэбень. Будаўнічыя праекты не могуць рэалізоўвацца, калі гэтых паставак не будзе. Адпаведныя даручэнні ўсе дадзены, і мы ў добрым кантакце знаходзімся», — расказаў Антон Аліханаў.
Ён падкрэсліў, што на Беларуска-расійскім савеце бакі абмяркуюць рэалізацыю дамоўленасцей, якія былі дасягнуты на папярэднім Савеце ў снежні 2022 года.
«Нам вельмі важна прысутнасць вытворцаў сельгаспрадукцыі на нашым рынку. І ў прынцыпе беларускія тавары традыцыйныя для нас. Мы наладзілі сістэму прамых паставак, прамых дамоўленасцей нашых найбуйнейшых гандлёвых сетак і беларускіх вытворцаў. Вось гэта два найбольш важныя для нас пытанні», — адзначыў Антон Аліханаў.
Дэлегацыя Калінінгардскай вобласці прыме ўдзел у адкрыцці выстаўкі «Белагра». Па словах губернатара, супрацоўніцтва ў гэтай сферы мае вялікае значэнне для рэгіёна.
«Тут для нас адкрываюцца шырокія перспектывы супрацоўніцтва. Больш за палову нашых саджанцаў — беларускай селекцыі. Тут супрацоўніцтва будзе працягвацца. Калі казаць пра новыя праекты — то гэта меліярацыя. Мы актыўна вярнуліся да таго, каб займацца меліярацыяй. Нам для гэтага патрэбная і тэхніка, і абсталяванне. Мы ўжо кантактуем з беларускімі вытворцамі і хацелася б нарасціць гэтыя кантакты», — падкрэсліў Антон Аліханаў.
Губернатар Калінінградскай вобласці расказаў, што ў сувязі з санкцыямі з рэгіёна сышоў шэраг еўрапейскіх вытворцаў. «Мы лічым, што беларускія вытворцы проста абавязаны заняць гэтую нішу. Мы гэтую тэму ўжо прадметна вельмі абмяркоўваем, хацелі б развіваць гэтае супрацоўніцтва», — дадаў ён.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Расказвае магістр псіхалогіі Наталі Свірыдава.
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?