Вы тут

Новыя дарогі да вывучэння беларускай літаратуры ў Кітаі


Другі Пекінскі інстытут замежных моў ужо не першы год як заявіў сябе той ВНУ, дзе сярод іншых галоўных прыярытэтаў — беларусістыка. У гэтай навучальнай установе створаны Цэнтр даследвання беларускай культуры. Менавіта тут складваецца асяродак перакладчыкаў мастацкай літаратуры, якія зазіраюць ў беларускі літаратурна-мастацкі свет. З нядаўніх падзей — і стварэнне падручніка па беларускай літаратуры. Наша размова — з аўтарам гэтага творчага, навуковага і, зразумела, адукацыйнага праекта: на пытанні адказвае вучоны і перакладчык Сюй ЧУАНЬХУА.


— У Беларусь прыляцела добрая навіна. Вы, паважаны Сюй Чуаньхуа, падрыхтавалі падручнік па беларускай літаратуры... Раскажыце, калі ласка, болей падрабязна пра гэта выданне. Як узнікла яго задума?

— У нашым інстытуце (Другі Пекінскі інстытут замежных моў) з 2014 года працуе Цэнтр даследвання беларускай культуры, у межах дзейнасці якога праводзяцца заняткі па вывучэнню беларускай мовы. Дзеля большай эфектыўнасці ў іх арганізацыі з Беларусі быў запрошаны выкладчык, які і працуе па сённяшні дзень. З часам мы зразумелі, што кітайскіх студэнтаў варта пазнаёміць менавіта з сучаснай беларускай літаратурай. Мы ведалі, што некаторыя класічныя творы беларускай літаратуры ўжо перакладзены на кітайскую мову шмат раней і пры жаданні іх можна знайсці ў бібліятэках. Таму мы хацелі б звярнуць увагу студэнцкай моладзі якраз на сучасных празаікаў, паэтаў Беларусі...

Кандыдат гістарычных навук Дар’я Зубко, якая прыехала з Мінска, дапамагла звязацца з многімі сучаснымі беларускімі аўтарамі. Мы вельмі ўважліва падбіралі матэрыялы. Найперш кіраваліся зацікаўленнямі сённяшніх студэнтаў, іх уяўленнямі пра віды і жанры літаратуры ўвогуле. Вось гэтыя акалічнасці і паўплывалі на тое, каб стварыць падручнік па беларускай літаратуры. Ён складзены такім чынам, што на старонках выдання размешчана і інфармацыя пра аўтараў, і поруч ідуць тэксты таго ці іншага пісьменніка.

— Вы спалучылі і крытычны разгляд, і хрэстаматыю..?

— Можна і так сказаць. Было адно галоўнае жаданне — паказаць краіну праз сучасныя творы, паказаць рух, якім ідзе сучасны беларускі літаратурны працэс.

— Што сабою ўяўляе выданне па сваіх вонкавых характарыстыках..? Колькі ў падручніка старонак? Ці ёсць у кнізе ілюстрацыі? Ці пададзена ў падручніку бібліяграфія твораў, публікацый беларускіх пісьменнікаў?

— У дадзеным падручніку 293 старонкі. Ёсць і біяграфіі аўтараў з іх фотаздымкамі. Невялікія апавяданні прадстаўлены ў поўным аб’ёме, а вось раманы і аповесці толькі ўрыўкамі. Аднак у біяграфічнай частцы раздзела, прысвечанага таму ці іншаму аўтару, падказаны спасылкі на сайты, дзе з творчасцю пісьменнікаў, самімі мастацкімі тэкстамі можна пазнаёміцца даволі грунтоўна, у поўным аб’ёме. Завяршае кожны раздзел тэкст, так бы мовіць, метадычнага характару, з дапамогай якога можна замацаваць тэму, падсумаваць вывучэнне творчасці таго ці іншага пісьменніка. Уключаны ў гэтую завяршальную частку і некалькі пытанняў, што дапамагаюць развіць кампаратывістычныя памкненні, дазваляюць студэнтам параўнаць беларускіх творцаў з празаікамі і паэтамі Кітая. Гэтая адметнасць падштурхоўвае да параўнальнага аналізу твораў, падводзіць маладых людзей да выбару далейшых навуковых, даследчыцкіх зацікаўленняў.

— У 1950 — 1960-я гг. і ў наступныя дзесяцігоддзі ў Кітаі было выдадзена болей 60 асобных кніг беларускіх паэтаў, празаікаў, драматургаў. Зразумела, у перакладзе на кітайскую мову. Размова — пра творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Кандрата Крапівы, Максіма Танка, Івана Шамякіна, Янкі Маўра... А які часавы адрэзак вы абралі? Ці ўлічвалі ўжо раней адкрытых кітайскім чытачом беларускіх пісьменнікаў?

— Мы стараліся не расказваць ужо вядомае... Таму якраз у нашым выданні, якое, паўтаруся, мы характарызуем найперш як падручнік менавіта па сучаснай беларускай літаратуры, шмат іншых імёнаў... Пэўны часавы адрэзак мы не бралі. Разглядаем творчасць пісьменнікаў, якія пішуць і па-беларуску, і па-руску. Мы імкнуліся звярнуць увагу на ўсе накірункі ў сучаснай беларускай літаратуры. У падручніку — літаратурна-крытычныя характарыстыкі, а таксама творы пятнаццаці аўтараў: прадстаўлены Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Валянціна Паліканіна, Міхась Пазнякоў, Наталля Батракова, Алесь Бадак, Адам Глобус, Андрэй Федарэнка, Навум Гальпяровіч, Мікола Мятліцкі і іншыя. Наш выбар характарызуе і жанравае шматаблічча ў сучасным літпрацэсе ў Беларусі...

— Працуючы над падручнікам, вы карысталіся крыніцазнаўствам толькі на рускай мове? Былі ў полі вашага зроку працы беларускіх літаратуразнаўцаў, беларускіх літаратурных крытыкаў?

— Мы не абмежаваліся ў выбары саміх мастацкіх твораў публікацыямі на рускай мове. Перад вачыма былі і арыгінальныя пулікацыі на беларускай. Заўважу, што некаторыя аўтары пасля нашых перамоў спецыяльна для нашага выдання зрабілі пераклады на рускую мову.

— На каго з чытачоў вы арыентаваліся, працуючы над стварэннем кітайскага падручніка па беларускай літаратуры?

— У першую чаргу на студэнтаў, якія вывучаюць рускую і беларускую мовы.

— Вы падрыхтавалі і анлайн-лекцыю па беларускай літаратуры. Каму яна адрасавана? Ці распаўсюджваецца дадзеная лекцыя ў сацыяльных сетках?

— Так, падрыхтавана анлайн-лекцыя, якая адрасавана студэнтам, якія вывучаюць рускую і беларускую мовы. Лекцыя будзе распаўсюджвацца на спецыялізаваных сайтах з магчымасцю азнаямлення ўсім жадаючым.

— Дзякуй вялікі, паважаны Сюй ЧУАНЬХУА, за тое, што пагадзіліся адказаць на пытанні для нашага выдання. Спадзяёмся, што працэс вывучэння беларускай літаратуры і ў Другім Пекінскім інстытуце замежных моў, і ўвогуле ў ВНУ Кітая набудзе шырокую зацікаўленасць.

— І я таксама вельмі на гэта спадзяюся!..

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.

Культура

«Сцежкі жыцця» Паўліны Мядзёлкі

«Сцежкі жыцця» Паўліны Мядзёлкі

Была ў Купалы... Купалінка.

Калейдаскоп

Красоўкі і твідавы гарнітур — не пара

Красоўкі і твідавы гарнітур — не пара

Якія прамашкі жанчын у адзенні выдаюць адсутнасць густу?

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?