Вы тут

У Баранавічах магчыма ўсё. Горад зрабіў крок да Алімпу


«Як вядома, усе чыгункі вядуць у Баранавічы. Вось і наш фестывальны лакаматыў прыбыў да вас. Мы разам робім гэтае свята», — адзначыў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі». У мінулыя выхадныя свята прайшло ў адным з самых вялікіх раённых цэнтраў краіны — Баранавічах. Буйны чыгуначны вузел можа ганарыцца сваёй спартыўнай гісторыяй, культурнымі традыцыямі і актыўнымі жыхарамі. Усё супала, каб чарговы сямейны культурна-спартыўны фестываль адбыўся тут.



Фестываль «Вытокі» адгрымеў у Баранавічах. Фотарэпартаж


У першы дзень фестывалю ўдзельнікі прэс-тура наведалі «сэрца» Баранавіч — музей чыгункі пад адкрытым небам. Музей дзейнічае з 1984 года. Тут прадстаўлены гістарычныя дакументы, фотаматэрыялы, макеты тэхнікі, карціны, чыгуначная форма і іншыя экспанаты, якія адлюстроўваюць работу, побыт і развіццё чыгункі за гэты час. Пасля захаплення тэхнікай удзельнікаў прэс-тура чакала замілаванне «братамі нашымі меншымі». Госці Баранавіччыны наведалі ўнікальны парк жывёл — найбуйнейшы ў Беларусі зоаландшафтны парк пад адкрытым небам, тэрыторыя якога больш за 344 гектары. Тут выдатна сябе адчуваюць і заўжды чакаюць гасцей больш за 100 відаў дэкаратыўных птушак і рэдкіх жывёл, высаджана больш за 80 відаў дрэў і кустоў, якія растуць у Беларусі.

Спартыўная частка фестывалю пачалася з семінара Міністэрства спорту і турызму на тэму «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння». У семінары прынялі ўдзел спецыялісты БДУФК і Вышэйшай школы трэнераў, а таксама спецыялісты спартыўных арганізацый Брэсцкай вобласці. Беларуская алімпійская акадэмія арганізавала семінар у фармаце дыялогавай пляцоўкі на тэму «Выкарыстанне патэнцыялу алімпійскага руху ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый і нацыя- нальнай самасвядомасці ў дзяцей і моладзі». Як адзначыла дырэктар Беларускай алімпійскай акадэміі Наталля Апанчук, калі яшчэ ў мінулым годзе на падобных семінарах абмяркоўвалі праблемныя пытанні, то сёлета гаворка ідзе пра будучыя праекты і грандыёзныя ідэі.

Праграма фестывалю першага дня працягнулася ў Парку імя 30-годдзя УЛКСМ, дзе адбыўся мастацкі інтэрактыў «Гуляйце з намі — малюйце самі», арганізаваны галерэяй «АртХаос». Контуры малюнка на тэму космасу нанесла на пляцоўку каманда прафесійных беларускіх мастакоў, а дзеці змаглі прыняць удзел у мастацкім афармленні некаторых частак выявы. Дзеці з радасцю ўдзельнічалі у новым інтэрактыве.

Кожны можа знайсці занятак для душы

«Брэстчына ўжо не першы раз прымае фестываль «Вытокі». Узровень фестывалю расце, і мы з кожным годам бачым новыя напрамкі ў сцэнарыі свята. Што да сямейнага спорту, развіцця здаровага ладу жыцця, то ў Брэсцкай вобласці створаны для гэтага ўсе ўмовы. Брэстчына багатая на спартыўныя аб'екты, на спартыўныя дасягненні. І фестываль дапаможа ўсё гэта прымножыць. Магчыма, падчас квэсту некалькі дзяцей выберуць для сябе від спорту, у якім у будучыні могуць стаць алімпійскімі чэмпіёнамі (а ў нас для гэтага ўсё ёсць). Я ўпэўнены, што папулярызацыя спорту праз «Вытокі» абавязкова дасць свой эфект», — адзначыў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка. На Брэстчыне так моцна шануюць і чакаюць фестываль, што ўжо вызначыліся, які горад яго можа прыняць у наступным годзе. Цалкам магчыма, што гэта будзе Пінск.

Сёлета навінак у сцэнарыі «Вытокаў» сапраўды шмат як у спартыўнай, так і ў культурнай частцы. Гэта і новы інтэлектуальна-адукацыйны праект «Вытокі. Quіz», і новая лакацыя «Гульні нашага двара». «На фестывалі кожны можа знайсці сабе занятак па душы, «Вытокі» сталі па-сапраўднаму сямейнымі. У рамках фестывалю цяпер праходзіць тэатральны міні-фестываль. Ён цудоўны тым, што кожны спектакль адкрывае і яшчэ раз пацвярджае нейкую важную для нас каштоўнасць. У культурнай частцы з'явіліся выдатныя майстар-класы, якія аб'ядноўваюць усіх ад малога да вялікага», — расказала дырэктар «БелБрэнд- Аўдыт» Валянціна Дыніч.

У суботу ўсе яшчэ раз пераканаліся, што спорт у Баранавічах паважаюць. А каб павага выяўлялася і ў рэальных дасягненнях, прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка ўручыў сертыфікат на 100 тысяч рублёў на развіццё спорту ў Баранавічах. Віктар Лукашэнка выказаў упэўненасць, што выдзеленыя сродкі дапамогуць значна ўмацаваць спартыўную інфраструктуру горада. Дарэчы, перад цырымоніяй адкрыцця кіраўнік НАК Беларусі азнаёміўся са спартыўнай базай горада і наведаў школы па хакеі на траве, валейболе, лёгкай атлетыцы, футбольны клуб «Баранавічы», лядовы палац, прафсаюзную школу па спартыўнай гімнастыцы і боксе.

Дзецям трэба паспрабаваць усё

На больш як 50 спартыўных пляцоўках удзельнікі алімпійскага квэсту змаглі не толькі пазнаёміцца з рознымі відамі спорту, але і з тымі, хто іх праслаўляе. Алімпійскія чэмпіёны, чэмпіёны свету, трэнеры нацыянальных зборных, кіраўнікі спартыўных арганізацый — у Баранавічах былі ўсе. Невялікія майстар-класы па лёгкай атлетыцы давалі бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа Максім Недасекаў і бронзавы прызёр чэмпіянату свету Настасся Мірончык-Іванова. У Баранавічы Настасся прыехала разам з мужам Сяргеем і сынам Глебам.

«Я вельмі шчаслівая, што свой выхадны дзень мы праводзім на такім маштабным, яркім свяце спорту. І, мусіць, мы ўвядзём сабе сямейную традыцыю наведваць гэтае мерапрыемства ў кожным горадзе. Вельмі насычаная, разнастайная праграма, і ўсе дзеткі, у якіх я пыталася, і мой сын, вельмі рады тут удзельнічаць. Глебу асабліва спадабаўся баскетбол і лёгкая атлетыка, натуральна. Я лічу, у такім узросце трэба паспрабаваць усе віды спорту, а потым ужо вызначацца. Хацелася б, каб такія мерапрыемствы праводзіліся яшчэ часцей, каб да спорту далучаліся не толькі дзеці, але і дарослыя, бо бацькі — гэта прыклад для дзяцей», — падзялілася сваімі ўражаннямі Настасся Мірончык-Іванова.

Непадалёк размясціўся сектар гіравікоў. На лакацыі — 50 снарадаў па 4 кг. Па ацэнцы майстра спорту міжнароднага класа, шматразовага чэмпіёна свету і Еўропы Яўгена Назарэвіча за чатыры гадзіны бесперапыннай работы праз лакацыю прайшло каля дзвюх тысяч чалавек. З нацыянальным праектам «Гіры без межаў» Яўген Назарэвіч трэці год удзельнічае ў «Вытоках». «Гэта выдатнае дзейства. Мы прыцягваем дзяцей да заняткаў спортам, далучаем да нашай нацыянальнай беларускай культуры і зараджаем усіх бадзёрым настроем. Мы расказваем, што заняткі з гірай — гэта не толькі спецыяльныя спаборніцкія практыкаванні, але і заданні, якія дапамагаюць развіць мускулатуру ранняга ўзросту», — адзначыў атлет.

На пляцоўцы веславання дзеці змаглі пазнаёміцца з унікальнымі трэнажорамі, якія імітуюць тэхніку веславання. А рабілі яны гэта пад кіраўніцтвам алімпійскага чэмпіёна 2008 года Аляксея Абалмасава. «Веславанне — спецыфічны від спорту, і не ва ўсіх гарадах дзеці ведаюць, што гэта такое. «Вытокі» дазваляюць паказаць людзям, што гэта такое, паказаць, што веславанне — гэта цікава. Для мяне як для трэнера гэта важна. А як бацьку мяне радуе, што такія святы дазваляюць адцягнуць дзяцей ад гаджэтаў. Я на фестывалі першы раз і вельмі ўражаны колькасцю людзей. Гэта сведчыць само за сябе», — адзначыў Аляксей Абалмасаў. Дарэчы, удзельнікам квэсту пашчасціла пазнаёміцца адразу з трыма чэмпіёнамі Алімпіяды 2008 года. На «Вытоках» у Баранавічах таксама прысутнічалі Аляксандр і Андрэй Багдановічы.

Сапраўдны барцоўскі дэсант высадзіўся ў Баранавічах. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа Магамедхабіб Кадзімагамедаў, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету Кірыл Маскевіч, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па вольнай барацьбе Іван Янкоўскі, двухразовы чэмпіён свету старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў выйшлі на дываны. Застацца без увагі барацьба не магла.

«У нас на пляцоўцы дзеці ў залежнасці ад сваёй фізічнай падрыхтоўкі дэманструюць пэўнае акрабатычнае дзеянне, некаторыя нават выконваюць простыя тэхнічныя прыёмы. Я бачу, што прыходзяць хлопцы падрыхтаваныя, з адзінаборстваў, з гімнастыкі. Ёсць непадрыхтаваныя. Я спадзяюся, што пасля гэтага квэсту яны абяруць для сябе від спорту, пажадана, каб гэта была барацьба», — адзначыў Іван Янкоўскі. Як расказаў Алім Селімаў, два гады таму ў горадзе была секцыя грэка-рымскай барацьбы. Але трэнер з'ехаў, і пакуль развіццё барацьбы ў Баранавічах стала на паўзу. Аднак федэрацыя актыўна працуе над вырашэннем гэтай праблемы, і ў хуткім часе на баранавіцкіх дыванах зноў закіпіць спартыўная барацьба. Дарэчы, Алім Селімаў у Баранавічы таксама прыехаў разам з сям'ёй. Спалучыў прыемнае з карысным. Таксама як і яго калега — старшыня Беларускай федэрацыі хакея на траве Аляксандр Екіменка. Пагуляць у хакей на траве разам са старшынёй федэрацыі, калі на варотах стаіць дырэктар федэрацыі, — такое магчыма толькі на «Вытоках». Хакей на траве — адзін з самых любімых відаў спорту ў Баранавічах. Мясцовая жаночая каманда «Тэкстыльшчык» шырока вядомая за межамі горада. І, як заўважыў Аляксандр Екіменка, сёння назіраецца вялікі прагрэс у баранавіцкім хакеі на траве. Акрамя дзяўчат, гэтым спортам пачынаюць цікавіцца і хлопцы. Хочацца спадзявацца, што «Вытокі» нададуць развіццю хакея на траве новы імпульс.

Зусім дзіўная карціна адкрылася на пляцоўцы сучаснага пяцібор'я. Тут раздавалі аўтографы і нікому не адмаўлялі ў сэлфі Настасся Пракапенка і Ілья Палазкоў. Раніцай суботы яны вярнуліся з Масквы, дзе перамаглі на этапе Кубка Паўла Ляднёва. А днём ужо былі на «Вытоках» у Баранавічах. У тым, што пяціборцы — самыя моцныя людзі, ніхто не сумняваўся. «Кубак Паўла Ляднёва па арганізацыі і атмасферы «адпачывае» ў параўнанні з «Вытокамі». Вельмі прыемна бачыць, што так шмат дзяцей уцягнута ў гэтае мерапрыемства. Атмасфера, шум бянтэжаць у добрым сэнсе гэтага слова», — падзяліўся Ілья Палазкоў. «Вельмі прыемна, што дзеткі бачаць нас ужывую і даведаюцца пра наш від спорту. Дарагога варта, што дзеці цікавяцца», — дадала Настасся Пракапенка. Зусім нядзіўна, што бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Баранавічах таксама прыехала з дзецьмі.

Больш за пяць тысяч удзельнікаў, мноства спартсменаў са сваімі сем'ямі, Баранавічы паказалі, што «Вытокі» — сямейны культурна-спартыўны фестываль не на словах, а на справе. Цяпер да гэтага рыхтуецца Слонім, які прыме свята 16—17 чэрвеня.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Патанулыя ў сетках. Як адарваць дзяцей ад гаджэтаў

Патанулыя ў сетках. Як адарваць дзяцей ад гаджэтаў

У Беларусі за апошнія 10–12 гадоў як агульная, так і пярвічная дзіцячая захваральнасць застаюцца прыкладна на адным узроўні.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?