Стадыён «Спартак» у Магілёве рыхтуецца прыняць тэставыя спаборніцтвы па стральбе з лука да II Гульняў краін СНД. Пра гэта БелТА расказаў начальнік аддзела спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама Дзмітрый Лацянкоў.
Рэспубліканскія спаборніцтвы па стральбе з лука на прызы ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама ў праграме адкрытых абласных спаборніцтваў пройдуць 6-9 чэрвеня, фіналы запланаваны на 9 чэрвеня.
«На стадыёне практычна завершаны знешнія фасадныя работы. Засталіся апошнія штрыхі, на заходняй трыбуне ўстанаўліваюцца новыя сядзенні. Гэтымі днямі наш стадыён будзе прымаць тэставыя спаборніцтвы па стральбе з лука — да нас з’едуцца спартсмены з усіх рэгіёнаў краіны, — адзначыў ён. — Гэта будзе рэпетыцыя, якая дасць магчымасць вызначыць, ці ўсё гатова да прыёму і правядзення спаборніцтваў у жніўні».
На стадыён у Магілёве даставілі неабходнае абсталяванне, вядзецца ўстаноўка спецыяльных палатак. «Наша задача — правесці спаборніцтвы на высокім арганізацыйным узроўні не толькі для спартсменаў, а таксама для гасцей, турыстаў і жыхароў горада, — сказаў Дзмітрый Лацянкоў. — Для зручнасці магіляўчан і гасцей горада непадалёку ад стадыёна ў час II Гульняў краін СНД арганізуем спецыяльную фан-зону, дзе можна будзе глядзець трансляцыі, удзельнічаць у спартыўных інтэрактывах і актыўнасцях».
На стадыёне ўстанавілі новае табло — гэта святлодыёдная панэль памерам 6×9 м. Яна больш сучасная і яркая, а таксама мае спецыяльнае антыблікавае пакрыццё і абарону ад непагоды, інфармацыю на гэтай панэлі будзе добра відаць пад любым вуглом і пры любым надвор’і.
Стадыён «Спартак» разлічаны на 7,5 тыс. гледачоў. Да маючых адбыцца падзей тут замянілі каля 2,4 тыс. сядзенняў на заходняй трыбуне, астатнія — прывялі ў парадак. Для зручнасці спартсменаў уладкавалі раздзявалкі. Таксама частку стадыёна абсталявалі спецыяльнай ахоўнай сеткай — гэта трэба для прадухілення вылету стрэл на ажыўленую гарадскую вуліцу.
За ходам падрыхтоўкі да тэставых спаборніцтваў сочыць старшыня Беларускай федэрацыі стральбы з лука Мікалай Марусаў. «Практычна палавіну асноўнага саставу нацыянальнай зборнай складаюць магілёўскія спартсмены. Тут даўно сфарміравалася моцная школа, з’яднаны трэнерскі штаб. І яны ўжо каля 30 гадоў задаюць высокі тон беларускай стральбе з лука. Магчыма, менавіта таму спаборніцтвы па гэтым відзе спорту ў час II Гульняў краін СНД было вырашана праводзіць у Магілёве, — расказаў ён. — Стадыён першапачаткова не быў прызначаны для правядзення спаборніцтваў па стральбе з лука. Міністэрства спорту і турызму закупіла ўсё неабходнае абсталяванне. Цяпер наша задача — усё апрабаваць, пераканацца ў тым, што ўсяго дастаткова, каб правесці нашу частку спаборніцтваў на высокім і дастойным узроўні».
Як адзначыў Мікалай Марусаў, на сённяшні дзень заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах па стральбе з лука ў час II Гульняў краін СНД падалі спартсмены з 7 краін, уключаючы Беларусь. «Гэта будзе 28 мужчын і 28 жанчын. Аднак лічба яшчэ не канчатковая — мы прапанавалі паўдзельнічаць у нашым вялікім спартыўным свяце спартсменам з Кубы і Егіпта. І спадзяёмся, што яны адгукнуцца на наша запрашэнне», — адзначыў ён.
Удзельнікаў і балельшчыкаў ІІ Гульняў краін СНД Беларусь будзе прымаць ужо ў жніўні. Яркія і відовішчныя выступленні спартсменаў убачаць жыхары ўсіх рэгіёнаў, паколькі кожная вобласць стане пляцоўкай, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы па асобным відзе спорту. У Магілёве іх будзе два — стральба з лука і каратэ.
Прэв’ю: БелТА
Справа няпростая, але ўдзячная.
У Беларусі за апошнія 10–12 гадоў як агульная, так і пярвічная дзіцячая захваральнасць застаюцца прыкладна на адным узроўні.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?