Вы тут

Вышыня 215 на калгасным полі


Пошукавікі нярэдка звяртаюцца па дапамогу да насельніцтва, калі праводзяць свае разведкі. І хоць старажылаў, якія бачылі вайну, сёння засталося мала, іх дзеці і ўнукі таксама могуць дапамагчы. Вось і на гэты раз мясцовыя калгаснікі пацвердзілі здагадкі пошукавікаў пра тую вышыню: маўляў, калі аралі поле, звярталі ўвагу на нейкія косці. Цяпер поле калгаснае, а ў 1941-м яно было полем бою. Бітвы, пра якую напісана ў кнігах. Адзінае, што да нядаўняга часу было невядома, дзе тое поле знаходзіцца. Сёлета зоркі сышліся.


Лісіныя знаходкі

Асноўнай пляцоўкай пошукаў стала калгаснае поле за два кіламетры ад Шклова, дзе ў ліпені 1941 года праходзілі жорсткія баі паміж падраздзяленнямі 53-й Саратаўскай стралковай дывізіі Чырвонай Арміі і нямецкай дывізіяй СС «Райх».

— Мы пра гэтае месца яшчэ больш чым 20 гадоў таму ведалі, — расказвае кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба, ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. — Я тады якраз працаваў над кнігай, дзе гаворыцца ў тым ліку і пра 53-ю Саратаўскую дывізію — «41. Палаючыя рубяжы Дняпра і Сожа». У архіве зводак па дывізіі было няшмат. Але ў 1997 годзе мы ўжо падымалі непадалёк ад гэтага месца трох байцоў — знайшлі выпадкова на краі лесу. Лісы выкапалі норы, і астанкі адкрыліся. На жаль, дакладнай інфармацыі пра месца бою на той момант у нас не было. Прыступаліся да яго некалькі гадоў, а атрымалася знайсці толькі летась. Але я ўжо тады ведаў, што аднойчы ўсё адкрыецца. Дакументы сведчылі: стратэгічная вышыня, ад яе выхад наўпрост на шклоўскі мост.

Летась камандзір магілёўскай пошукавай групы «Авангард» Ілья Трыханаў узяўся адпрацаваць тую мясцовасць. Траншэя, якую трэба было знайсці, праходзіла непадалёк ад дарогі. Разам з пошукавікам групы Антонам Пракапнёвым яны абышлі тры палі паміж вёскай Апалонаўкай і Шкловам.

Спачатку ніякіх сігналаў не было, але раптам хлопцы наткнуліся на сляды вайны — каскі, скрыні, потым пайшлі астанкі. Быццам бы рэальнасць пасунулася і яны трапілі ў ліпень 41-га. Звычайна мясцовыя жыхары забітых хаваюць, тут жа ўсё засталося некранутым. Глыбіня залягання забітых была ад паўтара метра да зусім нязначнай — менш ад штыка рыдлёўкі.

— Калі я даведаўся пра гэты бой, зацікавіўся, што ж там адбылося, — расказвае Ілья Трыханаў. — Шукаў інфармацыю паўсюль на працягу трох гадоў. З мёртвай кропкі справа зрушылася, калі купіў нямецкія аэрафотаздымкі ў амерыканскім архіве. Пасля вайны амерыканцы вывезлі нямецкі архіў да сябе. З 15 здымкаў інфарматыўным аказаўся адзін. Ён за 1943 год, але на ім выразна відаць тыя траншэі. Падчас выезду на месца здагадкі пацвердзіліся.

Ілья лічыць, што для Шклова гэта гераічнае месца. Як, напрыклад, для Магілёва — Буйніцкае поле. І вельмі ганарыцца, што яны з Антонам маюць непасрэднае дачыненне да аднаўлення раней невядомай старонкі гісторыі Шклова. Дагэтуль меркавалі, што бой быў дзесьці на заходніх подступах да Шклова. Цяпер дакладна вядома дзе.

Адноўленая справядлівасць

Пошукавікі працуюць бесперапынна — у архівах, з насельніцтвам, з электроннымі базамі Міністэрстваў абароны Расіі і Беларусі. Але раскопкі і перапахаванні праводзяцца, толькі калі пацяплее. І выключна з 52-м асобным спецбатальёнам Мінабароны Беларусі. Такі парадак. Сёлета вахта памяці стартавала на мемарыяле «Памяць» у Шклове. На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутаты, было шмат моладзі.

Разам з пошукавікамі на раскопкі адправіліся група магілёўскіх вучняў на чале з завучам 34-й школы Галінай Бяляевай і навучэнцы Шклоўскага ліцэя. Падлеткі былі задзейнічаныя на дапаможных работах, назіралі, як працуюць вопытныя пошукавікі. На гэты раз знаходкі былі фантастычныя. У першыя два дні атрымалася падняць астанкі
19 чалавек, і ўсіх з медальёнамі! Мікалай Барысенка кажа, што такога, каб у кожнага з паднятых быў медальён, не здаралася за ўсю гісторыю існавання клуба.

— Яны ўсе героі, — не сумняваецца пошукавік. — У кнізе расійскага гісторыка Рамана Панамарэнкі «Дывізія СС «Райх». Марш на ўсход 1941—1942» ёсць успаміны немцаў пра гэты бой. Ён быў вельмі жорсткі. Там так і напісана, што кожны метр немцам прыходзілася пераадольваць пад моцным агнём. Некалькі спроб прарваць савецкія лініі на вышыні 215 скончыліся няўдачай. Цяжкі бой спыніўся толькі з надыходам цемры. Усё падраздзяленне загінула. І немцы сведчаць, што пакуль усіх чырвонаармейцаў не перабілі, не маглі крануцца з месца. Нашы абаронцы як сталі ў траншэі, так і засталіся там да канца. І толькі калі загінулі, немцы змаглі ўвайсці ў Шклоў.

Начальнік штаба абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру», метадыст Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Святлана Барысенка асабліва трапятліва ставіцца да памяці.

— Вельмі прыкра, што 80 гадоў байцы застаюцца ляжаць на палях нязнойдзенымі, непахаванымі, неаплаканымі, — кажа яна. — Родныя чакаюць іх дагэтуль. Сведчаннем таму сотні лістоў, якія прыходзяць на электронную пошту клуба. Я спадзяюся, што агульнымі сіламі мы зробім усё, каб вярнуць салдат у сем'і. Ветэраны сышлі, цяпер памяць даверана нам, пошукавікам. Падмурак любой дзяржавы трымаецца на памяці. І мы робім усё, каб яе захаваць. Нашы рабяты ахвяруюць водпускам, жывуць у экспедыцыях на поўным самазабеспячэнні, працуюць на раскопах з раніцы да вечара. І ўсё дзеля таго каб вярнуць яшчэ хоць бы адно імя. Родныя іх чакаюць. І хтосьці абавязкова вернецца.

Дзеля памяці

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Шклоўскага раёна загінула 13 тысяч савецкіх воінаў і мірных жыхароў. Пра гэта сёння нагадвае каля сямі дзясяткаў воінскіх пахаванняў, дзе ляжыць больш як дзве тысячы чырвонаармейцаў і ахвяр фашызму.

— Пошукавікі робяць вялікую справу па аднаўленні імёнаў герояў Вялікай Айчыннай вайны, — лічыць намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Давыдовіч. — І мы вельмі ўдзячныя, што такая вахта праходзіць і на нашай зямлі. Час бяссільны перад памяццю. Памяць, якая жыве ў нашых сэрцах, не дазволіць тым, хто набліжаў Перамогу, знікнуць у вечнасці.

Меркаванне

— Мы ўсяк садзейнічаем пошукавікам у іх рабоце, бо тое, што яны робяць, вельмі патрэбнае для захавання гістарычнай памяці. Каб нашы дзеці і ўнукі ведалі, што такое фашызм і яго наступствы, — адзначае старшыня Шклоўскага райсавета Аксана Падхалюзіна. — У мяне двое ўнукаў, я іх таксама хацела б далучыць да гэтай работы, але ім трэба крыху падрасці. Узроставы цэнз з 16 гадоў, а ім яшчэ па 12. Але я вельмі хачу, каб яны прычыніліся да высакароднай справы. Калі ты сваімі рукамі дакранаўся да гісторыі, калі бачыў на свае вочы сляды вайны, ты ўжо ніколі тое не забудзеш. Гэта самы надзейны спосаб стаць патрыётам. Вайна адарвала чалавека ад сям'і, забрала яго жыццё. Прайшло шмат часу, а родныя па-ранейшаму не ведаюць, дзе ляжыць дзед, прадзед. І прынесці ў іх дом добрую вестку — значыць аднавіць справядлівасць. Мясцовыя жыхары заўсёды ахвотна дзеляцца сваімі ўспамінамі, перадаюць словы сваіх землякоў і родных, якія жылі ў той час. Цяпер шмат адкрываецца новых старонак. Калі пракуратура займалася пошукам новых звестак пра зверствы фашыстаў, ёй таксама дапамагала насельніцтва. Старыя людзі памятаюць, дзе затануў танк, куды ўпаў самалёт, дзе пахавалі забітых байцоў або мірных жыхароў. Сельскія арганізацыі, школы, калгасы даглядаюць воінскія пахаванні, гэта наш унёсак у агульную справу. Для мяне асабіста ваенная тэма вельмі блізкая. Мая бабуля Зінаіда Казлоўская ваявала ў партызанскім атрадзе Канстанціна Заслонава на Аршаншчыне, нават мела баявыя ўзнагароды. Ёй было ўсяго 16 гадоў, а яна ўжо з іншымі падлеткамі збірала інфармацыю пра немцаў і перадавала партызанам. Калі тыя даведаліся, схапілі юных патрыётаў. Але іх вызвалілі паплечнікі. Я ганаруся, што ў мяне была такая баявая бабуля. Наогул, толькі такі гераічны народ, як наш, і мог выйграць у той страшнай вайне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і Святланы БАРЫСЕНКІ

г. Шклоў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Стаўкі па крэдытах змяняцца не будуць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?