Вы тут

Медыйная энцыклапедыя пра Янку Маўра


Выйшаў пяты, майскі, нумар навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова», прысвечаны класіку беларускай дзіцячай літаратуры Янку МАЎРУ (1883 — 1971). Усе 94 старонкі аўтарытэтнага ў айчыннай агульнаадукацыйнай і вышэйшай школе выдання прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка, на творах якога выхоўвалася не адно пакаленне дзяцей.


Ва ўступным слове да нумара галоўны рэдактар часопіса Наталля ШАПРАН зазначае: «... гэты нумар не толькі ўмацоўвае традыцыю часопісных альманахаў, але і вылучаецца ў іх шэрагу ўзнёслым настроем, прадчуваннем хуткай разгадкі, што вось-вось напаткае навукоўцу-вандроўніка. Чамусьці здаецца, што працуючы над грунтоўнымі артыкуламі, шаноўныя аўтары часам не маглі стрымаць усмешкі на вуснах. Нібы той хлопчык з апавядання пісьменніка „шчасце“, якога перапаўняла невымернае пачуццё...» І далей: «Свет Янкі Маўра найперш належыць дзецям. Вось чаму ў нашым альманаху ідзе гаворка пра гісторыю станаўлення ў Беларусі дзіцячага радыётэатра і кінематографа, разглядаецца навучанне асэнсаванаму чытанню — важнаму складніку выхавання асобы і яе сацыялізацыі, прапануюцца сучасныя формы працы з дзецьмі — інтэлектуальныя гульні, літаратурныя квэсты і інш. 

А яшчэ тут іскрыцца яркімі фарбамі сведчанне жывога чытацкага водгуку на творы „дзеда Маўра“ — нібыта сённяшнюю дзятву ды мудрае слова пісьменніка не падзяляюць дзесяцігоддзі ды неверагодныя здабыткі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Відаць, дзіцячая прага да новага і аўтарская шчырасць мацнейшыя за іх...»

У «маўраўскім» нумары выступаюць доктар філалагічных навук Ванда Бароўка («Фенамельнасць прыгодніцкіх аповесцей Янкі Маўра 1920-х гг.»), кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль («Кожны новы дом — гэта мастацкі твор...» з падзагалоўкам: «Сталіца ў жыцці і творчасці Янкі Маўра»), кандыдат філалагічных навук Марыя Шамякіна («Піянер дзіцячай фантастыкі Янка Маўр»), кандыдат філалагічных навук Ала Жардзецкая («Свет дзяцінства — асобная планета»; у падзагалоўку: «Наватарства Янкі Маўра ў станаўленні беларускай дзіцячай літаратуры»), кандыдат філалагічных навук Алена Міхалевіч («Моўны талент Янкі Маўра»), доктар філалагічных навук Вольга Ляшчынская «Заканамернасці фразеалогіі і выкарыстання фразелагізмаў у мове аповесці „Палескія рабінзоны“ Янкі Маўра»), іншыя дасведчаныя вучоныя, настаўнікі. 

Адметную і раней не распрацаваную тэму раскрывае і літаратуразнаўца Сяргей Шапран у артыкуле «Пісьменнік Янка Маўр як персанаж мастакоўскіх жартаў». 

Маўраўскі нумар «Роднага слова» багата ілюстраваны. Увогуле прыядычнае выданне па праву можна лічыць энцыклапедычным у адлюстраванні жыцця і творчасці класіка. 

140-гадовы юбілей Янкі Маўра знайшоў сваё выразнае алюстраванне на старонках многіх перыядычных выданнях краіны, у вядучых грамадска-палітычных газетах («Звязда», «СБ. Беларусь сегодня» і іншых), на тэлебачанні і радыё. Раней складвалася традыцыя, што юбілеі такіх яркіх асоб, якія прынеслі гонар нашай літаратуры, нашай культуры, нашай краіне, асвятляўся і ў мясцовых рэгіянальных выданнях. Хацелася б вярнуць гэту традыцыю. А калі ўсё ж нехта будзе яе ўзнаўляць у розных раённых і абласных газетах, то ўжо сёння знайдзіце пяты, майскі, нумар «Роднага слова» за сёлетні год. Вас чакае мноства адкрыццяў, вы пазнаёміцеся з выдатнай кагортай маўразнаўцаў. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.