Вы тут

Андрэйчанка распавёў пра рэфармаванне прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на семінары-нарадзе на тэму «Прававыя і практычныя аспекты рэфармавання прадпрымальніцкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» распавёў, што чакае прадпрымальнікаў Беларусі пасля рэфармавання, перадае БелТА.


Фота: БелТА.

Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, правядзенне семінараў-нарад па найбольш актуальных законапраектах стала важнай формай працы, якая актыўна выкарыстоўваецца дэпутацкім корпусам. «Практыка паказала, што такі падыход дазваляе на аснове дыялогу выпрацаваць узважаныя заканадаўчыя рашэнні», — распавёў ён.

Старшыня нагадаў, што кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача мадэрнізаваць фармат работы прадпрымальнікаў, абапіраючыся на два ключавыя прынцыпы — прастату і справядлівасць. «Праектам закона „Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці“ шмат у чым змяняюцца ўмовы ажыццяўлення грамадзянамі індывідуальнай камерцыйнай дзейнасці, а таксама правілы вядзення бізнесу суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Відавочна, што гэта закране інтарэсы вялікай колькасці грамадзян рэспублікі», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. Гэты законапраект 31 мая на пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання дэпутаты прынялі ў першым чытанні.

Зараз дакумент рыхтуецца да другога чытання, і паколькі ён мае вялікае сацыяльнае і эканамічнае значэнне, па ініцыятыве парламентарыяў ён абмяркоўваўся ў рэгіёнах з прадстаўнікамі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, суб’ектаў гаспадарання. «Дыялогавыя пляцоўкі прайшлі практычна ва ўсіх абласцях нашай краіны», — дадаў старшыня. Мэта гэтых сустрэч — даведацца, якія пытанні хвалююць беларускі бізнес у кантэксце прапанаванай рэформы, на якія аспекты неабходна звярнуць дадатковую ўвагу, каб пераўтварэнні прайшлі максімальна эфектыўна.

Па выніках праведзенай работы ў Палату прадстаўнікоў паступіла вялікая колькасць канструктыўных прапаноў, якія старанна прапрацоўваюцца. Вынікамі правядзення рэформы павінны стаць: стварэнне выразных і зразумелых умоў вядзення сваёй справы суб’ектамі малога прадпрымальніцтва, у тым ліку спрашчэнне адміністравання бізнес-працэсаў, забеспячэнне магчымасці справядлівай канкурэнцыі для ўсіх арганізацыйна-прававых формаў бізнесу і павышэнне ролі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. «Гэта дазволіць стварыць прадпрымальніцкае асяроддзе, якое будзе адказваць патрэбам беларускага грамадства і грамадзян», — сказаў на заканчэнне Уладзімір Андрэйчанка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».