Вы тут

Адцвілі цюльпаны, што з імі рабіць далей?


Цюльпаны — галоўнае ўпрыгажэнне вясновага саду. Пасля таго як яны адцвілі, важна паклапаціцца аб нармальным паспяванні цыбулін. Гэта забяспечыць захаванасць сорту, пышнае цвіценне і ўстойлівасць расліны перад хваробамі налета.


Падкормка і паліў

Пасля цвіцення цюльпанаў неабходна выдаляць завялыя кветканосы для таго, каб расліна не траціла сілы на паспяванне насення. Важна паклапаціцца пра цыбуліну, — калі яна атрымае неабходную колькасць пажыўных рэчываў і дастаткова паспее, то налета дасць буйнае і пышнае цвіценне.

Выдаляць кветку цюльпана пажадана перад поўным асыпаннем пялёсткаў. У залежнасці ад сорту цюльпана, звычайна тое адбываецца на 5-8 дзень пасля распускання. Абразаюць толькі галоўкі кветак, але не лісце і сцёблы. Калі іх выдаліць, цыбуліна дрэнна паспее.

Пасля таго як бутоны адцвітуць, расліна мае патрэбу ва ўзмоцненым паліве на працягу наступных двух тыдняў. У дадзены перыяд адбываюцца інтэнсіўныя працэсы назапашвання пажыўных рэчываў, таму рэкамендуецца падсілкаваць расліну фосфарна-калійным угнаеннем. Падкормкі, якія змяшчаюць хлор ці азот, на згаданым этапе выкарыстоўваць нельга.

Лісты зразаць?

Спецыялісты раяць нават не зразаць, а абрываць рукамі лісце цюльпанаў пасля поўнага пажаўцення. Гэта адбываецца праз 5-6 тыдняў пасля заканчэння цвіцення. Калі ліст дрэнна адрываецца — значыць, цыбуліна яшчэ не цалкам паспела, дачакайцеся, калі ліст можна будзе лёгка вырваць з зямлі. Калі зрабіць тое заўчасна, цыбуліна спыніцца ў развіцці, што негатыўна паўплывае на якасць цвіцення налета.

Цыбуліны выкопваць?

Сцвярджэнне, што цюльпаны не маюць патрэбы ў штогадовым выкопванні, даволі распаўсюджанае, але ў корані няслушнае. Паколькі цыбуліна з часам апускаецца ўсё глыбей у грунт, адлегласць да паверхні паступова павялічваецца і можа скласці больш за 1,5 штыка рыдлёўкі. Адпаведна, расліне патрабуецца больш сіл і пажыўных рэчываў для звычайнага прарастання. Акрамя таго, цыбуліны аднаго гнязда не маюць магчымасці нармальна развівацца, сціскаюць адна адну.

Ужо праз 4-5 гадоў знаходжання на адным месцы гібрыдны цюльпан губляе якасці і характарыстыкі сорту, яго бутоны становяцца дробнымі і слабымі. Існуе вялікая рызыка таго, што з часам расліна загіне.

Выкопванне цыбулін абавязкова патрабуецца для сартавых цюльпанаў. Калі ж у вас звычайныя цюльпаны, то для таго каб атрымаць буйнейшыя і больш здаровыя кветкі без штогадовай перасадкі, пасадзіце іх на сетку — звычайная сетка з-пад бульбы. Або купіце спецыяльныя ёмістасці для цыбульных з дзірачкамі. Гэта будзе перашкаджаць заглыбленню цыбуліны ў глебу.

Калі і як?

Выкопваюць расліны ў канцы чэрвеня ці крыху пазней, калі лісты цалкам пажаўцелі, а сцябло абмякла. Гатовая да вымання цыбуліна мае бурыя плямы на лусцэ і добра сфарміраваную каранёвую сістэму.

Выкопваючы цыбуліны, прытрымлівайцеся рэкамендацый:

• падзяляйце па сартах, пачынаючы ад самых ранніх;

• выкопвайце ў добрае надвор'е, каб мець магчымасць адразу прасушыць цыбуліны на сонцы;

• калі выкопваеце ў сырое надвор'е, перад прасушкай прамыйце цыбуліны ад зямлі;

• выкопваючы расліну, уводзьце рыдлёўку як мага глыбей у глебу, каб не траўміраваць корань;

• цыбуліны прамыйце ў растворы марганцоўкі (5 %)

Атрыманыя цыбуліны патрымайце пад сонцам ці лямпай да прасыхання лускавінак. Хворыя і слабыя адкіньце, а здаровыя змясціце па сартах у папярэдне падрыхтаваныя ёмістасці (у 1-2 пласта).

Захоўванне цыбулін

Скрыні і іншыя ёмістасці для захоўвання павінны мець добра вентыляванае дно, у адваротным выпадку можа развіцца гніль. Умовы захоўвання цыбулін цюльпанаў пасля выкопвання:

• да канца ліпеня, на працягу 3-4 тыдняў пасля выкопвання, тэмпература паветра павінна складаць 24-25 °С, а вільготнасць — каля 70 %;

• жнівень — тэмпература ўтрымання зніжаецца да 20 °С;

• верасень — тэмпература ўтрымання зніжаецца да 16-17 °С.

Захоўваюць цыбуліны ў спецыяльна прызначаным памяшканні, не дапускаючы перападаў тэмпературы і павелічэння вільготнасці, — інакш гэта прывядзе да трэскання лускавінак і з'яўлення гнілі. Час ад часу праглядайце цыбуліны на прадмет наяўнасці дэфектаў ці пашкоджанняў шкоднікамі.

Калі саджаць?

У канцы верасня ці пачатку кастрычніка прасушаныя цыбуліны варта высадзіць у глебу. Лепш гэта рабіць пры сонечным надвор'і і тэмпературы паветра 5-8 °С. Гатовыя да пасадкі цыбулінкі трэба паўторна апрацаваць растворам марганцоўкі.

Правілы пасадкі:

• выбірайце для цыбулін новае месца;

• высаджвайце на глыбіню, роўную 4-5-кратнаму памеру самой цыбуліны;

• месца пасадкі багата паліце вадой;

• праз тыдзень пасля высадкі цыбулін падсілкуйце глебу попелам і аміячнай салетрай;

• перад надыходам замаразкаў замульчыруйце глебу тонкім пластом торфу.

Ірына ТАМКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».